даведачнае выданне, у якім даецца апісанне групы слоў (марфем, словазлучэнняў і інш.), размешчаных у пэўным парадку. С. часам называюць лексіку якой-н. мовы або яе асобныя лексічныя пласты (гл.Лексікаграфія). Асн. грамадскія функцыі С.: інфармацыйная (лінгвістычныя слоўнікі і энцыклапедычныя слоўнікі), камунікацыйная (перакладныя С., або двухмоўныя слоўнікі), нарматыўная (лексікаграфічныя працы кадыфікацыйнага характару пры дапамозе стыліст. памет стабілізуюць лексічныя і інш. нормы мовы).
С. вядомы з глыбокай старажытнасці. У б-цы асірыйскага цара Ашурбаніпала ў Ніневіі выяўлены гліняныя клінапісныя таблічкі, на якіх занатаваны тэматычна згрупаваныя словы шумерскай і акадскай моў 7 ст. да н.э. Першыя С. ў Еўропе створаны ў Стараж. Грэцыі ў 1 ст. да н.э. (збор грэч. слоў, выкарыстаных Гамерам. складзены філосафам Апалоніем). Першы С. лац. мовы — «De Verborum Siqnificate» («Значэнне слоў») В.Флакуса (1 ст.н.э.). Пасля 5 ст.н.э. з’явіліся першыя спец. С. па батаніцы, медыцыне. астраноміі на санскрыце, а таксама шматмоўныя С. (уключалі словы санскрыцкай. тыбецкай. манг. і кіт. моў). Першымі друкаванымі С. былі англ. «Свет слоў» (1598) Дж.Флорыя. у якім італьян. словы перакладзены на англ. мову, і «Алфавітны спіс» (1604) Р.Коўдры, дзе лац. і інш. запазычаныя тэрміны тлумачацца па-англійску. У 17—18 ст. у многіх краінах Еўропы выдадзены першыя акад. С. нац. моў. якія нармалізавалі (кадыфікавалі) слоўнікавы склад літ. мовы: італьян. «Слоўнік Акадэміі Круска» (1612). франц. (1694). ісп. «Слоўнік Аўтарытэтаў» (1739). рус. «Словавытворны слоўнік» (т. 1—6. 1789—94).
Першыя ўсх.-слав. С. бяруць пачатак ад ананімных рукапісных даведнікаў. што дадаваліся да сербскіх рэліг. твораў, якія з’явіліся ў Стараж. Русі з прыняццем хрысціянства. Ў такіх даведніках звычайна тлумачыліся незразумелыя словы грэч. і стараж.-яўр. моў («Речь жидовского языка преложена на русскую, неразумно на разум и в Евангелиях и Апостолах, и в Псалтыри и Паремии и в прочих книгах» у Ноўгарадскай кормчай 1282; Ноўгарадскі слоўнік 1431, які дадаваўся да твора Іаана Лесвічніка «Тлъкование неудобь познаваемом в писанных речем, понеже положены суть речи в книгах от начальных преводних ово Словенскы и ино Сръбскы и другая Блъгарскы и Гръчьскы их же неудоволишася преложити на Рускыи»). Усх.-слав.азбукоўнікі паслужылі крыніцамі пры стварэнні першых друкаваных С. усх. славян. Л.Зізаній надрукаваў як дадатак да царк.-слав. буквара перакладны слоўнік «Лексис, сиречь речения вкратце собраны и из словенского языка на просты русский диялект истолкованы» (Вільня, 1596), у якім перакладзена і растлумачана 1061 слова з царкоўнаслав. і інш. моў. «Лексикон славеноросскій и именъ тлъкование» П.Бярынды (Кіеў, 1627; 2-е выд., 1653, Куцейна каля Оршы) змяшчае 6982 лексічныя адзінкі, у т. л. больш за 4 тыс. царкоўнаславянізмаў, каля 2 тыс. іншамоўных запазычанняў і некалькі соцень мясц. (старабел. і стараўкр.) слоў. Да ранняга перыяду развіцця С. на Беларусі адносяцца рукапісныя і друкаваныя азбукоўнікі, лексісы, лексіконы, а таксама створаныя на працягу 17—19 ст. С. бел. дыялектныя К.Ф.Калайдовіча, Ф.С.Шымкевіча, Я.Чачота, С.П.Мікуцкага, П.М.Шпілеўскага, Е.Р.Раманава, П.В.Шэйна і інш., гіст. С. старабел. мовы І.І.Грыгаровіча, І.П.Навіцкага. М.І.Гарбачэўскага, І.І.Насовіча і інш.Асн. іх функцыя — апісанне лексічных багаццяў нац. мовы. Складзены Насовічам «Слоўнік беларускай мовы» (1870) меў многія ўласцівыя для тагачасных акад. С. лексікаграфічныя параметры (нарматыўны, стылістычны, дэфініцыйны, ілюстрацыйны, грамат. і інш.). З пач. 20 ст. на Беларусі пачаўся перыяд навук. лексікаграфіі. Выдаваліся тэрміналагічныя С., універсальныя, галіновыя і рэгіянальныя энцыклапедыі; распрацаваны лексікаграфія дыялектная, гіст., перакладная, энцыклапедычная, тэрмінаграфія і інш., у рамках якіх створана па некалькі дзесяткаў С. розных тыпаў. Існуюць і інш. лексікаграфічныя кірункі: лексікаграфія грамат., камп’ютэрная. лінгвакраіназнаўчая, тэалагічная, ідэаграфія, канцэптаграфія і г.д., што прадстаўлены адзінкавымі С. Ін-т мовазнаўства Нац.АН Беларусі падрыхтаваў акад. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84, больш за 105 тыс. слоўнікавых артыкулаў), 1-томны «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996; 5-е выд. 2001, 65 тыс. слоў). Бібліяграфія бел. С. ўключае больш за 1 тыс. назваў. У залежнасці ад таго, якія адзінкі мовы ў С. апісваюцца, вылучаюцца С. марфем («Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.М.Бардовіча, Л.М.Шакуна, 1975; «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» Бардовіча, М.М.Круталевіча, А.А.Лукашанца, 2000, і інш.); уласна С., ці С. лексем (пераважная большасць айч. даведнікаў); С. паняццяў (тэрміналагічныя, энцыклапедычныя і інш. даведнікі); С. словазлучэнняў («Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы» М.Пазнякова, 1988), фразеалагізмаў («Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.Я.Лепешава, т. 1—2, 1993), скарачэнняў, параўнанняў, перыфраз, асацыяцый і да т.п. Асобную групу складаюць парэміялагічныя С., у якіх падаюцца (часам з тлумачэннямі і ілюстрацыямі з маст., публіцыст., навук. і інш. твораў) завершаныя сказы на бел. мове. Да гэтай групы адносяцца С. прыказак і прымавак («Слоўнік беларускіх прыказак» Лепешава і М.А.Якалцэвіч, 1996), крылатых выразаў і афарызмаў («Крылатыя словы і афарызмы» Ф.М.Янкоўскага, 1960), цытат і да т.п. У залежнасці ад таго, якія ўласцівасці слоў апісваюць С., яны падзяляюцца на частотныя («Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.С.Мажэйкі і А.Я.Супруна, вып. 1—5, 1976—92); арфаграфічныя (гл.Арфаграфічны слоўнік), у якіх падаецца напісанне і акцэнталагічная характарыстыка слоў бел. мовы; дыялектныя (гл.Дыялектны слоўнік); гістарычныя (гл.Гістарычны слоўнік); этымалагічныя (гл.Этымалагічны слоўнік); перакладныя, якія падаюць іншамоўныя адпаведнікі да бел. слоў; С. іншамоўных слоў (гл.Іншамоўных слоў слоўнік); С. мовы пісьменніка (гл.Слоўнік мовы пісьменніка).
Асобную групу складаюць т.зв. сінанімічныя С. (гл.Сінонімаў слоўнік), у якіх уласцівасць слова апісваецца шляхам вызначэння яго суадносін з інш. словамі (сінонімамі, антонімамі, амонімамі, паронімамі, аднакарэннымі словамі, паралексамі і г.д.). Напр., у «Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў» М.К.Клышкі (2-е выд., 1993) апісана каля 1900 сінанімічных радоў з 11 тыс.бел. слоў; у «Слоўніку амонімаў беларускай мовы» В.Дз.Старычонка (1991) тлумачыцца 2 тыс. пар ці груп амонімаў, аднолькавых па гучанні, але розных па значэнні. Слоўнік «Цяжкія выпадкі ўжывання блізкіх па гучанню слоў» (1977) і «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» (1994) С.М.Грабчыкава праз тлумачэнні і ілюстрацыі высвятляюць узаемаадносіны паміж словамі-паронімамі. блізкімі па гучанні, але рознымі па значэнні.
Вылучаюць С. агульналітаратурнай мовы, у якія з кожнай галіны навукі і вытворчасці ўключаецца па некалькі дзесяткаў найб. вядомых тэрмінаў са спец. стыліст. паметамі абмежавальнага характару. Тэрміны і наменклатурныя назвы найб. поўна і сістэмна апісваюцца ў спец.тэрміналагічных С. У адпаведнасці з мэтамі, якія ставіць перад сабой карыстальнік, вылучаюцца бел. С. актыўнага тыпу (спрыяюць пабудове чытачом свайго тэксту); С пасіўнага тыпу (дапамагаюць зразумець чужы тэкст); універсальныя С. (разлічаны на ўсе катэгорыі чытачоў), аспектныя С., якія падаюць толькі пэўны тып інфармацыі пра слова (большасць С. бел. мовы) і інш.
Літ.:
Словари, изданные в СССР: Библиогр. указ., 1918—1962. М., 1966;
Библиогр. указатель словарей изд-ва «Сов. Энциклопедия», 1928—1966. М., 1967;
Dictionaries: An International encyklopedia of lexicography. Vol. 1—3. Berlin; New York, 1989—91.
В.К.Шчэрбін.
Да арт.Слоўнік. Беларускія слоўнікавыя выданні 1980—90-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБЫ
Асноўныя асаблівасці глеб Беларусі абумоўлены размяшчэннем краіны ў рэгіёне з умерана кантынентальным кліматам. працяглым вегетацыйным перыядам, высокім біякліматычным патэнцыялам. Паводле глебава-геаграфічнага раянавання на Беларусі вылучаюць 3 глебавыя правінцыі; паўночную (Прыбалтыйская), цэнтральную (Беларуская), паўднёвую (Палеская). Глебаўтваральныя пароды: азёрна-ледавіковыя і лёсавыя (12,6%), марэнныя (12,7%), водна-ледавіковыя (41,3%), старажытна-алювіяльныя (17%), алювіяльныя (6,8%), балотныя (9,6%). Глебы краіны ўтварыліся ў выніку падзолістага, дзярновага, балотнага працэсаў і лесіважу, якія спалучаюцца паміж сабой і з культурным глебаўтваральным працэсам. Ва ўтварэнні асобных глеб удзельнічаюць таксама буразёмны, заліўны і алювіяльны працэсы, водная і ветравая эрозія. У наменклатурны спіс глеб Беларусі ўваходзіць 13 глебавых тыпаў: дзярнова-карбанатныя, бурыя лясныя, падзолістыя, дзярнова-падзолістыя, падзолістыя забалочаныя, балотна-падзолістыя, дзярновыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, балотныя, поймавыя, антрапагенныя і інш. Паводле колькасці вільгаці іх падзяляюць на аўтаморфныя, паўгідраморфныя і гідраморфныя.
Дзярнова-карбанатныя глебы сустракаюцца на ўсёй тэр. краіны на фоне дзярнова-падзолістых глеб. Найб. буйныя іх масівы ў Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Яны фарміруюцца ў выніку дзярновага глебаўтваральнага працэсу пад травяністай расліннасцю на шчыльных і рыхлых карбанатных пародах (вапняках, даламітах, меле, лёсе, карбанатнай марэне). Характарызуюцца моцным гумусавым гарызонтам (15—40 см), які мае 2,5—6% гумусу. Паводле глыбіні залягання карбанатаў і ступені насычанасці імі верхняй часткі профілю падзяляюцца на падтыпы: тыповыя, вышчалачаныя і ападзоленыя. Дзярнова-карбанатныя тыповыя глебы ў сувязі з неспрыяльнымі водна-фізічнымі якасцямі пад ворыва не выкарыстоўваюцца.
Дзярнова-карбанатныя вышчалачаныя і ападзоленыя глебы вызначаюцца высокай патэнцыяльнай урадлівасцю. Паводле баніціровачнай шкалы Беларусі іх сугліністыя разнавіднасці ацэньваюцца ў 70—100 балаў.
Бурыя лясныя глебы сустракаюцца сярод дзярнова-падзолістых глеб у цэнтр. і зах. частках краіны пад шыракалістымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з багатым разнатраўным покрывам. Утвараюцца ў выніку буразёмаўтварэння (спалучэнне гумусава-акумулятыўнага працэсу з лесіважам і агліненнем). Гумусава-акумулятыўны гарызонт цёмна-шэрага (чорнага) колеру з бураватым адценнем, таўшчынёй 7—10 см, гумусу мае каля 5%. На Беларусі вылучаны толькі пад лясамі.
Падзолістыя глебы зрэдку сустракаюцца пад хвойнымі лясамі на ўраўнаваных слабадрэніраваных участках (надпоймавыя тэрасы, зандравыя раўніны), складзеных з рыхлых парод. У надглебавым покрыве сустракаюцца зялёныя імхі, кісліца, чарнічнік. Іх характэрная асаблівасць — адсутнасць добра выяўленага гумусава-акумулятыўнага гарызонту. Рэакцыя глебы моцнакіслая. Гумусу да 1,5%.
Дзярнова-падзолістыя глебы пашыраны на ўсёй тэр. краіны (36,2% плошчы с.-г. зямель). Утвараюцца ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму на бескарбанатных пародах пад травяністымі і імшыста-травяністымі лясамі. Профіль глебы рэзка дыферэнцыраваны на верхнюю элювіяльную і ніжнюю ілювіяльную часткі ў выніку спалучэння дзярновага, падзолістага працэсаў і лесіважу. Значная іх частка мае мала гумусу (да 2%) і пажыўных рэчываў, дрэнную аэрацыю, нетрывалую структуру і невысокую насычанасць асновамі. Паводле марфалагічнай будовы профілю вылучаюць 4 падтыпы такіх глеб: дзярнова-палева-падзолістыя, уласна дзярнова-падзолістыя (белаватыя), дзярнова-падзолістыя эрадзіраваныя, дзярнова-падзолістыя акультураныя.
Падзолістыя забалочаныя глебы фарміруюцца ў выніку сумеснага дзеяння лесіважу, падзолістага і глеевага працэсаў. Яны характарызуюцца агляеннем, кантрастным водным рэжымам, пераўтварэннем арганічных рэчываў з утварэннем вялікай колькасці фульвакіслот, поліфенолаў, нізкамалекулярных кіслот, утварэннем рухомых закісных форм жалеза і марганцу, а ў кіслым асяроддзі — рухомых злучэнняў алюмінію і інш., што ў сукупнасці істотна пагаршае іх агранамічныя якасці. На Беларусі трапляюцца лакальна, у с.-г. вытворчасці не выкарыстоўваюцца.
Балотна-падзолістыя глебы фарміруюцца пры спалучэнні балотнага і падзолістага глебаўтварэння з заляганнем мяккіх грунтавых вод блізка ад паверхні. Сустракаюцца на Пн краіны пад хвойнымі лясамі з імшыста-кусцікавым наземным покрывам, на Пд — пад забалочанымі мяшанымі лясамі з імхова-травяным покрывам і інш. Іх тарфяны гарызонт 10—30 см, гумусава-акумулятыўны маламоцны. Вызначаюцца невялікай прадукцыйнасцю, выкарыстоўваюцца пад лясы.
Дзярновыя забалочаныя глебы фарміруюцца пад травяным покрывам у выніку дзярновага і балотнага глебаўтварэння ва ўмовах працяглага залішняга ўвільгатнення. Характарызуюцца добра вызначаным гумусавым гарызонтам, вял. колькасцю гумусу (да 12%), павышанай ступенню насычанасці асновамі, нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору, прыкметамі агляення. У залежнасці ад працягласці залішняга ўвільгатнення падзяляюцца на глеяватыя і глеевыя. Трапляюцца невялікімі масівамі ў паніжэннях і ў месцах з блізкім ад паверхні заляганнем грунтавых вод (на Палессі). Займаюць каля 11% сельгасугоддзяў, выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці.
Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы ўтвараюцца ва ўмовах працяглага перыядычнага пераўвільгатнення паверхневымі ці грунтавымі водамі ў выніку спалучэння абглейвання з дзярновым і падзолістым працэсам глебаўтварэння. Фарміруюцца пад лісцева-хвойнымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з травяністым покрывам. Пашыраны на раўнінных паніжэннях. Вызначаюцца высокай кіслотнасцю, невялікай колькасцю элементаў жыўлення, высокім утрыманнем рухомага алюмінію, нізкай ступенню насычанасці асновамі ў верхняй частцы профілю. У глеяватых глебах гумусу 2—6%, у глеевых — да 10%. Іх асваенне патрабуе асушальнай меліярацыі.
Балотныя глебы належаць да гідраморфных. Утвараюцца ў выніку балотнага працэсу глебаўтварэння. Займаюць каля 12,9% плошчы сельгасугоддзяў. Паводле характару воднага жыўлення, складу расліннасці і якасцей торфу іх падзяляюць на тарфяна-балотныя вярховыя і тарфяна-балотныя нізінныя глебы. Тарфяна-балотныя нізінныя глебы фарміруюцца ў паніжэннях рэльефу, на шлейфах схілаў пад уплывам пастаяннага залішняга ўвільгатнення грунтавымі водамі. Пераважна пад лясамі (вольха чорная, бяроза пушыстая), наземнае покрыва з асок, чароту, імхоў. Вызначаюцца высокай ступенню насычанасці асновамі (да 100%). Торф зольнасцю 5—50%, колькасцю гумусавых рэчываў (да 42%) з перавагай гумінавых кіслот, азоту 3—4%. Тарфяна-балотныя вярховыя глебы ўтвараюцца на водападзелах у замкнутых бяссцёкавых паніжэннях ва ўмовах залішняга ўвільгатнення атмасфернымі ці грунтавымі водамі. Укрыты расліннасцю з перавагай хвоі, багуну, буякоў, журавін, імхоў. Торф адрозніваецца нізкай ступенню раскладання, меншай шчыльнасцю, высокай вільгацяёмістасцю, моцнакіслай рэакцыяй, невялікай колькасцю гумусу (0,5—2%), зольнасць 2—5%. Пасля асушальнай меліярацыі нізінны тып глеб выкарыстоўваюць пад ворыва.
Поймавыя, або алювіяльныя глебы ўтвараюцца ў поймах на рачных адкладах ва ўмовах перыядычнага затаплення. Вызначаюцца высокай біягеннасцю, інтэнсіўнымі глебаўтваральнымі працэсамі, слаістым марфалагічным профілем. Паводле воднага і цеплавога рэжымаў, механічнага складу, ступені агляення, колькасці гумусу глебы поймаў падзяляюцца на алювіяльныя дзярновыя, алювіяльныя дзярнова-забалочаныя, алювіяльныя балотныя. Пашыраны пераважна на Палессі. Большасць іх вызначаецца высокай урадлівасцю, але патрабуе рэгулявання воднага рэжыму. Выкарыстоўваюць пад сенажаць і пашу.
Антрапагенныя глебы — тып глеб, якія цалкам страцілі свае натуральныя якасці і прыкметы ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Іх падзяляюць на рэкультываваныя глебы, што занава створаны на месцах выпрацаваных тарфянікаў ці кар’ераў здабычы карысных выкапняў; антрапагенна-дэградзіраваныя глебы, што парушаны ў выніку постмеліярацыйнай дэградацыі; антрапагенна-парушаныя глебы, што змяніліся ў выніку прамога негатыўнага ўплыву гасп. дзейнасці (выдаленне ворнага слоя, перамешванне глебавых гарызонтаў); антрапагенна-засоленыя глебы, што ўзніклі побач з Салігорскім калійным камбінатам; другасна забалочаныя глебы, што фарміруюцца ў выніку падтаплення тэрыторый пры стварэнні вадасховішчаў.
