ГАРЭ́ЦКІ (Пятро Ігнатавіч) (26.6.1919, в. Максімільянаўцы Данецкай вобл., Украіна — 17.3.1997),
украінскі паэт. Скончыў Ужгарадскі ун-т (1956). Друкуецца з 1937. Аўтар зб-каў вершаў «Дружба» (1948), «Мая любоў» (1957), «Вечнае цяпло» (1973), «Асеннія пракосы» (1979), «З дарог жыцця» (1982), «Зачараванне» (1986), у якіх паэтызаваў будні новай сав. рэчаіснасці, прыгажосць і шматграннасць роднай прыроды. Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Астрэйкі, П.Броўкі, А.Бялевіча, П.Глебкі, П.Прыходзькі, М.Танка і інш. На бел. мову творы Гарэцкага пераклалі Р.Барадулін, А.Вярцінскі, Х.Жычка, М.Калачынскі, У.Паўлаў, П.Прыходзька, А.Пысін, Ю.Свірка, Я.Семяжон і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШЧЫ́НСКІ ((Goszczyński) Севярын) (4.11.1801, г.п. Ільінцы, Украіна — 25.2.1876),
польскі паэт, паліт. дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Б.Ф.Залескім) т.зв.укр. школы польск. рамантызму. Удзельнік паўстання 1830—31. Рэв.-патрыят. зместам з моцнымі радыкальнымі акцэнтамі насычаны яго раннія вершы і зб. «Пабудка» (1831). Падзеям казацка-сял. паўстання 1768 на Украіне прысвечана паэма «Канёўскі замак» (1828). Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў (Галіцыя, Францыя). Вершы позняга перыяду прасякнуты рэліг.-патрыят. духам («Пасланне да Польшчы», 1856). Аўтар «Дзённіка падарожжа ў Татры» (1832), паэмы «Сабутка» (1834), паэмы ў прозе «Кароль замчышча» (1842), літ.-крытычных і грамадска-паліт. даследаванняў — «Новая эпоха польскай паэзіі» (1835), «Слова пра самаахвярнасць» (1844), успамінаў «Бельведэрская ноч» (1870) і «Падарожжа майго жыцця» (выд. 1923).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАГІГІЕ́НА [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + гігіена],
раздзел геранталогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (сацыяльных, бытавых, прыродных) і ладу жыцця на хуткасць і характар старэння чалавека. Уключае герагігіену працы, харчавання, сацыяльную, камунальную. Герагігіена працы разглядае пытанні прафес. працаздольнасці асоб старэй за 40 гадоў. Асн. рэкамендацыі: зніжэнне рабочай нагрузкі, тэмпу і рытму працы, павелічэнне колькасці і працягласці перапынкаў, макс. выкарыстанне вопыту, устойлівага рабочага дынамічнага стэрэатыпу. Герагігіена харчавання даследуе прынцыпы энергет. збалансаванасці ў адпаведнасці з энергазатратамі; сацыяльная герагігіена — уплыў сац.-эканам. фактараў на стан здароўя, камунальная герагігіена — жыллёва-бытавыя праблемы пажылых і старых людзей. Важную ролю пры гэтым адыгрываюць фіз. нагрузкі, наяўнасць шкодных прывычак, псіха-стрэсарныя і экалагічныя фактары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛУБ (Юрка) (Юрый Уладзіміравіч; н. 20.10.1947, в. Горны Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1970). З 1970 на Гродзенскай абл. студыі тэлебачання, з 1979 заг. аддзела маст. вяшчання Гродзенскага аблтэлерадыё. Вядзе на абл. студыі тэлебачання штомесячную перадачу «Гродзеншчына літаратурная». Друкуецца з 1963. Першы зб. вершаў «Гром на зялёнае голле» (1969). У вершах Голуба — свет маладога сучасніка, які абвострана адчувае праявы жыцця. Шчодрасць лірычнага самавыяўлення, лаканічнасць выказвання, яркая метафарычнасць вобразаў, багатая інструментоўка радка — асаблівасці яго творчай манеры. Для дзяцей зб. «У бары грыбы бяры» (1986). Выступае як празаік, перакладчык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МЕЛЬСКАЯ ПРА́ЎДА»,
абласная газета. Выдаецца з 30.10(12.11).1917 у Гомелі на бел. мове. У 1917—29 выходзіла на рус. мове, пад рознымі назвамі. Спачатку наз. «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». У час акупацыі Гомеля герм. войскамі (люты 1918 — студз. 1919) не выходзіла. З 1930 наз. «Палеская праўда», з 1938 сучасная назва. У Вял.Айч. вайну орган Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б (выходзіла з 1.5 да 20.11.1943). Пасля вайны — орган Гомельскіх абл. і гар. к-таў КПБ, абл. і гар. Саветаў нар. дэпутатаў. З вер. 1991 — абл. газета. Інфармуе аб падзеях грамадска-паліт., эканам., гісторыка-краязнаўчага і культ.жыцця Гомельшчыны, усёй Беларусі. Асвятляе міжнар. падзеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫШАНО́ВІЧ (Валерый Мікалаевіч) (псеўд.Дзедаў Валерый, Баркоўскі-Дзедаў Валерый; н. 3.3.1947, г.п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобл.),
