ПІЛІПЕ́НКА (Сяргей Уладзіміравіч) (22.7.1891, Кіеў — 11.7.1943),

украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (з 1906), адкуль за антыўрадавую дзейнасць быў выключаны і высланы. Друкаваўся з 1917. Аўтар зб-каў баек «Байкаўніца» (1922), «Байкі» (1927), «Свінні на дубе» (1932), кніг апавяданняў і гумарэсак «Асколкі жыцця» (1925), «Кара» (1927), «Анекдоты старога рэдактара» (1933), аповесці «Востраў Драйкрайцэн» (1930), публіцыстычных і літ.знаўчых артыкулаў. Адзін з першых перакладчыкаў вершаў і баек Я.​Купалы (з 1917), пераклаў таксама асобныя творы Ц.​Гартнага, М.​Чарота, З.​Бядулі, К.​Крапівы. Рэдактар альманаха «Нова Білорусь» (Харкаў, 1929). На бел. мову байку П. «Грамафон» пераклаў Э.​Валасевіч.

В.​А.​Чабаненка.

т. 12, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛІ́ТЫ,

у Вялікабрытаніі прадстаўнікі плыні, якая існавала ў партыі торы ў 1820—40-я г. Назва ад імя лідэра Р.Піля (міністр унутр. спраў у 1822—27 і 1828—30, прэм’ер-міністр у 1834—35 і 1841—46). Выступалі за эканам. ўступкі гандл.-прамысл. буржуазіі пры захаванні паліт. панавання буйных землеўладальнікаў і фінансістаў. У 1846, выконваючы праграму прыхільнікаў свабоды гандлю (гл. Фрытрэдэрства), дамагаліся адмены «хлебных законаў», што прывяло да значнага зніжэння ўвазных пошлін на многія віды харчавання і сыравіны. Гэта выклікала незадавальненне торы-пратэкцыяністаў і прывяло да расколу партыі торы. П. далучыліся да вігаў (з сярэдзіны 19 ст. Ліберальная партыя Вялікабрытаніі).

т. 12, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛЮ́ТАЎ (Пётр Андрэевіч) (23.12.1906, в. Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 24.3.1960),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў 1-ю Ваен. школу авіятэхнікаў (1932), Качынскую ваен. школу лётчыкаў (1935). У Чырв. Арміі з 1928. Удзельнік выратавання чэлюскінцаў у 1934, баёў каля воз. Хасан у 1938, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім фронце. Нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка капітан П. вызначыўся 17.12.1941 над Ладажскім воз. пад Ленінградам, дзе ў паветр. баі з 6 варожымі знішчальнікамі збіў 2 з іх, на пашкоджаным самалёце адбіваў атакі; за час вайны збіў 17 варожых самалётаў. Да 1955 у Сав. Арміі.

П.А.Пілютаў.

т. 12, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНЧУ́К (Мікалай Рыгоравіч) (4.2.1921, в. Ізюмава Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 12.1.1978),

Герой Сав. Саюза (1945), Засл. лётчык-выпрабавальнік (1969). Скончыў Бабруйскі аэраклуб (1940), Армавірскую ваен. авіяшколу (1942), Ваен.-паветр. акадэмію (1954). Ў Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Зах. і 3-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Смаленшчыны, Беларусі, баёў ва Усх. Прусіі. Камандзір знішчальнай эскадрыллі маёр П. за час вайны зрабіў 307 баявых вылетаў, збіў 22 самалёты ворага, адзін з іх тараніў у 1943 у раёне г. Ельня (Расія), 2 — у групавых баях. Да 1975 у Сав. Арміі. Аўтар кн. «У паветры — Які» (1977).

М.Р.Пінчук.

т. 12, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ТСБУРГ (Pittsburgh),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Пенсільванія. Засн. ў 1758. 340,5 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 2,2 млн. ж. (2000). Порт на р. Агайо, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны гандл.-фін. цэнтр ЗША, адзін з важнейшых цэнтраў цяжкай прам-сці — чорнай і каляровай металургіі, цяжкага машынабудавання і металаапрацоўкі. Вытв-сць абсталявання для металургічнай прам-сці і чыг. транспарту, маставых канструкцый, труб і інш. Развіты таксама эл.-тэхн., радыёэлектронная, станкаінструментальная, аўтамаб., шкляная, цэм., хім., паліграф., харч. прам-сць. Вытв-сць мед. інструментаў і абсталявання. Цэнтр здабычы каменнага вугалю. Першая ў ЗША АЭС. 5 ун-таў, Тэхналагічны ін-т Карнегі. Карцінная галерэя.

т. 12, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЕТА́РНАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,

абалонка з разрэджанага іанізаванага газу, якая акружае гарачы белы карлік і расшыраецца. Па знешнім выглядзе падобная на дыск планеты (адсюль назва).

