ГІДРАФО́БНЫ ЦЭМЕ́НТ,

прадукт тонкага здрабнення партландцэментнага клінкеру (гл. Партландцэмент) разам з гіпсам і гідрафобнымі (воданепрымальнымі) дабаўкамі (асідол, мыланафт, алеінавая к-та і інш.). Дабаўкі (0,1—0,3% ад масы цэменту) утвараюць на паверхні яго часціц тонкія гідрафобныя плёнкі (гл. Гідрафільнасць і гідрафобнасць), якія змяншаюць яго гіграскапічнасць і прадухіляюць ад псавання пры працяглым захоўванні нават у вільготных умовах. Бетоны і растворы на гідрафобным цэменце вызначаюцца меншым водапаглынаннем, большай марозаўстойлівасцю і воданепранікальнасцю, чым на звычайным цэменце. Выкарыстоўваюцца ў аэрадромным і дарожным буд-ве, для абліцоўкі будынкаў і інш.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФО́БНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,

тонкія слаі нязмочвальных вадой рэчываў на паверхні гідрафільных матэрыялаў (гл. Гідрафільнасць і гідрафобнасць) для аховы металаў, драўніны, пластмас, скуры, тканых і нятканых матэрыялаў ад разбуральнага ўздзеяння вады або намакання. Гідрафобныя пакрыцці ў выглядзе слаёў таўшчынёй у адну малекулу або плёнак тыпу лакавай атрымліваюць апрацоўкай матэрыялу растворамі, эмульсіямі або парай гідрафабізатараў — рэчываў, якія слаба ўзаемадзейнічаюць з вадой, але моцна трымаюцца на паверхні. Напр., солі тлустых кіслот і металаў (медзі, алюмінію, цырконію і інш.), і інш. паверхнева-актыўныя рэчывы, крэмній- і фторарганічныя злучэнні. Выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, буд-ве, тэкст. вытв-сці.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМНА́СІЙ (грэч. gymnasion),

дзяржаўная навучальна-выхаваўчая ўстанова ў Стараж. Грэцыі і на эліністычным Усходзе. Атрымалі найб. пашырэнне ў 5—4 ст. да н.э. Першапачаткова прызначаліся для фіз. практыкаванняў, пазней сталі цэнтрамі зносін і месцамі мусічных і фіз. практыкаванняў моладзі. У гімнасій паступалі пасля палестры (прыватнай гімнастычнай школы) юнакі ва ўзросце 16 гадоў са знатных сем’яў і да 18 гадоў займаліся ў ім гімнастыкай, атрымлівалі літ., філас. і паліт. адукацыю. Найб. вядомымі гімнасіямі былі Акадэмія платонаўская, дзе вёў гутаркі са сваімі вучнямі Платон, і Лікей, засн. Арыстоцелем.

т. 5, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБА́ЛЬНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ,

раздзел экалогіі, які вывучае агульнабіясферныя заканамернасці прыродных працэсаў і іх змены пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння. Інтэнсіўна развіваецца з сярэдзіны 20 ст., калі пачалі праяўляцца глабальныя экалагічныя праблемы. Разглядае іх на ўзроўні біясферы ў цэлым або дастасавальна да асобных яе падсістэм (гідрабіясферы, аэрабіясферы, глебы і інш.). Практычнае значэнне маюць даследаванні глабальнага забруджвання навакольнага асяроддзя, яго рэальных і патэнцыяльна магчымых наступстваў і ўплываў на стан розных экасістэм. На Беларусі асобныя аспекты глабальнай экалогіі рэалізуюцца праз абагульненне інфармацыі для сістэмы глабальнага маніторынгу (станцыі назіранняў у Бярэзінскім біясферным запаведніку).

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВА-ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,

падзел тэрыторыі на рэгіёны, якія адрозніваюцца складам глеб і характарам глебавага покрыва. Неабходна для вырашэння пытанняў спецыялізацыі і канцэнтрацыі с.-г. вытв-сці, распрацоўкі занальных сістэм аховы і рацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў, павышэння іх прадукцыйнасці. На Беларусі вылучаны 3 глебавыя правінцыі, якія падзяляюцца на 7 глебава-кліматычных акруг, у складзе якіх 20 аграглебавых раёнаў. Назвы правінцый і акруг адпавядаюць іх геагр. становішчу, назвы раёнаў — назвам раённых цэнтраў краіны і пераважных глеб.

