ЛЁСАВАЕ ПЛАТО́, Лёсавая раўніна. У сярэдняй частцы бас.р. Хуанхэ, у Кітаі. Абмежавана хр. Тайханшань, Цыньлін і ўсх. адгор’ямі Наньшаня. Пл. каля 430 тыс.км². Пераважаюць вышыні 1200—1500 м. У межах Л.п. ёсць асобныя хрыбты (Люпаньшань, Люйляншань, Утайшань і інш.), грэбні якіх месцамі дасягаюць 2500 м. У геал. адносінах — упадзіна, запоўненая тоўшчай мезазойскіх адкладаў, перакрытых лёсамі. Магутнасць лёсаў 100—200 м, на Пн да 250 м. Л.п. амаль поўнасцю разбурана эрозіяй (сетка яроў дасягае 5—6 км на квадратны кіламетр пры глыб. 100—150 м). Клімат умераны з сухой халоднай зімой і гарачым летам. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да -8 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на У да 250 мм на ПнЗ; большасць іх выпадае ў час летняга мусону (ліп.—вер.), звычайна ў выглядзе ліўняў, якія стымулююць эрозію. Рэкі цякуць у глыбокіх цяснінах і выносяць вял. колькасць наносаў. Лёсавыя глебы высокаўрадлівыя, але ў большасці змыты. Значныя тэр. ўзараны, схілы выш. да 1000 м тэрасаваныя. Вырошчваюць бавоўнік, проса, гаалян, пшаніцу. На непрыдатных землях захавалася прыродная расліннасць (стэпы і лесастэпы). Радовішчы каменнага вугалю, жалезнай руды, нафты, гаручых сланцаў, гіпсу, солі. Л.п. густа населена (асабліва даліна р. Вэйхэ). Буйныя гарады — Сіянь, Таюань, Ланьчжоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНЫ КАРАБЕ́ЛЬ, лінкор,
1) у ветразевым ваен. флоце 17—1-й пал. 19 ст.вял. драўляны 3-мачтавы карабель з 2—3 палубамі (дэкамі), 60—130 гарматамі. Вёў бой у кільватэрнай калоне (лініі — адсюль назва). Меў водазмяшчэнне 1—5 тыс.т, экіпаж да 800 чал. (гл.іл. да арт.Карабель ваенны).
2) У паравым браняносным флоце 1-й пал. 20 ст.вял. карабель (меншы толькі за авіяносец), прызначаны для знішчэння ў марскім баі караблёў усіх класаў і нанясення артыл. удараў на берагавых аб’ектах праціўніка.
З’явіўся пасля рус.-яп. вайны 1904—05 (упершыню пабудаваны ў Вялікабрытаніі ў 1906, гл.Дрэдноўт). Меў водазмяшчэнне 20—65 тыс.т, 70—150 гармат, экіпаж 1500—2800 чал. Страціў значэнне пасля 2-й сусв. вайны з павелічэннем ролі падводнага флоту, авіяцыі і ракетнай зброі. У ВМС ЗША захаваліся 4 Л.к. пабудовы 1940-х г. тыпу «Аява», якія маюць артыл. і ракетнае ўзбраенне (у т. л. «Місуры», на якім 2.9.1945 падпісаны акт аб капітуляцыі Японіі ў 2-й сусв. вайне).
Літ.:
Михайлов М.А., Баскаков М.А. Фрегаты, крейсеры, линейные корабли. М., 1986;
Данилов А.М. Линейные корабли и фрегаты русского парусного флота. Мн., 1996.
У.Я.Калаткоў.
