бяссцёкавае возера на ПдУ Казахстана ў Балхаш-Алакольскай катлавіне, на выш. 342 м над узр. м.Пл. зменьваецца ад 17 да 22 тыс.км². Даўж. 605 км, найб.шыр. 74 км, найб.глыб. да 26 м, сярэдняя каля 6 м. Пл. вадазбору каля 501 тыс.км². Зах. і паўн. берагі высокія, скалістыя, паўд. ўзбярэжжа — плоская раўніна з зараснікамі трыснягу. П-аў Сарыесік падзяляе Балхаш на 2 часткі, злучаныя прал. Узун-Арал (шыр. 4 км): зах. — шырокую, з моцна парэзанай берагавой лініяй і ўсх. — вузкую, берагавая лінія менш звілістая. У зах. частку ўпадае р. Ілі, ва ўсх. — р. Каратал, Аксу, Лепсы і інш. Самыя вял. а-вы Басарал і Тасарал. Клімат у раёне возера пустынны. Высокая летняя т-ра паветра (каля 24 °C), нізкая адносная вільготнасць (55—60%), моцныя вятры спрыяюць выпарэнню (ад 950 да 1200 мм за год). Т-ра вады на паверхні ад 0 °C у снеж. да 28 °C у ліп. Ледастаў з ліст. да красавіка. Вада ў зах. частцы амаль прэсная (да 1‰), празрыстасць да 1 м, жоўта-шэрага колеру, ва ўсх. частцы — саленаватая (5‰), празрыстая да 5,5 м, колер ад блакітнаватага да ізумрудна-зялёнага. Прамысл. рыбы: сазан, судак, марынка, акунь. Шмат вадаплаўных птушак. Суднаходства. На паўн. беразе г. Балхаш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА КАЛЯ́ СІ́НІХ ВО́Д 1362.
Адбылася паміж войскамі ВКЛ і аб’яднаным войскам Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордаў на р. Сінія Воды (Сінюха; левы прыток Паўд. Буга). Бітва была гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на падпарадкаваныя татарам землі паўд.-зах. Русі. У 1362 вял.кн.ВКЛ Альгерд, выкарыстаўшы паляпшэнне адносін з Польшчай і крыжакамі, выступіў супраць ардынскага панавання ў міжрэччы Дняпра і Дуная. Яго войска было сабрана ў ВКЛ, папоўнена на Валыні і Кіеўшчыне. Восенню Альгерд з войскам рушыў з Кіева на зах. Падолле. Войска татар, якое ўзначалілі князі Кутлубуг, Качубей (Качыбей, Хачыбей) і Дзімітр — «отчычы і дзедзічы Падольскай зямлі», падзялялася на 3 часткі. Альгерд свае 6 палкоў паставіў у лінію глыбокай абароны ў некалькі радоў, што не давала магчымасці варожай конніцы зайсці ў тыл. Лёгка адбіўшы націск татар, войскі Альгерда нанеслі ўдары ў цэнтры фронту і па флангах. Пасля нядоўгага бою супраціўленне татар было зламана і яны ратаваліся ўцёкамі. У час пагоні быў захоплены абоз ардынцаў. Асабліва вызначыліся ў бітве ратнікі з Новагародка, якімі камандавалі князі Карыятавічы. У выніку перамогі ВКЛ пашырыла сваю тэр. да вусцяў Дняпра і Днястра, замацавала ў сваім складзе Чарнігава-Северскія землі, Падолле, Валынь, Кіеўшчыну. Пачалося вызваленне ўсх.-слав. зямель ад ардынскага панавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКІ ПАВЕ́Т,
тэр.-адм. адзінка на Беларусі з пач. 15 ст. да 1940. У 15 — пач. 18 ст. уваходзіў у Віленскае ваяв.ВКЛ як буйная дзярж.адм. адзінка (павет, намесніцтва, дзяржава, староства), у якую ўваходзілі тэр. сучаснага Браслаўскага, часткі Мёрскага і Шаркаўшчынскага р-наў. У 16 ст. падзяляўся на воласці (Апескую, Гарадзішскую, Друйскую, Укольскую і інш.). У выніку адм. рэформы 1565—66 у Браслаўскі павет уключаны мястэчкі Друя, Вята, Відзы, Дрысвяты і інш. тэрыторыі сучаснай Літвы. У гэтых межах існаваў да канца 18 ст. У 1793 яго ўсх. частка далучана да Рас. імперыі, астатняя частка павета пераўтворана ў Браслаўскае ваяводства (існавала да 1795). У складзе Рас. імперыі Браслаўскі павет уваходзіў у Віленскую губ. (у 1797—1801 у Літоўскую губ.). Пл. 5555 кв. вёрст, нас. 210 689 чал. (1897). У 1836 Браслаўскі павет перайменаваны ў Новааляксандраўскі пав., які з 1843 знаходзіўся ў складзе Ковенскай губ., з 1921 у Зах. Беларусі. У 1922 адноўлена назва Браслаўскі павет і ён уключаны ў склад Віленскай зямлі (з 1925 ваяводства). Пл. 4218 км², нас. 124 909 чал. (1919). З вер. 1939 Браслаўскі павет у складзе БССР, уваходзіў у Вілейскую вобл. 15.1.1940 павет скасаваны, на яго тэр. ўтвораны шэраг раёнаў, у т. л.Браслаўскі раён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВЕНТЫ́СТЫ (ад лац. adventus прышэсце),
паслядоўнікі хрысціянскай плыні ў пратэстантызме.
