Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НЫ (Athēnai) Старажытныя, горад-дзяржава (поліс) у Паўд.ч.Атыкі, адзін з важнейшых эканам., паліт. і культ. цэнтраў Стараж.Грэцыі. Поліс утварыўся ў выніку аб’яднання радавых абшчын Атыкі вакол Афінскага акропаля. Унутры абшчын існаваў падзел на аўпатрыдаў, геамораў і дэміургаў. Савет знаці, арэапаг, меў вышэйшую суд., адм. і рэліг. ўладу. У 621 да нашай эры правіцель Драконт запісаў законы, якія прызнавалі прыватную ўласнасць на рухомую маёмасць. Да канца 6 ст.да нашай эры зямля лічылася абшчыннай уласнасцю, але паступова апынулася ў руках радавой знаці, а частка абшчыннікаў — у даўгавым рабстве. У 594 да нашай эры правіцель Салон Правёў рэформы, якія адмянялі даўгавое рабства, уводзілі савет 400; грамадзян падзялялі на 4 разрады ў адпаведнасці з маёмасным цэнзам; вышэйшыя пасады ў дзярж. органах маглі займаць толькі самыя багатыя людзі. Народны сход і Гелія (суд прысяжных) складаўся з усіх грамадзян. Узнікла дэмакратыя. Каля 560 да нашай эры адбыўся паліт. пераварот, у выніку якога ўстанавілася тыранія Пісістрата. Пры Пісістратыдах (560—510 да нашай эры) разгарнулася храмавае і свецкае буд-ва, праведзены водаправод; Афіны кантралявалі марскі шлях у Прычарнамор’е, пашырылі свой уплыў на шэраг а-воў Эгейскага м. Пасля падзення тыраніі і грамадз. вайны 508 да нашай эры праведзены новыя рэформы, у выніку якіх знішчаны перажыткі радавога ладу; закон аб астракізме ахоўваў дэмакратыю. Афіны сталі самай вял. дзяржавай Стараж. Грэцыі. У перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры Афіны дасягнулі найб. росквіту: некалькі разоў перамагалі персаў, узначальвалі антыперс. Дэлоскі саюз, які пазней ператварыў Афіны ў марскую дзяржаву (гл.Архе Афінская). Гады праўлення Перыкла атрымалі назву «залатога веку Перыкла». З увядзеннем аплаты дзярж. пасад дэмасу забяспечаны ўдзел у кіраванні дзяржавай. Праца свабодных земляробаў і рамеснікаў спалучалася з працай рабоў, Афіны ператварыліся ў буйны гандлёва-рамесніцкі поліс. Расквітнелі філасофія, рэлігія, тэатр, л-ра, архітэктура і скульптура. Аднак шматлікія супярэчнасці ўнутры Афінскай дзяржавы з яе полісамі-саюзнікамі прывялі даПелапанескай вайны 431—404 да нашай эры і паражэння Афін. У ходзе Карынфскай вайны 395—387 да нашай эры Афіны часткова аднавілі сваё становішча, але былой магутнасці ўжо не дасягнулі. У 338 да нашай эры Македонія ўключыла Афіны ў Элінскі саюз пад сваёй гегемоніяй. У 86 да нашай эры Афіны заваяваны Рымам. У 3 ст. нашай эры Афіны перажылі нашэсце варвараў і прыйшлі ў заняпад.
Літ.:
Колобова К.М. Древний город Афины и его памятники. Л., 1961;
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;
Фролов Э.Д. Социально-политическая борьба в Афинах в конце V в. до нашей эры: (Материалы и документы). Л., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ МО́РА,
унутрымацерыковае мора Паўн. Ледавітага ак., на ПнЗ Еўрапейскай ч. Расіі. Глыбока ўдаецца ў сушу паміж п-вамі Кольскі і Канін. На Пн злучаецца з Баранцавым м. пралівамі Горла і Варонка. Пл. 90 тыс.км². Найб.глыб. 350 м у зах. частцы, усх. больш мелкаводная (30—120 м); сярэдняя глыб. 60 м. Размешчана ў зоне шэльфа. Рэльеф дна няроўны, шмат упадзін і жалабоў, якія чаргуюцца з мелямі і банкамі. Залівы (губы): Кандалакшскі, Анежскі, Дзвінскі, Мязенскі. Вялікія а-вы: Салавецкія, Маржавец, Мудзьюгскі. Берагі моцна парэзаныя, паўн.-зах. высокія і скалістыя, паўд.-ўсх. спадзістыя і нізкія. Упадаюць рэкі: Паўн. Дзвіна, Анега, Мязень, Паной і інш.