Пры сцісканні ядра зоркі, якім заканчваецца стадыя чырвонага гіганта, яе вонкавыя слаі скідваюцца з вял. скорасцю і аддзяляюцца ад ядра. Паводле сучасных тэорый зорка з вугляродным ядром і масай 0,6—4 сонечныя масы ўтварае П.т. і пераўтвараецца ў белы карлік. Абалонка расшыраецца са скарасцямі да некалькіх тысяч метраў за секунду, паглынае ультрафіялетавае выпрамяненне цэнтр. зоркі і перавыпрамяняе яго ў бачнай частцы спектра праз флуарэсцэнцыю. Стадыя П.т. доўжыцца да 50 тыс. гадоў. Гл. таксама Туманнасці галактычныя.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЦІНА САМАРО́ДНАЯ,

мінерал класа самародных элементаў. У крышталёвай структуры П.с. плаціна з’яўляецца металам-растваральнікам. Мінералы П.с.: цвёрдыя растворы жалеза ў плаціне — уласна П.с. (Pt больш за 80%), жалезістая плаціна (Fe 20—50%), ізафераплаціна (Pt3Fe), тэтрафераплаціна (PtFe); ірыдыстая плаціна (10,4—37,5% Ir), паладыстая плаціна (14—40% Pd), паладыстая станаплаціна (16—23% Sn і 17,2—20,9% Pd) і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Украпанікі, у россыпах — зерні. Колер сталёва-шэры, сярэбрана-белы. Цв. 3,5—5,5. Шчыльн. 13,1—21,5 г/см³. Коўкі. Найб. самародкі знойдзены на Урале ў дунітах (маса 427,5 г) і алювіяльных россыпах (9635 г) Мінералы П.с. канцэнтруюцца ў радовішчах плацінавых руд. Сыравіна на плацінавыя металы.

т. 12, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІСА́,

рака ў Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 64 км. Пл. вадазбору 625 км². Пачынаецца на ўсх. схілах Мінскага ўзвышша за 1,5 км на ПдУ ад в. Слабада Смалявіцкага р-на, вусце на паўд. ускраіне в. Юшкевічы Барысаўскага р-на. Даліна ў ніжнім цячэнні звілістая, на астатнім працягу прамая, трапецападобная, шыр. 0,8—2 км. Пойма ад в. Трубянок Смалявіцкага р-на да вусця двухбаковая, шыр. 0,2—0,4 км. Рэчышча ад вытоку да в. Яловіца Смалявіцкага р-на каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе. Прымае сцёк з шэрагу меліярацыйных каналаў. На рацэ Смалявіцкае і Жодзінскае вадасховішчы.

т. 12, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́СКА,

старажытны горад, першая балгарская сталіца (7 — канец 9 ст.). Руіны знаходзяцца за 25 км на ПнУ ад сучаснага г. Шумен у Балгарыі. Агульная плошча П. каля 23 км², у цэнтры знаходзілася цытадэль з магутнымі абарончымі сценамі, Вялікім і Малым палацамі, якія былі складзены з вял. каменных блокаў. Горад абкружалі земляны вал і роў. Археал. даследаванні П. вядуцца з канца 19 ст. Знойдзены рэшткі зброі, прылады працы, упрыгожанні, кераміка, арх. дэталі. Для культуры больш характэрны слав. рысы, сустракаюцца і элементы, характэрныя для культуры цюркаў-пратабалгар, якія прыйшлі на тэр. Балгарыі з Прыазоўя. У 893 сталіца з П. перанесена ў Прэслаў; з 17 ст. — руіны.

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЯСЕ́ЦК,

касмадром у Архангельскай вобл. Рас. Федэрацыі. Засн. ў 1957. Гал. аб’екты: стартавыя комплексы, тэхн. пазіцыі, вымяральныя пункты, г. Мірны. Першы старт ракеты-носьбіта з ШСЗ «Космас—112» здзейснены 17.3.1966. З П. адбылося больш за 1500 запускаў ракет-носьбітаў; на каляземныя арбіты выведзена каля 2000 ШСЗ навук., нар.-гасп., ваен. і інш. прызначэння (1.1.2001). Выпрабавана 10 ракетна-касм. комплексаў, 11 ракет-носьбітаў, у т. л. «Саюз» і «Саюз-2», «Маланка», «Цыклон», «Космас» і інш., пры дапамозе якіх на каляземныя арбіты выводзіліся ШСЗ «Маланка», «Метэор», «Акіян», «Фатон», «Інтэркосмас» і інш. Ракеты-носьбіты выкарыстоўваюцца таксама для вываду на арбіты апаратуры і ШСЗ інш. краін.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)