ЗІМО́ЎНІК,

памяшканне для зімовага ўтрымання пчаліных сямей у раёнах з халодным кліматам. Размяшчаюць на сухім участку, зацішным ад ветру. Адрозніваюць З. наземныя, паўпадземныя і падземныя. Іх памеры вызначаюцца колькасцю пчаліных сямей і тыпам вуллёў. Аптымальная т-ра ў памяшканні 0—4 °C, вільготнасць 75—85%.

Зімоўнік: 1 — фундамент; 2 — сцены; 3 — паддашкавае перакрыцце; 4 — вентыляцыйная труба; 5 — стэлажы для вуллёў; 6 — падпамоставыя вентыляцыйныя каналы.

т. 7, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗОАЦЭНО́З (ад зоа... + цэноз),

сукупнасць жывёл, якія сумесна жывуць у вызначаным біятопе; састаўная ч. біяцэнозу. Выдзяленне З. з біяцэнозу ўмоўнае, таму што жывёлы і расліны цесна звязаны ў сваім існаванні. З. адлюстроўвае спецыфіку біяцэнозу, пры даследаванні якога часта выкарыстоўваюць даныя па З. Заканамернасці, па якіх складаюцца З., заснаваны на ўзаемасувязях жывёл паміж сабой, з інш. арганізмамі (вышэйшыя расліны, мікраарганізмы і інш.) і з неарган. асяроддзем.

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́НДСКІ ЖО́ЛАБ, Яванскі жолаб,

глыбакаводны жолаб ва ўсх. частцы Індыйскага ак. Цягнецца ад 18° паўн. ш. на Пд і ПдУ уздоўж схілаў Андаманскіх, Нікабарскіх і Вял. Зондскіх а-воў. Даўж. каля 2900 км, сярэдняя шыр. 49 км, глыб. да 7729 м (найб. глыб. Індыйскага ак.). У паўн. і цэнтр. ч. дно шыр. 35 км выраўнавана тоўшчай асадкаў магутнасцю да 3 км. Тэрыгенныя глеі з вулканічным матэрыялам.

т. 7, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗО́РЬКА»,

газета для школьнікаў. Выдаецца з 1.1.1945 у Мінску штотыднёва на рус. мове. Да № 11 (1945) наз. «Пионер Белоруссии». Змяшчае матэрыялы пра вучобу і адпачынак дзяцей і падлеткаў. Сярод публікацый — вершы і апавяданні юных аўтараў, водгукі на кнігі, матэрыялы для вынаходнікаў, аматараў свойскіх жывёл, уражанні дзяцей ад падарожжаў па інш. краінах. Закранае пытанні экалогіі. Праводзіць конкурсы, віктарыны. Друкуе старонку для малодшых школьнікаў «Агеньчык».

Т.​А.​Меляшкевіч.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБРАБІЗО́Н,

міжвідавы гібрыд, помесь зубра з бізонам. Мае прыкметы абодвух жывёл, але звычайна буйнейшы за іх. Ад зубра адрозніваецца больш вял. галавой, будовай задніх ног, абросласцю галавы і пярэдняй ч. цела. Дае пладавітае патомства і з зубрам і з бізонам. Упершыню З. атрыманы ў 1907 у запаведніку Асканія-Нова, у 1940 завезены ў Каўказскі запаведнік, пазней і ў інш. раёны Каўказа, дзе размнажаецца.

Зубрабізон.

т. 7, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫКО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 22 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,22 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі каля 2,2 км. Пл. вадазбору 27,5 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м (на Пд 2 м), пад хмызняком, на У разараныя. Зарастае. Злучана ручаямі з азёрамі Саламірскае і Адводы.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКАСА́ЭДР (ад грэч. eikosi дваццаць + hedra грань), адзін з пяці тыпаў правільных шматграннікаў. Мае 20 граней (трохвугольных), 30 рэбраў, 12 вяршынь (у кожнай вяршыні сыходзяцца 5 рэбраў). Калі a — даўжыня рабра І., тады яго аб’ём V = 5 12 a3 ( 3 + 5 ) 2,1817a3 . І. звязаны з дадэкаэдрам. цэнтры граней дадэкаэдра з’яўляюцца вяршынямі І. Упершыню І. пабудаваў Тэатэт (4 ст. да н.э.).

Ікасаэдр.

т. 7, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛІРЫ́ЙЦЫ (грэч. Illyriōi),

старажытнаіндаеўрапейскія плямёны, якія ў 1-м тыс. да н.э. насялялі ПнЗ Балканскага п-ва ад узбярэжжа Адрыятычнага м. да Дуная. Найб. вядомыя з гэтых плямён істры, яподы, далматы, лібурны і інш. Пасля працяглай барацьбы І. заваяваны рымлянамі ў 1 ст. да н.э. і потым моцна раманізаваны. Канчаткова асіміляваны ў час Вялікага перасялення народаў. Нашчадкамі стараж. І. некат. вучоныя лічаць сучасных албанцаў.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПО́СТ (італьян. imposta ад лац. impono кладу на, ускладаю),

1) прафіляваная арх. дэталь над слупам, лапаткай, капітэллю калоны або прафіляваны камень сцяны, якія з’яўляюцца апорай для пяты аркі. На Беларусі вядомы з 12 ст. ў культавых збудаваннях.

2) Вертыкальны элемент (вузкі прасценак) паміж дзвярным і аконным праёмамі.

3) Дадатковы элемент аконнай і дзвярной каробак для мацавання іх глухіх частак ці стыкаў фрамугі.

С.​А.​Сергачоў.

Імпост.

т. 7, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВА́ЗІЯ (ад лац. invasio напад),

пранікненне ў арганізм чалавека, жывёлы і расліны паразітаў жывёльнага паходжання (прасцейшых, кляшчоў, гельмінтаў). Яны трапляюць праз скуру (актыўная І.), плацэнту (унутрычэраўная І.), заносяцца з ядой, вадой (пасіўная І.); здольныя паразітаваць за кошт арганізма гаспадара. Пры ўзаемадзеянні ўзнікаюць пэўныя сімптомы, іншы раз са смяротным зыходам (узаемадзеянне бывае і адносна няшкодным). Інвазійныя працэсы жывёл і чалавека вывучае паразіталогія, раслін — фітапаталогія. Гл. таксама Інвазійныя хваробы.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)