Клімат пераходны ад марскога палярнага да кантынентальнага ўмеранага. Т-ра вады на паверхні ад 6 да 15 °C, зімой ніжэй за 1 °C. Салёнасць ад 24‰ на Пдда 34,5‰ на Пн. З ліст.да мая ўкрыта дрэйфуючым (у бухтах суцэльным) лёдам. Існуе пастаянны водаабмен Белага мора з Баранцавым м. Прылівы правільныя паўсутачныя да 10 м (Мязенская губа). Рыбалоўства (селядзец, навага, сітавыя), промысел цюленяў. Беламорска-Балтыйскі канал дае выхад у азёры і рэкі бас. Балтыйскага м. і да Волга-Балтыйскага воднага шляху (да Каспійскага, Азоўскага і Чорнага мораў), суднаходства марскіх каналаў зімой падтрымліваецца ледаколамі. Гал. парты: Архангельск, Анега, Беламорск, Кем, Кандалакша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СВІДА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Віцебскім р-нам, у бас.р. Храпаўлянка, за 7 км на Пд ад г. Гарадок. Пл. 11,42 км², даўж. каля 7,1 км, найб.шыр. каля 4,9 км, найб.глыб. 20,2 м, даўж. берагавой лініі 25,6 км. Пл. вадазбору 107 км². Схілы катлавіны выш.да 15 м (на ПнЗ і Зда 4 м), на Пн і У стромкія, парослыя лесам, часткова разараныя. 3 вял. залівы, паўн.-зах. аддзелены ад возера пясчанай водмеллю (глыб. 0,2 м). Берагі выш.да 1,5 м, месцамі абразійныя ці зліваюцца са схіламі, на паўн.-зах. і паўд.-зах. нізкія, часткова забалочаныя. Падводная ч. катлавіны складанай будовы (упадзіны чаргуюцца са шматлікімі мелямі). Шыр. зоны мелкаводдзя да 25 м у залівах і да 250 м уздоўж паўд. і паўд.-ўсх. берагоў. Дно ў прыбярэжнай ч.даглыб. 6 м выслана пяскамі, на У і Пн пясчана-галечнымі адкладамі і валунамі. Уздоўж берагоў зарастае надводнай расліннасцю (шыр. паласы да 150 м). У возеры растуць рэдкія для флоры Беларусі ахоўныя віды: палушнік азёрны, наяды малая і марская, частуха Валенберга, гідрыла кальчаковая. У возера ўпадае р. Чарніца і 4 ручаі, на У выцякае ручай у воз. Цыганова. Уваходзіць у зону адпачынку Лосвіда. На беразе турбаза «Віцебская», спарт. база, лодачная станцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯСЛО́ЎЕ,
дадатак аўтара ці інш. асобы да літаратурнага твора або кнігі, дзе прыводзіцца інфармацыя, звязаная са зместам твора (кнігі), гісторыя яго напісання і г.д. Аўтарскае П. не мае самаст.літ. значэння, злучана з творам ідэйнай сувяззю; з’яўляецца ч. твора, элементам яго архітэктонікі. Пашыраны таксама П. да аўтарскага тэксту ад інш. асобы (крытыка, складальніка, рэдактара). Такое П. аналагічнае ўступнаму артыкулу ці прадмове, калі з’яўляецца свайго роду каментарыем да твора пісьменніка. У адрозненне ад эпілога П. не з’яўляецца працягам фабулы ці сюжэта твора. На Беларусі вядомы з часоў Кіеўскай Русі; змяшчаліся ў стараж. рукапісных кнігах у выглядзе сціслых звестак пра перапісчыка, час і месца напісання кнігі. Пазней такія звесткі пашырыліся, у іх выяўляліся пачуцці радасці з прычыны завяршэння кнігі, часам давалася ацэнка пэўным князю, каралю, цару, пры якім твор быў перапісаны (напр., «Пахвала Вітаўту» ў кн. слоў Ісаака Сірына). Традыцыю рукапісных кніг працягваў Ф.Скарына ў сваіх друкаваных выданнях, дзе змяшчаў паведамленні пра месца, час надрукавання, пра перакладчыка-друкара. Да твораў маст. л-ры П. пішуцца рэдка, звычайна ў сувязі з неабходнасцю выказацца перад чытачом (П. Я.Маўра да рамана «Амок», У.Караткевіча да рамана «Каласы пад сярпом тваім», А.Лойкі да рамана-эсэ «Як агонь, як вада...»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАШЭ́ЎЦЫ,
