ІМІНАКІСЛО́ТЫ,

арганічныя кіслоты, якія маюць імінагрупу (NH). Уваходзяць у склад многіх жывёльных, раслінных і мікробных бялкоў. Абмен І. у арганізме звязаны з абменам амінакіслот, з якіх І. ўтвараюцца ў выніку адшчаплення вадароду. Біялагічна найважнейшыя гетэрацыклічныя І. — пралін і аксіпралін. Бялкі, у якіх ёсць вял. колькасць праліну (праламіны і гліядзіны), не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў спірце. Аксіпралін утвараецца з праліну; найб. яго ў калагене. Пры прыроджаным парушэнні актыўнасці ферментаў (пралінаксідазы і аксіпралінаксідазы) у сываратцы крыві і ў мачы павышаецца колькасць праліну і аксіпраліну, бываюць парушэнні функцый выдзяляльнай сістэмы і разумовая адсталасць.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМША́НКІ (Bryozoa),

клас беспазваночных жывёл. 4 атр., каля 20 тыс. відаў, з іх сучасных каля 4 тыс. Пашыраны ўсюды марскія і прэснаводныя формы. Жывуць пераважна прымацаванымі манаморфнымі (прэснаводныя) ці паліморфнымі (марскія) калоніямі. На Беларусі найб. трапляюцца 3 віды. Нагадваюць мох, водарасці або студзяністыя цяжы.

Даўж. калоній да 20 см, складаюцца з мікраскапічных асобін (заоідаў), заключаных у вапнавую, хіцінавую або студзяністую ячэйку (цыстыд). Сістэмы органаў спрошчаныя. Гермафрадыты. Жывяцца мікраарганізмамі і арган. часцінкамі. Садзейнічаюць ачышчэнню вадаёмаў як фільтратары, але імі абрастаюць і засмечваюцца гідратэхн. збудаванні.

Імшанка прэснаводная: 1 — участак калоніі (павялічана), 2 — калонія.

т. 7, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТЭ́РЫЙ (лац. Ytterbium),

Yb, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 70, ат. м. 173,04, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 168, 170—174, 176. У зямной кары 3,310 % па масе. Адкрыты ў 1878 швейц. хімікам Ж.​Марыньякам (гл. таксама Ітрый).

Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 824 °C, tкіп 1211 °C, шчыльн. 6958 кг/м³ У паветры устойлівы Узаемадзейнічае з мінер к-тамі, пры награванні — з кіслародам, галагенамі, вадародам, азотам, серай. Выкарыстоўваюць як газапаглынальнік у электравакуумных прыладах, кампанент крышталяфасфораў і люмінафораў.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБКО́ (Пётр Іосіфавіч) (12.7.1929, в. Кухчыцы Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне анатоміі. Д-р мед. н. (1966), праф. (1968). Засл. дз. нав. Беларусі (1994). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1951), працуе ў ім (у 1989—96 заг. кафедры). Навук. працы па вегетатыўнай нерв. сістэме, ўплыве неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя на будову нерв. сістэмы і ўнутр. органаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Чревное сплетение и чувствительная иннервация внутренних органов. Мн., 1976;

Физиологическая атрезия. Мн.,1983 (разам з Р.​М.​Пятровай, А.​М.​Чайкай).

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКА́ЛЬНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ, мясцовае забруджванне,

забруджванне прыроднага асяроддзя вакол прамысл. прадпрыемстваў, населеных месцаў, будоўляў, кар’ерных распрацовак і інш. Можа быць хім., фіз., біял., мех. ці комплексным. У розных ступенях адзначаецца ўсюды (у т. л. на Беларусі), асабліва ў месцах канцэнтрацыі буйных прамысл. прадпрыемстваў, жывёлагадоўчых комплексаў, інтэнсіўнага земляробства, у наваколлі буйных гарадоў і інш. З сукупнасці Л.з. могуць фарміравацца рэгіянальнае забруджванне і нават глабальнае забруджванне. Змяншэнню Л.з. спрыяюць эфектыўныя сістэмы ачысткі сцёкавых вод і прамысл. выкідаў, рацыяналізацыя выкарыстання вытв. сыравіны, укараненне безадходных тэхналогій, арганізац. і тэхн. меры па зніжэнні антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.

т. 9, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕПТО́ННЫ ЛІК, лептонны зарад,

квантавы лік, які характарызуе лептоны. Адлюстроўвае захаванне розніцы лікаў лептонаў і антылептонаў адной і той жа сям’і (пакалення) ва ўзаемадзеяннях элементарных часціц. Л.л. роўны 1 для лептонаў, -1 для антылептонаў і 0 для астатніх часціц. Л.л. сістэмы часціц роўны алг. суме Л.л. асобных часціц, якія ўваходзяць у яе састаў, і закон захавання лептонаў зводзіцца да закону захавання Л.л. Існуюць тэарэт. меркаванні, што закон захавання Л.л. з’яўляецца набліжаным, напр., магчымы ўзаемныя пераходы паміж нейтрына розных тыпаў (асцыляцыі нейтрына).

І.​С.​Сацункевіч.

т. 9, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЛАВА, Рэзервовае вадасховішча. За 20 км на ПнЗ ад г. Мінск паміж вёскамі Крылава, Вішнёўка, Чаромуха, каля вытоку р. Поплаў (бас. р. Свіслач). Створана ў 1981. Пл. 3,45 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 10 м, аб’ём вады 21,6 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 720 м. Напаўняецца за кошт перакіду вады з Вілейска-Мінскай воднай сістэмы; вадаскід на р. Поплаў. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 5 м. Сярэдні шматгадовы сцёк 129,8 млн. м³. Выкарыстоўваецца для забеспячэння вадой Мінска.

Г.​С.​Жукоўская.

т. 8, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́ВЫ ШАРЛО́ТЫ АСТРАВЫ́ (Queen Charlotte Islands),

архіпелаг у Ціхім ак., каля ўзбярэжжа Канады (прав. Брыт. Калумбія). Пл. 10,3 тыс. км². Нас. больш за 3 тыс. чал. Буйныя а-вы — Грэям (выш. да 1250 м) і Морсбі. Належаць да знешняга пояса кан. горнай сістэмы Кардыльераў, часткова затопленага. Зах. берагі гарыстыя, фіёрдавыя. На ПнУ шырокая нізіна з унутр. бухтай Масет. Радовішчы каменнага вугалю. Клімат умераны, вельмі вільготны. Хвойныя лясы. Лесанарыхтоўка, рыбалоўства. Правінцыяльны парк Найкун. Гал. населены пункт — Куін-Шарлот. Адкрыты ў 1774 ісп. экспедыцыяй Х.​Перэса. Названы ў гонар англ. каралевы.

т. 8, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЗЕ́НКА (Георгій Уладзіміравіч) (н. 24.12.1953, Мінск),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1996). Сын У.М.Карзенкі. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1976), настаўнічаў. З 1980 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе праблемы гісторыі бел. навукі, станаўлення і развіцця навук. устаноў, стварэння іх матэрыяльна-тэхн. базы, фарміравання і развіцця сістэмы падрыхтоўкі навук. кадраў і інш.

Тв.:

Наука и техника Советской Белоруссии в 1917—1990 гг.: Хроника важнейших событий. Мн., 1991 (у сааўт.);

Научная интеллигенция Беларуси в 1944—1990 гг. (подготовка, рост, структура). Мн., 1995.

т. 8, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ЎКІН (Валянцін Сяргеевіч) (н. 10.11.1936, г. Новасібірск, Расія),

бел. вучоны ў галіне фтызіятрыі. Д-р мед. н. (1979), праф. (1982). Скончыў Крымскі мед. ін-т (1960). З 1969 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1983 заг. кафедры). Навук. працы па дыферэнцыяльнай дыягностыцы і лячэнні туберкулёзу і інш. хвароб бронха-лёгачнай сістэмы, туберкулёзе лёгкіх і цукровым дыябеце.

Тв.:

Туберкулёз лёгких у больных сахарным диабетом. Мн., 1985;

Краткий справочник по симптоматике болезней системы дыхания. 2 изд. Мн., 1987. Лечение болезней бронхов и легких: Справ Мн., 1996.

т. 8, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)