Літ.:
Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974;
Жилко В.В. Эродированные почвы Белоруссии и их использование. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІЧАЯ НАВУКА
Як галіна навукі на Беларусі развіваецца з 1930-х г., калі ў БПІ даследаваліся пытанні тэорыі разліку буд. канструкцый (А.А.Краўцоў), механікі грунтоў і фундаментабудавання (М.Ф.Макарачкін), стварэння канструкцый жалезакерамічных перакрыццяў і разліку жалезабетонных элементаў на ўздзеянне косага выгіну і пазацэнтравага сціскання (М.Я.Шавельскі). У 1939 створаны Мінскі НДІбуд. матэрыялаў, які даследуе новыя буд. матэрыялы, цэменты, уцяпляльнікі, кераміку, ячэістыя бетоны (У.Л.Бельдзюкевіч, Г.С.Галуза, У.М.Ганчарык, Б.К.Дземідовіч, М.М.Ізраэліт, Э.Д.Пеўзнер).
У 1957 у складзе АН Беларусі арганізаваны НДІбуд-ва і архітэктуры (першы дырэктар — С.С.Атаеў; з 1988 Бел.НДІбуд-ваМін-вабуд-ва і архітэктуры Рэспублікі Беларусь). У ін-це распрацоўваюцца: горадабуд. прынцыпы планіроўкі і забудовы жылых кварталаў пры рэканструкцыі гарадоў і стварэнні новых раёнаў дыслакацыі прам-сці (У.А.Кароль); новыя аб’ёмна-планіровачныя сістэмы жылых і грамадскіх будынкаў для масавага буд-ва (А.П.Воінаў); індустрыяльныя канструкцыйна-тэхнал. сістэмы аб’ёмнаблочных будынкаў (М.П.Блешчык); эфектыўныя канстр. сістэмы будынкаў, нясучыя і агараджальныя канструкцыі (Л.Ф.Беразоўскі, І.А.Васільеў, Л.П.Зайцава, В.Ф.Залога, А.І.Зысман, А.І.Мордзіч, Ц.М.Пецольд, У.І.Скрыбо, М.П.Фралоў); тэхналогія і абсталяванне для вытв-сці шклапластыкавай арматуры (Ю.В.Дзягцяр, С.С.Жаўрыд, Ю.В.Кандрацьева, М.П.Фралоў); асн. заканамернасці механікі слабых і намыўных грунтоў і тэхналогія інж. падрыхтоўкі поймава-намыўных тэрыторый (Я.Ф.Вінакураў, Я.І.Ільяшэвіч, А.Я.Цяцёркін); асновы бетоназнаўства, тэхналогіі і арганізацыі прамысл. вытв-сці жалезабетонных труб (кіраўнік І.М.Ахвердаў); аўтаматызаваная вытв-сць жалезабетонных канструкцый, тэхналогіі і арганізацыі буд-ва (С.С.Атаеў, М.П.Блешчык); цеплафізіка агараджальных канструкцый (А.У.Франчук, Л.І.Чарняеў, А.І.Юркоў), акустыка будынкаў (У.І.Забораў), АСК буд-вам (І.Ф.Вайтовіч, Л.М.Папавічэенка); цеплаабменныя сістэмы вентыляцыі жылых і с.-г. будынкаў (У.С.Змушко, Э.Б.Смольская, А.І.Юркоў). Вырашаюцца праблемы сучаснага жыллёва-грамадзянскага і прамысл.буд-ва, універсальных канстр. сістэм будынкаў (А.І.Мордзіч), тэхналогіі вытв-сці і ўзвядзення будынкаў і збудаванняў з высокатрывалага бетону, што валодае высокай марозаўстойлівасцю, воданепранікальнасцю (М.П.Блешчык). Вядуцца даследаванні ў галіне фундаментабудавання (Я.Ф.Вінакураў, У.П.Ермашоў, У.М.Краўцоў, У.Я.Сяськоў); кампазіцыйных матэрыялаў, тэхналогіі вытв-сці канкурэнтаздольных гідраізаляцыйных і аддзелачных матэрыялаў (Я.А.Урэцкая), апалубных сістэм узвядзення маналітных жалезабетонных канструкцый (М.Ф.Маркоўскі).
У Ін-це будэканомікі распрацаваны комплекс праблем па ўдасканаленні асн. палажэнняў у эканоміцы буд-ва (Л.М.Варабей).
У Бел.нац.тэхн. ун-це даследуюцца: тэхналогія бетону і буд. матэрыялаў (І.М.Ахвердаў, А.А.Барташэвіч, Э.І.Бацяноўскі, М.П.Блешчык, Г.С.Галуза, С.М.Іцковіч, М.А.Шаліма); тэорыя аптымізацыі стрыжнёвых сістэм, тэорыя пругкасці і пластычнасці (П.У.Аляўдзін, М.К.Балыкін, А.А.Барысевіч, С.В.Басакоў, Л.І.Коршун, Я.М.Сідаровіч); тэорыя разліку і канструявання жалезабетонных, метал., сталежалезабетонных і драўляных канструкцый, новых канструкцыйных сістэм будынкаў і збудаванняў і іх укараненне ў буд-ва; тэорыя трываласці, механікі разбурэння і даўгавечнасці канструкцый (А.А.Барысевіч, І.В.Башкевіч, Я.Ю.Давыдаў, В.А.Іваноў, У.Г.Казачок, С.М.Леановіч, Л.К.Лукша, Ю.С.Мартынаў, Дз.П.Падабед, Г.П.Пастушкоў, Ц.М.Пецольд, Я.М.Сідаровіч, В.Ф.Фамічоў); механіка грунтоў, аснова падмуркаў і фундаментаў (М.Дз.Баннікаў, С.В.Басакоў, Я.Ф.Вінакураў, М.І.Нікіценка, Ю.А. і Дз.Ю.Сабалеўскія); тэхналогія, арганізацыя і кіраванне ў буд-ве пры рэканструкцыі (Э.В.Аўчыннікаў, С.С.Атаеў, І.М.Громаў, М.П.Лаўрэнка, І.Т.Хачатранц); арганізацыя і кіраванне буд-вам на базе камп’ютэрных тэхналогій (Ю.М.Багамолаў, М.М.Голубеў, В.П.Лысоў). Пад кіраўніцтвам Б.М.Хрусталёва даследуюцца і ўкараняюцца ў прам-сць сістэмы ачысткі і утылізацыі розных газаў на аснове малаадходных і энергазберагальных тэхналогій. Вядзецца распрацоўка тэорыі і метадаў цеплавой апрацоўкі бетонных і керамічных вырабаў (А.І.Арловіч, В.В.Арціховіч, В.Н.Вайцяховіч, Э.В.Захарэвіч, А.П.Лебедзеў, А.Дз.Маслакоў, Л.В.Несцераў, А.М.Пратасевіч, М.Т.Салдаткін, І.І.Станецкая); стварэнне і ўкараненне эфектыўных цеплаізаляцыйных матэрыялаў (А.І.Юркоў), нарматыўнай базы ў галіне ацяплення, вентыляцыі і газазабеспячэння, натуральнага асвятлення (В.В.Арціховіч, М.М.Войцік, Л.У.Несцераў, У.У.Пакацілаў, У.П.Пілюшэнка, Б.М.Хрусталёў, А.Дз.Шалак); стварэнне прылад для вызначэння каэфіцыента цеплаправоднасці буд. матэрыялаў (Л.С.Калініна, Л.В.Несцераў), мадэрнізацыя ацяпляльна-вентыляцыйнага абсталявання ў прам-сці, арганізацыя аптымальных умоў захоўвання с.-г. прадукцыі (Л.В.Берухава, П.І.Дзячак, В.М.Кароткі, В.В.Пакацілаў, А.М.Пратасевіч, А.І.Юркоў). Даследуюцца буд-ва, эксплуатацыя, рамонт і ўтрыманне аўтамаб. дарог, мастоў, метрапалітэна і інш.трансп. аб’ектаў; дарожнае матэрыялазнаўства, метады праектавання землянога палатна і дарожнага адзення; мадыфікацыі дарожных бітумаў і тэхналогіі рэгенерацыі асфальта-бетонных пакрыццяў, паляпшэння эксплуатацыйных уласцівасцей нафтавых бітумаў і выкарыстання адходаў нафтавага паходжання (Ю.Г.Бабаскін, У.А.Веранько, М.П.Вырко, М.М.Гурбо, Я.М.Кавалёў, Я.У.Каласкова, І.І.Леановіч, Г.Дз.Ляхевіч, Г.П.Пастушкоў, І.К.Яцэвіч); механізацыя буд-ва, распрацоўка комплексу дарожна-буд. машын і пад’ёмна-трансп. абсталявання (А.У.Вавілаў, А.Я.Катлабай); сучаснае геадэзічнае забеспячэнне буд-ва (М.С.Несцяронак).
Даследаванні ў галіне дарожнага буд-ва, удасканаленні дарожна-трансп. камунікацый на Беларусі вядуцца ў БелдарНДІ (А.У.Бусел, П.В.Золатаў, В.В.Штабінскі, В.М.Яромка). У Брэсцкім тэхн. ун-це даследуюцца механіка разбурэння і саманапружвальныя бетоны (В.Д.Будзюк, В.І.Драган, А.А.Кандратчык, В.У.Тур). У Полацкім ун-це створаны тэарэт. асновы і камп’ютэрныя мадэлі рэканструкцыі будынкаў і збудаванняў (Дз.М.Лазоўскі), эфектыўныя арматурныя сталі (А.К.Сямёнаў, У.Д.Церын). У Бел. ун-це транспарту выкананы дынамічныя даследаванні падмуркаў і фундаментаў (І.А.Кудраўцаў), распрацоўваюцца пытанні рэканструкцыі збудаванняў (Дз.Ю.Залатухін). Бел.-рас.ун-т (г. Магілёў) вядзе даследаванні па пытаннях прамысл. і грамадз.буд-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ БЕЛАРУ́СІ (КПБ),
да 1952 Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б], палітычная арганізацыя, састаўная частка Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (КПСС). Існавала ў 1918—91. Арганізацыйна аформілася на VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) (30—31.12.1918, Смаленск). Пры яе стварэнні падкрэслівалася, што работу ўсіх парт. арг-цый узначальвае Цэнтр. бюро КП(б)Б (ЦБ), якое з’яўляецца «вярхоўным органам у рэспубліцы і верным вокам Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі ўсіх расійскіх савецкіх сацыялістычных рэспублік». Уся дзейнасць КП(б)Б рэгламентавалася праграмнымі і статутнымі палажэннямі РКП(б), указаннямі яе цэнтр. органаў і кіраўнікоў. Напачатку вядучую ролю ў цэнтр. органах КП(б)Б адыгрывалі кіраўнікі Паўн.-Зах.абл.к-та РКП(б). З 15 членаў ЦБ толькі З.Х.Жылуновіч і І.В.Лагун прадстаўлялі Беларускія секцыі РКП(б), старшынёй ЦБКП(б)Б быў выбраны А.Ф.Мяснікоў. сакратаром В.Г.Кнорын. Цэнтр. друкаваным органам партыі стала газ.«Звязда». На VI Паўн.-Зах.абл.парт. канферэнцыі быў абвешчаны падрыхтаваны ў ЦК РКП(б) Маніфест аб стварэнні «самастойнай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (гл.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, БССР). 1.1.1919 абвешчаны і Маніфест Часовага рабоча-сял.сав. ўрада Беларусі аб утварэнні самастойнай Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Беларусі (ССРБ). У адм.-гасп. адносінах тэр. Беларусі падзялялася на 7 раёнаў і 53 падраёны (паветы). Стваралася адпаведная структура парт. органаў: райкомы (губпарткомы), падрайкомы, валасныя і сельскія ячэйкі. У студз. Часовы ўрад і ЦБКП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне, паводле якога ў складзе РСФСР засталіся Віцебская і Магілёўская губ. Спробы членаў ЦБКП(б)Б апеляваць да ЦК РКП(б) і зварот да старшыні СНК У.І.Леніна аб захаванні Беларусі ў яе этнічных межах станоўчых вынікаў не далі. У гэты ж перыяд узнік і Камуністычны саюз моладзі Беларусі. Галоўнымі ў дзейнасці КП(б)Б былі пытанні дзярж. будаўніцтва, умацавання і абароны сав. улады. I Усебел. з’езд Саветаў (2—3.2.1919) прыняў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, абраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР. Па прапанове старшыні ВЦВК і сакратара ЦК РКП(б) Я.М.Свярдлова з’езд прыняў рашэнне пра аб’яднанне Літвы і Беларусі ў адзіную Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). 4—6.3.1919 у Вільні адбыўся Аб’яднаўчы з’езд Кампартый Літвы і Беларусі, на якім старшынёй прэзідыума ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ] быў выбраны В.С.Міцкявічус-Капсукас, сакратаром — Кнорын. Сярод 15 членаў ЦК КП(б)ЛіБ не было ніводнага беларуса. Бел. камуністаў прадстаўлялі б. дзеячы Паўн.-Зах.абл.к-та РКП(б). Кіраўніцтва парт. арг-цыямі на Беларусі фактычна ажыццяўляў Мінскі губ.к-т КП(б)ЛіБ. Неаднаразова праводзіліся парт. мабілізацыі на франты грамадз. вайны, камуністы разам з прадстаўнікамі інш. партый удзельнічалі ў барацьбе супраць польскай акупацыі. У жн. 1920 у склад КП(б)ЛіБ увайшла Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА). Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх акупантаў і абвяшчэння незалежнасці Літвы (май 1920) ЦК КП(б)ЛіБ 5.9.1920 прыняў пастанову пра стварэнне самаст. кампартый Беларусі і Літвы і асобных органаў іх кіраўніцтва. Пачалося аднаўленне структуры мясц.парт. органаў. III з’езд КП(б)Б (22—26.11.1920) адзначыў, што «КП(б)Б ёсць абласная арганізацыя РКП(б)... і ў агульным і цэлым падпарадкоўваецца дырэктывам ЦК РКП (бальшавікоў)». IV (25.2—2.3.1921), V (15—20.10.1921) і VI (15—19.3.1922) з’езды КП(б)Басн. ўвагу звярталі на пытанні пераходу да сацыяліст. будаўніцтва, замену палітыкі «ваеннага камунізму» на новую эканамічную палітыку (нэп). Была падтрымана палітыка беларусізацыі, якая актыўна разгарнулася з 1924, значная ўвага аддавалася стварэнню сістэмы вышэйшай, сярэдняй спец. і агульнай адукацыі. У выніку чысткі ў партыі і абмену парт. дакументаў (15.8—20.10.1921) з КП(б)Б было выключана 1589 чал. (24,7%). У барацьбе супраць інш.паліт. партый (Бунд, эсэры і інш.) бальшавікі побач з ідэалаг. сродкамі выкарыстоўвалі дзярж. карны апарат Надзвычайнай камісіі (ЧК), потым Аб’яднанага дзярж.паліт. ўпраўлення (АДПУ). 16.9.1922 большасць членаў ЦБКП(б)Б выказаліся за сталінскі праект «аўтанамізацыі» і ўключэнне ў склад БССР Віцебскай і Гомельскай губ. Пасля кастрычніцкага (1922) пленума ЦК РКП(б) кіраўніцтва КП(б)Б адобрыла план Леніна (у яго аснове ляжаў прынцып федэрацыі) па стварэнніСаюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). VII з’езд КП(б)Б (20—26.3.1923) указаў на неабходнасць актыўнага ўдзелу бел. камуністаў у агульнасаюзным будаўніцтве, пашырэння тэр. Беларусі (гл.Узбуйненне БССР) і новага адм.-тэр. падзелу рэспублікі. У выніку аб’яўленага пасля смерці Леніна (21.1.1924) ленінскага прызыву ў КП(б)Б прынята 2007 чал., з іх больш за 98% рабочых. Пасля VIII з’езда КП(б)Б (12—14.5.1924) у сувязі з уключэннем у склад БССРтэр. Віцебскай і часткі Гомельскай губ. і зменамі ў адм.тэр. падзеле ў 1924 створана новая структура КП(б)Б: цэнтр. органы (ЦК, ЦКК, Рэвіз. камісія), 10 акруговых, 100 сельскіх і 9 гар. раённых к-таў партыі. Аператыўнае кіраўніцтва парт. і паліт. работай паміж з’ездамі КП(б)Б і пленумамі ЦК ажыццяўляла Бюро ЦККП(б)Б. Парт. ячэйкі будаваліся паводле тэр.-вытв. прынцыпу. З’езды і пленумы 1920-х г.вял. ўвагу аддавалі пытанням эканам. і сац. развіцця, дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва. З канца 1925 пасяджэнні і пратаколы ЦК і акр. к-таў КП(б)Б вяліся на бел. мове. У выніку самаліквідацыі Бунда (сак. 1921) і ліквідацыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) (чэрв. 1924) у Беларусі трывала ўсталявалася аднапарт. паліт. сістэма. Кампартыя кантралявала дзейнасць усіх грамадска-паліт. арг-цый, прафсаюзы, камсамол і інш. 2-я пал. 1920-х г. характарызавалася зменамі ў палітыцы Камуніст. партыі: імкненнем да супрацоўніцтва з капіталіст. краінамі (у прыватнасці з Германіяй), паступовым адыходам ад прынцыпаў нэпа, пераходам да індустрыялізацыі і кааперацыі. Пад лозунгамі барацьбы з т. зв. ворагамі народа адбывалася згортванне ўнутрыпарт. дэмакратыі. У выніку чысткі (23—29.4.1929) з КП(б)Б выключана 3717 чал. Пачаліся рэпрэсіі палітычныя супраць парт., дзярж. і сав. работнікаў, бел. інтэлігенцыі. У 1930-я г. члены партыі актыўна ўдзельнічалі ў гасп. і культ. будаўніцтве, умацаванні абароны. Самаадданай працай народа былі дасягнуты значныя поспехі ў эканам. і сац. развіцці рэспублікі. З аграрнай яна ператварылася ў аграрна-індустрыяльную, ліквідавана беспрацоўе, разгортвалася жыллёвае і сац.-быт. будаўніцтва, у 1935—36 адменена картачная сістэма. Значнымі былі дасягненні ў развіцці адукацыі, навукі, культуры. Аднак побач з поспехамі ў сацыяліст. будаўніцтве складвалася паліт. сістэма, у якой мелі месца грубыя парушэнні дэмакр. прынцыпаў развіцця савецкага грамадства, якія абвяшчаліся ў праграмных дакументах ВКП(б), Канстытуцыях СССР і БССР. У працэсе калектывізацыі былі ліквідаваны альтэрнатыўныя шляхі развіцця сельскай гаспадаркі, рэпрэсіраваны многія сяляне. Невыкананне планаў у прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. галінах нярэдка тлумачылася дзейнасцю «нацдэмаў», «контррэвалюцыянераў» і «ворагаў народа».
