КУНЕ́НЕ (Cunene, Kunene),

рака ў Паўд. Афрыцы, у Анголе, часткова на мяжы э Намібіяй. Даўж. 945 км, пл. басейна больш за 100 тыс. км². Вытокі на пласкагор’і Біе. У вярхоўі цячэ ў скалістых цяснінах, утварае парогі і вадаспады, сярэдняе цячэнне — у шырокай даліне, у ніжнім — шэраг парогаў і вадаспадаў. Упадае ў Атлантычны ак. У сухі сезон месцамі перасыхае. ГЭС. На асобных участках суднаходная.

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЫТЫ́БА (Curitiba),

горад на ПдУ Бразіліі. Адм. ц. штата Парана. Засн. ў 1654. Каля 900 тыс. ж., у агламерацыі больш за 1,3 млн. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: цэлюлозна-папяровая, дрэваапр., мэблевая, маш.-буд. (машыны для перапрацоўкі драўніны), харчасмакавая (у т. л. перапрацоўка парагвайскага чаю — йерба-матэ), тэкст., гарбарна-абутковая, хімічная. Ун-ты. Філалагічная акадэмія. Музей штата.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛАЎЭ́А (Kilauea),

бесперапынна дзеючы вулкан на в-ве Гаваі, у Ціхім ак. Тэр. ЗША (штат Гаваі). Выш. 1247 м. Шчытападобны конус з вял. кальдэрай (дыям. 4,5 км, глыб. больш за 230 м), у якой возера, перакрытае слоем лавы. Апошняе значнае вывяржэнне адбылося ў 1983—85. К. ўваходзіць у склад Гавайскага вулканічнага нац. парку, уключанага ЮНЕСКА у Спіс сусв. спадчыны. Вулканалагічная станцыя.

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́НГСТАН (Kingston),

горад, сталіца Ямайкі. Засн. англічанамі ў 1693. 103,8 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 800 тыс. ж. (1991). Порт на Карыбскім м. Праз К. праходзіць увесь імпарт і значная ч. экспарту Ямайкі (вываз цукру, рому, бананаў, кавы, бавоўны). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Палісейдас. Прам-сць: харч., лёгкая, дрэваапр., нафтаперапр., металаапрацоўчая. Ун-т. Крэпасць Рокфарт (17—19 ст.).

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ЛАВЫЯ ПАБУДО́ВЫ, каралавыя рыфы,

падводныя і надводныя вапняковыя грады ў трапічных морах. Фарміруюцца звычайна на глыбіні ад 30—50 м да 1—2 м пры нармальнай салёнасці і празрыстасці вады з т-рай больш за 20 °C. Складаюцца пераважна з вапняковых шкілетаў каралаў, вапняковых водарасцей, імшанак і ракавін малюскаў. Да К.п. адносяцца атолы, бар’ерныя рыфы, берагавыя і ўнутрылагунныя рыфы. Гл. таксама Арганагенныя пабудовы.

т. 8, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЦЕ́Ч (польск. kartecza ад італьян. cartoccio літар. скрутак, патрон),

1) артылерыйскі снарад для паражэння жывой сілы праціўніка на адлегласці да 300 м. У 14—16 ст. запаўняўся дробнымі камянямі і кавалкамі жалеза, у 17—19 ст. — сферычнымі чыгуннымі або свінцовымі кулямі, укладзенымі ў жалезны ці кардонны корпус. Выцеснена шрапнеллю.

2) Буйны (дыяметрам больш за 5 мм) шрот для паляўнічага ружжа.

т. 8, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАСПА́С—САРСА́Т»,

спадарожнікавая сістэма для вызначэння ў аварыйных сітуацыях каардынат радыёбуёў, устаноўленых на суднах і самалётах. «Каспас» — сав., а потым рас. частка сістэмы, «Сарсат» — частка сістэмы, якая стваралася ЗША, Канадай, Францыяй. Уводзілася паэтапна з сярэдзіны 1980-х г. Складаецца з ШСЗ на каляпалярных кругавых арбітах, аварыйных радыёбуёў, пунктаў прыёму інфармацыі. У зоне бачнасці ШСЗ вызначаюцца каардынаты 20 і больш радыёбуёў, якія працуюць адначасова.

т. 8, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЕРЫ ПАБЕ́ГЛАСЦІ,

радужная афарбоўка, якая ўзнікае на чыстай паверхні нагрэтай сталі ад паяўлення слоя аксідаў. Для вугляродзістай сталі характэрны колеры (з адпаведнай т-рай у °C): саломенны саламяны* (220), залацісты (230), карычневы (240), чырвона-карычневы (250), пурпуровы (260), фіялетавы (280), сіні (валошкавы, 300), светла-блакітны (320), светла-шэры (330—350). На легіраваных сталях гэтыя колеры з’яўляюцца пры больш высокіх т-рах.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ТНЫ натуральнага цэлага дадатнага ліку a,

натуральны лік, які дзеліцца на a без астачы. Лік n, які дзеліцца на кожны з лікаў a, b, ..., m, наз. агульным К. гэтых лікаў. З усіх агульных К. двух ці больш лікаў адзін (не роўны 0) будзе найменшым (найменшы агульны К.), а астатнія будуць К. гэтага найменшага. Лікі, кратныя 2, наз. цотнымі, астатнія — няцотнымі.

т. 8, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЎ VI (Leōn) Мудры, Леў VI Філосаф (1.9.866, г. Канстанцінопаль — 11.5.912), візантыйскі імператар [886—912]. З Македонскай дынастыі. Пацярпеў шэраг паражэнняў у войнах з балгарамі (893), арабамі (907), Кіеўскай Руссю (у 911 заключыў з кіеўскім князем Алегам дагавор, які гарантаваў рускім свабоду гандлю ў Канстанцінопалі). У 887—893 выдаў заканад. зборнік Васілікі і больш за 100 заканад. пастаноў, якія дапаўнялі Кодэкс Юсцініяна.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)