удзельнікі паліт. гуртка М.В.Петрашэўскага, які існаваў у Пецярбургу ў 1845—49. Мэта — барацьба супраць самадзяржаўя і прыгону. Сярод П. былі дваране і разначынцы: М.А.Спешнеў, Ф.М.Дастаеўскі, А.В.Ханыкаў, Дз.Дз.Ахшарумаў, М.А.Мамбелі, М.С.Кашкін і інш.Паліт. погляды П. неаднародныя, але большасць з іх ненавідзела царызм, схілялася даутапічнага сацыялізму, рыхтавалася да надыходу сял. рэвалюцыі. На сходах, т.зв. «пятніцах» Петрашэўскага, абмяркоўваліся пытанні вызвалення сялян з зямлёю без выкупу, замены самадзяржаўя дэмакр. рэспублікай, увядзення адкрытага суда і суда прысяжных, свабоды друку, рэв. прапаганды перадавых сац.-паліт. ідэй у шырокім асяроддзі. Многія П. стаялі на пазіцыях матэрыялізму, былі атэістамі, вялі барацьбу з афіц. ідэалогіяй. У апошні перыяд сваёй дзейнасці П. намагаліся стварыць тайнае т-ва са сваёй праграмай і тактыкай, адкрыць падп. друкарню. 5.5.1849 П. арыштаваны. Да следства прыцягнуты 123 чал., 21 чал. прыгавораны да расстрэлу. Пасля абраду падрыхтоўкі да пакарання смерцю 3.1.1850 была зачытана царская канфірмацыя, паводле якой расстрэл заменены ссылкай на катаржныя работы і ў арыштанцкія роты на розны тэрмін. У 1856 П. амнісціраваны і дапач. 1860-х г. усе (акрамя Петрашэўскага, які да канца жыцця заставаўся ў ссылцы) адноўлены ў грамадз. правах.
Літ.:
Лейкина-Свирская В.Р. Петрашевцы. М., 1965;
Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСФАРМА́ТАР ВЫМЯРА́ЛЬНЫ,
электрычны паніжальны трансфарматар, на першасную абмотку якога ўздзейнічаюць ток або напружанне, што вымяраюцца, а да другаснай падключаны электравымяральныя прылады або рэле аховы. Выкарыстоўваецца пераважна ў ланцугах пераменнага току высокага напружання для вымярэнняў сілы току, напружання і магутнасці з дапамогай амперметраў, вальтметраў і ватметраў. Адрозніваюць Т.в. напружання і току.
Трансфарматар напружання пераўтварае высокае эл. напружанне пераменнага току (больш за 380 В) у напружанне, прыдатнае для вымярэнняў стандартнымі прыладамі (звычайна 100 В). Першасная абмотка далучаецца да ланцуга высокага напружання, другасная — да вымяральных прылад і рэле аховы. Выпускаюцца на намінальнае напружанне ад 380 Вда 750 кВ. Трансфарматар току пераўтварае пераменны эл. ток вял. сілы да значэння. прыдатнага для вымярэнняў стандартнымі прыладамі. Першасная яго абмотка ўключаецца паслядоўна ў ланцуг току, які вымяраецца. а другасныя — у ланцуг вымяральных прылад і рэле аховы. Выпускаюцца на намінальную сілу першаснага току ад 5 Ада 5 кА пры напружанні ад 380 Вда 750 кВ (сіла другаснага намінальнага току 5 і 1 А). Т.в. бываюць тэхнічныя для прамысл. установак і лабараторныя.
У.М.Сацута.