паэт, публіцыст. Піша на рус. і бел. мовах. Скончыў Маскоўскі ун-т (1973). З 1969 на камсамольскай, з 1983 на парт. рабоце. У 1987—93 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1968. Аўтар зб. вершаў «Стронцый у кроплі расы» (1990), паэм «Вока бездані» (1989), «Беларусь, Хрыстос і маланка» (1993), «Святое прычасце» (1994), кінасцэнарыя (з М.Кацюшэнкам) «Хроніка знаходжання на Зямлі» пра лётчыка-касманаўта У.Кавалёнка (паст. 1980). У творах Грышановіча — роздум над складанымі праблемамі сучаснасці, сутнасцю чалавечага жыцця, боль за бездухоўнасць грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДА́ЙЦІС ((Gudaitis) Антанас Марціна) (29.7.1904, г. Шаўляй, Літва — 20.4.1989),
літоўскі жывапісец. Засл. дз. маст. Літвы (1961). Нар. мастак Літвы (1964). Нар. мастак СССР (1985). У 1926—29 вучыўся ў Каўнаскім ун-це і ў Каўнаскай маст. школе, у 1929—33 — у Нац. школе прыкладнога мастацтва ў Парыжы. Аўтар экспрэсіўных тэматычных кампазіцый, прасякнутых дынамікай жыцця: «Праца» (1929), «Рута адпачывае» (1962), «Па дарогах вайны» (1965—67), «Нявесты» (1981). Піша таксама пейзажы (трыпціх «Літоўскі пейзаж», 1937; «Вечар», 1963), партрэты, тэатр. дэкарацыі і інш. У творах Гудайціса паглыблены драматызм вобраза, псіхалагізм, узмоцненая роля фактуры жывапісу, колеру, сімволікі. Дзярж. прэмія Літвы 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́НАВІЧ ((Домановић) Радоэ) (4.2.1873, Оўсіштэ, каля г. Крагуевац, Сербія — 4.8.1908),
сербскі пісьменнік. Скончыў Белградскі ун-т (1894). За выступленне супраць абсалютызму дынастыі Абрэнавічаў зазнаў ганенні. Раннім аповесцям і апавяданням Д. ўласціва ўвага да побыту жыцця тагачасных горада і вёскі («Дзень нараджэння», «Сны і ява», «На раздарожжы» і інш.). З канца 1890-х г. — пачынальнік сербскай сатыры, стваральнік жанру алегарычна-сатыр. прозы: апавяданні «Не разумею!» (1898), «Кляймо» (1899), «Каралевіч Марка другі раз між сербаў» (1901), аповесць «Страдыя» (1902) і інш. Творы Д. на бел. мову перакладаў І.Чарота.
Тв.:
Бел.пер. — Сны і ява. Сербская ініцыятыва. Бессардэчныя людзі // Далягляды. Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІЯ́НІ ((Damiani) Даміяна) (н. 23.7.1922, Пасьяна ды Пардэноне, Італія),
італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Міланскай акадэміі прыгожых мастацтваў. З 1953 у кіно. У яго творчасці спалучаліся дзве тэндэнцыі — цікавасць да сац. і псіхал. праблем грамадства і цяга да вострасюжэтнага фільма з напружаным дзеяннем. Пазней яны аб’ядналіся ў серыі фільмаў пра сіцылійскую мафію і яе сувязь з палітыкамі: «Дзень савы» (1967, у сав. пракаце «Сава з’яўляецца днём»), «Прызнанне камісара паліцыі пракурору рэспублікі» (1971), «Следства скончана — забудзьцеся» (1972), «Чаму забіваюць суддзяў» (1975), «Я баюся» (1977), «Чалавек на каленях» (1979), «Папярэджанне» (1980; у сав. пракаце «Следства з рызыкай для жыцця») і інш. У сваіх фільмах Д. новымі маст. сродкамі прадаўжае традыцыі неарэалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРАКО́ЎСКІ (Валяр’ян Дзмітрыевіч) (10.9 1904, Мінск — 18.8.1979),
бел. графік. Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Ленінградзе (1929). Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, плакаце. У 1929—31 маст. рэдактар Белдзяржвыда. З 1931 у Ленінградзе. Аформіў кнігі «Сымон-музыка» Я.Коласа і «Два» А.Вольнага (1925), «Выбраныя апавяданні» (1926) і «У глыбі Палесся» (1927) Я.Коласа, «У віры жыцця» М.Зарэцкага, зборы твораў Я.Купалы (т. 2, 2-е выд.) і Ц.Гартнага (т. 2; усе 1929), «Яўген Анегін» А.Пушкіна (1937), «Выбранае» Ю.Тынянава (1941), «Байкі» І.Крылова (1944), «Лірыка» А.Пракоф’ева (1956), зб. «Нашы казкі» (1965) і інш. Творы Д. вызначаюцца высокай тэхнікай выканання, арыгінальнасцю кампазіцыйнай будовы.