БО́ЧКАІ (Bocskai) Іштван (1.1.1557, г. Клаўзенберг, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 29.12.1606),
венгерскі феадал, кіраўнік антыгабсбургскага руху ў Венгерскім каралеўстве. Пасол Трансільваніі пры габсбургскім двары ў 1576 і 1603. Камандуючы трансільванскімі войскамі ў паспяховым паходзе супраць тур. войск у Валахію (1595). У 1604 узначаліў барацьбу сялян, гараджан і часткі венг. дваранства супраць аўстр. панавання. Увыніку перамогі абраны князем Трансільваніі (1605), падпісаў Венскі мір (23.6.1606), паводле якога адноўлена незалежнасць Трансільванскага княства (да яго далучаны венг. камітаты Угоча, Бераг, Сатмар, крэпасць Токай), дадзена свабода веравызнання пратэстантам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЕ́Т, В’ет (Viète) Франсуа (1540, г. Фантэнэ-ле-Конт, Францыя — 13.12.1603), французскі матэматык, адзін са стваральнікаў элементарнай алгебры. Атрымаў адукацыю юрыста. Увёў літарныя абазначэнні для невядомых велічынь і каэфіцыентаў ураўненняў, увыніку чаго ўпершыню стала магчымым выражэнне ўласцівасцей ураўненняў і іх каранёў агульнымі формуламі. Распрацаваў аднолькавы прыём рашэння ўраўненняў 2, 3 і 4-й ступеняў. Устанавіў залежнасць паміж каранямі і каэфіцыентамі ўраўненняў (формулы Віета). Вызначыў першы дакладны выраз для π у выглядзе бясконцага здабытку. У 1579 выдаў «Матэматычны канон» з табліцамі трыганаметрычных функцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,
феадальная каралеўская (велікакняжацкая) гаспадарка ў ВКЛу 1589—1796. Створана ў выніку пераўтварэння Гродзенскага староства ў дзярж. маёнтак, прыбыткі ад якога ішлі на ўтрыманне вял. князя, яго двара, дзярж. апарата, войска і інш. Мела асобнае адм.-гасп. кіраванне. У 1783 падзялялася на «губерні» (Азёрскую, Дамброўскую, Квасаўскую, Крынкаўскую, Сакольскую, Яноўскую), у склад якіх уваходзілі 49 ключоў, 24 фальваркі, 1 лентвойтаўства, 13 гарадоў і мястэчак, 368 вёсак і 5 пушчаў; нас. 42 380 чал. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) уладанні эканоміі перададзены, часткова прададзены прыватным асобам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХА́РСКІ ЭМІРА́Т,
феадальная дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1747—1920. Сталіца — г.Бухара. Утвораны ў 1747, калі ўлада ў Бухарскім ханстве перайшла да дынастыі Мангыт, прадстаўнікі якой наз. сябе эмірамі. Паліт. і эканам. становішча дзяржавы крыху стабілізавалася, аднак феад. раздробленасць не была ліквідавана. Сяляне, амаль пазбаўленыя зямлі, карысталіся ёю на правах здольшчыны. Паводле дагавораў 1868 і 1873 Бухарскі эмірат трапіў у васальную залежнасць ад Расіі. Увер. 1920 у Бухары ў вынікунар. паўстання, падтрыманага Чырв. Арміяй, быў скінуты эмір. 8.10.1920 абвешчана стварэнне на тэр. эмірата Бухарскай Народнай Савецкай Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫРЭ́ЧЫВА,
рэчыва, якое складаецца з антычасціц. Ядры атамаў антырэчыва складаюцца з антыпратонаў і антынейтронаў, абалонкі атамаў — з пазітронаў. Сутыкненне аб’ектаў з рэчыва і антырэчыва павінна прыводзіць да анігіляцыі, увыніку якой утвараецца жорсткае γ-выпрамяненне з энергіяй ≥ 70 МэВ. У 1965 амер. вучоныя пад кіраўніцтвам Л.Ледэрмана зарэгістравалі ўтварэнне ядраў антыдэйтэрыю, у 1970 сав. вучоныя пад кіраўніцтвам Ю.Д.Пракошкіна — ядры антыгелію-3. Значных назапашванняў антырэчыва ў Сусвеце пакуль не выяўлена, але касмалагічныя мадэлі Сусвету і яго ўтварэння не здымаюць пытання аб існаванні антырэчыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНО́ЛЬД БРЭШЫЯ́НСКІ, Арнальда Брэшыянскі (лац. Arnoldus de Brixia, італьян. Arnaldo da Brescia; каля 1100, г. Брэша, Італія — 18.6.1155),
