СКА́РГА,
1) выказванне незадаволенасці з нагоды якіх-н. непрыемнасцей, болю і да т.п.
2) Афіц. заява з просьбай аб устараненні якой-н. несправядлівасці, недакладнасці і г.д. Працэсуальнаму заканадаўству вядомы С. касацыйная, прыватныя, наглядныя, у якіх аспрэчваецца правільнасць і законнасць вынесеных судовых прыгавораў, вызначэнняў, пастаноў. Парадак разгляду такіх С. рэгламентуецца адпаведнымі нормамі права.
т. 14, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУКТУ́РА МЕТА́ЛУ,
унутраная будова металу (сплаву). Адрозніваюць макра- і мікраструктуру. Макраструктуру назіраюць няўзброеным вокам ці праз лупу, што дае магчымасць выяўляць дэфекты металаў. Мікраструктуру вывучаюць з дапамогай аптычных ці электронных мікраскопаў, па ёй мяркуюць аб памерах, форме, узаемным размяшчэнні зерняў розных фаз металу. Унутр. будову асобных зерняў даследуюць метадамі электронаграфіі і рэнтгенаструктурнага аналізу.
т. 15, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРЭАФАНІ́ЧНЫ ГУКАЗА́ПІС,
метад гуказапісу, пры якім фанаграма мае дадатковую інфармацыю аб прасторавым размяшчэнні крыніц гуку. Пры гэтым эл. сігналы ад розных мікрафонаў перадаюцца па розных каналах сувязі і запісваюцца асобна на розных дарожках фанаграмы. У быт. апаратуры найб. пашыраны 2-канальны С.г., у стэрэафанічным кінематографе (напр., панарамным, шырокафарматным) выкарыстоўваецца 3- (і больш) канальны.
т. 15, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДО́ВАЯ КАЛЕ́ГІЯ,
састаў суда, які разглядае канкрэтную справу. У Рэспубліцы Беларусь структурнае падраздзяленне ў Вярх., Бел. ваен., абласных і Мінскім гар. судах. Кожная С.к. разглядае пэўную катэгорыю спраў (крымін. або цывільных). Паўнамоцтвы С.к. вызначаны законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995 і працэсуальным заканадаўствам. Работу С.к. накіроўвае нам. старшыні адпаведнага суда.
т. 15, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УІТЛЕ́НДЭРЫ.
ойтландэры (на мове афрыкаанс uitlander чужаземец), еўрапейцы, гал. чынам англічане, якія перасяліліся ў 1870—90-я г. ў бурскія рэспублікі Трансвааль і Аранжавую пасля адкрыцця там радовішчаў золата і алмазаў. Адмова бураў задаволіць патрабаванне У. аб прадастаўленні ім выбарчага права была выкарыстана ўладамі Вялікабрытаніі для пачатку англа-бурскай вайны 1899—1902.
т. 16, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРАЎНЕ́ННЕ,
матэматычны запіс задачы аб адшуканні значэнняў аргументаў, пры якіх значэнні 2 зададзеных функцый роўныя. Аргументы, ад якіх залежаць функцыі, наз. невядомымі, а іх значэнні, пры якіх значэнні функцый роўныя, — рашэннямі (каранямі) У. Найб. вывучаны алгебраічныя ўраўненні, некаторыя трансцэндэнтныя ўраўненні, разглядаюцца таксама дыяфантавы ўраўненні, ірацыянальныя ўраўненні, дыферэнцыяльныя ўраўненні, інтэгральныя ўраўненні і інш.
т. 16, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫТАПАТАЛО́ГІЯ (ад цыта... + паталогія), клетачная паталогія,
тэорыя медыцыны, засн. на вучэнні Р.Вірхава аб клетцы як матэрыяльным субстраце хваробы (1855—58). Недаацэньвала арганізм як цэласную сістэму, але садзейнічала развіццю медыцыны: вывучэнню марфал. змен у арганізме пры хваробах, высвятленню іх патагенезу, паляпшэнню дыягностыкі. Наступныя дасягненні навукі дазволілі пераадолець памылковыя палажэнні Ц. і сінтэзаваць з яе ўсё карыснае.
т. 17, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАСО́ВЫ ПАВЕ́РАНЫ Ў СПРА́ВАХ,
асоба, якая часова выконвае абавязкі кіраўніка дыпламат. прадстаўніцтва. Міжнар.-прававое вызначэнне яго статусу дадзена ў Венскай канвенцыі аб дыпламат. зносінах (1961). Назначаецца, калі пасада кіраўніка прадстаўніцтва вакантная або калі кіраўнік не ў стане выконваць свае функцыі. Карыстаецца правамі і прывілеямі кіраўніка дыпламат. прадстаўніцтва (за выключэннем некат. пратакольных ушанаванняў).
т. 17, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЛЕ́МАВА Антаніна Алегаўна (н. 18.6.1953, г. Слонім Гродзенскай вобл.),
бел. літаратуразнавец. Дачка А.Лойкі. Д-р філал. н. (2003). Скончыла БДУ (1975), з 1975 працавала ў ім. У 1996—98 у Іенскім ун-це (Германія), з 2000 у Ягелонскім ун-це (Польшча). Аўтар манаграфіі «Слова аб паходзе Ігаравым: паэтыка прасторы і часу» (2000), артыкулаў.
т. 17, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́МШУ, Шэмеш,
у заходнесеміцкай (палесцінска-ханаанейскай, у т. л. яўрэйскай) стараж. міфалогіі бог сонца. Паводле міфаў, ён кіраваў светам днём, а ноччу ўладарыў месяц. Гэтыя міфы ляглі ў аснову біблейскага ўяўлення аб нябесным воінстве (сонца, месяц, зоркі), створаным Богам на чацвёрты дзень. Культ Ш. існаваў у Іудзеі да сярэдзіны 1-га тыс. да н.э.
т. 17, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)