Адзін з лінейных караблёў ЗША тыпу «Аява» — лінкор «Місуры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАСФЕ́РА (ад літа... + сфера),
знешняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая ўключае зямную кару і верхнія ўчасткі мантыі да паверхні астэнасферы. Тэрмін «Л» прапанаваў амер. геолаг Дж.Барэл у 1916. Магутнасць Л. ад 5—100 км пад акіянамі (мінім. пад сярэдзінна-акіянічнымі хрыбтамі) да 25—200 км пад кантынентамі (макс. пад шчытамі стараж. платформаў). Падзяляецца на верхні пругкі (магутнасць некалькі дзесяткаў кіламетраў) і ніжні пластычны слаі. На розных узроўнях у тэктанічна актыўных абласцях назіраецца расслоенасць Л. па гарызонтах паніжанай вязкасці (паніжанай скорасці сейсмічных хваль). Найб. буйныя структурныя адзінкі Л. — літасферныя пліты (памерамі ў папярочніку 1—10 тыс.км). У сучасную эпоху Л. падзелена на 7 галоўных (2 амерыканскія, еўраазіяцкую, афр., аўстрал., антарктычную і ціхаакіянскую) і некалькі больш дробных пліт. Граніцы пліт з’яўляюцца зонамі макс. тэктанічнай, сейсмічнай і вулканічнай актыўнасці. Паводле тэорыі тэктонікі пліт (гл.Вегенера гіпотэза, Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы) літасферныя пліты рухаюцца па астэнасферы са скорасцю да дзесяткаў сантыметраў за год. Вертыкальныя рухі (са скорасцю ад 1 см да некалькіх дзесяткаў сантыметраў за год) адбываюцца па сістэме субвертыкальных глыбінных разломаў, якія разбіваюць літасферныя пліты на блокі памерамі ад дзесяткаў да соцень кіламетраў. Блокі знаходзяцца ў стане, блізкім да ізастатычнай раўнавагі (гл.Ізастазія). Структуру і рухі літасферных пліт і блокаў вывучаюць геадынаміка, геафізіка, тэктоніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТУРГІ́ЧНАЯ ДРА́МА,
сярэдневяковае драм. дзеянне, якое з’яўлялася інтэгральнай часткай кананічнага набажэнства (імшы, ютрані, вячэрні). Пашырана ў 10—13 ст. у краінах Зах. Еўропы. У адрозненне ад драм на рэліг. сюжэты Л.д. поўнасцю спяваліся, у іх не было размоўных эпізодаў, мова ўсіх тэкстаў лацінская. Агульная кампазіцыя традыц. Л.д. — тыповая для сярэдневякоўя «шматковая» тэхніка цэнтону — кантамінацыі, мантажу гатовых, «дадзеных» тэкстаў. Яны ўключалі традыц. рэспансорыі, антыфоны, гімны, секвенцыі, кантыклі, версы, псалмы, даксалогіі, евангеллі, казанні і інш. З традыц. стылістыкай харальных спеваў кантраставалі эпізоды, вытрыманыя ў нар.-песенным або танц. характары.
Першыя Л.д., зафіксаваныя ў рукапісах, — простыя дыялагічныя ўстаўкі ў абавязковы тэкст велікодных набажэнстваў, т.зв. «Дыялогі ля труны» (10 ст.). Іх узнікненне і пашырэнне абумоўлена кульмінацыйнымі перыядамі літургічнага года — Перадвелікодным тыднем і Нараджэннем Хрыстовым. Напачатку ўзніклі кароткія інсцэнізацыі тыпу «Наведвання труны», якія паступова развіліся ў сапр. драмы (пасійныя п’есы з «Carmina burana» і інш.). Аснова сюжэтаў Л.д. — жыціі святых, біблейскія гісторыі, легенды пра Антыхрыста; найб. вядома унікальнае «Дзейства пра Данііла», створанае ў школе г. Бавэ (Францыя, 12 ст.) — сапраўдная разгорнутая «опера» з сольнымі, хар. і ансамблевымі эпізодамі. Ствараліся і перапісваліся ў Францыі, Англіі, Італіі, Іспаніі, Германіі, Швейцарыі і інш. З 14 ст. роля Л.д. паступова змяншалася.
Літ.:
Андреев М.Л. Средневековая европейская драма: Происхождение и становление (X—XIII вв.). М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУБО́К, народная карціна,
твор графікі (пераважна друкаванай), прызначаны для масавага распаўсюджання. Вызначаецца даходлівасцю вобраза, дэкаратыўнасцю і прастатой тэхнікі, лапідарнасцю выяўл. форм, якая часта дасягаецца выразным штрыхом, яркай размалёўкай. У выяўл. тканіну Л. часта ўваходзяць подпісы, што тлумачаць выяву. Выконваецца звычайна непрафес. мастаком. Часам да Л. адносяць і творы прафес. графікі, якія пераймаюць лубачна-фальклорныя прыёмы.
Здаўна вядомы ў Кітаі, першапачаткова маляваны, з 8 ст. — у тэхніцы дрэварыту. Атрымаў пашырэнне ў краінах Еўропы: з 15 ст. — дрэварыт, з 17 ст. — медзярыт, з 19 ст, — літаграфія. У 19 ст. да тэхнікі Л. часам звярталіся прафес. мастакі: Ф.Гоя (Іспанія), А.Дам’е, Г.Курбэ (Францыя), А.Венецыянаў, Дз.Маор (Расія) і інш., у 20 ст. — прадстаўнікі прымітывізму.