Трансфарматар вымяральны: 1 — току на 115 кВ, 2 — напружання на 400 кВ са схемамі ўключэння (W1, W2 — першасная і другасная абмоткі; I1, U1 — ток і напружанне, якія вымяраюцца; I2, U2 — ток і напружанне ў другаснай абмотцы; A — амперметр; V — вольтметр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБАЗВА́РАЧНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
выраб метал., пераважна стальных, труб метадам зваркі ліста або паласы. Вырабляюць трубы дыяметрам ад 6 ммда 2 мфармоўкай (згінаннем ліста ці паласы ў трубу) і наступнай зваркай шва. Паводле размяшчэння зварнога шва адрозніваюць зварку падоўжную і спіральную. Зварныя трубы ў параўнанні з бясшвовымі маюць меншую таўшчыню сценкі. а трываласць шва не меншую, чым самога металу. Усе тэхнал. аперацыі робяцца на спец. агрэгатах — трубазварачных станах. Паводле спосабу фармоўкі яны бываюць бесперапынныя (фармоўка адбываецца паступова, па меры падоўжнага руху паласы) і перыядычныя (ліст згінаецца ў трубу на ўсю даўжыню адразу). Для зваркі існуюць станы пячной зваркі, зваркі токамі высокай частаты, кантактнай зваркі супраціўленнем, дугавой зваркі пад слоем флюсу ці ў асяроддзі ахоўных газаў. Пры пячной зварцы нагрэтую ў печы да 1300—1330 °C паласу згінаюць у роліках прафілёвачнага стана ў трубу ці працягваюць праз спец. прыстасаванне (лейку) і адначасова зварваюць краі ўпрытык ці (радзей) у нахлёст. Выкарыстоўваецца для вытв-сці вода- і газаправодных труб дыяметрам 10—114 мм з падоўжным швом. Пры вырабе труб дыяметрам менш за 100 ммда трубазварачнага стану далучаецца рэдукцыйны стан, які павялічвае хуткасць выхаду трубы за кошт памяншэння яе дыяметра і таўшчыні сценак. На сучасных станах хуткасць выхаду пры дыяметры 10 мм складае 24 м/мін. Пры вырабе труб дыяметрам да 500 мм з падоўжным ці спіральным швом пашыраны станы, дзе зварка ажыццяўляецца ціскам з нагрэвам краёў, якія зварваюцца токамі павышанай і высокай частаты. На трубазварачным стане з дугавой зваркай вырабляюць трубы ад 500 да 1600 мм і больш.
На Беларусі наладжана вытв-сць стальных электразварных труб квадратнага, прамавугольнага і круглага сячэння. У 2001 Магілёўскі металургічны завод вырабляў стальныя профільныя трубы 22 мадыфікацый (ад 20 × 20 ммда 80 × 60 мм з таўшчынёй сценак 1,2—4 мм), прамашвовыя круглага сячэння — 18 мадыфікацый (дыяметр ад 16 да 89 мм), стальныя вода- і газаправодныя — 8 мадыфікацый (дыяметр ад 15 да 80 мм); Маладзечанскі завод металаканструкцый — профільныя 18 мадыфікацый (ад 50 × 50 ммда 220 × 120 мм з таўшчынёй сценак ад 2 да 8 мм) і круглага сячэння 8 мадыфікацый (дыяметр ад 76 ммда 219 мм); Баранавіцкае прадпрыемства «Аграбудмаш» — стальныя прамашвовыя круглага сячэння 3 мадыфікацый (дыяметр 26, 34 і 42 мм з таўшчынёй сценак да 2,5 мм) і прамавугольныя (30 × 20 мм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАГА́НСА (Braganҫa, Braganza),
дынастыя каралёў Партугаліі (1640—1910) і імператараў Бразіліі (1822—89). Заснавальнік — Жуан IV [1640—56]. Пасля смерці каралевы Марыі да Глорыі [1834—53] яе муж Фердынанд Саксен-Кобург-Гоцкі заснаваў дынастыю Браганса-Кобург, прадстаўнікі якой правілі ў Партугаліі даПартугальскай рэвалюцыі 1910. У Бразіліі пасля яе аддзялення ад Партугаліі і да абвяшчэння рэспублікай правілі імператары Педру I [1822—31] і Педру II [1831—89].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎПТВА́ХТА (ням. Haupwache літар. галоўны каравул),
спецыяльнае памяшканне для ўтрымання вайскоўцаў пад арыштам. Ва Узбр. сілах Беларусі бывае гарнізонная і вайсковая. На гаўптвахце ўтрымліваюць вайскоўцаў, арыштаваных у дысцыплінарным парадку, арыштаваных следчымі органамі, тых, што знаходзяцца пад судом, прыгавораных ваен. судом да ўтрымання на гаўптвахце, а таксама асуджаных даінш. мер пакарання да набыцця прыгаворам законнай сілы.