ЛІПНЯ́НКА,

рака ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 20,5 км. Пл. вадазбору 118 км². Пачынаецца каля в. Бенькаўцы. На ўсім працягу каналізаваная.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЁЎ (Ціхан Якаўлевіч) (12.8 1917, в. Агародня-Кузьмініцкая Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 11.1.1983),

дзяржаўны і парт. дзеяч, Герой Сац. Працы (1977). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1941), ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1946). З 1936 на пед. рабоце ў школах Ельскага р-на Гомельскай вобл. З 1941 выкладчык, дырэктар школы ў Сталінградскай вобл. З 1944 на парт. рабоце ў Гомелі, Брэсце. З 1952 1-ы сакратар Брэсцкага абкома КПБ, з ліп: 1955 сакратар, затым 2-і сакратар ЦК КПБ. З 1959 Старшыня Савета Міністраў БССР, з 1978 1-ы нам. старшыні Савета Міністраў СССР, з кастр. 1980 1-ы сакратар ЦК КПБ. Чл. ЦК з 1952, Бюро ЦК КПБ у 1955—78 і з 1980. Чл. ЦК КПСС з 1961. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1951, Вярх. Савета СССР з 1954, нам. старшыні Савета Нацыянальнасцей Вярх. Савета СССР у 1958—62. Чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР і СССР з 1981. Яго імем названа вуліца ў Мінску.

Тв.:

Советская Белоруссия. М., 1982;

Избранные статьи и выступления. Мн., 1984.

Ц.Я.Кісялёў.

т. 8, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́НКА,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе г. Слонім — в. Новая Мыш. Цэнтр сельсавета. За 20 км на З ад г. Баранавічы, 217 км ад Брэста, 4 км ад чыг. ст. Палонка. 781 ж., 293 двары (2000). Аддз. «Палонка» птушкафабрыкі «Дружба», лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Свята-Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.).

Вядома з пач. 16 ст. як сяло ў Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. Належала Сапегам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 каля вёскі адбылася Палонкаўская бітва 1660. У 1680 заснаваны дамініканскі кляштар (існаваў да 1830). З 1793 П. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Навамышскай вол. Навагрудскага пав. У пач. 20 ст. 500 ж., 56 двароў, земскае нар. вучылішча. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Навамышскай гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у складзе БССР, з 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Навамышскім р-не Баранавіцкай вобл., з 1957 — у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАДАВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства, якая вывучае будову, заканамернасці росту і развіцця пладовых культур, займаецца іх вырошчваннем. Кірункі П.: гадавальнікаводства (вырошчванне пасадачнага матэрыялу пладовых культур; гл. Пладовы гадавальнік), уласна П. (вырошчванне семечкавых, костачкавых і арэхаплодных культур), ягадаводства (вырошчванне ягадных культур). Субтрапічнае П., вінаградарства і цытрусаводства звычайна разглядаюцца як самаст. галіны. У сусв. сартымент уваходзяць больш за 100 відаў і дзесяткі тысяч сартоў пладовых культур, найб. пашыраныя яблыня, масліна, груша, сліва. Агульная пл. каля 20 млн. га.

На Беларусі (1998) агульная плошча пладова-ягадных насаджэнняў усіх узростаў — 100,3 тыс. га, валавы збор пладоў і ягад — 350 тыс. т. Сучасны кірунак развіцця — інтэнсіўнае П., прадугледжвае выкарыстанне нізкарослых насаджэнняў (выш. 1,5—3 м), якія рана пладаносяць (на 2—3-і год), выкарыстанне плоскіх форм кроны дрэў, інтэграваных метадаў барацьбы з хваробамі і шкоднікамі і інш. Асн. пастаўшчыкі садавіны і ягад — гаспадаркі, дзе П. развіваецца паводле закончанага цыкла (ад вырошчвання да пастаўкі прадукцыі пакупнікам): «Рассвет», «Беражное» (Брэсцкая вобл), «Прагрэс» (Гродзенская вобл.), «Зубкі», «Клецкі» (Мінская вобл.) і інш.

Літ.:

Плодоводство. М., 1979;

Плоды и овощи в питании человека. Мн., 1983.

М.​Р.​Мялік.

т. 12, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ШЧА,

месца (крыніца, возера, камень, узгорак і г.д.), надзеленае, паводле ўяўленняў вернікаў, надзвычайнымі надпрыроднымі сіламі і ўласцівасцямі. П. назвалі таксама маленне пра дараванне грахоў у якім-н. «святым» ці «цудадзейным» месцы. У навук. ўжытак тэрмін «П.» ўвёў у пач. 20 ст. М.​Янчук. Вера ў П. генетычна звязана з культам прыроды. Некат. П. ўзніклі з язычніцкіх свяцілішчаў. Аднак этнографамі зафіксаваны выпадкі ўзнікнення пакланення П. і ў 19—20 ст. П. наведвалі, каб пазбавіцца ад хвароб, сюды прыносілі ахвяраванні (палатно, ручнікі, кветкі, ежу і інш.). Значная частка П. была прызнана хрысціянскім духавенствам і знаходзілася пад яго апекай. Каля такіх П. нярэдка будавалі капліцы, цэрквы, касцёлы, у дні рэліг. свят праводзілі хрэсныя хады і богаслужэнні. Найб. вядомымі былі П. Сіняя Крыніца каля г. Слаўгарад Магілёўскай вобл., Святая Горка каля г.п. Смілавічы Мінскай вобл., нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., камяні-следавікі на Траецкай гары ў Мінску і інш. П. на Беларусі даследавалі М.​Доўнар-Запольскі, Янчук, Ф.​Пакроўскі, Е.​Раманаў, А.​Багдановіч, М.​Мялешка.

Э.​М.​Зайкоўскі.

т. 13, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТЛІЦА,

рака ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., правы прыток Прыпяці. Даўж. 30 км. Пачынаецца за 3,5 км на ПнЗ ад в. Беражное. Рэчышча ад вытоку на працягу 6 км каналізаванае.

т. 4, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎКА,

рака ў Беларусі, у Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток Дняпра. Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 230 км². Пачынаецца паміж вёскамі Забор’е і Бярозаўка, вадазбор на Аршанска-Магілёўскай раўніне.

т. 3, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́КАЕ ВО́ЗЕРА,

у Глускім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Пціч, за 13 км на ПнУ ад г.п. Глуск. Пл. 0,28 км². Дно выслана сапрапелем. Злучана ручаём з р. Ліса.

т. 6, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЕ́ЗНАЎСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1866—67 у маёнтку Гнезна Ваўкавыскага пав. (цяпер вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл.). У 1867 працавалі 62 чал., выраблена сукнаў на 60,1 тыс. руб.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРМАКО́ВІЧЫ Філон і Елізар, бел. дойліды 17 ст. Жылі ў в. Грычына (Дзяржынскі р-н Мінскай вобл.). З дойлідамі Ільёй і Антонам Зезгуламі і Маркам будавалі сядзібы і палацы Койданаўскага графства.

т. 6, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)