У бел. мастацтве вядомы з сярэдзіны 16 ст. (асобныя дрэварыты віленскіх выданняў Ф.Скарыны). У 17—18 ст. прыёмы Л. шырока выкарыстоўваліся ў ілюстрацыях бел. друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Куцейны, Магілёва. Лубачныя карцінкі на рэліг. сюжэты, абразкі бытавалі на Беларусі ў 18—19 ст. Яны выконваліся ў тэхніцы абразной гравюры або медзярыта (Л. гравёра П.Комара з Супрасля, 1740). У бел. мастацтве нашага часу стылістыка Л. ўласціва кніжнай графіцы А.Лось, станковым серыям Я.Бусла і інш.
В.Ф.Шматаў.
Да арт.Лубок. Блазан Фарнос, Чырвоны нос. Рускі народны лубок. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКІЯ,
княжацкі род герба «Рох» зменены ў ВКЛ. Магчыма, паходзяць з мясц. князёў, нашчадкаў полацкага кн.Усяслава Брачыславіча, але паходжанне дакладна не высветлена. Упершыню згадваюцца ў 2-й пал. 15 ст. князі Васіль (упамінаецца ў 1463) і Іван (у 1473 з’ехаў у Маскву, дзе ў 1493 пакараны смерцю за змову супраць вял.кн. Івана III). У пач. 16 ст. вядома некалькі князёў Л., якія сумесна валодалі замкам і мяст.Лукомль і інш. маёнткамі ў Лукомскім княстве. 3 іх Фёдар Іванавіч у 1508 удзельнічаў у мяцяжы князёў Глінскіх. Верагодна, яго братамі былі Іван Іванавіч (каля 1460 — пасля 1520), уладальнік Шчыдутаў і Гарадца, заснавальнік шчыдуцкай галіны Л., Андрэй Іванавіч (каля 1470 — пасля 1528), уладальнік Меляшковічаў і Бельнякоў, заснавальнік згаслай у 1-й пал. 17 ст. меляшковіцкай галіны, Раман (? — пасля 1500), уладальнік Пачаевічаў у Лукомскім княстве, Дабрыгораў у Полацкай зямлі і Лічкава ў Лідскім пав. Іх нашчадкі раздрабілі свае ўладанні. З 2-й пал. 16 ст. яны неаднаразова займалі павятовыя пасады пераважна ў Аршанскім і Віцебскім пав. Сенатарскай годнасці дасягнуў Фрыдэрык (каля 1565—1611), падкаморы аршанскі з 1600, адначасова староста крычаўскі з 1602, кашталян мсціслаўскі з 1610. Род Л. захаваўся да 20 ст., многія змізарнелыя яго прадстаўнікі не карысталіся княжацкім тытулам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ, Магілёўскі Станіславаўскі касцёл,
помнік архітэктуры стылю барока ў Магілёве. Пабудаваны ў 1738—52 (да 1783 наз. Ушэсця) на месцы драўлянага касцёла 17 ст. У 1783 касцёл перададзены Магілёўскай архікафедры і стаў вядомы як Станіславаўскі. Спачатку гал.фасад быў 2-вежавы, з фігурным франтонам. У 1788 па ініцыятыве архібіскупа С.Богуш-Сестранцэвіча гал. фасад рэканструяваны. У выніку перабудовы разабраны завяршэнне барочных вежаў і частка франтона, першапачатковы фасад быў закрыты класіцыстычным 4-калонным іанічным порцікам з трохвугольным франтонам. Да першапачатковага аб’ёму прыбудаваны 3-ярусныя бакавыя крылы, завершаныя 8-граннымі ратондападобнымі вежачкамі. У 19—20 ст. касцёл неаднаразова рамантаваўся, але арх. аблічча ў цэлым заставалася нязменным. Пасля 1860 касцёл становіцца прыходскім. У інтэр’еры захаваўся адзін з найб. разгорнутых фрэскавых цыклаў на тэр. Беларусі. Фрэскавая размалёўка выканана ў 1765—67, 1780-я г. (мастакі Б.Піятроўскі, А.Главацкі, вучні-манахі Спаскай царквы Пётр, Лук’ян, Рыгор). У 1860-я г. мастак Фёрст размаляваў сцены касцёла. Кампазіцыі выкананы з выкарыстаннем прынцыпу перспектыўнай прасторы, якія ілюзорна паднімаюць у вышыню арх. формы. Стыль размалёвак разнастайны, выконвалі і паднаўлялі іх розныя майстры. Асн. тэмы — гіст. і біблейскія.
В.В.Гліннік, В.В.Церашчатава.
Магілёўскі касцёл кармелітаў. Фрагмент.Да арт.Магілёўскі касцёл кармелітаў. фрагмент размалёўкі скляпення галоўнага нефа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЛЬНА,
вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдЗ ад г.п. Узда, 90 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Коласава. 515 ж., 218 двароў (1999).