Традыцыйнымі заставаліся рашэнні з’ездаў і пленумаў ЦККП(б)Б пра неабходнасць павышэння класавай пільнасці і барацьбы з бел.бурж. нацыяналізмам. У 1931 у КП(б)Б прынята 15 981 чл. і 8273 канд. у чл. (самы высокі гадавы паказчык за перыяд 1919—58). У 1934 уведзена новая структура парт. органаў. У апараце ЦККП(б)Б ствараліся аддзелы па асн. кірунках работы, у гаркомах і райкомах уводзіліся пасады інструктараў. У 1936 упершыню з часу існавання КП(б)Б 1-м сакратаром быў абраны беларус В.Ф.Шаранговіч. У 1930-я г.НКУСБССР сфабрыкаваў шэраг спраў аб існаванні ў Беларусі «антысавецкіх, дыверсійна-шкодніцкіх, шпіёнскіх, тэрарыстычных і паўстанцкіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле»). У 1933—36 у сувязі з чысткай у партыі, праверкай і абменам парт. дакументаў з КП(б)Б выключана 8246 чал. (21% усяго складу). Прыём у партыю ў гэты перыяд не праводзіўся (адноўлены ў ліст. 1936). З 1938 у паліт., навук. жыцці, ідэалаг. і культ. рабоце асн. сталі пастулаты «Кароткага курса гісторыі ВКП(б)». Ствараўся культ асобы Сталіна і яго паплечнікаў. Пленумы і сходы парт. арг-цый склікаліся нерэгулярна, выбары парт. органаў замяняліся кааптацыяй. У ходзе чыстак і паліт. рэпрэсій колькасць чл. і канд. у чл.КП(б)Б скарацілася з 75 238 у 1932 да 31 526 у 1938. У чэрв. 1938 Выканком Камінтэрна па ініцыятыве ЦКВКП(б) распусціў Камуніст. партыі Польшчы, Зах. Беларусі (КПЗБ) і Зах. Украіны (гл. адпаведныя арт.). У 1939 адбылося ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. У зах. абласцях пачалося стварэнне парт. органаў і арг-цый КП(б)Б. На 1.6.1941 у 5337 пярвічных парт. арг-цыях і групах налічвалася 50 754 чл. і 24 297 канд. у чл.КП(б)Б; працавалі 10 абл., 14 гар., 12 раённых у гарадах і 187 сельскіх раённых к-таў партыі. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны 1941—45асн. дзейнасць парт. органаў была скіравана на барацьбу з фашызмам. З вер. 1941 да снеж. 1943 ЦККП(б)Б прыняў рашэнні больш чым па 130 пытаннях падп. і партыз. руху. У вер. 1942 створаны Беларускі штаб партызанскага руху. На акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічалі 10 абл., 193 міжраённыя, гар. і раённыя падп. к-ты КП(б)Б, больш за 1200 парт. арг-цый у партыз. фарміраваннях, 184 тэрытарыяльныя парт. арг-цыі, якія аб’ядноўвалі больш за 35 тыс. камуністаў [гл.Гарадскія падпольныя камітэты КП(б)Б, Міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Раённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Партызанскі рух, Патрыятычнае падполле]. Гераічная і самаадданая барацьба камуністаў з ворагам значна ўмацавала аўтарытэт Кампартыі сярод насельніцтва. У 1944 пасля вызвалення Беларусі ў ёй працавалі 12 абкомаў, 14 гаркомаў, 181 райком партыі; у пярвічных арг-цыях было 30 тыс. камуністаў. Пытанні аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі, сац. сферы, навукі, адукацыі і культуры разглядаліся на XIX (15—18.2.1949) і XX (20—23.9.1952) з’ездах КП(б)Б. XIX з’езд ВКП(б) (5—14.10.1952) прыняў новы Статут партыі і назву КПСС. КП(б)Б стала называцца КПБ. 1950-я г. характарызаваліся стварэннем прынцыпова новых галін прам-сці: хімічнай, машына- і станкабудавання, металаапрацоўкі, вытв-сці трактароў, аўтамабіляў і інш. Аднаўлялася калгасна-саўгасная сістэма, але адсутнасць пашпартоў у сялян і сістэма прапіскі ў гарадах надзейна прымацоўвалі іх да калгасаў і саўгасаў. У сярэдзіне 1950-х г. пачалася рэабілітацыя ахвяр паліт. рэпрэсій. Важнае значэнне мела пастанова ЦККПСС ад 30.6.1956 «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». Пленум ЦККПБ (28.7.1956) 2-і раз з часу існавання КПБ выбраў 1-м сакратаром ЦК беларуса К.Л.Мазурава. Аддавалася ўвага развіццю бел.нац. школы, мовы, л-ры і культуры. Аднак арыентацыя кіруючых парт.-дзярж. органаў на двухмоўе вяла да ўзмацнення ўплыву рус. мовы, асабліва сярод гар. насельніцтва. У 1956—60 штогод у чл.
КПБ прымалася 9—15 тыс.чал., канд.
у чл. — 11—18 тыс. XXV з’езд КПБ (26—28.9.1961) адобрыў праекты 3-й Праграмы і Статута КПСС. У 1963 па ўказанні ЦККПСС праведзена рэарганізацыя кіруючых органаў КПБ: створаны Прэзідыум ЦК, Бюро ЦК па кіраўніцтве прам-сцю і будаўніцтвам, Бюро ЦК па кіраўніцтве сельскай гаспадаркай і адзіны кантрольны орган — К-тпарт.-дзярж. кантролю ЦККПБ і СМБССР. У выніку падзелу мясц.парт. органаў арганізаваны 12 абкомаў, 25 гаркомаў і гар. райкомаў, 23 к-ты па прамысл. зонах і 77 па вытв. калгасна-саўгасных упраўленнях. Аднак пасля змяшчэння з парт. і дзярж. пасад М.С.Хрушчова і абрання 1-м сакратаром ЦККПСС Л.І.Брэжнева ў ліст. 1964 адноўлены тэр.-вытв. прынцып пабудовы парт. органаў. У 1964 у КПБ прынята 22 348 чл. і 23 730 канд. у чл. (самы высокі гадавы прыём за ўвесь час існавання). XXVI (3—5.3.1966), XXVII (22—24.2.1971), XXVIII (4—6.2.1976), XXIX (27—29.1.1981) і XXX (30—31.1.1986) з’езды КПБ праходзілі па звычайнай схеме: абмяркоўваліся асн. кірункі эканам. і сац. развіцця, адабраліся дырэктывы па 5-гадовых планах, адзначаліся поспехі ў развіцці прам-сці, сельскай гаспадаркі, сац. сферы, навукі і культуры. Значная ўвага аддавалася новым галінам індустрыі: хім. і нафтахімічнай, радыёэлектроніцы і інш. На кожным з’ездзе адзначаліся традыц. недахопы: маруднае ўкараненне дасягненняў навукі, тэхнікі, перадавых тэхналогій, нізкая прадукцыйнасць працы і якасць прадукцыі, нерацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных і прыродных рэсурсаў і інш. У 1973—74 праведзены абмен парт. дакументаў, які разглядаўся як сродак умацавання парт. радоў і павышэння дзейнасці ўсіх парт. арг-цый. У 1961—66 канд. у чл.КПБ штогод прымалася ў сярэднім 21 тыс.чал. (прырост складаў 8,5%), у 1966—71—17 тыс. (4,1%), у 1971—76—16,6 тыс. (2,8%). З 1977 да 1990 прыём захоўваўся на ўзроўні амаль 21 тыс.чал. у год. Асн. ўвага скіроўвалася на рост КПБ за кошт рабочых, колькасць служачых абмяжоўвалася 27—28% ад усіх прымаемых. Паніжаўся працэнт калгаснікаў, якія жадалі ўступіць у партыю. У 1977 новая Канстытуцыя СССР (арт. 6) замацавала палажэнне аб кіруючай ролі КПСС у грамадстве, прадубліраванае ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. З 1970-х г. усё больш выразна пачаў праяўляцца эканам. і паліт. крызіс сав. грамадства. Нежаданне парт. кіраўніцтва пачаць карэнную перабудову ў краіне, сказаць народу пра сапраўдныя прычыны крызісу курсу на пабудову камунізму сталі прычынай зніжэння аўтарытэту партыі. Асабліва яскрава гэта выявілася пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986. Хоць на Беларусі эканам. паказчыкі былі лепшыя, чым у інш. рэгіёнах СССР, мела месца паліт. стабільнасць, аднак змены адбываліся марудна, не закраналі асноў парт.-дзярж.адм. сістэмы. Паліт. гучанне набывалі пытанні нац. адраджэння, развіцця бел. мовы і культуры. Паводле пастановы Бюро ЦККПБ ад 11.1.1988 створана Камісія Бюро ЦК па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, якія мелі месца ў перыяд 1930—40-х і пач. 1950-х г. 4.3.1990 пачаліся першыя за многія дзесяцігоддзі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў на альтэрнатыўнай аснове. Яны расцягнуліся да снеж. 1991 і праходзілі ў вострай паліт. барацьбе. Камуністы захавалі большасць у Вярх. Савеце Рэспублікі. Працягваўся рост парт. арг-цый. Да канца 1990 колькасць чл. і канд. у чл.КПБ дасягнула 697 608 чал. Але кіраўніцтва партыі пачало страчваць аўтарытэт. На XXXI з’ездзе КПБ (28.11—1.12.1990) упершыню вострая крытыка прагучала ў адрас ЦККПСС і Ген. сакратара М.С.Гарбачова, узнята пытанне пра неабходнасць правядзення палітыкі, якая б адпавядала нац. інтарэсам. Аднак прычыны крызісу партыі глыбока не аналізаваліся. Упершыню выбары 1-га сакратара ЦККПБ праведзены на альтэрнатыўнай аснове непасрэдна на з’ездзе. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 31.1.1991 набыў сілу Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», што ўзмацніла працэс пераходу да шматпартыйнасці на Беларусі. 4-я сесія Вярх. Савета БССР (чэрв. 1990) прыняла рашэнне аб дэпартызацыі дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый. За 1990 з КПБ добраахвотна выйшлі 53 346 чал., у т. л. 31 168 рабочых, было выключана 22 218 чал., з іх 87,5% за парушэнне парт., дзярж. і працоўнай дысцыпліны. 25.8.1991 Вярх. СаветБССР прыняў пастанову «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС—КПБ на тэрыторыі Беларусі». Гэта азначала заканадаўчую забарону дзейнасці КПБ. 19.9.1991 БССР перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. 10.12.1991 паводле пастановы Вярх. Савета «Аб уласнасці КПСС—КПБ» уласнасць Кампартыі перададзена дзяржаве. Пасля дэнансацыі дагавора 1922 аб утварэнні СССР (гл.Белавежскія пагадненні 1991) існаванне КПБ як неад’емнай часткі КПСС страціла сэнс. Пераемніцай КПБ абвясціла сябе Партыя камуністаў беларуская (ПКБ, зарэгістравана 26.5.1992). У лют. 1993 Вярх. Савет адмяніў сваю пастанову ад 25.8.1991. Да гэтага часу парт. структура распалася. XXXII з’езд КПБ (нечарговы, май 1993) і II з’езд ПКБ прынялі рашэнне аб аб’яднанні. Але стварыць адзіную Кампартыю не ўдалося. 2.11.1996 адбыўся XXXIII (I аднаўленчы) з’езд КПБ. Старшынёй Савета партыі абраны Я.Я.Сакалоў, 1-м сакратаром ЦК — В.В.Чыкін. У пач. 1998 партыя налічвала больш за 7 тыс. членаў (гл. таксама арт. пра кожны з’езд КПБ). Кіруючыя органы КПБ узначальвалі А.Ф.Мяснікоў (1917—19), В.С.Міцкявічус-Капсукас (1919—20), В.Г.Кнорын (1920—22, 1927—28), В.А.Багуцкі (1922—24), А.М.Асаткін-Уладзімірскі (1924), А.І.Крыніцкі (1924—27), Я.Б.Гамарнік (1928—29), К.В.Іей (1930—32), М.Ф.Гікала (1932—37), В.Ф.Шаранговіч (1937), А.А.Волкаў (1937—38), П.К.Панамарэнка (1938—47), М.І.Гусараў (1947—50), М.С.Патолічаў (1950—56), К.Т.Мазураў (1956—65), П.М.Машэраў (1965—80), Ц.Я.Кісялёў (1980—83), М.М.Слюнькоў (1983—87), Я.Я.Сакалоў (1987—90), А.А.Малафееў (1990—93), Сакалоў і В.В.Чыкін (з 2.11.1996).
Літ.:
КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1. Мн., 1934;
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 1. 2 изд Мн., 1968;
Ч. 2. Мн., 1967;
Хроника важнейших событий истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2—3. Мн., 1970—80;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;
Машеров П.М. Избранные речи и статьи. Мн., 1982;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1—6. Мн., 1983—87;
По воле народа: Из истории образования БССР и создания Коммунистіческой партии Белоруссии: Док. и материалы. Мн., 1988;
Коммунистическая партия Белоруссии в цифрах, 1918—1988. 2 изд. Мн., 1988;
Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;
Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945. Ч. 1. Мн., 1990;
Страницы истории Компартии Белоруссии;
суждения, аргументы, факты. Мн., 1990;
Чарвякоў А.Р. ...Я ніколі не быў ворагам: Выбр.арт. і прамовы;
Успаміны сучаснікаў. Мн., 1992;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.
В.Ф.Кушнер.
Даты і месца з’ездаў, колькасць прадстаўленых на з’ездзе камуністаў, колькасны склад Кампартыі Беларусі
З’езд, месца правядзення
Дата правядзення
Прадстаўлена на з’ездзе
Колькасны склад партыі на 1 студз. адпаведнага года
чл. партыі
канд. у чл. партыі
чл. партыі
канд. у чл. партыі
1
2
3
4
5
6
I з’езд КП(б)Б, Смаленск
30—31.12.1918
17 771
не было
на снеж. 1918
17 771
не было
II з’езд КП(б)Б, Вільня
4—6.3.1919
17 636
не было
на сак. 1919
7652
не было
III з’езд КП(б)Б, Мінск
22—26.11.1920
1700
не ўлічана
на ліст. 1920
1700
не ўлічана
IV з’езд КП(б)Б, Мінск
25.2—1.3.1921
3000
не ўлічана
звесткі не выяўлены
звесткі не выяўлены
V з’езд КП(б), Мінск
15—20.10.1921
3325
не ўлічана
на вер. 1921
2889
1360
VI з’езд КП(б)Б, Мінск
15—19.3.1922
5150
4445
1439
VII з’езд КП(б)Б, Мінск
20—26.3.1923
3850
з камуністамі вайсковых часцей
2890
600
VIII з’езд КП(б)Б1, Мінск
12—14.5.1924
10 438 (разам з камуністамі вайсковых часцей 13 975)
2946
1052
IX з’езд КП(б)Б, Мінск
8—12.12.1925
8912
6163
на 1.1.1926
9458
7265
X з’езд КП(б)Б, Мінск
3—10.1.1927
16 170 (разам з камуністамі вайсковых часцей
30 955)
9455
16 170
9455
XI з’езд КП(б)Б, Мінск
22—29.11.1927
23 735 (разам з камуністамі вайсковых часцей)
11 392
на 1.1.19282
19 333
10 137
XII з’езд КП(б)Б, Мінск
5—16.2.1929
29 330 (разам з камуністамі вайсковых часцей 41 207)
11 877
23 950
9431
XII з’езд КП(б)Б, Мінск
30.5—12.6.1930
27 692 (разам з камуністамі вайсковых часцей 46 806)
11 564
27 011
9297
XIV з’езд КП(б)Б, Мінск
23—29.1.1932
46 958 (разам з камуністамі вайсковых часцей)
28 280
37 944
21 231
XV з’езд КП(б)Б3, Мінск
16—22.1.1934
26 861 (разам з камуністамі вайсковых часцей і чыг. транспарту 65 119)
11 048
26 861
11 048
XVI з’езд КП(б)Б, Мінск
10—19.6.1937
24 549
9029 (разам з камуністамі вайсковых часцей і чыг. транспарту 47 000)
24 7354
9093
XVII з’езд КП(б)Б, Мінск
10—18.6.1938
22 784
8742
22 990
8613
XVIII з’езд КП(б)Б, Мінск
15—20.5.1940
36 388
23 465
33 869
24 084
XIX з’езд КП(б)Б, Мінск
15—18.2.1949
91 554
18 652
90 976
19 134
XX з’езд КП(б)Б, Мінск
20—23.9.1952
107 252
20 184
на 1.1.1953
108 017
19 199
XXI з’езд КПБ, Мінск
10—13.2.1954
119 865
10 161
118 895
10 690
XXII з’езд КПБ, Мінск
24—27.1.1956
132 414
12 655
132 414
12 655
XXIII з’езд КПБ, Мінск
14—15.1.1959
168 716
19 193
168 716
19 193
XXIV з’езд КПБ, Мінск
17—19.2.1960
183 855
19 592
183 855
19 592
XXV з’езд КПБ, Мінск
26—28.9.1961
214 399
25 954
на 1.1.1962
223 699
25 969
XXVI з’езд КПБ, Мінск
3—5.3.1966
320 622
22 421
320 622
22 421
XXVII з’езд КПБ, Мінск
22—24.2.1971
412 873
21 654
412 873
21 654
XXVIII з’езд КПБ, Мінск
4—6.2.1976
485 671
20 558
485 671
20 558
XXIX з’езд КПБ, Мінск
27—29.1.1981
572 313
22 998
572 313
22 998
XXX з’езд КПБ, Мінск
30—31.1.1986
645 754
22 226
645 754
22 226
XXXI з’езд КПБ, Мінск
28.11—1.12.1990
больш за 600 000
685 270
12 338
XXXII з’езд КПБ (аб’яднаўчы з ПКБ)
29—30.5.1993
дакладных звестак няма
дакладных звестак няма
XXXIII з’езд КПБ (I аднаўленчы)
2.11.1996
1160
каля 7000
1 На 1.1.1924 у тэрытарыяльных арг-цыях КП(б)Б налічвалася 2946 чл. і 1052 канд. ў чл. партыі (усяго 3998 чал.). На момант VIII з’езда КП(б)Б налічвала 10 438 чл. і канд. у чл. партыі.
2 На 1.1.1928 у тэрытарыяльных арг-цыях КП(б)Б налічвалася 29 470 камуністаў.
3 Звесткі пра колькасць прадстаўленых на з’ездзе дадзены без уліку камуністаў парт. арг-цый чыгуначнага транспарту і вайсковых часцей. На 1.1.1934 на ўлік у парт. арг-цыі чыгуначнага транспарту было перададзена 4589 чл. і канд. у чл. партыі.
4 Без уліку камуністаў чыгуначнага транспарту. На 1.6.1936 там працавалі 3294 камуністы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рэспубліка Беларусь на міжнароднай арэне
Фарміраванне асноў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на актывізацыю знешнепаліт. дзейнасці і пашырэнне міжнар. сувязей рэспублікі ў пасляваен. дзесяцігоддзі, пэўную эвалюцыю іх зместу і форм, яны не падняліся на якасна новую ступень, а іх узровень і практычныя вынікі не адпавядалі эканам., навукова-тэхн. і культурнаму патэнцыялу Беларусі, запатрабаванням яе сац.-эканам. і культурнага развіцця. Артыкул 28 Канстытуцыі БССР 1978 зацвердзіў, што рэспубліка «ў знешнепалітычнай дзейнасці кіруецца мэтамі, задачамі і прынцыпамі знешняй палітыкі СССР, вызначанымі Канстытуцыяй СССР». Канстытуцыя СССР 1977 адносіла да кампетэнцыі Саюза ССР устанаўленне агульнага парадку і каардынацыю адносін саюзных рэспублік з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, прадстаўніцтва СССР у міжнар. адносінах, сувязі СССР з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, знешні гандаль і інш. віды знешнеэканам. дзейнасці на аснове дзярж. манаполіі. Закон СССР аб парадку заключэння, выканання і дэнансацыі міжнар. дагавораў 1978 канкрэтызаваў і пашырыў паўнамоцтвы саюзных рэспублік у рэалізацыі міжнар.-прававой кампетэнцыі Саюза ССР. Але ўвогуле прававыя асновы нац.-дзярж. будаўніцтва СССР у галіне міжнар. дзейнасці, закладзеныя ў 1944, закансерваваліся ў пасляваен. перыяд, не былі дапоўнены неабходнымі юрыд., палітыка-дыпламат. і арганізац.-практычнымі мерапрыемствамі. Пэўнае ажыўленне знешнепаліт. дзейнасці Беларусі адбылося ў час перабудовы. Гэта выявілася найперш у актывізацыі замежных сувязей з Польшчай і інш. дзяржавамі, развіцці знешнегандл., культурных і гуманітарных кантактаў з зах. краінамі, пастаноўцы Чарнобыльскай праблемы на форуме нацый, развіцці міжпарламенцкіх сувязей, павароце да бел. эміграцыі, дыпламат. намаганнях, скіраваных на рэалізацыю нац. інтарэсаў бел. народа. На міжнар. арэне БССР не выступала як самастойны суб’ект еўрап. і сусв. палітыкі, не набыла міжнар.-прававога прызнання як суверэнная і незалежная дзяржава. Рэспубліка не мела дыпламат. адносін ні з адной дзяржавай свету, а яе прадстаўніцтвы пры міжнар. арг-цыях фактычна з’яўляліся філіяламі агульнасаюзных прадстаўніцтваў. Толькі дасягненне рэальнага суверэнітэту адкрыла перад Беларуссю перспектыву ўваходжання ў сусв. супольнасць дзяржаў і правядзення знешняй палітыкі ва ўласных нац. інтарэсах.