італьянскі паліт. і царкоўны рэфарматар. Вучань П.Абеляра. У 1137 узначаліў барацьбу жыхароў Брэшы супраць епіскапа — сеньёра горада. Рашэннем Усяленскага сабора 1139 выдвараны з Італіі. За крытыку духавенства выгнаны з Францыі, Цюрыха. Вярнуўшыся ў Рым (1145), удзельнічаў у кіраванні Рымскай рэспублікай (1143—55), створанай увыніку антыпапскага паўстання, выступіў як ідэолаг барацьбы рымлян за захаванне рэспублікі, пазбаўленне духавенства ўласнасці і свецкай улады. Паводле распараджэння папы пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАНІ́СІ,
руіны горада-крэпасці (пл. 25 га) каля г.п. Дманісі ў Грузіі ў сутоках р. Машавера і Пінезауры. Узнік у эпоху сярэдневякоўя. З 9 ст. Д. валодалі арабы, пасля туркі-сельджукі, выгнаныя ў 1123 Давыдам IV Будаўніком. Росквіт Д. адносіцца да 12—13 ст. Пасля разгрому Д. Цімурам у 14 ст. пачынаецца яго заняпад. Да 18 ст. горад абязлюдзеў. Увыніку раскопак (вядуцца з 1936) выяўлены гар. пабудовы, знойдзена кераміка, манеты, прылады працы, зброя, скарб з 25 залатых і сярэбраных упрыгожанняў 12—13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́СІФ II (Joseph; 13.3.1741, Вена — 20.2.1790),
імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» з 1765 (у 1765—80 суправіцель Марыі Тэрэзіі, сваёй маці). Прадстаўнік т.зв. асветнага абсалютызму. Праводзіў палітыку пратэкцыянізму, заахвочвання мануфактур, адмяніў прыгон, увёў адзіны пазямельны падатак, абмежаваў самастойнасць каталіцкай царквы ў аўстр. землях, часткова секулярызаваў царк. землеўладанне, садзейнічаў развіццю свецкай школы. У 1781 выдаў т.зв. талерантны патэнт аб свабодзе веравызнання. Праводзіў актыўную знешнюю палітыку, але ў выніку шэрагу паражэнняў (у т. л. ў вайне з Турцыяй 1788—91) скасаваў некат. свае рэформы. Ініцыятар удзелу Аўстрыі ў 1-м падзеле Рэчы Паспалітай (1772).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМІ́Р-БЛУР, Кармірблур (арм. чырвоны ўзгорак),
узгорак на левым беразе р. Раздан, на зах. ускраіне г. Ерэван. У 1936 на К.-Б. знойдзены ўрарцкі клінапіс з імем цара Русы, сына Аргішці II (7 ст. да н.э.). Увынікуархеал. раскопак у 1939—70 на ўзгорку адкрыта цытадэль, а вакол узгорка — рэшткі горада Тэйшэбаіні. Выяўлены багаты матэрыял пра гаспадарку і культуру стараж. дзяржавы Урарту. Цытадэль разбурана ў пач. 6 ст. да н.э.мясц. плямёнамі, якія імкнуліся скінуць урарцкі прыгнёт, і скіфамі, што далучыліся да іх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1068—69,
выступленне жыхароў Кіева супраць вял. кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча. Пачалося ў вер. 1068 увыніку адмовы Ізяслава ўзброіць воінаў гар. дружыны (рамеснікаў і гандляроў) пасля разгрому полаўцамі на р. Альта аб’яднанага войска князёў Яраславічаў. Паўстанцы вызвалілі палоннага полацкага князя Усяслава Брачыславіча і абвясцілі яго вял. кіеўскім князем. Ізяслаў Яраславіч уцёк у Польшчу, яго браты чарнігаўскі і пераяслаўскі князі Святаслаў і Усевалад прызналі ўладу Усяслава Брачыславіча. Паўстанне задушана вясной 1069 Ізяславам з дапамогаю войска яго сваяка польск. караля Баляслава II Смелага; Усяслаў Брачыславіч уцёк у Полацк.