РЫ́ЧАРДСАН (Richardson) Оўэн Уіланс (26.4.1879, г. Дзьюсберы, Вялікабрытанія — 15.2.1959),
англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1913). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1900). З 1900 у Кавендышскай лабараторыі, з 1906 у Прынстанскім, з 1914 у Лонданскім ун-тах. Навук. працы па тэрмаэлектроннай эмісіі, электроннай і квантавай тэорыях, магнетызме, спектраскапіі, фізіцы рэнтгенаўскіх прамянёў і інш. Адкрыў тэрмаэлектронную эмісію (эфект Р.), устанавіў залежнасць шчыльнасці яе току ад т-ры паверхні металу (1901, формула Р.—Дэшмана). Эксперыментальна праверыў закон максвелаўскага размеркавання малекул па скарасцях (1908) і ўраўненне Эйнштэйна для фотаэфекту (1912). Нобелеўская прэмія 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛДА́ТКІН Міхаіл Цімафеевіч (10.11.1919, в. Сасноўка Ульянаўскай вобл., Расія — 17.12.1987),
бел. вучоны ў галіне цеплазабеспячэння і вентыляцыі. Д-ртэхн.н., праф. (1973). Засл. будаўнік Беларусі (1980). Скончыў Горкаўскі інж.-буд. ін-т (1948). З 1953 у БПІ (з 1960 прарэктар, з 1972 заг. кафедры). Навук. працы па тэрмаапрацоўцы бетону, панэлей, па даследаванні фільтрацыі паветра і цеплафіз. параметраў буд. матэрыялаў.
Тв.:
Разлік фільтрацыі паветра праз керамзітабетонныя матэрыялы (разам з В.Д.Акельевым) // Весці АНБССР. Сер. фіз.-энергет.навук. 1968. № 3;
Анализ существующих путей выбора режимов тепловой обработки бетонных изделий // Отопление, вентиляция и строительная теплофизика. 1973. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУК Васіль Аляксандравіч (н. 23.11.1949, г. Валожын Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-ртэхн.н. (1989), праф. (1991). Скончыў Бел.тэхнал.ін-т (1971). З 1974 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі. З 1990 у Гродзенскім ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні трыбатэхн. з’яў пры стварэнні і эксплуатацыі металапалімерных сістэм, па тэхналогіі і матэрыялазнаўстве палімерных нанакампазітаў, функцыянальных матэрыялаў на аснове сумесей палімераў.
Тв.:
Материалы на основе ненасыщенных полиэфиров. Мн., 1990 (разам з Г.Г.Калягай);
Ингибиторы изнашивания металлополимерных систем. М., 1993 (разам з В.А.Гальдадэ, С.С.Пясецкім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНФІ́ЛЬЕЎ Гаўрыла Іванавіч (6.3.1857, Талін — 4.9.1928),
расійскі географ, батанік і глебазнавец, заснавальнік айчыннага балотазнаўства. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1883). З 1885 у дэпартаменце земляробства, удзельнік шматлікіх экспедыцый па Расіі. З 1895 у Пецярбургскім бат. садзе і адначасова ў Пецярбургскім ун-це. З 1905 праф. Новарасійскага ун-та ў Адэсе. Навук. працы па геаграфіі (у т. л. «Геаграфія Расіі», т. 1—4, 1916—24), занальнасці расл. покрыва, балотах і тарфяніках Палесся, морах СССР. Развіваў ідэі В.В.Дакучаева аб прыродных зонах, прапанаваў схему фіз.-геагр. раянавання еўрап.ч. Расіі (1897) і ўсёй Расіі (1903). Яго імем названы адзін з Курыльскіх а-воў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧУ́ЧЫНСКІ ПАЛА́Ц,
помнік архітэктуры ранняга класіцызму ў г. Шчучын Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. паводле праекта арх. дэ Фленерса ў парку рэгулярнай планіроўкі (садавод С.Юндзіл). Належаў падскарбію літ. Шчуку, зпач. 19 ст. — кн. Друцкім-Любецкім. Будынак мураваны, сіметрычнай кампазіцыі, прамавугольны ў плане, 2-павярховы, на высокім цокалі. У цэнтры больш нізкая ч.з мансардай, вырашаная ў выглядзе лоджыі з 2 іанічнымі калонамі, па баках — 2-павярховыя аб’ёмы, раскрапаваныя пілястрамі. Фасады па перыметры завершаны развітым карнізам і парапетам з атыкам у цэнтры. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены сандрыкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСТВА,
прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. У сілу грамадзянства на чалавека распаўсюджваюцца законы дзяржавы, грамадзянскія правы і абавязкі, а дзяржава ў сваю чаргу абараняе і апякае яго на сваёй тэрыторыі і па-за яе межамі. У дзяржавах з манархічнай формай праўлення тэрмін «грамадзянства» ўжываецца ў значэнні «падданства».
Грамадзянства Рэспублікі Беларусь — неад’емны атрыбут яе дзярж. суверэнітэту. Грамадзянамі Беларусі з’яўляюцца асобы, якія пастаянна пражывалі на тэр. Беларусі на дзень набыцця сілы Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 або атрымалі яе грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым Законам. Грамадзянства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца роўным для ўсіх грамадзян незалежна ад падстаў яго набыцця. Дакументам, які сведчыць аб грамадзянстве, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства, як і ніхто з грамадзян краіны не можа быць адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Набываецца грамадзянства па нараджэнні, у выніку прыёму ў грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных міжнар. дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці яе заканадаўствам аб грамадзянстве. Пражыванне грамадзяніна на тэр.інш. дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства. Грамадзянін не можа быць выдадзены інш. дзяржаве, калі гэта не прадугледжана міжнар. дагаворамі Беларусі. Спыняецца з прычыны выхаду з грамадзянства, з прычыны страты грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных законам. Выхад з грамадзянства ажыццяўляецца па хадайніцтве асобы ў прадугледжаным законам парадку. Грамадзянства страчваецца, калі асоба набыла грамадзянства інш. дзяржавы ці паступіла на ваен. службу, у праваахоўныя і інш.дзярж. органы замежнай дзяржавы або калі грамадзянства Рэспублікі Беларусь было атрымана ёю незаконным шляхам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АМФІ́БІЯ»,
1) аўтамабіль (звычайна павышанай праходнасці) з воданепранікальным кузавам, аснашчаны рухачом (грабным вінтом, вадамётным прыстасаваннем) для руху па вадзе, вадзяным рулём і помпай для адпампоўвання вады з кузава. Для пераадолення стромкіх пад’ёмаў пры выхадзе на бераг «амфібію» абсталёўваюць лябёдкай. Прызначаны для перапраўкі людзей і грузаў цераз рэкі, азёры і інш. 2) Самалёт «амфібія» — гідрасамалёт, прыстасаваны таксама для ўзлёту з сушы і пасадкі на сушу з дапамогай колавых шасі. Абслугоўваюць пасаж. авіялініі ў раёнах узбярэжжа, рыбныя і зверабойныя промыслы і інш. 3) Аэрасані-«амфібія» — аэрасані, у якіх кузаў на лыжах заменены для лепшай праходнасці адной лодкай-лыжай, што дазваляе рухацца па рыхлым снезе і па вадзе, мелкаводных рэках, забалочаных вадаёмах, лёдзе з праталінамі. Выкарыстоўваюцца для сувязі, у палярных экспедыцыях і г.д. 4) Баявая або транспартная машына (танк, БТР і інш.), здольная перамяшчацца па сушы і вадзе. Плывучасць «амфібіі» забяспечваецца неабходным водазмяшчэннем яе герметызаванага корпуса, на вадзе — вадаходным рухачом (грабныя і паветр. вінты, гусенічныя ланцугі і вадамёты). Распрацоўка «амфібіі» пачалася ў час 1-й сусв. вайны, першыя ўзоры танкаў-«амфібія» зроблены ў Францыі і ЗША у пач. 1920-х г. На ўзбраенне Чырв. Арміі танкі-«амфібіі» паступілі ў пач. 1930-х г. У 2-ю сусв. вайну «амфібію» шырока выкарыстоўваліся ўзбр. сіламі ЗША СССР і інш. краін.
Да арт.«Амфібія». Аўтамабіль-«амфібія».Да арт.«Амфібія». Паплаўковы гідрасамалёт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТАРЫ́С,
1) К. бюджэтных устаноў — асн. фінансава-планавы акт, які вызначае аб’ём, мэтавае накіраванне і паквартальнае размеркаванне асігнаванняў, прадугледжаных на ўтрыманне ўстаноў і арг-цый. З’яўляецца планам фінансавання ўстаноў і расходавання бюджэтных сродкаў. Прававое значэнне К. — вызначэнне правоў і абавязкаў кіраўніка бюджэтнай установы па мэтавым выкарыстанні сродкаў, што адпускаюцца з адпаведнага бюджэту, а фін. органаў — абавязкі па забеспячэнні гэтых сродкаў і ажыццяўленні кантролю за мэтавым іх выкарыстаннем. К. падзяляюцца на індывідуальныя, цэнтралізаваных мерапрыемстваў і зводныя. Індывід. К. адлюстроўваюць асаблівасці асобнай установы. Для аднатыпных бюджэтных арг-цый устанаўліваюцца тыпавыя формы расходаў, што ўключаюць 3 асн. раздзелы: агульныя звесткі пра ўстанову, агульную суму расходаў з размеркаваннем па кварталах і накіраваннем расходаў; аператыўна-вытв. паказчыкі, неабходныя для вызначэння расходаў (колькасць штатных адзінак, абслугоўваемы кантынгент і г.д.); разлікі па асобных расходных артыкулах. К. складаецца з артыкулаў, кожны з іх мае аднародную групу расходаў і строга абавязковы характар. К. на цэнтралізаваныя мерапрыемствы складаецца мін-вамі, ведамствамі, упраўленнямі і аддзеламі органаў мясц. самакіравання. К. зводныя аб’ядноўваюць усе індывід. К. падведамасных устаноў і К. расходаў на цэнтралізаваныя мерапрыемствы.
2) К. выдаткаў на вытв-сць — вылічэнне планавай сумы затрат прадпрыемства, аб’яднання або галіны нар. гаспадаркі на вытворчасць усёй прадукцыі і аказанне паслуг. Складаецца на пэўны каляндарны перыяд (год, квартал).
3) К. выдаткаў на буд-ва — сукупнасць нарматыўных разлікаў, якія вызначаюць памер усіх затрат, звязаных з буд-вам (рэканструкцыяй) прадпрыемства, асобнага памяшкання, збудавання або іх комплексаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ.
Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў г. Лагойск Мінскай вобл.Палац узведзены ў 1815 у стылі ампір графам П.Тышкевічам на месцы стараж. замчышча і драўлянага замка Чартарыйскіх (знішчаны татарамі ў 1505), потым — мураванага замка Тышкевічаў (разбураны шведамі ў 1706). Уяўляў сабой 1-павярховы прамавугольны ў плане выцягнуты па фронце аб’ём, вылучаны па цэнтры гал. фасада на выш. 2 паверхаў 12-калонным порцікам са ступеньчатым атыкам. Па баках фланкіраваўся 2-павярховымі 1-восевымі павільёнамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Па цэнтры тыльнага фасада выступаў 2-павярховы паўкруглы 6-калонны эркер, накрыты сферычным купалам. У 2 залах палаца размяшчаўся музейны археал.-маст. збор братоў К. і Я.Тышкевічаў, асобная зала была адведзена пад б-ку (каля 10 тыс. тамоў). Разбураны ў Вял.Айч. вайну, засталіся руіны. Парк пейзажнага тыпу высаджаны ўздоўж правага берага р. Гайна. Пл. 10 га. Перад палацам быў створаны круглы партэр з кветкавымі клумбамі і рабатамі, пасаджаны пладовы сад. З тыльнай тэрасы палаца адкрываўся від на больш нізкую пейзажную частку парку з сажалкай і «зялёнай» тапалёвай альтанкай каля яе, рэшткі замкавых умацаванняў. Праз парк працякаў ручай з мураваным арачным мастком, каля якога быў дом вартаўніка. Курціны фарміраваліся таполяй белай, ясенем, дубам і інш. дрэвамі мясц. парод.
А.М.Кулагін.
Лагойскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.Орды. Сярэдзіна 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАІ́МАЎ Іван Васілевіч (8.3.1894, г. Анесі, Францыя — 2.12.1981),
рус. фізік, стваральнік навук. школы па фізіцы цвёрдага цела і нізкіх тэмператур. Акад.АНСССР (1958, чл.-кар. 1933). Скончыў Петраградскі ун-т (1915). З 1919 у навук. установах Петраграда, Харкава, Масквы. Навук. працы па фізіцы крышталёў, оптыцы і оптатэхніцы. Распрацаваў метад вырошчвання монакрышталёў з расплаваў, заклаў асновы нізкатэмпературнай спектраскапіі, сканструяваў шэраг спектральных прылад. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Тв.:
О приложении френелевой дифракции для физических и технических измерений. М.; Л., 1945.