Вучэнне адвентызму ўзнікла ў 1830-я г. ў ЗША заснавальнік У.Мілер. Прапаведуюць блізкасць 2-га прышэсця Хрыста і ўстанаўлення на Зямлі 1000-гадовага царства Божага, уваскрэсенне мёртвых, пекла для грэшнікаў. Прызнаюць абрады водахрышчэння, прычашчэння, узаемнага абмывання ног. Абавязковай прызнаюць плату 1/10часткі даходаў на карысць абшчыны, місіянерскую дзейнасць. Мае некалькі галін: адвентысты першага дня, сёмага дня (найб. пашыраны), рэфармісты і інш.
Групы абшчын адвентысты утвараюць злучэнні, з якіх складаюцца уніёны (саюзы), дывізіёны. У дывізіён уваходзяць адвентысты некалькіх дзяржаў (напр., у б.СССР адвентысты складалі 1 дывізіён). Цэнтр адвентыстаў знаходзіцца ў Вашынгтоне. Усяго ў свеце каля 3 млн. адвентыстаў, з іх 1 млн. адвентыстаў сёмага дня. Адвентызм належыць да таталітарных культаў, уплывае на свядомасць, пачуцці і паводзіны веруючых, якія знаходзяцца ў трывожным чаканні «канца свету». На Беларусі адвентысты з’явіліся ў 1920-я г. ў зах. рэгіёнах. Першым місіянерам на Палессі быў М.Даўгун (у 1921 вярнуўся з заробкаў з ЗША), актыўную дзейнасць вялі прыезджыя місіянеры. У 1925 у Столінскім р-не створана першая абшчына. У 1973 на Беларусі было каля 300 адвентыстаў, у 1988 іх колькасць падвоілася. На 1995 існавала больш за 20 абшчын, з іх 10 на Брэстчыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕ́ЖСКАЕ ВО́ЗЕРА, Анега,
возера на ПнЗ Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі, у Карэліі, Ленінградскай і Валагодскай абласцях. Пл. 9,7 тыс.км² (без а-воў). Даўж. 256 км, шыр. каля 91,6 км, глыб. да 127 м. Пасля пабудовы Верхнясвірскай ГЭС стала вадасховішчам (9950 км²). Катлавіна ледавікова-тэктанічнага паходжання. Паўн. берагі высокія, скалістыя, расчлянёныя вузкімі залівамі-губамі — Петразаводскай, Кондапажскай, Ліжэмскай і інш. і Павянецкім зал., паўднёвыя — пераважна нізкія, часта забалочаныя. 1369 а-воў агульнай пл. 250 км²; найбольшыя — Вял. Клімецкі і Вял. Лелікаўскі. Т-ра паверхневых слаёў вады ў жн. ў адкрытай частцы да 20—24 °C, у залівах да 24—27 °C. Замярзае ў ліст., крыгалом у маі. Цэнтр.ч. ў асобныя гады не замярзае. На возеры назіраюцца сейшы. Празрыстасць вады да 8—9 м, каля берагоў 1—4 м. Вада прэсная, з мінералізацыяй 35 мг/л. Упадаюць 58 рэк, найб. Выцегра, Водла, Суна, Шуя; выцякае р. Свір. Каля 50 відаў рыб, 17 маюць прамысл. значэнне (сіг, рапушка, корушка, мянтуз, лешч, акунь, шчупак, ласось і інш.). Рыбалоўства. Суднаходства. Возера злучана Беламорска-Балтыйскім каналам з Белым м., Волга-Балтыйскім водным шляхам — з бас. Волгі. Уздоўж паўд. берага Анежскі суднаходны канал. На Анежскім возеры музей Кіжы (на аднайм. в-ве). На берагах гарады Петразаводск, Кондапага, Мядэведжагорск, Павянец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення на Падняпроўі, пераважна ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Рэчыцкім р-нах. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Для яго характэрныя разнастайныя прыёмы вышыўкі і стрыманасць каларыту. Асноўныя часткі жаночага гарнітура: кашуля з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным каўняром і шырокімі рукавамі, спадніца (цёмна-чырвоны з чорнай клеткай андарак ці палатнянік), белы льняны фартух з фальбонай унізе, доўгі са складкамі на спіне чорны ці цёмна-сіні гарсэт (шнуроўка), пояс з кутасамі. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец з кужалю ці паркалю, даматканая ці крамная хустка, завязаная «на ўрожкі». Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — каралі, стужкі і інш. У мужчынскі гарнітур уваходзілі тунікападобная кашуля з адкладным ці стаячым каўняром, прамымі ці сабранымі ў каўнерац рукавамі, ільняныя ці суконныя нагавіцы, узорыста-тканы з вялікай гронкай кутасоў пояс. Адзенне аздаблялі вышыўкай, якой уласцівыя ахраматычнасць і геаметрычная дакладнасць старадаўніх матываў. Аднаколерная вышыўка чорнымі ці белымі баваўнянымі ніткамі вызначаецца ювелірнасцю рамбічнага арнаменту. Двухбаковая падліковая гладзь спалучаецца з гафтам (сакаленнем), мярэжкай, карункамі, а таксама арыгінальным і характэрным для гэтага строю прыёмам аздаблення — маршчэннем (збіранне палатна ў дробныя гафрыраваныя складачкі). Галаўныя ўборы мужчын, жаночая і мужчынская вопратка істотных мясцовых адрозненняў ад агульнанацыянальных відаў і формаў не мелі.
М.Ф.Раманюк.
Буда-Кашалёўскі строй. Жанчыны ў святочных касцюмах. Вёскі Чабатовічы і Рудня-Альхоўка Буда-Кашалёўскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ НАВУ́КА,
сістэма ведаў пра законы і заканамернасці, спосабы падрыхтоўкі і вядзення ваен. Дзеянняў. Даследуе характар і заканамернасці ўзбр. барацьбы, абагульняе яе вопыт, вывучае законы вайны, працэсы яе падрыхтоўкі і вядзення, распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя рэкамендацыі па будаўніцтве і падрыхтоўцы ўзбр. сіл; вызначае шляхі развіцця новых сродкаў барацьбы, найб. эфектыўныя формы і спосабы вядзення ваен. дзеянняў і прынцыпы ваен. майстэрства. Асн.часткі ваеннай навукі: тэорыя ваеннага майстэрства, тэорыя ваеннага будаўніцтва, тэорыя ваен. навучання і выхавання, тэорыя ваен. эканомікі, а таксама ваенная геаграфія, ваенная гісторыя і ваенна-тэхн. навукі. На развіццё ваеннай навукі ўплываюць дасягненні грамадскіх, прыродазнаўчых, тэхн. і інш.навук. Сумесна з інш. навукамі вывучае таксама праблемы грамадз. абароны. У кожнай дзяржаве ваенная навука мае пэўныя асаблівасці, абумоўленыя грамадска-паліт. ладам, станам эканомікі, геагр. размяшчэннем і нац. асаблівасцямі. Ваенная навука зарадзілася ў часы рабаўладальніцкага ладу. Яе станаўленне адносіцца да канца 18 — пач. 19 ст., калі ў некаторых краінах Зах. Еўропы сталі стварацца значныя па колькасці пастаянныя арміі. Вынікі ваеннай навукі ў Рэспубліцы Беларусь выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ваеннай дактрыны, абагульненні гіст. вопыту вядзення вайны і аналізе практычнай дзейнасці войск у мірны час, а таксама на прадбачанне магчымай узбр. барацьбы, формаў і спосабаў яе вядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́НТЫІ САЦЫЯ́ЛЬНЫЯ,
матэрыяльныя і прававыя сродкі, якія забяспечваюць рэалізацыю сац.-эканам. правоў членаў грамадства — права на працу, адпачынак, жыллё, адукацыю, мед. дапамогу, матэрыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку страты працаздольнасці і інш. Матэрыяльнай асновай большасці відаў гарантый сацыяльных з’яўляюцца сац. фонды дзяржавы і прадпрыемстваў — частка нац. даходу, што накіроўваецца на сац. забеспячэнне і на задавальненне на бясплатнай ці льготнай аснове патрэб членаў грамадства ў адукацыі, ахове здароўя і інш. Мэтавыя выплаты з сац. фондаў (пенсіі, дапамогі і інш.) спрыяюць змяншэнню розніцы ў даходах сем’яў, якія ўзнікаюць у выніку іх рознага памеру і складу. Размеркаванне бясплатных ці льготных жыццёвых даброт з сац. фондаў зыходзіць з прынцыпу сапраўднай патрэбы членаў грамадства ў гэтых дабротах і накіравана на забеспячэнне сацыяльна гарантаванага ўзроўню задавальнення такіх патрэб. У сацыяліст. краінах з нацыяналізаванай уласнасцю і планавай гаспадаркай, у т. л. ў Беларусі, у 1950—80-х г. былі дасягнуты поспехі ў рэалізацыі гарантый сацыяльных, у прыватнасці ў сферы клопатаў аб састарэлых, мацярынстве і дзяцінстве. Разбурэнне планавай гаспадаркі і рух да свабоднай рыначнай эканомікі рэзка аслабілі дзейнасць гарантый сацыяльных, іх уплыў на жыццёвае становішча асн.