ЕРМАШКЕ́ВІЧ (Барыс Кірыкавіч) (1.5.1907, в. Рыскоў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 22.2.1982),

генерал-лейтэнант (1966). Скончыў Полацкі лясны тэхнікум (1929), Вышэйшую спецшколу Генштаба (1941), Ваен. акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1935. У Вял. Айч. вайну на Зах., 2-м Бел. франтах: нач. аддзялення, аддзела, нам. нач. штаба арміі, нам. нач. аддзела штаба фронту. З 1945 на адказных пасадах у штабах Паўн. групы войск, ваен. акруг. З 1955 у цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР.

т. 6, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДА́НАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (1.10.1902, г.п. Алавяная Чыцінскай вобл., Расія — 21.4.1966),

ваенны дзеяч, ген.-палк. артылерыі (1955). Беларус. Канд. ваен. н. Скончыў Артыл. акадэмію (1937). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. З 1938 выкладчык, нач. кафедры ваен. акадэміі. У Вял. Айч. вайну на Ленінградскім фронце: камандзір палка, нач. штаба артылерыі арміі, фронту, камандуючы артылерыяй арміі, камандзір артыл. корпуса. З 1944 на выкладчыцкай рабоце ў ваен. акадэміі. У 1955—65 у цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР.

М.М.Жданаў.

т. 6, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЎЦЕВЫЯ ПІГМЕ́НТЫ,

азоцістыя прадукты распаду гемаглабіну і інш. гемазмяшчальных рэчываў, якія ўваходзяць у склад жоўці і надаюць ёй характэрную афарбоўку. Па хім. будове — лінейныя гетэрапірольныя злучэнні з рознай колькасцю і лакалізацыяй падвойных сувязей і замяшчальнікаў. У чалавека і жывёл утвараюцца пераважна ў печані, выдзяляюцца ў выглядзе білірубіну і білівердзіну, выводзяцца з арганізма з калам і мачой. Пры некат. відах паталогіі (жаўтуха, гемалітычная хвароба нованароджаных і інш.) назапашваюцца ў асобных тканках і органах, служаць іх дыягнастычнай прыкметай.

т. 6, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́КАЎ (Анатоль Васілевіч) (н. 19.1.1937 С.-Пецярбург),

бел. вучоны ў галіне ляснога машынабудавання. Д-р тэхн. к. (1980), праф. (1981). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1960). З 1966 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па распрацоўцы тэарэт. асноў праектавання лесатрансп. машын, лесапрамысл. абсталявання, стварэнні аўтапаяздоў і серыі лясных машын на мінскіх аўтамаб. і трактарным з-дах.

Тв.:

Лесные машины. Мн., 1989;

Заготовка сортиментов на лесосеке. М., 1993 (разам з А.​С.​Федарэнчыкам, Ю.​І.​Праваторавым).

т. 6, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЎСКІ [імя невяд.; 1746 (?), г. Слуцк Мінскай вобл. — ?],

танцоўшчык. З мяшчан. Вучыўся ў балетнай школе Г.​Ф.​Радзівіла з 1756 (у А.Пуціні і Л.М.Дзюпрэ) і танцаваў у яго прыдворным т-ры ў Слуцку (дэбютаваў у 1758 у «Балеце на тры пары», лібрэта і паст. Пуціні), а таксама ў г. Белым (Бяла-Падляска, Польшча), гастраліраваў у Нясвіжы (1757, 1759). З 1760 саліст балета Нясвіжскага т-ра М.​К.​Радзівіла Рыбанькі (упамінаецца ў складзе трупы ў 1787—90).

Г.​І.​Барышаў.

т. 6, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МША (польск. zamsz),

1) скура тлушчавага ці камбінаванага (фармальдэгідна-тлушчавага) дублення, якую вырабляюць са шкур аленя, авечкі і інш. Вызначаецца мяккасцю, аксаміцістасцю, воданепранікальнасцю, значнай сітаватасцю. Афарбоўваюць у розныя колеры (неафарбаваная — светла-жоўтая). Выкарыстоўваюць для вырабу абутку, адзення, пальчатак. З. штучную вырабляюць прамочваннем тканіны з замшападобным ворсам гумавым клеем (для абутку) ці нанясеннем здробненых баваўняных валокнаў на слой гумавага клею на тканіне (для галантарэйных вырабаў).

2) Баваўняная тканіна атласнага перапляцення нітак з начасаным ворсам на добрым баку.

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТРЫМА́ННЕ ў крымінальным працэсе,

кароткатэрміновая мера прымусу, што ўжываецца да асобы, якая падазраецца ва ўчыненні злачынства, з мэтай высвятлення дачынення затрыманага да злачынства і вырашэння пытання пра магчымы (у выпадку неабходнасці) яго арышт. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь тэрмін З. не можа перавышаць 72 гадз. Орган дазнання або следчы абавязаны на працягу 24 гадз паведаміць пракурору, а апошні на працягу 48 гадз з моманту атрымання паведамлення даць санкцыю на арышт падазронага або вызваліць яго.

С.​С.​Груша.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТЫРКЕ́ВІЧ-КАРПІ́НСКАЯ (Ганна Пятроўна) (20.2.1855, г.п. Срэбнае Чарнігаўскай вобл., Украіна — 12.9.1921),

украінская актрыса. З 1883 у трупе М.Крапіўніцкага, з 1892 у трупах М.​Садоўскага, А.​Суслава, Т.​Калеснічэнка. У 1918—20 у Нар. т-ры ў Кіеве, у 1920—21 у Нар. т-ры ў Ромнах. Сцэн. вобразы З.-К. вызначаліся натуральнасцю, жанравай адпаведнасцю, абаяльнасцю: Аграфена Сцяпанаўна («Шальменка-дзяншчык» Р.​Квіткі-Аснаўяненкі), Ганна («Бесталанная» І.​Карпенкі-Карага), Лымарыўна (аднайм. п’еса П.​Мірнага), Стэха («Назар Стадоля» Т.​Шаўчэнкі) і інш.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-САХАЛІ́НСКІЯ ГО́РЫ, Заходні хрыбет,

горы на ПдЗ в-ва Сахалін, Расія. Даўж. 650 км, выш. да 1330 м (г. Анор). Складзены з некалькіх паралельных хрыбтоў, падзеленых падоўжнымі далінамі, і патухлых вулканаў (горы Ламанон). Гал. водападзельны хрыбет — Камышовы. Складзены пераважна з сланцаў, пясчанікаў, кангламератаў і магматычных парод. Радовішчы каменнага вугалю (Лесагорскае, Вуглягорскае, Башнякоўскае і інш.). На схілах мяшаныя лясы пераважна шыракалістых парод і ялова-піхтавая тайга з зараснікамі курыльскага бамбуку. Горы перарэзаны чыг. Паўднёва-Сахалінск—Холмск.

т. 7, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДАНО́ВІЧ (Гаўрыіл Станіслававіч) (10.4.1900, в. Крывошын Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 6.7.1984),

генерал-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1931). У Чырв. Арміі з 1919. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Паўд.-Зах., Паўд., Сталінградскім, Данскім, 3-м, 2-м Укр. і Забайкальскім франтах. Камандзір стралк. дывізіі З. вызначыўся ў жн. 1945 у баях па разгроме Квантунскай арміі Японіі. Да 1953 у Сав. Арміі. Аўтар кн. «Ідзём у наступленне» (1980).

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)