Літ.:

Смеян Н.И., Соловей И.Н. Почвенно-географическое районирование территории Белорусской ССР // Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974.

т. 5, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛОТАХРАНАЛО́ГІЯ (ад грэч. glōtta мова + храналогія),

галіна параўнальна-гістарычнага мовазнаўства, якая займаецца выяўленнем хуткасці моўных змен, што служыць падставай для вызначэння часу аддзялення роднасных моў (гл. Роднасць моў) і ступені блізкасці паміж імі. Створана амер. лінгвістам М.​Сводэшам у 1948—52. Грунтуецца на дапушчэнні, што ў мовах свету існуе універсальная ч. слоўніка (адлюстроўвае фундаментальныя паняцці), якая прыкладна ў аднолькавым тэмпе змяняецца ў розныя эпохі.

Літ.:

Сводеш М. Лексикостатистическое датирование доисторических этнических контактов: Пер. с англ. // Новое в лингвистике. М., 1960. Вып. 1.

А.​М.​Рудэнка.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНУ́ТКІ ВАЛ,

вал, які мае малую жорсткасць на выгін і вялікую на кручэнне. Бываюць драцяныя (найб. пашыраны) і шарнірныя. Драцяныя складаюцца з уласна вала, звітага з некалькіх слаёў дроту і змешчанага ў ахоўную абалонку (браню), і наканечнікаў для далучэння да прывода і рабочага органа. Выкарыстоўваюцца ў ручных механізаваных інструментах і прыладах (напр., у бормашынах). Шарнірныя складаюцца з шарнірна-злучаных кароткіх звёнаў, змешчаных у абалонку. Выкарыстоўваюцца ў многакарпусных паравых турбінах, некаторых станках і інш.

Драцяны гнуткі вал: 1 — канцавая арматура; 2 — браня; 3 — слой навіўкі; 4 — стрыжань.

т. 5, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства гомельскіх урачоў. Дзейнічала ў Гомелі ў 1898—1900. Ставіла за мэту вывучэнне сан. стану Гомельскага пав., складанне яго мед. тапаграфіі і сан. карты, высвятленне прычын і адшуканне спосабаў прадухілення эпідэмічных і інш. хвароб, збор і навук. распрацоўку стат. звестак пра стан здароўя і смяротнасць насельніцтва павета, пашырэнне медыка-сан. ведаў і інш. Заснавальнік і старшыня д-р медыцыны Дз.​Кастрыцкі. Распушчана міністрам унутр. спраў пад выглядам парушэння статута, фактычна з-за непрымальнага для ўлад нац. складу т-ва (колькаснай перавагі яўрэяў).

А.​П.​Малчанаў.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ДОМ-КАМУ́НА.

Пабудаваны ў 1929—31 (арх. С.​Шабунеўскі, інж. Р.​Ханін) у Гомелі для рабочых вагонарамонтнага з-да. П-падобны ў плане мураваны будынак, займае па даўжыні квартал. Выразнасць аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дасягнута спалучэннем верт. 7-павярховых аб’ёмаў, якія фланкіруюць цэнтр. 6-павярховы аб’ём з бакавымі крыламі. Пластыка гал. і бакавых фасадаў, пазбаўленых арх. дэкору, ствараецца рытмам аконных праёмаў, чаргаваннем лоджый і балконаў. У Вял. Айч. вайну будынак пашкоджаны. Пры аднаўленні (1946—49) захавана старая планіровачная структура.

А.​А.​Воінаў.

Гомельскі дом-камуна.

т. 5, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д СТАНО́ЧНЫХ ВУЗЛО́Ў.

Арганізаваны ў 1961 на базе шклатарнага з-да як з-д нармалізаваных вузлоў. З 1976 сучасная назва. Да 1972 выпускаў нармалі, электрамех. сілавыя сталы і рэдуктары да іх, прыстасаванні да заточных станкоў. У 1972 і 1978 уведзены ў эксплуатацыю магутнасці для вырабу дэталей такарных і радыяльна-свідравальных станкоў, загатовак па вырабе тавараў нар. ўжытку. У 1993 дадаткова арганізавана вытв-сць мэблі. Асн. прадукцыя (1997): радыяльна-свідравальныя і такарныя станкі, свідравальна-фрэзерныя прыстасаванні, мэбля, тавары нар. ўжытку. Экспарт прадукцыі ў краіны СНД, Турцыю, Іран, Аўстралію, ЗША і інш.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)