Упершыню згадваецца пад 1284 як месца бітвы вял.кн.ВКЛ Рынгольда з кааліцыяй кіеўскіх, уладзімірскіх, друцкіх князёў і татар (гл.Магільнянская бітва 1284): Пазней велікакняжацкае ўладанне. З 1-й чвэрці 15 ст. ўласнасць Альгердавічаў, з 1512 — Пацаў (М.Пац пабудаваў касцёл), з 1602 — М.К.Радзівіла Сіроткі, з 1830-х г. — Вітгенштэйнаў. Перад 1480 у крыніцах названа мястэчкам. У 16 ст. ў М. дзейнічала прыстань, у 16—17 ст. існаваў Магільнянскі замак. У час войнаў сярэдзіны 17 ст. М. разбурана. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Ігуменскага пав. У канцы 18 ст. 374 ж., 92 двары, уніяцкая царква, млын, карчма, верф. У 1863 М. наведаў мастак Н.Орда і зрабіў яе замалёўкі. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на. З 1937 працавала электрастанцыя. У 1972—497 ж., 172 двары. У 1979—91 наз. Нёман.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі рэшткі Магільнянскага замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРЫ́ТА,
горад, цэнтр Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Маларыта. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Ковель. За 52 км ад Брэста. 11,6 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца ў 1566 як дзярж. вёска Рыта Малая ў Брэсцкім пав. Брэсцкага ваяв. У 1768—90 дзейнічала Маларыцкая металургічная мануфактура. З 1795 у Рас. імперыі, сяло ў Брэсцкім пав. Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай губ. У 1897—1275 ж., 203 двары, сельскае нар. вучылішча, 2 лесапільні (у 1914—41 рабочы), шпалапрапітны з-д (20 рабочых), цагельня (4 рабочыя), вятрак. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Брэсцкага пав. Палескага ваяв. Дзейнічаў падп. райком КПЗБ. 4.3.1935 адбылася забастоўка рабочых лесапільняў. З 1939 у БССР. З 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. 22.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 3349 чал. Дзейнічала падп. антыфаш. група. 20.7.1944 вызвалена войскамі 1-га Бел. фронту і партызанамі брыгады імя Леніна ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1959—3,4 тыс.ж. У 1962—65 у Брэсцкім р-не. З 23.12.1970 горад.
Прадпрыемствы харч. (Маларыцкі агароднінасушыльны завод) прам-сці. Брацкія магілы: сав. воінаў і партызан, сав. воінаў, танкістаў, магіла ахвяр фашызму, курган Славы. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ МА́СА,
маса малекулы, выражаная ў атамных адзінках масы; адна з канстантаў, якая характарызуе індывідуальнае рэчыва. М.м. роўная суме мас атамаў, што ўваходзяць у склад малекулы. М.м. (абазначаецца М або μ) уваходзіць у многія ўраўненні і суадносіны, якімі карыстаюцца пры разліках у хіміі і фізіцы. У хіміі і хім. тэхналогіі часцей карыстаюцца адноснай М.м. — безразмернай велічынёй, роўнай адносінам малярнай масы малекулы рэчыва да 712 малярнай масы атама вугляроду-12. Эксперым. вызначэнне М.м. неабходна для ідэнтыфікацыі хім. злучэнняў, а таксама пры даследаванні высокамалекулярных злучэнняў, уласцівасці якіх істотна залежаць ад іх М.м. (гл.Малекулярная маса палімера).
Асн. метадам вызначэння М.м. лятучых рэчываў з’яўляецца мас-спектраметрыя. Вызначэнне М.м. нелятучых і недысацыіруючых у растворах рэчываў заснавана на вымярэнні калігатыўных уласцівасцей (г. зн. уласцівасцей, якія залежаць ад колькасці раствораных часціц) — паніжэння ціску пары (апісваецца законам Рауля) і т-ры замярзання (гл.Крыяскапія), павышэння т-ры кіпення (гл.Эбуліяскапія) раствораў у параўнанні з чыстым растваральнікам. У асмаметрыі М.м. рэчыва (звычайна высокамалекулярнага) устанаўліваюць па значэнні асматычнага ціску, які ўзнікае пры раздзяленні кампанентаў раствору на паўпранікальнай мембране (гл.Осмас). Сярэднія значэнні М.м. палімераў устанаўліваюць па калігатыўных уласцівасцях разбаўленых раствораў, колькасці падвойных сувязей ці функцыянальных груп (метадамі функцыян. аналізу), а таксама па вязкасці, святлорассеянні іх раствораў і па рэалагічных характарыстыках для палімераў высокай ступені полімерызацыі.