часткі насельніцтва. Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь замацаваны гарантыі сацыяльныя: на ахову здароўя, сац. забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, страты працаздольнасці, страты карміцеля і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЯ ДУ́МКА,
стан масавай свядомасці, які адлюстроўвае адносіны грамадства або яго часткі да з’яў і працэсаў сац.-паліт. і сац.-культ. рэчаіснасці, да дзейнасці пэўных асоб, груповак, арг-цый і г.д. Можа выступаць у экспрэсіўнай, кансультатыўнай і рэгулятыўнай функцыях; у залежнасці ад зместу выказванняў у ацэначных, аналітычных і канструктыўных меркаваннях. Грамадская думка рэгулюе паводзіны індывідаў, сац. груп, суполак, сац. ін-таў у грамадстве, выпрацоўвае пэўныя нормы грамадскіх паводзін; выяўленні нар. характару. Носьбітам (суб’ектам) грамадскай думкі можа выступаць грамадства ў цэлым, а таксама розныя сац. і паліт. групоўкі. Найб. актыўнымі каналамі фарміравання і выяўлення грамадскай думкі ў дэмакр. грамадстве з’яўляюцца сродкі масавай інфармацыі, сходы, мітынгі, маніфестацыі грамадзян, а таксама рэферэндумы, выбары органаў улады, сацыялагічныя апытанні насельніцтва. Навук. распрацоўка праблем грамадскай думкі пачалася ў 2-й пал. 19 ст.франц. сацыёлагам Г.Тардам, у 20 ст. — амер. сацыёлагамі А.Хоўэлам, У.Ліпманам і інш. У Беларусі тэндэнцыя развіцця грамадскай думкі даследуецца Ін-там сацыялогіі АН Беларусі, недзярж. арг-цыяй «Грамадская думка», інш. сацыяльнымі групамі.
Літ.:
Тард Г. Общественное мнение и толпа: Пер. с фр.М., 1902;
Тернер Дж. Структура социологической теории: Пер. с англ.М., 1985;
Горшков М.К. Общественное мнение: История и современность. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМНО́,
гаспадарчая пабудова для сушкі і захоўвання снапоў, саломы, сена і апрацоўкі збажыны. Здаўна вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы і інш. На Палессі гумно наз. клуняй, на Віцебшчыне і Пн Магілёўшчыны — токам, у зах. раёнах Беларусі — стадолай. Будавалі пераважна з бярвён, у плане былі прамавугольныя (найб. пашыраныя), квадратныя, шматвугольныя, са скразным праездам. Бярвёны не падганялі шчыльна адно да аднаго для натуральнай цыркуляцыі паветра. Асн.часткі гумна: ток (выбітая глінай пляцоўка, дзе малацілі) і адсекі па баках (для захоўвання снапоў, саломы, сена). Знадворку рабілі прыбудовы для мякіны. Былі 2 тыпаў: з сушнямі (асець ці еўня) і без іх. Пазней да гумна прыбудоўвалі манеж — конную малатарню. Стрэхі гумна былі высокія, 2-схільныя, вальмавыя, пірамідальныя каркаснай канструкцыі на сохах ці на кроквах, накрывалі іх саломай, чаротам, драніцамі, гонтай. Сял. гумны былі даўж. 7—23 м, шыр. 5,5—18,5 м, з 1 або 2 варотамі, у фальварках значна большыя, з 4—6 варотамі, 2—3 такамі. У гумне кантрастна спалучаліся нізкія сцены і высокі дах. У Зах. Палессі іх будавалі і зусім без сцен (высокая страха, пастаўленая на зямлю).
С.А.Сергачоў.
Гумно ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобл.Гумно ў вёсцы Агарэвічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобл.