УРАЎНЕ́ННЕ ЧА́СУ,

рознасць паміж сярэднім і сапраўдным сонечным часам. Роўная рознасці прамых узыходжанняў сапраўднага і т.зв. сярэдняга Сонца.

У.ч. абумоўлена тым, што сапраўдны сонечны час нераўнамерны з прычыны нераўнамернасці руху Зямлі па арбіце і нахілу экліптыкі да экватара. На працягу года мяняецца ад +14 мін 22 с да -16 мін 24 с. Пры дапамозе У.ч. вызначаюць сярэдні мясцовы час. Значэнні У.ч. на кожны дзень даюцца ў астр. штогодніках і календарах.

Графік ураўнення часу: 1, 2 — складальныя ўраўнення часу. вызначальныя нераўнамернасцю руху Зямлі па арбіце і нахілам экліптыкі да экватара. адпаведна; 3 — ураўненне часу.

т. 16, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАМІ́НІЙ Гай (Gaius Flaminius; ? — 23.6.217 да н.э.),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Стараж. Рыма. Нар. трыбун 232, цэнзар 220, консул 223 і 218 да н.э. Адстойваў інтарэсы плебеяў і коннікаў. Правёў законы аб надзяленні плебеяў зямлёю (232), аб далучэнні вольнаадпушчанікаў да 4 гар. трыбаў (220), што спрыяла дэмакратызацыі рым. грамадства. Садзейнічаў будаўніцтву (цырк Ф. на Марсавым полі і Фламініева дарога з Рыма ў Арымін). Паспяхова ваяваў з інсубрамі ў Галіі (223). Загінуў у час 2-й Пунічнай вайны ў бітве каля Тразіменскага воз. разам з б. часткай арміі, якую ён узначальваў.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ХТАВЫ СТВОЛ,

вертыкальная ці нахіленая горная вырабатка, што злучае падземную частку шахты з паверхняй зямлі. Умацоўваюць Ш.с. маналітным бетонам, жалезабетонам, цюбінгамі. Адрозніваюць Ш.с. разведачныя, эксплуатацыйныя (гал. і дапаможныя) і спец. (для падземных збудаванняў). Гал. Ш.с. прызначаны для падымання на паверхню карысных выкапняў, дапаможныя — для перамяшчэння (спуску — падымання) людзей і грузаў, вентыляцыі, водаадліву і інш. У залежнасці ад глыбіні залягання карысных выкапняў падзяляюцца на неглыбокія (да 300 м), сярэдняй глыбіні (да 700 м), глыбокія (да 1200 м), звышглыбокія (больш за 1200 м). Дыяметр Ш.с. 4—9 м. Выкарыстоўваюць Ш.с. пры падземнай распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў, пракладцы тунэляў.

А.​А.​Калагрыўка.

т. 17, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАЗІ́ЎНАЯ АПРАЦО́ЎКА,

апрацоўка металаў, каштоўных камянёў, горных парод, шкла, дрэва, пластмас і інш. матэрыялаў зразаннем тонкага слоя абразіўным інструментам. Асн. прызначэнне — забеспячэнне павышанай дакладнасці і якасці паверхні, што апрацоўваецца. Можа выкарыстоўвацца таксама для чарнавой абдзіркі паверхняў, рэзкі, знімання вял. прыпускаў. Да абразіўнай апрацоўкі адносяцца паліраванне, шліфаванне, ханінгаванне, даводка, прыцірка, абразіўна-імпульсная апрацоўка, суперфінішаванне і г.д.

т. 1, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛУЧЭ́ННЕ ад царквы,

выключэнне з рэлігійнай абшчыны асоб за тое, што адмаўляюць Бога, не шануюць Маці Божую, святыя абразы. Выкарыстоўваецца як мера царк. пакарання ў праваслаўі, каталіцызме, іудаізме і некаторых інш. рэлігіях. Кананічнае права адрознівала вялікае адлучэнне, урачыстае (анафема) і малое (часовае, якое «вылечвае»). У сучасных умовах назіраюцца тэндэнцыі да адмаўлення ад такога пакарання.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫЯНО́ПАЛЬСКАЯ БІ́ТВА 378.

Адбылася 9 жн. ў раёне Адрыянопаля (сучасны Эдырне, Турцыя) паміж войскамі рымскага імператара Валента і вестготамі на чале з Фрытхігернам, да якіх далучыліся рабы і калоны. У баі загінула амаль уся рым. армія і імператар. Пасля паражэння ў армію пачалі вербавацца атрады федэратаў, што значна аслабіла Рым. імперыю і наблізіла яе распад.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРАМАРФІ́ЗМ (ад гігра... + грэч. morphē форма, выгляд),

асаблівасці будовы раслін, якія растуць у вільготных мясцінах, з павышанай вільгаццю паветра. Для іх характэрны прыстасаванні, накіраваныя на ўзмацненне транспірацыі (клеткі эпідэрмы танкасценныя, укрытыя тонкай кутыкулай; вялізныя міжклетнікі і танкасценныя валаскі ствараюць вял. выпаральную паверхню), што забяспечвае інтэнсіўнае перамяшчэнне пажыўных раствораў да парасткаў. Гл. таксама Гіграфіты, Ксерамарфізм.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАЛІПІДЭМІ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя прэпараты, што паніжаюць у плазме крыві колькасць атэрагенных і павялічваюць колькасць неатэрагенных ліпапратэінаў. Зніжаюць усмоктванне халестэрыну з кішэчніка, ачышчэнне тлушчавай тканкі ад свабодных тлушчавых к-т, біясінтэз ліпідаў і ліпапратэінаў у печані, актывуюць катабалізм халестэрыну. Да гіпаліпідэмічных сродкаў адносяцца: клафібрат, к-та нікацінавая і прабукол, халестырамін, лінетол, арахідэн і інш.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ЖКА,

снасць для лоўлі драпежнай рыбы. Прадаўгаватая металічная пласціна з кручком або якарком на канцы, прымацаваная да доўгага шнура, што цягнуць за чаўном ці лодкай. Кручок (якарок) маскіруюць чырвонымі ніткамі ці тканінай. Шнур намотваюць на спец. калаўроцік (матавільца) або дошчачку. Д. вядома на Беларусі са старажытнасці, у наш час выкарыстоўваецца рыбаловамі-аматарамі.

І.​М.​Браім.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРСАН (Anderson) Джэймс (1739, Шатландыя — 15.10.1808),

англійскі вучоны-эканаміст. Буйны фермер. Асн. навук. працы па агр. пытанні. Прыхільнік агр. пратэкцыянізму. Задоўга да Д.​Рыкарда ў асноўным правільна апісаў механізм утварэння дыферэнцыяльнай рэнты, чым абвяргаў вучэнне фізіякратаў. Рашуча выступаў супраць мальтузіянства, даказваючы, што магчымасці с.-г. вытв-сці бязмежныя, яны павялічваюцца з ростам насельніцтва.

т. 1, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)