Пасля абвяшчэння незалежнасці 25.8.1991 і дэнансацыі Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь 10.12.1991 Саюзнага дагавора Беларусь выйшла на міжнар. арэну ў дзвюх якасцях: як новая незалежная дзяржава і як еўрап. краіна, якая мае глыбокія гістарычныя традыцыі дзяржаўнасці і знешняй палітыкі. Рэспубліка Беларусь з’яўляецца спадкаемніцай дзяржаў, што існавалі на тэр. Беларусі. З набыццём незалежнасці пачаўся новы перыяд у гісторыі бел. дзяржаўнасці і знешнепаліт. дзейнасці Беларусі. Ён вызначаецца станаўленнем знешняй палітыкі і дыпламатыі Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з Дэкларацыяй аб дзярж. суверэнітэце, актамі аб самаліквідацыі СССР і ўтварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) Вярх. Савет і ўрад Рэспублікі Беларусь заявілі аб будаўніцтве незалежнай дзяржавы і правядзенні самаст. унутранай і знешняй палітыкі. Канстытуцыя краіны замацавала абавязацельствы дзяржавы зыходзіць у сваёй знешняй палітыцы з агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права, якія абвешчаны прыярытэтнымі над нац. заканадаўствам. Канстытуцыйную сілу набылі палажэнні Дэкларацыі аб дзярж. суверэнітэце аб ператварэнні Беларусі ў нейтральную краіну і бяз’ядзерную зону.
Канстытуцыйна-прававую базу бел. знешняй палітыкі складалі: Дэкларацыя Вярх. Савета БССР «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» ад 27.7.1990, Заява Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь «Аб прынцыпах знешнепаліт. дзейнасці Рэспублікі Беларусь» ад 3.10.1991, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15.3.1994, змененая і дапоўненая 24.11.1996, Канцэпцыя нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджаная Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у ліп. 2001 (1-я рэдакцыя 1995), Ваен. дактрына Рэспублікі Беларусь, зацверджаная Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у студз. 2002 (1-я рэдакцыя 1992), інш. дакументы, прынятыя Прэзідэнтам, Вярх. Саветам і Нац. сходам Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць дзейнасць дзярж. органаў улады ў галіне знешняй палітыкі, а таксама агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнар. права, зафіксаваныя ў Статуце ААН, Хельсінкскім Заключным акце, Парыжскай хартыі для новай Еўропы і інш. дакументах АБСЕ. У адрозненне ад большасці замежных дзяржаў у Рэспублікі Беларусь пакуль што няма афіцыйна прынятай канцэпцыі знешняй палітыкі. У пач. 21 ст. сфарміраваліся асн. прынцыпы бел. знешняй палітыкі, да якіх адносяцца: адпаведнасць знешнепаліт. мэт нац. рэсурсам, прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права, развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, добраахвотнасць уваходжання і ўдзелу ў міждзярж. утварэннях, адданасць палітыцы паслядоўнай дэмілітарызацыі міжнар. адносін, адсутнасць тэр. прэтэнзій да памежных дзяржаў і непрызнанне тэр. прэтэнзій да Рэспублікі Беларусь. Стратэгічныя мэты знешняй палітыкі Беларусі: абарона суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы, абарона інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы, захаванне бяз’ядзернага статуса. Сярод асн. задач бел. знешняй палітыкі: стварэнне знешніх умоў для павышэння дабрабыту народа, умацавання паліт., эканам., культурнага і духоўнага патэнцыялу дзяржавы; раўнапраўная інтэграцыя Беларусі ў сусв.паліт., эканам., навук., культурную і інфармацыйную прастору; садзейнічанне пабудове стабільнага, справядлівага, дэмакр. светапарадку, заснаванага на прынцыпах міжнар. права; фарміраванне добрасуседскіх адносін з памежнымі дзяржавамі; абарона правоў і інтарэсаў грамадзян Беларусі за мяжой. Асн. прыярытэтныя кірункі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь: развіццё ўзаемавыгадных адносін з Рас. Федэрацыяй; развіццё стабільных адносін з Еўрап. Саюзам і дзяржавамі — яго ўдзельніцамі; умацаванне супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД; удзел у Еўразійскім эканам. супольніцтве; падтрыманне і развіццё сяброўскіх адносін з суседнімі дзяржавамі; развіццё сяброўскіх адносін з усімі еўрап. дзяржавамі з мэтай дасягнення Беларуссю статуса раўнапраўнага ўдзельніка агульнаеўрап. інтэграцыйных працэсаў; развіццё раўнапраўных адносін з ЗША; развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з дзяржавамі Азіі (у першую чаргу з Кітаем, Індыяй, Японіяй), арабскага свету, Афрыкі; павышэнне ўзроўню паліт. і эканам. супрацоўніцтва з краінамі Лац. Амерыкі; садзейнічанне ўмацаванню кансалідуючай ролі ААН на глабальным і рэгіянальным узроўнях; удзел Беларусі ў шматбаковым супрацоўніцтве як фактару інтэграцыі краіны ў сусв. супольніцтва; развіццё шматбаковага супрацоўніцтва па пытаннях міжнар. бяспекі і раззбраення, прадухілення і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; супрацоўніцтва з НАТО па пытаннях мер даверу і бяспекі ў ваен. сферы, забеспячэнне еўрап. бяспекі і стабільнасці, барацьбы з тэрарызмам, нелегальнай міграцыяй, аховы граніц, нац. бяспекі; падтрымка асн. падыходаў Руху недалучэння да праблем усеаг. і рэгіянальнай бяспекі, да выраўноўвання базавых умоў развіцця краін незалежна ад іх эканам. патэнцыялу.
Са снеж. 1991 пачаўся працэс міжнар. прызнання Рэспублікі Беларусь. Першымі дзяржавамі свету, якія прызналі незалежнасць Беларусі і ўстанавілі з ёй дыпламат. адносіны, былі Украіна і ЗША (27 і 28.12.1991 адпаведна). На працягу 1992 адбылося поўнае міжнар. прызнанне Рэспублікі Беларусь. На 1.7.2003 яна мела дыпламат. адносіны са 156 дзяржавамі свету. Краіну за мяжой прадстаўляюць 53 дыпламат. прадстаўніцтвы ў 46 краінах свету, у т. л. 44 пасольствы, 2 пастаянныя прадстаўніцтвы пры міжнар. арг-цыях, 6 ген. консульстваў, 1 консульства; 10 бел. паслоў акрэдытаваны па сумяшчальніцтве ў 16 краінах. За мяжой таксама функцыянуюць 12 аддзяленняў пасольстваў Беларусі: 10 у рэгіёнах Рас. Федэрацыі, 1 у Боне (Германія), 1 у Алматы (Казахстан). На Беларусі дзейнічаюць 34 пасольствы, 13 консульскіх устаноў, 12 прадстаўніцтваў міжнар. арг-цый, у т. л. Выканаўчы к-т і Эканам. суд СНД; па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь акрэдытавана 80 паслоў замежных дзяржаў. Значна пашырылася дагаворна-прававая база міжнар. адносін Беларусі з замежнымі краінамі і міжнар. арг-цыямі. На 1.7.2003 Беларусь ажыццяўляе выкананне 2701 міжнар. дагавора, з іх 1378 двух- і 1323 шматбаковыя; падпісана 47 інвестыцыйных і 76 гандл.-эканам. пагадненняў. Беларусь значна пашырыла свой удзел у міжнар. універсальных і рэгіянальных арг-цыях.
У пач. 1990-х г. прыярытэтнымі кірункамі знешняй палітыкі Беларусі з’яўляліся: умацаванне рэальнага суверэнітэту і незалежнасці, супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД у развіцці паліт. і эканам. інтэграцыі на постсав. прасторы, наладжванне добрасуседскіх адносін з суседнімі дзяржавамі, ператварэнне краіны ў бяз’ядзерную і нейтральную дзяржаву, «вяртанне ў Еўропу» і развіццё сувязей з краінамі Захаду, міжнар. дапамога ў ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы 1986. Да сярэдзіны 1990-х г. па гэтых кірунках дасягнуты значныя вынікі. Беларусь зрабіла істотны ўклад ва ўмацаванне міжнар. бяспекі ў галіне ядзернага раззбраення і кантролю над узбраеннямі. Яна атрымала ў спадчыну ад СССР самую вышэйшую ў свеце канцэнтрацыю ваенных: 1 ваенны на 43 цывільныя асобы. Спатрэбілася шмат сіл і сродкаў для скарачэння арміі са 160 да 80 тыс.чал. У адпаведнасці з Дагаворам аб звычайных узбр. сілах у Еўропе (ДЗУСЕ), да якога дзяржава далучылася ў 1992, Беларусь знішчыла каля 10% узбраенняў і тэхнікі, ліквідаваных усімі 30 дзяржавамі — удзельніцамі ДЗУСЕ. Да канца 1996 Беларусь выканала ўмовы дагавора, што патрабавала ад яе значных фін. сродкаў. У сувязі з гэтым у 1995 рэалізацыя ДЗУСЕ была часова прыпынена. Беларусь стала першай краінай, якая ратыфікавала Пагадненне аб адаптацыі ДЗУСЕ у 2000. У 1992 за межы краіны была выведзена тактычная ядзерная зброя. У 1993 бел. парламент ратыфікаваў Дагавор аб стратэгічных наступальных узбраеннях (СТАРТ-1) і Лісабонскі пратакол 1992, які прадугледжвае далучэнне Беларусі да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў якасці няядзернай дзяржавы. У 1993 Рэспубліка Беларусь падпісала Канвенцыю аб забароне хім. зброі, у 1996 — Дагавор аб усеаг. забароне выпрабаванняў ядзернай зброі. У ліст. 1996 з тэр. Беларусі выведзена стратэгічная ядзерная зброя і яна дэ-факта стала бяз’ядзернай дзяржавай. Паслядоўная палітыка Беларусі ў сферы ядзернага раззбраення атрымала высокае міжнар. прызнанне. Яна з’яўляецца ўдзельнікам усіх асноўных дамоўленасцей у галіне нераспаўсюджвання: Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, Канвенцыі аб забароне хім. зброі, Канвенцыі аб забароне біял. і таксічнай зброі, Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў; у 1995 падпісала пагадненне аб гарантыях з МАГАТЭ. Прыняцце Беларусі ў Групу ядзерных пастаўшчыкоў у 2000 засведчыла поўную адпаведнасць бел. сістэмы экспартнага кантролю міжнар. нормам. У 2002 Беларусь стала ўдзельніцай Гаагскага кодэкса паводзін па прадухіленні распаўсюджвання балістычных ракет. У 1998 на 53-й сесіі Ген. Асамблеі па ініцыятыве бел. дэлегацыі прынята рэзалюцыя «Рэгіянальнае раззбраенне», у якой ухвалена бел. прапанова аб стварэнні ў Цэнтр. і Усх. Еўропе прасторы, свабоднай ад ядзернай зброі. У 2002 на 57-й сесіі Ген. Асамблеі Беларусь стала ініцыятарам праекта рэзалюцыі «Забарона распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі», прынятай без галасавання. У рамках Венскага дакумента 1999 перагавораў па мерах умацавання даверу і бяспекі (МДБ) у 2001 дасягнута паліт. дамоўленасць аб дадатковых МДБ з Літвой, падпісана міжурадавае пагадненне аб дадатковых МДБ з Украінай. У 2004 былі дасягнуты аналагічныя паліт. дамоўленасці з Латвіяй (4.3.2004) і Польшчай (21.7.2004). У 2001 Беларусь ратыфікавала Дагавор аб адкрытым небе. З 1994 бел. кіраўніцтва выступала супраць пашырэння НАТО на Усход і прасоўвання блока да межаў Беларусі, бо лічыла гэта вялікай гіст. памылкай Захаду; заяўляла, што існаванне НАТО пасля распаду Варшаўскага дагавора не выклікана гіст. неабходнасцю, і прапаноўвала альянсу самараспусціцца ці сур’ёзна рэфармавацца. Беларусь выступае за стварэнне сістэмы еўрап. бяспекі без падзяляльных граніц і пры ўмацаванні каардынуючай ролі АБСЕ.
Пасля абрання ў ліп. 1994 прэзідэнтам дзяржавы А.Р.Лукашэнкі пачаўся новы этап у гісторыі суверэннай Беларусі і яе знешняй палітыкі. Значна зменены знешнепаліт. дактрына і механізм распрацоўкі і рэалізацыі бел. знешняй палітыкі. У 1995 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь сфармуляваў наступныя знешнепаліт. прыярытэты дзяржавы: умацаванне суверэнітэту краіны; узмацненне шматбаковага і двухбаковага супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД пры паглыбленні адносін з Расіяй; развіццё адносін з дзяржавамі Захаду, у т. л.Цэнтр. і Усх. Еўропы; стварэнне спрыяльных умоў для супрацоўніцтва з міжнар. арг-цыямі. У канцы 1990-х г. быў абвешчаны курс на шматвектарную знешнюю палітыку, што праявілася ў актывізацыі сувязей з дзяржавамі Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі і ўступленні Беларусі ў 1998 у Рух недалучэння, а таксама вылучана канцэпцыя стварэння «пояса добрасуседства» вакол Рэспублікі Беларусь. Аднак паляпшэння адносін з Польшчай і краінамі Балтыі, як і нармалізацыі адносін з краінамі Еўрасаюза, ЗША і Захадам увогуле, дасягнуць не ўдалося. Фарміраванне пояса добрасуседства абумоўлена для Беларусі, якая знаходзілася ў складаных адносінах з Захадам, неабходнасцю працягвання палітыкі «прагматычнага рэалізму» з зах. суседзямі, выкарыстання трансп. калідораў суседніх краін у інтарэсах бел. эканомікі, аднаўлення і развіцця гандл.-эканам. і навук.-тэхн. кааперацыі краін-суседзяў, вырашэння экалагічных праблем, прыцягнення патэнцыялу бел. дыяспары з мэтай садзейнічання эфектыўнаму правядзенню знешнепаліт. і знешнеэканам. курса Беларусі адносна адпаведных краін. Бел. канцэпцыя фарміравання «пояса добрасуседства» па перыметры сваіх зах. і паўд. межаў дапаўняе і ўраўнаважвае рас. інтэграцыйны вектар знешняй палітыкі, накіраваны на ўсход і паўн. ўсход. Асн. кампанентамі гэтага пояса з’яўляюцца фарміраванне паліт., ваен., эканам., экалагічнай, культурнай і інфармацыйнай прасторы бяспекі, супрацоўніцтва і стабільнасць у адносінах з зах. прыгранічнымі дзяржавамі, а таксама Украінай.
Пасля канстытуцыйнага рэферэндуму (ліст. 1996) адносіны з Захадам ускладніліся. АБСЕ, Савет Еўропы, Еўрап. Саюз, зах. дзяржавы не прызналі яго вынікі і ўвялі абмежавальныя меры ў адносінах да Рэспублікі Беларусь. Савет Еўропы прыпыніў статус спецыяльна запрошанай краіны, а Еўрасаюз — дзеянне Пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве. ЗША аб’явілі палітыку «выбарчага ўдзелу», якая прадугледжвае спыненне кантактаў з бел. кіраўніцтвам і падтрымку інстытутаў цывільнага грамадства на Беларусі. Пры гэтым Захад заявіў, што яго мэтай з’яўляецца не ізаляцыя Беларусі, а вяртанне яе ў сям’ю цывілізаваных еўрап. краін, на шлях дэмакратыі і рыначных рэформ.
Знешняя палітыка адыгрывала асаблівую ролю ў забеспячэнні ўнутранай трансфармацыі Беларусі. Ва ўмовах станаўлення нац. дзяржаўнасці, карэнных сац.-эканам. і паліт. пераўтварэнняў менавіта знешняя палітыка дзяржавы дэманстравала свету характар і накіраванасць перамен, якія адбываліся ў краіне. Гал. мэтай і нязменнай задачай знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з моманту абвяшчэння незалежнасці была адаптацыя да сістэмы міжнар. зносін, што склаліся пасля «халоднай вайны» і распаду СССР. Такая адаптацыя адбывалася ў 3 узаемазвязаных кірунках: адукацыя, прафесіяналізацыя і міжнар.-паліт. сацыялізацыя новых кіруючых колаў і эліт Беларусі, першапачаткова амаль незнаёмых з міжнар. сферай; фарміраванне знешнепаліт. механізму і знешнепаліт. працэсу новай дзяржавы; упісанне Беларусі ў рэаліі постсав. свету на падставе набыцця ёю комплексу знешніх інтарэсаў, новай міжнар. ідэнтычнасці і адпрацоўкі ўзаемадзеяння з інш. суб’ектамі міжнар. адносін. Знешняя палітыка Беларусі, як і любой інш. дзяржавы, абумоўлена найперш прыродай сац. сіл, што яе фарміруюць, ідэалогіяй і канкрэтнымі зацікаўленасцямі, забеспячэнне якіх дасягаецца сувязямі народа і дзяржавы са знешнім светам. На працягу першага 10-годдзя незалежнасці ў краіне паступова складваліся новыя сац. структура, дзярж. ідэалогія, усведамленне і новае разуменне нац.-дзярж. інтарэсаў. Гэтыя працэсы яшчэ далёка не завершаны.
На Беларусі склаўся канстытуцыйна-прававы механізм распрацоўкі і прыняцця знешнепаліт. рашэнняў. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці са сваімі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі ажыццяўляе кіраўніцтва знешняй палітыкай краіны і прадстаўляе яе ў міжнар. зносінах. Савет Бяспекі ажыццяўляе падрыхтоўку рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне забеспячэння нац. бяспекі, аналіз узаемасувязей знешніх і ўнутраных пагроз нац. бяспецы і іх улік пры рэагаванні на гэтыя пагрозы. Нац. сход вядзе заканадаўчую работу па забеспячэнні знешнепаліт. і знешнеэканам. курсу дзяржавы і выканання яе міжнар. абавязацельстваў. Практычная рэалізацыя знешнепаліт. і знешнеэканам. курсу дзяржавы ўскладзена на ўрад Рэспублікі Беларусь. Міністэрства замежных спраў з’яўляецца асн. органам выканаўчай улады, які ажыццяўляе знешнепаліт. курс, зацверджаны Прэзідэнтам; каардынуе знешнепаліт. дзейнасць і замежныя сувязі органаў дзярж. і мясц. кіравання. Больш чым 10-гадовы вопыт самастойнага існавання суверэннай Беларусі сведчыць, што яна ў значнай ступені здзейснілася як еўрап. дзяржава з уласнымі геапаліт. традыцыямі, нац. інтарэсамі і знешнепаліт. прыярытэтамі. Краіна прасунулася па шляху ўмацавання незалежнасці і даказала здольнасць бел. нацыі і яе дзярж. структур да самаст. існавання. Аднак на шляху станаўлення знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь застаюцца аб’ектыўныя цяжкасці і нявырашаныя праблемы. Яе геапаліт. становішча характарызуецца далейшымі пошукамі сваёй міжнар. ідэнтычнасці.
Будынак Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Мінск.
Беларусь — адна з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Са жн. 1944, калі Сав. Саюз у Думбартан-Оксе (прыгарад Вашынгтона) упершыню ўнёс прапанову аб уключэнні ў склад Міжнар. арг-цыі бяспекі ўсіх 16 саюзных рэспублік, да мая 1945, калі Устаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска прыняла рашэнне аб уключэнні БССР і УССР у лік заснавальнікаў новай міжнар. арг-цыі, вакол пытання аб членстве сав. рэспублік вялася напружаная дыпламат. барацьба паміж СССР і яго зах. саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі. Асн. вехі гэтай барацьбы — канферэнцыі ў Думбартан-Оксе, Ялце і Сан-Францыска. Сав. кіраўніцтва пачало рыхтавацца да выхаду саюзных рэспублік на міжнар. арэну і стварэння іх уласных наркаматаў замежных спраў з вясны 1943, калі вызначыўся карэнны паварот у ходзе 2-й сусв. вайны на карысць антыгітлераўскай кааліцыі. У сувязі з распрацоўкай планаў пасляваен. ўладкавання свету, якім займаліся зах. дзяржавы, перад СССР рэальнай станавілася небяспека апынуцца ў адзіноцтве ці ў лепшым выпадку мець толькі некалькі саюзнікаў і ў будучай Міжнар. арг-цыі бяспекі, і на канферэнцыях па пытаннях пасляваен. мірнага ўрэгулявання. Каб умацаваць свае пазіцыі на міжнар. арэне, сав. кіраўніцтва вырашыла дамагацца т.зв. «множнага прадстаўніцтва» саюзных рэспублік у міжнар. арг-цыях і асамблеях. Першая такая спроба зроблена ў канцы 1943, калі сав. ўрад папрасіў прадаставіць асобнае членства ў Камісіі Аб’яднаных Нацый па ваен. злачынствах для 7 саюзных рэспублік, што панеслі найб. страты ў вайне (Украіны, Беларусі, Малдавіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Карэла-Фінскай ССР). Але ЗША і Вялікабрытанія адхілілі просьбу СССР, адмову яны матывавалі адсутнасцю ў рэспублік канстытуцыйных паўнамоцтваў для вядзення знешнепаліт. дзейнасці. Гэта падштурхнула сав. кіраўніцтва вярнуць рэспублікам знешнепаліт. паўнамоцтвы, якія яны дэлегавалі саюзнаму цэнтру пры ўступленні ў Саюз ССР. З улікам таго, што Вялікабрытанія магла разлічваць у міжнар. арг-цыях і на канферэнцыях на падтрымку дзяржаў — членаў Брытанскай Садружнасці нацый, а ЗША — абапірацца на галасы залежных ад іх краін Лац. Амерыкі, Сав. Саюз вырашыў таксама стварыць сабе шматгалосую падтрымку ў асобе саюзных рэспублік. Аднак ні Украінская ССР, ні Беларуская ССР, як і інш. саюзныя рэспублікі, не з’яўляліся ў поўным сэнсе суверэннымі дзяржавамі, а былі састаўнымі часткамі сав. саюзнай дзяржавы і цалкам падпарадкоўваліся саюзнаму цэнтру і парт.-дзярж. кіраўніцтву. На Маскоўскай канферэнцыі міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (кастр. 1943) яе ўдзельнікі выказаліся за стварэнне ў пасляваен. перыяд Міжнар. арг-цыі бяспекі, заснаванай на прынцыпах суверэннай роўнасці ўсіх міралюбівых дзяржаў. Гэтыя рашэнні пацверджаны на Тэгеранскай канферэнцыі кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (ліст.—снеж. 1943). У пач. 1944 разгарнулася праца па стварэнні новай міжнар. арг-цыі.
Юрыдычнай падставай для выхаду саюзных рэспублік на міжнар. арэну стаў закон Вярх. Савета СССР ад 1.2.1944 «Аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін і аб пераўтварэнні ў сувязі з гэтым Народнага камісарыята замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі народны камісарыят». Саюзныя рэспублікі атрымалі права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Адпаведныя змены ўнесены ў Канстытуцыю СССР. Вярх. СаветБССР 24.3.1944 прыняў закон «Аб стварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага камісарыята замежных спраў Беларускай ССР». У адпаведнасці з ім Канстытуцыя БССР была дапоўнена арт. 16 а, паводле якога рэспубліка атрымала права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. На канферэнцыі прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (21.8.—28.9.1944 у Думбартан-Оксе), перад якой стаяла задача папярэдняга абмеркавання пытанняў, звязаных са стварэннем новай міжнар. арг-цыі, кіраўнік сав. дэлегацыі А.А.Грамыка выступіў з патрабаваннем уключэння ўсіх 16 сав. саюзных рэспублік у лік яе першапачатковых дзяржаў-членаў. Супраць сав. патрабавання катэгарычна выступілі прэзідэнт ЗША Ф.Рузвельт і дзярж. сакратар К.Хэл. У пасланні Рузвельта да І.В.Сталіна ад 1.9.1944 адзначалася, што такое сав. патрабаванне можа паставіць пад пагрозу ўвесь праект стварэння міжнар. арг-цыі, і выказвалася гатоўнасць абмеркаваць гэта патрабаванне пасля таго, як яна пачне сваю працу. У адказе Сталіна Рузвельту ад 7.9.1944 падкрэслівалася выключна важнае значэнне, якое надаваў савецкі кіраўнік гэтаму пытанню. У ім гаварылася, што такія сав. рэспублікі, як Украіна і Беларусь, па колькасці насельніцтва і па паліт. значэнні пераўзыходзяць некаторыя дзяржавы, аднесеныя да ліку ініцыятараў стварэння новай арганізацыі. Сустрэўшы супраціўленне ЗША максімальнаму задавальненню сав. просьбы, Сталін паставіў Украіну і Беларусь у ліку першых рэспублік-кандыдатаў на першапачатковае членства ў арганізацыі. Збіраючыся на канферэнцыю ў Крым, Рузвельт у размове з сенатарамі заявіў, што ў выпадку просьбы Сталіна аб членстве 16 рэспублік, ён запатрабуе членства ўсіх 48 штатаў ЗША.
Да Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі (4—11.2.1945) урады СССР і ЗША падрыхтавалі кампрамісныя патрабаванні па працэдуры галасавання ў Савеце Бяспекі і першапачатковым членстве. Прапановы Вашынгтона па працэдуры галасавання ўлічылі пункт гледжання Масквы аб неабходнасці безумоўнага аднагалосся пастаянных членаў Савета Бяспекі па ўсіх найважнейшых пытаннях. Сав. ўрад, у сваю чаргу, адмовіўся ад патрабавання членства для ўсіх 16 рэспублік і вылучыў просьбу аб уключэнні ў лік заснавальнікаў арганізацыі трох ці, па меншай меры, дзвюх рэспублік: Украіны, Беларусі і Літвы. Аргументуючы просьбу, В.М.Молатаў падкрэсліў, што гэтыя рэспублікі панеслі найвялікшыя страты ў вайне і былі першымі тэрыторыямі, якія падвергліся ням. агрэсіі. Уключэнне Літвы ў формулу «тры» ці дзве савецкія рэспублікі» мела для сав. кіраўніцтва мэтай празандзіраваць магчымасць прызнання Захадам інкарпарацыі прыбалтыйскіх краін у склад СССР. Але паколькі ЗША і Вялікабрытанія па-ранейшаму адмаўляліся прызнаваць уключэнне Літвы, Латвіі і Эстоніі ў склад СССР, то яны адмоўна паставіліся да прапановы аб допуску Літвы ў першапачатковыя члены арганізацыі. У далейшым яе кандыдатура сав. урадам не прапаноўвалася. Рузвельт быў вымушаны пагадзіцца з сав. прапановай. Ён лічыў, што фактычная ўлада ў арганізацыі будзе належаць Савету Бяспекі; і таму не разглядаў як недарэчную прапанову Сталіна пра 2 дадатковыя галасы для Украіны і Беларусі. Рузвельт таксама пайшоў насустрач Сталіну, які гаварыў, што голас для Украіны неабходны для захавання «савецкага адзінства», г. зн. для захавання маналітнасці сав.шматнац. дзяржавы. Згода Рузвельта на допуск дзвюх сав. рэспублік у арганізацыю сустрэла незадавальненне шэрагу членаў дэлегацыі ЗША. Пад іх націскам прэзідэнт звярнуўся да У.Чэрчыля і Сталіна з просьбай даць таксама ЗША 2 дадатковыя галасы, на што тыя неадкладна пагадзіліся. Рузвельт і Чэрчыль пасля пэўных дэбатаў згадзіліся з просьбай Сталіна з улікам шырокага разумення міжнар. палітыкі. Яны палічылі сваім маральным абавязкам дапусціць у арганізацыю краіны, якія першымі прынялі на сябе ўдар фаш. Германіі, не скарыліся ворагу і зрабілі значны ўклад у агульную справу антыгітлераўскай кааліцыі. Дамоўленасць па Украіне і Беларусі па ініцыятыве Рузвельта і Чэрчыля была ўключана ў сакрэтны пратакол Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі. У пратаколе пасяджэння кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ад 11.2.1945 у раздзеле I «Сусветная арганізацыя» было запісана, што ўстаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый будзе склікана 25.4.1945 у ЗША; на яе павінны быць запрошаны Аб’яднаныя Нацыі па стане на 8.2.1945, а таксама нацыі, якія далучыліся да Аб’яднаных Нацый і аб’явілі вайну агульнаму ворагу да 1.3.1945. У час працы ўстаноўчай канферэнцыі дэлегаты Вялікабрытаніі і ЗША «падтрымаюць прапанову аб допуску да першапачатковага членства дзвюх Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, а іменна Украіну і Беларусь».
У Сав. Саюзе пра рашэнні Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі па пытанні членства УССР і БССР у новай міжнар. арг-цыі ведала вузкае кола асоб. Украіна і Беларусь, якія, паводле сталінскай тэрміналогіі, кваліфікаваліся як «дзве асноўныя рэспублікі СССР», з’яўляліся аб’ектам дыпламат. гульні. У сак. 1945 урады УССР і БССР, якія не атрымалі запрашэнняў на ўстаноўчую канферэнцыю Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска, па ўказанні з Масквы заявілі, што накіруюць на канферэнцыю свае дэлегацыі нават пры адсутнасці афіц. запрашэнняў. Гэты нечаканы ход сав. дыпламатыі абвастрыў рознагалоссі паміж СССР і зах. краінамі, распаліў атмасферу вакол падрыхтоўкі канферэнцыі ў Сан-Францыска. Адміністрацыя ЗША пры падтрымцы брытанскага ўрада энергічна пярэчыла супраць такога кроку, адзначала, што рашэнне Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі не прадугледжвала ўдзелу дэлегацый Украіны і Беларусі на Сан-Францыскай канферэнцыі. Аднак намаганнямі Молатава ўдалося дамагчыся згоды ад ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая падтрымаць на канферэнцыі сав. просьбу аб запрашэнні прадстаўнікоў Украіны і Беларусі ў Сан-Францыска. Перспектывы рэалізацыі ялцінскай дамоўленасці ўскладніліся пасля таго, як у ЗША у канцы сакавіка стала вядома пра тайнае пагадненне адносна дадатковых галасоў для СССР і ЗША. У краіне выбухнуў паліт. скандал. Праціўнікі Рузвельта з асяроддзя рэспубліканцаў адхілялі ў прынцыпе ідэю дадатковых галасоў, лічачы, што яна супярэчыць прыродзе міжнар. арг-цыі і прынцыпу суверэннай роўнасці дзяржаў. Палітыкі і аглядальнікі ўказвалі на тое, што Беларусь і Украіна не з’яўляюцца суверэннымі краінамі. Нават паплечнікі і сябры Рузвельта лічылі памылкай яго просьбу аб двух дадатковых галасах для ЗША. За тыдзень да смерці 5.4.1945 прэзідэнт Рузвельт на сваёй апошняй прэс-канферэнцыі падрабязна спыніўся на праблеме дадатковых галасоў для Украіны і Беларусі. Ён паведаміў, што яго ўрад не будзе прасіць у Сан-Францыска трох галасоў для ЗША, паколькі яны нічога не вырашаюць. 2.4.1945 ТАСС апублікавала паведамленне «Аб удзеле Украінскай ССР і Беларускай ССР у міжнароднай арганізацыі для падтрымання міру і бяспекі». У ім гаварылася, што на Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі сав. ўрад паставіў пытанне аб удзеле ў стварэнніміжнар. арг-цыі гэтых дзвюх рэспублік у якасці першапачатковых членаў, якое было падтрымана ЗША і Вялікабрытаніяй.
Канчаткова пытанне аб членстве Украіны і Беларусі ў міжнар. арг-цыі бяспекі вырашана на Устаноўчай канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска (25.4—26.6.1945). Канферэнцыя 27.4.1945 аднагалосна прыняла рашэнне пра ўключэнне Украінскай і Беларускай Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у лік першапачатковых членаў арг-цыі. Прапанову сав. ўрада, з якой выступіў кіраўнік дэлегацыі СССР Молатаў, падтрымалі кіраўнікі дэлегацый ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая, Ірана, Францыі, Бразіліі, Чэхаславакіі і Аўстраліі. 30.4.1945 таксама аднагалосна ўсе 47 краін-удзельніц канферэнцыі прагаласавалі за запрашэнне дэлегацый УССР і БССР на ўстаноўчы форум Аб’яднаных Нацый. За гэта рашэнне галасавалі і ўсе лацінаамерыканскія краіны ў абмен на дадзенае СССР абавязацельства падтрымаць запрашэнне Аргенціны. На 1-м пасяджэнні кіраўнікоў дэлегацый Кіруючага к-та 27 крас. ад імя ўрадаў УССР і БССР заявы зрабіў Молатаў. Заява ўрада БССР у адрас Сан-Францыскай канферэнцыі была падпісана Старшынёй СНКБССР П.К.Панамарэнкам і наркомам замежных спраў К.В.Кісялёвым (датавана 26.4.1945). У ёй гаварылася, што ўрад БССР, імкнучыся забяспечыць шчыры і эфектыўны ўдзел бел. народа ў дзейнасці Аб’яднаных Нацый, скіраванай на дасягненне міру і бяспекі, звяртаецца да канферэнцыі з заявай аб сваім жаданні далучыцца да міжнар. арг-цыі па падтрыманні міру і бяспекі ў якасці першапачатковага члена-заснавальніка і быць прадстаўленым на канферэнцыі ў Сан-Францыска. Адзначалася, што БССР як суверэнная дзяржава мае канстытуцыйныя прэрагатывы ў галіне міжнар. адносін, што дае ёй поўнае права і падставу прыняць удзел у міжнар. канферэнцыі Аб’яднаных Нацый. Падкрэсліваўся вялікі ўклад Беларусі ў барацьбу свабодалюбівых нацый супраць агульнага ворага — гітлераўскай Германіі. Заяўлялася, што БССР лічыць сваім правам і абавязкам удзельнічаць ва ўсеаг. арганізацыі бяспекі і канферэнцыі ў Сан-Францыска і што прынцыпу найб. поўнага і шырокага прадстаўніцтва ўсіх міралюбівых краін у гэтай арганізацыі былі б нанесены сур’ёзныя страты, калі б Бел. Рэспубліка не была прадстаўлена ў гэтай арганізацыі і на канферэнцыі, закліканай стварыць такую арганізацыю, і калі б вырашэнне праблем забеспячэння пасляваен. міру і бяспекі рабілася без удзелу прадстаўнікоў БССР.
1.5.1945 ген. сакратар Сан-Францыскай канферэнцыі А.Хіс накіраваў з Вашынгтона ў Мінск тэлеграму наркому замежных спраў Кісялёву, у якой паведамляў пра рашэнне канферэнцыі запрасіць БССР стаць паўнапраўным членам міжнар. арг-цыі, а яе прадстаўнікам неадкладна прыбыць для ўдзелу ў канферэнцыі. 30 крас. Прэзідыум Вярх. Савета БССР назначыў дэлегацыю БССР на Сан-Францыскую канферэнцыю ў складзе Кісялёва (кіраўнік дэлегацыі), Г.І.Байдакова, А.Р.Жэбрака, У.М.Перцава, Ф.П.Шмыгава. Дэлегацыя атрымала паўнамоцтвы падпісаць канчатковы тэкст Статута Усеаг. міжнар. арг-цыі для падтрымання міру і бяспекі пры ўмове яго наступнай ратыфікацыі ў адпаведнасці з законамі БССР. 8.5.1945 урадавая дэлегацыя БССР прыступіла да работы Сан-Францыскай канферэнцыі і зрабіла канструктыўны ўклад у распрацоўку Статута ААН. Дэлегацыя Беларусі адстойвала права вета пастаянных членаў Савета Бяспекі, выступала за ўключэнне ў Статут ААН палажэнняў аб самавызначэнні народаў і сац.-эканам. правах чалавека, забеспячэнні інтарэсаў каланіяльных і залежных народаў і краін, за дакладнае вызначэнне агрэсіі, строгае выкарыстанне санкцый да парушальнікаў Статута, пярэчыла допуску ў ААН франкісцкай Іспаніі. 23.5.1945 адбылася першая з моманту стварэння ў 1919 наркамата замежных спраў БССР прэс-канферэнцыя наркома замежных спраў рэспублікі. Кісялёў заявіў, што БССР будзе праводзіць самастойную знешнюю палітыку, якая ва ўсіх прынцыповых пытаннях супадае з пазіцыяй СССР. 26.6.1945 прадстаўнікі 50 дзяржаў, у т. л.СССР, УССР і БССР, падпісалі Статут ААН, Статут Міжнар. суда і Часовае пагадненне аб стварэнні Падрыхтоўчай камісіі. 30.8.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў Статут ААН. 24.10.1945 ратыфікацыйная грамата БССР была здадзена на захаванне, як і ратыфікацыйныя граматы СССР і УССР. У гэты ж дзень Статут ААН набыў сілу. Устаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска з’явілася першым міжнар. форумам 20 ст., у якім дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала на раўнапраўнай і правамоцнай аснове. Нягледзячы на тое, што бел. кіраўніцтва, вярх. органы ўлады рэспублікі не ставілі перад Сталіным, сав. кіраўніцтвам пытанне аб выхадзе на міжнар. арэну ці ўключэнні ў склад міжнар. арг-цыі, і тое, што яно было вырашана ў выніку дзейнасці сав. дыпламатыі, уваходжанне Беларусі ў склад першапачатковых членаў ААН мела вялікае гіст. значэнне, адпавядала нац. інтарэсам бел. народа. Подпіс БССР пад Статутам ААН азначаў, што сусв. супольніцтва фармальна прызнавала яе суверэннай і незалежнай дзяржавай. Рэспубліка атрымлівала ўсе прывілеі і імунітэты ААН, права выбірацца ў яе гал. органы, у т. л. ў Савет Бяспекі, магчымасць удзельнічаць у абмеркаванні сусв. праблем, даводзіць сваю пазіцыю да ААН, уносіць на яе разгляд свае прапановы і заўвагі. Больш за 40 гадоў ААН была для Беларусі адзіным акном у знешні свет. Рэспубліка Беларусь як адна з дзяржаў-заснавальніц ААН разглядае сваё членства ў ААН і яе спецыялізаваных установах і органах як велізарны паліт. капітал, адзін з прыярытэтных знешнепаліт. кірункаў дзейнасці дзяржавы, як важны кампанент інтэграцыі Беларусі ў сусв. супольнасць. У 2004 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічалі 11 праграм, агенцтваў і арг-цый сістэмы ААН: Праграма развіцця ААН (ПРААН), Дэпартамент грамадскай інфармацыі, Дзіцячы фонд ААН, Міжнар.арг-цыя працы, Упраўленне вярх. камісара ААН па справах бежанцаў, Аб’яднаная праграма ААН па ВІЧ/СНІДу, Міжнар. валютны фонд, Сусв. банк, Міжнар.фін. карпарацыя, Сусв.арг-цыя аховы здароўя і фонд ААН у галіне народанасельніцтва. Міжнар. арг-цыі, акрамя фінансавання праектаў і праграм, садзейнічаюць прыцягненню ў Беларусь тэхн. дапамогі для рэалізацыі праектаў.
Кіраўнік дэлегацыі БССР К.В.Кісялёў падпісвае Статут ААН. Сан-Францыска. 26.6.1945.
Беларусь і міжнародныя арганізацыі. Першая спроба ўстанаўлення адносін і ўдзелу Беларусі ў працы міжнар. канферэнцый і арг-цый адносіцца да перыяду мірнага ўрэгулявання пасля заканчэння 1-й сусв. вайны. Дэлегацыі БНР неафіцыйна ўдзельнічалі ў працы Парыжскай мірнай канферэнцыі (1919—20) і Генуэзскай міжнар. канферэнцыі па эканам. і фін. пытаннях (1922). БССР, як і інш.сав. рэспублікі, даручыла прадстаўляць свае інтарэсы на Генуэзскай канферэнцыі дэлегацыі РСФСР. 10.5.1922 БССР падпісала пагадненне з Эпідэмічнай камісіяй Лігі Нацый па пытаннях аховы здароўя і разам з РСФСР і УССР стала яе членам. Дэлегацыя БССР прыняла ўдзел у канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска (крас.—чэрв. 1945) і падпісала Статут ААН. Беларусь у ліку 51 дзяржавы з’яўляецца дзяржавай-заснавальніцай, першапачатковым членам ААН. У жн. 1945 Беларусь уступіла ў Адміністрацыю Аб’яднаных Нацый па дапамозе і аднаўленні краін, якія пацярпелі ў гады 2-й сусв. вайны (ЮНРРА). Пагадненне паміж ЮНРРА і ўрадам БССР падпісана ў Вашынгтоне 18.12.1945. Дэлегацыя БССР прымала ўдзел у Міжнар. канферэнцыі па ахове здароўя (Нью-Йорк, 1946), якая заснавала Сусв. арг-цыю аховы здароўя (СААЗ). БССР далучылася да Статута СААЗ 7.4.1948. На 1-й сесіі СААЗ (1948) яна была абрана членам яе Выканаўчага к-та. У 1949 БССР разам з СССР і УССР, краінамі Усх. Еўропы спыніла актыўнае членства ў СААЗ на падставе неабгрунтаванага рашэння сав. кіраўніцтва. 13.5.1947 Беларусь уступіла ў Сусв. паштовы саюз (СПС), 16.5.1947 — у Міжнар. саюз электрасувязі (МСЭ), 12.4.1948 — у Сусв. метэаралаг. арг-цыю (СМА). У 1947 міністр замежных спраў БССР К.В.Кісялёў паставіў перад МЗССССР пытанне аб неабходнасці ўваходжання СССР, УССР і БССР у Арг-цыю Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), якое аднак тады вырашыць не ўдалося. У 1954 БССР увайшла ў Міжнар. арг-цыю працы (МАП) і ЮНЕСКА, у 1957 — Міжнар. агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), у 1970 — Сусв. арг-цыю інтэлектуальнай уласнасці (САІУ), у 1985 — Арг-цыю Аб’яднаных Нацый па прамысл. развіцці (ЮНІДО). У 1958 пачало працаваць пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ААН у Нью-Йорку, у 1960-я г. адкрыліся пастаянныя прадстаўніцтвы БССР пры Аддзяленні ААН і інш.міжнар. арг-цыях у Жэневе, пры ЮНЕСКА у Парыжы, у 1982 — пры міжнар. арг-цыях у Вене. БССР была абрана непастаянным членам Савета Бяспекі на 1974—75, неаднаразова выбіралася членам Эканам. і Сац. савета, прымала ўдзел у рабоце розных функцыянальных і дапаможных органаў ААН, якія займаюцца пытаннямі раззбраення, дэкаланізацыі, эканам. і сац. супрацоўніцтва, правоў чалавека, інш. пытаннямі. Акрамя ААН і яе спецыялізаваных устаноў БССР з’яўлялася членам яшчэ 6 міжнар. міжурадавых арг-цый — Міжнар. архіўнага савета (з 1956), Міжнар. бюро выставак (з 1960), Пастаяннай палаты трацейскага суда (з 1962), Міжнар. арг-цыі марской спадарожнікавай сувязі (ІНМАРСАТ, з 1979). Як член ААН удзельнічала ў асобных канферэнцыях у рамках Міжнар. арг-цыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) і Міжнар. марской арг-цыі (ІМО), хаця і не была іх членам.
З 1990—91 пачаўся якасна новы перыяд дзейнасці Беларусі ў міжнар. арг-цыях. Рэспубліка Беларусь значна пашырыла свой удзел у міжнар. універсальных і рэгіянальных арг-цыях. Яна з’яўляецца дзяржавай — заснавальніцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). У 1992 уступіла ў Міжнар. валютны фонд, Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця (МБРР), Міжнар.фін. карпарацыю (МФК), Міжнар. агенцтва па гарантыях інвестыцый, Еўрап. банк рэканструкцыі і развіцця, аднавіла актыўнае членства ў СААЗ, атрымала статус назіральніка пры Ген. пагадненні па тарыфах і гандлі (ГАТТ), у 1993 стала членам ІКАО. У 1992 у Мінску было адкрыта 1-е на постсав. прасторы прадстаўніцтва ААН — Праграмы развіцця ААН (ПРААН). Беларусь з’яўляецца членам больш як 50 спецыялізаваных устаноў ААН і інш. міжурадавых арг-цый, якія ўзаемадзейнічаюць з ААН на аснове спец. пагадненняў. Рэспубліка Беларусь дзейнічае ў ААН і яе спецыялізаваных установах у адпаведнасці са сваімі нац. інтарэсамі. Яна выступае за развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва з ААН, лічыць неабходным рэфармаванне і ўмацаванне сістэмы ААН і яе асн. органаў, каб павысіць эфектыўнасць гэтай вядучай міжнар. арг-цыі. У рамках ЮНЕСКА для Беларусі распрацоўваліся праграмы «Генетычная спадчына», «ЮНЕСКА — Чарнобыль», «Чалавек і біясфера». У краіне дзейнічае нац. Камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, падпісаны мемарандумы аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і ЮНЕСКА. Беларусь падпісала 44 канвенцыі МАП. Планамерна ідзе працэс далучэння Беларусі да Сусв.гандл. арг-цыі (СГА), пры якой краіна атрымала ў 1995 статус назіральніка. У крас. 1995 паміж Беларуссю і МАГАТЭ падпісана пагадненне аб прымяненні гарантый. Удзельная вага спецыялізаваных устаноў ААН у агульным аб’ёме замежнай дапамогі краіне складае нязначную частку. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў працы такіх функцыянальных органаў ААН, як Еўрап.эканам. камісія (ЕКЕ), Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ), ПРААН, Канферэнцыя Аб’яднаных Нацый па гандлі і развіцці (ЮНКТАД) і інш. У 1995 у Мінску адкрыта прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па бежанцах, у 1996 — пастаяннае прадстаўніцтва Міжнар. арг-цыі па мігрантах. У крас. 1994 Мінск з трохдзённым візітам наведаў Ген. сакратар ААН Б.Бутрас-Галі. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка прымаў удзел у спец. урачыстым пасяджэнні Ген. Асамблеі, прысвечаным 50-годдзю ААН (1995) і Саміце Тысячагоддзя (2000). З 1998 Беларусь з’яўляецца паўнапраўным членам Руху недалучэння (РН) і актыўна развівае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва па шэрагу кірункаў дзейнасці ААН з дзяржавамі — членамі гэтага найбуйнейшага міжнар. аб’яднання краін.
Рэспубліка Беларусь у 1992 прынята ў Арг-цыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) і Савет Паўн.-атлантычнага супрацоўніцтва (з 1997 Савет еўраатлантычнага партнёрства), атрымала статус спецыяльна запрошанай дзяржавы ў Савеце Еўропы (СЕ), а ў 1993 падала заяўку на прыём у гэтую арг-цыю. У 1995 дзяржава падпісала ’Дагавор аб партнёрстве і супрацоўніцтве (не набыў сілы), у 1996 — Часовае пагадненне па пытаннях гандлю з Еўрап. Саюзам (ЕС), у 1995 стала ўдзельнікам праграмы НАТО «Партнёрства дзеля міру», у 1996 уступіла ў Цэнтральнаеўрап. Ініцыятыву (ЦЕІ), у 1997 — у Арг-цыю па забароне хім. зброі. Рэспубліка Беларусь — паўнапраўны член больш як за 20 міжнар. міжурадавых арг-цый. Яна выступае за ператварэнне СНД у рэгіянальную арг-цыю з высокім узроўнем эканам. і паліт. інтэграцыі. Бел. прадстаўнікі актыўна ўдзельнічаюць у сустрэчах кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, працы каардынацыйных органаў СНД (Міжпарламенцкай Асамблеі, Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны, Міждзярж. эканам.к-та і інш.). Мінск з’яўляецца месцам знаходжання выканаўчых і каардынацыйных органаў СНД. Рэспубліка Беларусь падпісала і ратыфікавала найважнейшыя ўстаноўчыя дакументы СНД, у т. л. яго Статут. Беларусь выступае за павышэнне эфектыўнасці рэгіянальных інтэграцыйных аб’яднанняў на постсав. прасторы, у прыватнасці, за фарміраванне зоны свабоднага гандлю ў межах СНД, стварэнне мытнага саюза ў рамках Еўраазіяцкага Эканам. супольніцтва (ЕўрАзЭС), якое складаецца з 5 краін — членаў Мытнага саюза (Беларусі, Казахстана, Кіргызстана, Расіі, Таджыкістана). 23.2.2003 кіраўнікі Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны падпісалі Заяву аб фарміраванні Адзінай эканам. прасторы і стварэнні Арг-цыі рэгіянальнай інтэграцыі. Сумесна з Арменіяй, Казахстанам, Кыргызстанам, Расіяй і Таджыкістанам Рэспубліка Беларусь вядзе работу па паглыбленні ваенна-паліт. інтэграцыі ў рамках Дагавора аб калектыўнай бяспецы 1992. У 2002 кіраўнікамі 6 згаданых дзяржаў падпісаны Статут Арг-цыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і Пагадненне аб яе прававым статусе. З 18.9.2003 АДКБ пачала функцыянаваць як самастойная міжнар.арг-цыя (Статут АДКБ зарэгістраваны ў Сакратарыяце ААН 16.12.2003).
Развіваюцца эканам. і паліт. адносіны Беларусі з ЕС. У 1999 паміж бел. урадам і Еўрап. камісіяй падпісана Праграма TACIS «Развіццё грамадзянскай супольнасці» ў Беларусі, якая прадугледжвае выдзяленне 5 млн. еўра на развіццё няўрадавых арг-цый, сродкаў масавай інфармацыі і адукацыі; Еўрап. камісія выдзеліла 1,6 млн. еўра на фінансаванне гуманітарных праектаў, што рэалізуюцца на Беларусі ў галіне мед. абслугоўвання і сац. рэабілітацыі. Выконваліся інш. праекты ў рамках праграмы тэхн. дапамогі TACIS на 2000—2003. Еўрасаюз з’яўляецца найбуйнейшым пасля Расіі знешнегандл. партнёрам Беларусі. На долю дзяржаў — членаў ЕС прыпадае каля 15% агульнага гандл. абароту Беларусі і больш за 40% гандл. абароту з краінамі далёкага замежжа. Развіццё эканам. адносін з Беларуссю ЕС увязвае з развіццём у краіне дэмакр. працэсу, забеспячэннем уладамі правоў чалавека, правядзеннем свабодных і справядлівых выбараў у адпаведнасці з міжнар. стандартамі. Гал. мэтай бел. знешняй палітыкі на еўрап. напрамку з’яўляецца стварэнне стабільнай сістэмы агульнаеўрап. бяспекі і супрацоўніцтва вакол АБСЕ. У 1992 Беларусь падпісала Хельсінкскі заключны акт і Парыжскую хартыю для новай Еўропы. У час сустрэчы кіраўнікоў дзяржавы і ўрадаў краін — удзельніц АБСЕ у Будапешце (снеж. 1994) Беларусь, Вялікабрытанія, ЗША і Расія падпісалі Мемарандум аб гарантыях бяспекі Беларусі. Бел. дэлегацыі ўдзельнічалі ў сустрэчах кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін — удзельніц АБСЕ ў Лісабоне (1996) і Стамбуле (1999). У Стамбуле А.Р.Лукашэнка падпісаў Хартыю еўрап. бяспекі, Пагадненне аб адаптацыі ДЗУСЕ, Венскі дакумент 1999 па мерах умацавання даверу і бяспекі, Дэкларацыю Стамбульскага саміту. АБСЕ разам з ЕС і СЕ у межах «еўрапейскай тройкі» садзейнічае працэсу дэмакратызацыі Беларусі. У 1998—2001 у Мінску знаходзілася кансультацыйна-назіральная група АБСЕ, з 2002 дзейнічае офіс АБСЕ у Мінску. У 2003 Парламенцкая Асамблея АБСЕ прызнала права Нац. сходу Рэспублікі Беларусь прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў Асамблеі. Беларусь зацікаўлена ў збалансаваным развіцці ўсіх кампанентаў агульнаеўрап. бяспекі і супрацоўніцтва і лічыць, што ваен., эканам. і экалагічнае вымярэнні АБСЕ заслугоўваюць больш актыўнага ўключэння ў парадак дня АБСЕ. У 1993 Беларусь далучылася да Еўрап. культурнай канвенцыі, у 1994 — да Венецыянскай камісіі «Дэмакратыя праз правы» ў межах Савета Еўропы. У студз. 1997 на сесіі Парламенцкай Асамблеі СЕ прынята рашэнне аб прыпыненні для Беларусі дзеяння статуса «спецыяльна запрошанай» дзяржавы. Беларусь развівае супрацоўніцтва з ЦЕІ з мэтай аб’яднання намаганняў дзяржаў-членаў для арганізацыі гнуткай і прагматычнай рэгіянальнай кааперацыі. Яна зацікаўлена ў падключэнні да рэгіянальнага і субрэгіянальнага супрацоўніцтва ў балтыйска-чарнаморскім рэгіёне, у т. л. дамагаецца статуса назіральніка ў Савеце дзяржаў Балтыйскага мора (СДБМ) і Арг-цыі чарнаморскага эканам. супрацоўніцтва (АЧЭС).
Пасля распаду Варшаўскага дагавора і СССР перад рэспублікай узнікла праблема вызначэння адносін з ваенна-паліт. арг-цыяй НАТО. У 1992 краіну наведаў ген. сакратар НАТО М.Вернер. Ён заявіў, што захад і НАТО з павагай ставяцца да імкнення Беларусі стаць нейтральнай і бяз’ядзернай дзяржавай і адзначыў іх зацікаўленасць у добрых адносінах з Беларуссю і яе суседзямі. У 1997 штаб-кватэрай НАТО ухвалена Індывідуальная праграма партнёрства (ІПП) Рэспублікі Беларусь з НАТО на 1997—99. У 1998 адкрыта пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры НАТО у Бруселі. Беларусь выканала ІПП з НАТО на 2000—01 і 2002—03, у якіх зроблены акцэнт на мерапрыемствы неваен. характару. Краіна зацікаўлена ў канструктыўным супрацоўніцтве з НАТО, прызнаючы яе важную ролю ва ўмацаванні еўрап. і міжнар. бяспекі.
Рэспубліка Беларусь — член «Інтэрспадарожніка», Еўрап. арг-цыі спадарожнікавай сувязі (ЕВТЕЛСАТ), Еўрап. вяшчальнага саюза, Сусв. энергетычнага савета, Міжнар. арг-цыі па эканам. і навук.-тэхн. супрацоўніцтве ў галіне электратэхн. прамысловасці (Інтэрэлектра), Міжнар. эпізаатычнага бюро, Міжнар. арг-цыі па стандартызацыі (ІСО), Міжнар. электратэхн. камісіі, Міжнар. арг-цыі па заканадаўчай метралогіі, Міжнар. арг-цыі па сертыфікацыі электраабсталявання на адпаведнасць стандартам бяспекі. Нац. арг-цыі Рэспублікі Беларусь, яе юрыд. асобы ўваходзяць у склад наступных міжнар. няўрадавых арг-цый: Міжнар. федэрацыю інвалідаў (з 1991), Міжнар. федэрацыю вышэйшых органаў (з 1992), Міжнар. арг-цыю крымінальнай паліцыі «Інтэрпол» (з 1993), Міжпарламенцкі саюз (з 1995), Сусв. федэрацыю глухіх (з 1995), шэраг міжнар.спарт. арг-цый і федэрацый, у т. л.Міжнар. алімпійскі к-т, Сусв. федэрацыю асацыяцый садзейнічання ААН. З мэтай пашырэння супрацоўніцтва і павышэння эфектыўнасці ўдзелу краіны ў рабоце міжнар. арг-цый урад Рэспублікі Беларусь надае вял. значэнне гэтаму кірунку ў знешнепаліт. дзейнасці дзяржавы. У гэтай сувязі Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь 19.5.1997 прыняў пастанову «Аб супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь з міжнароднымі арганізацыямі», паводле якой усе міжнар. арг-цыі, членам якіх з’яўляецца Беларусь, замацаваны за гал. мін-вамі і інш.рэсп. органамі дзярж. кіравання. Каардынацыю і кантроль за ўзаемадзеяннем Беларусі з міжнар. арг-цыямі ажыццяўляе Мін-ва замежных спраў.
Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ф.Маёр (злева) і прэм’ер-міністр Беларусі С.С.Лінг у час падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і ЮНЕСКА. Мінск. Верасень 1998.
Двухбаковыя сувязі Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі. У пач. 1990-х г. Рэспубліка Беларусь стала наладжваць сяброўскія адносіны з замежнымі краінамі. Прыярытэтным кірункам яе знешняй палітыкі было развіццё супрацоўніцтва з краінамі СНД, Еўропы і ЗША. На прасторы СНД гал. партнёрам Беларусі была Расія. У ходзе афіц. візіту ў Рэспубліку Беларусь Прэзідэнта Рас. Федэрацыі Б.М.Ельцына 21.2.1995 падпісаны двухбаковы дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве, які вызначыў адносіны Расіі і Беларусі як дачыненні дзвюх суверэнных, незалежных дзяржаў. У 2-й пал. 1990-х г.бел.-рас. адносіны выведзены на якасна новы ўзровень. 2.4.1996 А.Р.Лукашэнка і Б.М.Ельцын падпісалі ў Маскве дагавор пра стварэнне Супольнасці Расіі і Беларусі, 2.4.1997 — аб Саюзе Беларусі і Расіі. Да апошняга дагавора быў прыкладзены Статут Саюза Беларусі і Расіі, які пасля ўсенар. абмеркавання быў падпісаны прэзідэнтамі дзвюх краін 23.5.1997. У чэрв. 1997 Прэзідэнт Беларусі падпісаў Закон аб ратыфікацыі Статута і Дагавора. У снеж. 1998 у Маскве падпісаны Дэкларацыя аб далейшым яднанні Беларусі і Расіі, дагавор аб роўных правах грамадзян і пагадненне аб стварэнні роўных умоў суб’ектам гаспадарання Беларусі і Расіі. У Дэкларацыі выказваўся намер «працягваць паэтапны рух да добраахвотнага яднання ў саюзную дзяржаву пры захаванні нацыянальнага суверэнітэту дзяржаў — удзельніц Саюза». 8.12.1999 прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі ў Маскве Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і Праграму дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Адпаведныя дакументы па збліжэнні бел. і рас. прававых, эканам., фін., мытных і інш. сістэм, фарміраванні міждзярж. структур улады ў перспектыве прадугледжваюць стварэнне Саюзнай дзяржавы. Пашырэнне супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй садзейнічала наладжванню сувязей паміж прадпрыемствамі, дзелавымі коламі, грамадзянамі абедзвюх краін. Натуральнай з’явай у бел.-рас. адносінах сталі кантакты паміж кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў, рэгіянальных органаў улады, рас. і бел. парламентарыямі. Найб. значныя пытанні двухбаковых адносін разглядаюць Вышэйшы Дзярж. Савет і Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы, якія збіраюцца на рэгулярнай аснове. Парламентарыі Расіі і Беларусі сумесна працуюць у рамках Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Да канца 1990-х г. Рэспубліка Беларусь і Рас. Федэрацыя мелі каля 200 міждзярж. і міжурадавых пагадненняў, працэс пашырэння дагаворна-прававой базы працягваўся і ў наступныя гады. У 2-й пал. 1990-х г. Беларусь і Расія пачалі ўмацоўваць супрацоўніцтва ў ваен. сферы. У 1995 Расія атрымала права выкарыстоўваць і ўтрымліваць на тэр. Беларусі свае ваен.-стратэг. аб’екты — сістэму папярэджання аб ракетным нападзе ў Баранавічах і РЛС у Вілейцы. 19.12.1997 Беларусь і Расія падпісалі дагавор аб ваен. супрацоўніцтве. Рэспубліка Беларусь удзельнічае ў навейшых праграмах пераўзбраення рас. арміі, праводзіць мадэрнізацыю ўласнай сістэмы супрацьпаветранай абароны. У 2000 абвешчана пра стварэнне адзінай рас.-бел. ваен. групоўкі колькасцю да 300 тыс.чал. у выпадку ўзнікнення канфліктнай сітуацыі на зах. граніцах Саюза Беларусі і Расіі. Беларусь і Расія каардынуюць дзейнасць на міжнар. арэне. Расія неаднаразова падтрымлівала Рэспубліку Беларусь у міжнар. арг-цыях (ААН, АБСЕ, СЕ). У 2003 распрацоўваўся Канстытуцыйны Акт Саюзнай дзяржавы, абмяркоўваліся пытанні падпісання пагаднення аб увядзенні рас. рубля ў якасці адзінай валюты Саюзнай дзяржавы. Бел. бок лічыць, што аб’яднанне дзвюх дзяржаў павінна праводзіцца на аснове Саюзнага дагавора 1999 і пры захаванні суверэнітэту Беларусі і Расіі. Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь неаднаразова падкрэслівала немагчымасць уваходжання Беларусі ў склад Рас. Федэрацыі на правах аднаго з яе суб’ектаў.
Важнае месца ў знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь займае супрацоўніцтва з Украінай. Бел.-ўкр. сувязі значна пашырыліся ў 2-й пал. 1990-х г. У ліп. 1995 адбыўся першы афіц. візіт на Беларусь прэзідэнта Украіны Л.Д.Кучмы. 17.7.1995 у Мінску падпісаны дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Украінай. У маі 1997 ва Украіне з афіц. візітам пабываў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка. Гал. вынікам візіту стала падпісанне дагавора аб дзярж. граніцы паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай. Пазней кантакты паміж кіраўнікамі дзяржаў, урадаў, міністрамі замежных спраў, кіраўнікамі мін-ва і ведамстваў дзвюх краін сталі нармальнай з’явай; пашырылася супрацоўніцтва паміж бел. і ўкр. парламентарыямі. Да пач. 21 ст. Украіна і Беларусь сфарміравалі развітую юрыд. базу міждзярж. ўзаемадзеяння (больш за 40 дагавораў, пагадненняў і інш. прававых дакументаў, якія ўрэгулявалі бел.-ўкр. адносіны ў розных сферах супрацоўніцтва). Павышаная ўвага аддавалася вырашэнню праблем вызначэння дзярж. граніцы і прыгранічнага супрацоўніцтва. У лют. 1997 Беларусь і Украіна ў асн. завяршылі работы па дэлімітацыі дзярж. граніцы, восенню 1997 пачалі яе дэмаркацыю. З 1.11.1997 на бел.-ўкр. граніцы быў уведзены пагранічны кантроль. У 1999 набыло моц пагадненне аб парадку перасячэння граніцы грамадзянамі, што пражываюць у пагранічных раёнах, якое спрашчала рэжым перасячэння граніцы грамадзянамі Беларусі і Украіны. Развіваецца супрацоўніцтва паміж асобнымі рэгіёнамі Беларусі і Украіны.
Сяброўскія адносіны Беларусь захоўвала ў 1992—2003 з інш. дзяржавамі СНД. Яе гал. партнёрамі былі Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Малдова. На мяжы 20—21 ст. пашырылася супрацоўніцтва Беларусі з Туркменістанам, Арменіяй і Азербайджанам. Важнымі падзеямі ў развіцці двухбаковых адносін Беларусі з краінамі СНД сталі візіты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ва Узбекістан (снеж. 1994), Малдову (вер. 1995), Казахстан (вер. 1997), Таджыкістан (крас. 2000), Арменію (май 2001), Туркменістан (май 2002). У 1995—2003 Рэспубліку Беларусь з візітамі наведвалі вышэйшыя дзярж. кіраўнікі Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана. Рэспубліка Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Малдовай (21.12. 1992), Казахстанам (17.1.1996), Таджыкістанам (5.4.2000), Туркменістанам (15.5.2002).
Рэспубліка Беларусь імкнулася развіваць партнёрскія адносіны з Літвой і Латвіяй — яе непасрэднымі суседзямі на паўн.-зах. напрамку. 24.10.1991 Беларусь падпісала Дэкларацыю аб прынцыпах добрасуседскіх адносін з Літвой, 16.12.1991 — з Латвіяй. У 1-й пал. 1990-х г. адносіны Беларусі з Літвой і Латвіяй мелі дружалюбны характар. У лют. 1995 адбыўся афіц. візіт у Літву Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 21.2. 1994 падпісаны дагавор аб вызначэнні граніцы паміж Рэспублікай Беларусь і Латвіяй, 6.2.1995 — дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Літвой і дагавор аб бел.-літ. граніцы. З сярэдзіны 1990-х г. кантакты на вышэйшым дзярж. узроўні істотна скараціліся, хоць Літва і Латвія выказвалі гатоўнасць весці дыялог з Беларуссю па пытаннях вызначэння граніц, развіцця пагранічнага супрацоўніцтва і рэадмісіі нелегальных мігрантаў, што траплялі на іх тэр. з Беларусі. У 1997 Беларусь пачала дэмаркацыю граніцы з Літвой. У 2001 у парламенце Літвы створана група па развіцці супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. Беларусь разглядае Літву і Латвію як найзручнейшы выхад да Балтыйскага мора, асабліва праз порт Вентспілс, які яшчэ з сав. часоў непасрэдна звязаны з Наваполацкім нафтаперапрацоўчым з-дам. На характар адносін Беларусі з Літвой і Латвіяй істотна ўплывала збліжэнне гэтых краін з ЕС і НАТО. З 2003 Літва і Латвія па рэкамендацыі ЕС узмацнілі рэжым на граніцы з Беларуссю.
Даволі актыўна ў 1-й пал. 1990-х г. развіваліся адносіны паміж Беларуссю і Польшчай. У кастр. 1991 гэту краіну з афіц. візітам наведаў Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь В.Ф.Кебіч, у чэрв. 1992 — Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь С.С.Шушкевіч. У ліст. 1992 Рэспубліку Беларусь наведала з візітам прэм’ер-міністр Польшчы Х.Сухоцкая, у чэрв. 1993 — Прэзідэнт Польшчы Л.Валенса. У сак. 1996 у Брэсце адбылася сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Польшчы А.Лукашэнкі і А.Квасьнеўскага. Развівалася супрацоўніцтва паміж бел. і польскімі парламентарыямі. 23.6.1992 Беларусь і Польшча падпісалі дагавор аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве. У 2-й пал. 1990-х г.бел.-польскія адносіны на паліт. узроўні сталі больш стрыманымі, але з пач. 21 ст.паліт. сувязі зноў пашыраюцца. Даволі актыўна супрацоўнічаюць прыгранічныя рэгіёны Беларусі і Польшчы. Польшча лічыць немэтазгоднай паліт. ізаляцыю Беларусі. У снеж. 2003 Мін-ва замежных спраў Польшчы прапанавала распрацаваць канцэпцыю «ўсходняга вымярэння» ЕС у адносінах да Беларусі, Малдовы, Расіі і Украіны. З улікам гэтай прапановы ў сак. 2003 падрыхтаваны дакумент ЕС «Пашыраная Еўропа» (Wider Europe), дзе вызначаны асновы палітыкі пашыранага ЕС у адносінах да яго ўсх. суседзяў. У кастр. 2003, выканаўшы патрабаванне ЕС, Польшча ўвяла паўнавартасны візавы рэжым у адносінах да Беларусі.
Да 1997 Рэспубліка Беларусь пашырала ўзаемадзеянне з краінамі Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы (Чэхія, Славакія, Венгрыя, Румынія, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Македонія, Боснія і Герцагавіна). У ліп. 1992 адбыўся візіт у Рэспубліку Беларусь Прэзідэнта Румыніі І.Іліеску. Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь Шушкевіч наведаў з візітамі Румынію (май 1993) і Балгарыю (кастр. 1993). Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Румыніяй (7.5.1993) і Балгарыяй (19.10. 1993). У 2-й пал. 1990-х г.паліт. дыялог Беларусі з краінамі гэтага рэгіёна быў згорнуты. Найб. схільнасць да захавання кантактаў з Беларуссю праяўляла Балгарыя, якая падтрымлівала сувязі з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У новым дзесяцігоддзі паліт. дыялог паміж Беларуссю і краінамі Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы зноў пачаў набываць дынаміку, але пакуль не стаў актыўным з той прычыны, што краіны гэтага рэгіёна аддаюць перавагу развіццю сувязей з еўрап. і еўраатлантычнымі арг-цыямі. У 2-й пал. 1990-х г.гал.паліт. партнёрам Беларусі ў рэгіёне стала Саюзная Рэспубліка Югаславія (СРЮ, з 2003 Сербія і Чарнагорыя). У сак. 1996 адбыўся афіц. візіт у Рэспубліку Беларусь прэзідэнта СРЮ З.Ліліча. 6.3.1996 Беларусь і СРЮ падпісалі дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве. У студз. 1998 і крас. 1999 СРЮ наведаў з візітамі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вясной 1999 бел. парламент падтрымаў просьбу югаслаўскага кіраўніцтва аб прыёме Саюзнай Рэспублікі Югаславіі ў Саюз Беларусі і Расіі, аднак пасля перамогі ў СРЮ апазіцыі на парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах у кастр. 2000 пытанне аб далучэнні Югаславіі да саюза страціла актуальнасць і двухбаковыя адносіны набылі больш прагматычны характар.
Важным кірункам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь пасля яе выхаду на міжнар. арэну ў 1991 стала развіццё адносін з краінамі Зах. Еўропы. У 1-й пал. 1990-х г. вельмі актыўна пашыралася супрацоўніцтва Беларусі з Аўстрыяй, Бельгіяй, Германіяй, Вялікабрытаніяй, Італіяй, Нідэрландамі, Францыяй, Швейцарыяй. У сак. 1995 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь пабываў з афіц. візітам у Бельгіі, у ліп. 1996 — у Францыі, дзе 11.7.1996 падпісаны двухбаковы дагавор аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве (моцы не набыў, бо не ратыфікаваны франц. парламентам). У 2-й пал. 1990-х г. адносіны Рэспублікі Беларусь з еўрап. краінамі пагоршыліся. Дзяржавы Зах. Еўропы не прызналі вынікі канстытуцыйнага рэферэндуму ў Беларусі (ліст. 1996) і лічылі нелегітымным Нац. сход Рэспублікі Беларусь. У выніку практычна цалкам прыпыніліся кантакты на вышэйшым дзярж. узроўні. У пач. 2001 дыялог паміж Рэспублікай Беларусь і дзяржавамі Зах. Еўропы пачаў выходзіць са стану стагнацыі. Зах.-еўрап. краіны (Аўстрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Італія, Швейцарыя, Швецыя) праяўляюць цікавасць да пашырэння паліт. кантактаў з Беларуссю. У парламентах Вялікабрытаніі і Італіі створаны групы па развіцці супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. Працягваецца пашырэнне дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін. Аднак развіццё паўнавартаснага паліт. дыялогу, найперш на вышэйшым дзярж. узроўні, ставіцца ў залежнасць ад развіцця адносін Беларусі з вядучымі еўрап. арг-цыямі.
У 1-й пал. 1990-х г. паспяхова развівалася супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь са Злучанымі Штатамі Амерыкі. У ліп. 1993 ЗША наведаў з афіц. візітам Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь С.С.Шушкевіч, у студз. 1994 у Рэспубліцы Беларусь упершыню з афіц. візітам пабываў Прэзідэнт ЗША У.Дж.Клінтан. З 1992 Беларусь і ЗША праводзілі сумесную працу па праграмах ліквідацыі стратэгічных наступальных узбраенняў. На правядзенне адпаведных мерапрыемстваў да канца 1996 Беларусь атрымала з боку ЗША каля 123 млн. долараў. У 2-й пал. 1990-х г. адносіны Рэспублікі Беларусь з ЗША пагоршыліся. У 1996 ЗША адмовіліся прызнаць вынікі бел. канстытуцыйнага рэферэндуму. У лют. 1997 амер. кіраўніцтва афіцыйна сфармулявала сваю пазіцыю ў адносінах да Беларусі, выказала намер падтрымліваць адносіны з бел. урадам на ўзроўні прадстаўніцтва, дастатковага для выканання задач ЗША, а гал. прыярытэтам зрабіць развіццё кантактаў з бел. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, незалежнымі СМІ і няўрадавымі арг-цыямі (у далейшым палітыка ЗША у адносінах да Беларусі атрымала назву «выбарачнае ўзаемадзеянне»). У кангрэсе ЗША у 2-й пал. 1990-х г. і ў пач. новага дзесяцігоддзя неаднаразова праходзілі слуханні па праблемах дэмакратыі на Беларусі, дзе жорсткай крытыцы падвяргалася ўнутраная і знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь. Заклікі кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь весці раўнапраўны, добразычлівы дыялог на аснове прызнання ўнутрыбел. рэалій не знаходзілі ў ЗША належнага водгуку.
Важным. кірункам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца супрацоўніцтва з краінамі Азіі. У 1992—93 адбыліся візіты бел. кіраўнікоў у Кітай, Манголію, Ізраіль, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Індыю, Кувейт. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў з афіц. візітамі Турцыю (1996), Рэспубліку Карэя, В’етнам (1997), Сірыю (1998, 2003), Іран (1998), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (2000), Катар (2001), Кувейт, Бахрэйн (2002). У 1997—2002 Беларусь наведвалі прэзідэнт Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам Чан Дык Лыонг, прэм’ер-міністр Лівана Р.Харыры, міністры замежных спраў Сірыі, Лівана, М’янмы, Кувейта, Ірана, Манголіі, Лаоса. На мяжы 20—21 ст. актывізавалася супрацоўніцтва Беларусі з Іракам, аднак ваен. інтэрвенцыя ЗША і іх саюзнікаў супраць гэтай краіны ў 2003 перашкодзіла развіццю бел.-іракскіх сувязей. Рэспубліка Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Турцыяй (24.7.1996) і В’етнамам (24.4.1997). Краіны Азіі прызнаюць бел. ўнутрыпаліт. рэаліі і імкнуцца да пашырэння сувязей з Беларуссю па парламенцкай лініі. На працягу 1997—2003 Нац. сход Рэспублікі Беларусь меў добрыя адносіны з парламентамі В’етнама, Ізраіля, Ірана, Кувейта, Турцыі. Плённым з’яўляецца супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з адпаведнымі краінамі ў рамках міжнар. арг-цый (ААН, Рух недалучэння, Міжпарламенцкі саюз і інш.).
Адным з гал. партнёраў Беларусі ў Азіі з’яўляецца Кітай. Бел.-кітайскія сувязі захоўваюць дружалюбны характар, вызначаюцца ўзаемнай павагай бакоў адзін да аднаго і ўзаемаразуменнем па важнейшых пытаннях сучаснага жыцця. Умацаванню двухбаковых сувязей садзейнічалі візіты вышэйшых дзярж. кіраўнікоў Беларусі і Кітая. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў Кітай з афіц. і дзярж. візітамі ў 1995, 1997 і 2001, неаднаразова наведвалі Беларусь таксама і прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва КНР (у 1995 у Рэспубліцы Беларусь пабываў прэм’ер Дзяржсавета КНР Лі Пэн, у 2000 — нам. Старшыні КНР Ху Цзіньтао, у ліп. 2001 адбыўся візіт Старшыні КНР Цзян Цзэміня). Актыўна супрацоўнічаюць дэпутаты Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і Усекітайскага сходу нар. прадстаўнікоў, пашыраюцца сувязі на ўзроўні асобных рэгіёнаў дзвюх краін. У крас. 2001 Кітай сфармуляваў 4 прынцыпы адносін з Беларуссю. У прыватнасці, абвешчана, што Кітай з’яўляецца сябрам бел. народа, заўсёды падтрымліваў і будзе падтрымліваць унутраную палітыку бел. дзяржавы, лічыць прэзідэнцкія выбары ўнутранай справай Беларусі, выступае супраць умяшання ў яе ўнутраныя справы.
У адрозненне ад бел.-кітайскіх адносін супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Японіяй у 1990-я г. заставалася вельмі стрыманым. У 1996 Японія не прызнала вынікі бел. канстытуцыйнага рэферэндуму, хаця ў пач. новага дзесяцігоддзя стала праяўляць цікавасць да развіцця супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У парламенце Японіі створана бел.-японская група міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Даволі плённым у цяперашніх умовах з’яўляецца бел.-японскае ўзаемадзеянне на ўзроўні грамадскіх аб’яднанняў (у прыватнасці, цікавасць да развіцця сувязей з Беларуссю праяўляюць прадстаўнікі японскіх клубаў «Раторы»).
Дружалюбнасць і ўзаемаразуменне характарызуюць адносіны Рэспублікі Беларусь з Індыяй. У 1997 адбыўся афіц. візіт у Індыю Прэзідэнта Лукашэнкі. У 2001 Беларусь наведаў міністр замежных спраў Індыі А.Абдула. Бел.-індыйскія адносіны грунтуюцца на значнай дагаворна-прававой аснове. Канструктыўна супрацоўнічаюць бел. і індыйскія парламентарыі. Абедзве краіны маюць агульныя або падобныя падыходы да вырашэння многіх актуальных праблем сучаснасці і паспяхова супрацоўнічаюць у рамках ААН і інш.міжнар. арг-цый, што дазваляе ўзняць іх адносіны на больш высокі паліт. ўзровень.
У Лац. Амерыцы асн. партнёрам Рэспублікі Беларусь заставалася Куба. У 1-й пал. 1990-х г.бел.-кубінскі дыялог прыпыніўся, але ў 2-й пал. 1990-х г. адносіны зноў набылі сталы характар. У вер. 2000 Кубу з афіц. візітам наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. 3.9.2000 Беларусь і Куба падпісалі дагавор аб сяброўскіх адносінах і супрацоўніцтве. Куба паважліва ставіцца да бел. ўнутрыпаліт. рэалій і падтрымлівае сувязі з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У 2-й пал. 1990-х г. Беларусь пашырыла паліт. дыялог з інш. краінамі Лац. Амерыкі і Карыбскага рэгіёна. На працягу 1998—2001 адбыліся візіты вышэйшых службовых асоб Беларусі ў Аргенціну, Калумбію, Уругвай, Чылі, Перу, Коста-Рыку, Панаму, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсію, Ямайку. Пашыраецца дагаворна-прававая база адносін з Аргенцінай, Бразіліяй, Мексікай, Перу, Уругваем, Чылі, Эквадорам.
У Афрыцы Беларусь вядзе актыўны паліт. дыялог з краінамі Магрыба (Паўн. Афрыка). У сак. 1998 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў з афіц. візітам Егіпет, у ліст. 2000 — Лівію. Развіваюцца кантакты Беларусі з Тунісам, Марока. У апошнія гады пашыраецца супрацоўніцтва Беларусі з Паўд.-Афрыканскай Рэспублікай і Анголай.
Будынак Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Гандлёва-эканамічныя адносіны Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі. У 1990-я г.эканам. сувязі Беларусі з замежнымі дзяржавамі набылі якасна новы характар. У 1994 Рэспубліка Беларусь падтрымлівала гандлёва-эканам. адносіны з 97 краінамі свету, у 2000 — са 153. Пытаннямі развіцця гандлёва-эканам. супрацоўніцтва паміж Беларуссю і замежнымі дзяржавамі займаліся Дзярж.к-т па знешніх эканам. сувязях (у 1994—98 Мін-ва знешнеэканам. сувязей), Бел. гандлёва-прамысл. палата, замежныя дыпламат. прадстаўніцтвы Рэспублікі Беларусь. Беларусь удзельнічала ў міжнар. выстаўках і кірмашах, рабоце замежных арг-цый, праводзіць канферэнцыі і семінары, адкрывае свае гандл. дамы, сэрвісныя цэнтры і інш. У 2001 за мяжой дзейнічалі 169 аб’ектаў, праз якія вялася рэалізацыя бел. тавараў, з іх 135 у Рас. Федэрацыі, 11 у краінах СНД, 23 у краінах па-за межамі СНД. Распрацавана Нац. праграма развіцця экспарту на 2000—05, створаны Міжведамасны савет па развіцці экспарту, Каардынацыйны савет па замежных інвестыцыях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (у 2001 прынята рашэнне пра ўключэнне ў склад рабочых груп Каардынацыйнага савета буйнейшых замежных інвестараў з Германіі, ЗША, Нідэрландаў, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Расіі, Турцыі). У 2001 з мэтай актывізацыі крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва бел.Мін-ва замежных спраў падрыхтавала Інвестыцыйны атлас Рэспублікі Беларусь на рус. і англ. мовах. З шэрагам краін Беларусь стварыла спец. міжурадавыя камісіі па гандлёва-эканам. супрацоўніцтве (Арменія, Аўстрыя, В’етнам, Германія, Індыя, Ірак, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Латвія, Літва, Малдова, Польшча, Славакія, Турцыя, Узбекістан, Украіна, Швейцарыя і інш.), што дазваляе вызначыць перспектыўныя кірункі двухбаковага супрацоўніцтва і найб. эфектыўныя спосабы дасягнення пастаўленых мэт. Знешнегандл. абарот Рэспублікі Беларусь (у доларах ЗША) у 1995 склаў 10 367 млн., у 2000—15 823, у 2002—17 077,7 млн.; агульны аб’ём экспарту ў 1995 склаў 4803 млн., у 2000—7331, у 2002—8097,8 млн. долараў; імпарту ў 1995—5564 млн., у 2000—8492 млн., у 2002—8979,9 млн. долараў. У гандлі з замежнымі краінамі Рэспубліка Беларусь захоўвае адмоўнае сальда.
Асаблівую ўвагу бел. кіраўніцтва аддае развіццю эканам. сувязей у межах СНД. У 1995 створаны Мытны саюз паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам. На сустрэчы ў Маскве ў сак. 1996 кіраўнікі Беларусі, Расіі, Казахстана і Кыргызстана падпісалі дагавор аб паглыбленні эканам. інтэграцыі (у 1998 да «чацвёркі» далучыўся Таджыкістан). У 2000 Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан заснавалі новае інтэграцыйнае аб’яднанне — Еўра-Азіяцкую супольнасць (ЕўрАзЭС). У 2003 Беларусь, Казахстан, Расія і Украіна абмяркоўвалі пытанні стварэння адзінай эканам. прасторы, маючы на мэце ўмацаванне інтэграцыйных сувязей на постсав. прасторы і каардынацыю дзеянняў пры ўваходжанні ў сусв.гандл. арг-цыю. У 2000 Рэспубліка Беларусь экспартавала ў краіны СНД тавараў на 4453,4 млн. долараў (з іх у Расію — на 3710,1), у 2002 — на 4461,3 (з іх у Расію — на 3977,1). Бел. імпарт з краін СНД у 2000 склаў 6000,9 млн. долараў (у т. л. з Расіі — 5604,7), у 2002—6215,7 (у т. л. з Расіі — 5922,3). Экспарт у краіны па-за межамі СНД у 2000 склаў 2926,3 млн. долараў, у 2002—3636,5 млн. Імпарт у адпаведныя краіны ў 2000 склаў 2476,5 млн. долараў, у 2002—2764,2 млн.Асн. гандлёва-эканам. партнёрам Беларусі ў межах СНД на працягу 1992—2002 заставалася Расія. У 1995 гандл. абарот з гэтай краінай складаў 5150,3 млн. долараў, у 1996—6546,5, у 1997—9453,1, у 1998—9278,5, у 1999—6988,7, у 2000—9314,8, у 2001—9400,6, у 2002—9899,4, у 2003—12 458,0 млн. Другім па значэнні партнёрам Беларусі ў межах СНД заставалася Украіна, хаця ў адрозненне ад Расіі гандаль з ёй меў адмоўную дынаміку. У 1995 гандл. абарот Беларусі з Украінай складаў 1176,2 млн. долараў, у 2000—900,3, у 2002—562,3. У 2002 у агульным аб’ёме тавараабароту Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі (па-за межамі СНД) удзельная вага краін Еўропы склала 75,9% (4860,5 млн. долараў), Азіі — 11,1% (708,5), Амерыкі — 7,5% (481,7), Афрыкі — 1,7% (105,6). Гал. знешнеэканам. партнёрамі Беларусі былі Вялікабрытанія, Германія, Італія, Латвія, Літва, Польшча.
У таварнай структуры бел. экспарту ў 2002 пераважалі мінер. прадукты, трансп. сродкі, механічныя і электрычныя машыны і абсталяванне, прадукцыя хім. прамысловасці, тэкст. вырабы. На мяжы стагоддзяў пераважная частка экспарту прадукцыі высокай і сярэдневысокай навукаёмістасці (грузавыя аўтамабілі, трактары, падшыпнікі, халадзільнікі і маразільнікі, аўтадарожная і с.-г. тэхніка, рухавікі ўнутр. згарання, фарбы і лакі, шыны) накіроўвалася ў дзяржавы СНД, найперш у Расію. На рынкі краін Захаду пастаўлялася пераважна нізкатэхнал. прадукцыя з невысокай ступенню апрацоўкі (прадукцыя сельскай гаспадаркі, лесаматэрыялы, тэкст. вырабы, лом і адходы металаў, стальныя пруткі і дрот, калійныя ўгнаенні). Міжнар. абарот паслуг Рэспублікі Беларусь у 2002 склаў 1891,3 млн. долараў, у т. л. экспарт паслуг — 1218,9 млн.Найб. ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме экспарту паслуг у 2002 займалі трансп. паслугі, аб’ём якіх склаў 691,4 млн. долараў. Экспарт дзелавых паслуг у 2002 склаў 253,6 млн. долараў, паслуг сувязі — 61,4 млн. Станоўчае сальда ў гандлі паслугамі па выніках 2002 склалася ў памеры 546,5 млн. долараў і на 61,9% кампенсавала адмоўнае сальда ў знешнім гандлі таварамі.
У 1-й пал. 1990-х г. Рэспубліка Беларусь атрымлівала крэдыты ад Аўстрыі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Швейцарыі. Сродкі на правядзенне эканам. рэформ на Беларусі выдзялялі ЕС, Міжнар. валютны фонд (МВФ), Еўрап. банк рэканструкцыі і развіцця. У жн. 1994 Рэспубліка Беларусь атрымала замежных крэдытаў на суму 1049,5 млн. долараў. З 2-й пал. 1990-х г. памеры крэдытавання бел. эканомікі развітымі дзяржавамі Захаду скараціліся, поўнасцю спынілася крэдытаванне з боку МВФ. З 1997 Беларусь удзельнічае ў рэалізацыі праграм па выпуску прадукцыі прамысловасці, фінансаванне якіх праводзіцца са сродкаў бюджэту Саюза Беларусі і Расіі («Развіццё дызельнага аўтамабілебудавання», «Арганізацыя серыйнай вытворчасці абсталявання для выпуску хімічных валокнаў» і інш.).
Новы імпульс у 1990-я г. атрымала практыка прыцягнення замежнага капіталу ў форме сумесных і замежных прадпрыемстваў. У 1992 у Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана 201 сумеснае і 8 замежных прадпрыемстваў, у 2000 — адпаведна 1816 і 1332. На 1.1.2003 на Беларусі дзейнічалі 1396 сумесных і 1271 замежнае прадпрыемства. У пач. 21 ст.найб. прыцягальнымі для замежных інвестараў сталі сферы прамысл. вытворчасці, гандл. дзейнасць і транспарт. У прамысл. сектары асн. інвестыцыі прыпадалі на машынабудаванне, харчовую, лёгкую, дрэваапрацоўчую і хім. прамысловасць. Найбуйнейшыя прадпрыемствы створаны з удзелам інвестараў з Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Чэхіі ў сферы будаўніцтва, вытворчасці электраізалятараў, выдавецкай справы і паліграфіі, дрэваапрацоўкі і вытворчасці прадуктаў харчавання. Цікавасць у замежных інвестараў выклікала стварэнне на тэр. Беларусі ў 2-й пал. 1990-х г. свабодных эканам. зон «Брэст», «Гомель-Ратон», «Мінск» і «Віцебск». Беларусь развівае таксама кантакты з пагранічнымі дзяржавамі (Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй) у рамках еўрарэгіёнаў «Буг», «Нёман», «Азёрны край», «Белавежская пушча», «Дняпро».
Складанае становішча, у якое трапіла бел. эканоміка ў сувязі з разрывам сувязей, што склаліся ў сав. часы, паўплывала на характар яе гандлёва-эканам. дзейнасці. У 1990-я г. адмоўнай рысай гандлю Беларусі з замежнымі краінамі была вялікая ўдзельная вага безграшовых форм разліку, найперш бартэру. У 1999 бартэр у экспарце ў Расію дасягнуў 52,2% ад агульнай колькасці пастаўленай прадукцыі, у краіны па-за межамі СНД — 11,9%; у імпарце з Расіі доля бартэру склала 38,9%, з краін па-за межамі Расіі — 13,3%. У пач. 21 ст. доля бартэрных паставак у агульным аб’ёме бел. знешняга гандлю пачала скарачацца.
Культурныя і навуковыя кантакты, сувязі ў галіне спорту і турызму. Перабудова міжнар. адносін Беларусі ва ўмовах незалежнасці паўплывала на характар яе замежных сувязей у галіне навукі і культуры. У канцы 20 — пач. 21 ст. Рэспубліка Беларусь праводзіла навук. даследаванні і распрацоўкі разам са шматлікімі замежнымі навукова-даследчымі і навуч. ўстановамі. Актыўна ажыццяўлялася супрацоўніцтва з акадэміямі навук, інш.навук. ўстановамі. Да канца 1990-х г. міжурадавыя, міжакадэмічныя і міжінстытуцкія дагаворы і пагадненні заключаны з 60 краінамі свету. Толькі ў 2001 Нац.АН Беларусі мела 33 дагаворы і пагадненні, заключаныя на міжакадэмічным узроўні. На міжінстытуцкім узроўні выконваліся 302 дагаворы, праекты і кантракты з замежнымі навук. ўстановамі, фірмамі і арг-цыямі 38 краін, адбылося 780 навук. камандзіровак супрацоўнікаў АН Беларусі ў 50 краін далёкага замежжа і 245 прыёмаў замежных вучоных і спецыялістаў з 33 дзяржаў свету ў навук. установах Беларусі. Важным кірункам міжнар. супрацоўніцтва быў удзел АН Беларусі ў міжнар.навук. праграмах і праектах па лініі ЮНЕСКА, МАГАТЭ, Міжнар. навукова-тэхн. цэнтра, еўрап. праграмах INTAS і INCO-Copernicus. Значныя аб’ёмы даследаванняў і распрацовак выкананы па кантрактах з арг-цыямі Германіі, ЗША, Індыі, Рэспублікі Карэя, Нідэрландаў, Югаславіі.
Міжнар. сувязі ў галіне адукацыі ажыццяўляліся шляхам падрыхтоўкі ў бел.ВНУ спецыялістаў для замежных краін, арганізацыі двухбаковага супрацоўніцтва паміж навуч. ўстановамі Беларусі і навуч. і навук. цэнтрамі замежных краін з мэтай навучання, павышэння кваліфікацыі, правядзення навук. даследаванняў. Так, у сярэдзіне 1990-х г.навуч. ўстановы Беларусі падпісалі каля 130 пагадненняў з навуч. ўстановамі, прадпрыемствамі і фірмамі краін Еўропы, Азіі і Амерыкі. У 1994 у адпаведнасці з міжнар. пагадненнямі, а таксама на аснове дагавораў у навуч. установах Беларусі вучылася больш за 2,5 тыс. студэнтаў з 93 краін далёкага замежжа. У сваю чаргу бел. вучоныя і студэнты маглі вучыцца і стажыравацца на прадпрыемствах і ў навук. цэнтрах замежжа.
Моцным сродкам збліжэння народаў заставаліся ўзаемаабмен дасягненнямі літаратуры, кіно, выяўл. мастацтва, арганізацыя муз. і тэатральных фестываляў. У 1993 Рэспубліка Беларусь далучылася да Еўрап. культурнай канвенцыі 1954. Якасна новы змест набылі Дні бел. культуры, дзе Беларусь стала заяўляць пра сябе як пра краіну з адметнай нац. культурай еўрап. ўзроўню. З 1992 у Віцебску праводзяцца штогадовыя міжнар.муз. фестывалі «Славянскі базар» з удзелам вядомых спевакоў, кампазітараў, музыкантаў з замежных краін. У 1-й пал. 1990-х г. актывізавалася дзейнасць па вяртанні на Бацькаўшчыну культурных каштоўнасцей, што знаходзіліся за межамі Беларусі (рэстытуцыі). У сярэдзіне 1990-х г. адпаведныя міжурадавыя пагадненні падпісаны ці падрыхтаваны да падпісання з большасцю краін СНД, Польшчай, Літвой, Германіяй, Чэхіяй, Славакіяй, ЗША. Умацаванню культ. сувязей спрыяла дзейнасць на Беларусі Культурна-адукац. цэнтра імя Гётэ (Германія), Франка-бел. інфарм. залы, Брытанскага савета, Інфарм. цэнтра пасольства ЗША.
Разнастайную палітру муз. праграм прадстаўлялі бел. прафесійныя калектывы за мяжой (у 1990-я г. гастролі праходзілі ў Бразіліі, Германіі, Індыі, Іспаніі, Італіі, Кітаі, Літве, Польшчы, Францыі, Швейцарыі, Японіі і інш.). Актыўную гастрольную дзейнасць ажыццяўлялі трупы бел. балета і оперы, Дзярж. акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзярж. ансамбль танца, Дзярж. акадэмічны нар. хор імя Г.І.Цітовіча, ансамбль салістаў «Класік-авангард» і інш.Бел. тэатральнае мастацтва было прадстаўлена на найб. прэстыжных творчых форумах свету, сярод якіх Эдынбургскія фестывалі ў Вялікабрытаніі, Шылераўскія фестывалі і Бонскае біенале ў Германіі, Шэкспіраўскія фестывалі ў Іспаніі і Польшчы, Чэхаўскія фестывалі ў Расіі, фестывалі тэатр. мастацтва ў Егіпце, Францыі і многія інш. Годна прадстаўлялі сваю творчасць за межамі краіны бел. мастакі, скульптары, кінематаграфісты. Толькі ў 2001 з гастролямі, канцэртнымі праграмамі, для ўдзелу ў міжнар. конкурсах, фестывалях, выстаўках па лініі Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь больш за 3 тыс. артыстаў і дзеячаў мастацтва выехалі ў 18 краін свету, у т. л. ў Германію, Ірландыю, Іспанію, Італію, Кітай, Латвію, Нідэрланды, Польшчу, Расію, Турцыю, Украіну, Францыю. Мін-ва культуры забяспечвала міжнар. культурнае супрацоўніцтва з больш чым 30 краінамі свету на аснове 33 міжурадавых і міжведамасных дагавораў, заключаных з гэтымі дзяржавамі, у т. л. 4 пагадненні з рознымі рэгіёнамі Рас. Федэрацыі.
Паспяхова развіваліся сувязі паміж Рэспублікай Беларусь і ЮНЕСКА. У вер. 1998 Беларусь і ЮНЕСКА падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. Пры дапамозе ЮНЕСКА адзначаліся 400-годдзе памяці гуманіста і філосафа С.Буднага, 100-годдзе з дня нараджэння бел. пісьменнікаў М.Багдановіча і М.Гарэцкага. Таксама ЮНЕСКА дапамагала Беларусі ў захаванні традыцыйнай культуры, мовы, фальклору, культурных і гіст. помнікаў, у вырашэнні праблем, звязаных з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы 1986. Дзякуючы дапамозе гэтай арг-цыі, наладжана камп’ютэрная сетка ў АН Беларусі, разгорнута сістэма камп’ютэрных каталогаў у Нац. б-цы Рэспублікі Беларусь. Паводле рашэння ЮНЕСКА 2 помнікі бел. даўніны — Белавежская пушча і замкавы комплекс Мір — унесены ў Спіс сусв. культурнай і прыроднай спадчыны. Значную работу па ўмацаванні міжнар. сувязей Беларусі праводзяць Бел.т-ва дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі, Міжнар. асацыяцыя беларусістаў, інш. арг-цыі. Працягваецца супрацоўніцтва паміж Беларуссю і замежнымі дзяржавамі ў рамках параднёных гарадоў. Пры дапамозе замежных краін і міжнар. арг-цый Беларусь паспяхова вырашала праблемы ў сферы аховы навакольнага асяроддзя; толькі ў 2002 рэалізавана 12 міжнар. экалагічных праектаў на суму больш за 4,8 млн. долараў.
У 1990-я г. на Беларусі актыўна развівалася сістэма міжнар. турызму, якая стала адной з форм знешнеэканам. дзейнасці дзяржавы. У 2002 пытаннямі міжнар. турызму займалася каля 500 бел. фірм. Гал. партнёрамі Беларусі ў сферы міжнар. турызму з’яўляюцца Расія, Украіна, Германія, Польшча, Вялікабрытанія, Турцыя, Чэхія, Славакія, Балгарыя, Швецыя, Нідэрланды, Літва. У 1992 за мяжой (без краін СНД) пабывала 312 258 турыстаў з Беларусі, у 1995—570 899, у 2000—1 181 570, у 2002—1 198 669. Колькасць замежных турыстаў, што наведалі Беларусь, павялічылася з 29 877 чал. у 1992 да 55 177 чал. у 2002. У Беларусь турысты пераважна прыбываюць з Польшчы, Вялікабрытаніі, Расіі, Латвіі, Германіі, Ізраіля, Літвы, Кіпра, Украіны. У 1996 у межах сумеснага праекта ўрада Рэспублікі Беларусь і ПРААН «Садзейнічанне сацыяльна-эканамічнаму развіццю Рэспублікі Беларусь у пераходны перыяд» распрацаваны турыстычны маршрут «Залатое кальцо Беларусі». Планавалася, што ён аб’яднае ў адзіны турысцка-гасп. комплекс усе тэрыторыі і аб’екты краіны, якія маюць цікавасць як турысцка-экскурсійныя і рэкрэацыйныя аб’екты ці спартыўна-аздараўленчыя базы і зоны адпачынку.
Умацоўваюцца спарт. сувязі Беларусі з замежнымі краінамі. Бел. спартсмены паспяхова ўдзельнічалі ў летніх і зімовых Алімпійскіх гульнях у Барселоне (1992), Лілехамеры (1994), Атланце (1996), Нагана (1998), Сіднеі (2000), Солт-Лейк-Сіці (2002), інш.міжнар. спаборніцтвах. Напр., на XXVIII летніх Алімпійскіх гульнях у Афінах (2004) 153 спартсмены Беларусі спаборнічалі ў 23 відах алімпійскіх праграм і атрымалі 2 залатыя, 6 сярэбраных і 7 бронзавых медалёў. Неаднаразова міжнар.спарт. турніры праводзіліся і на бел. тэрыторыі. Рэспубліка Беларусь стала паўнапраўным членам К-та па развіцці спорту Савета Еўропы, прычым бел. прадстаўнік першы з краін Усх. Еўропы ўвайшоў у склад яго Выканкома.
Літ.:
Белорусская ССР в международных отношениях: Междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР с иностр. государствами (1944—1959). Мн., 1960;
Броўка Ю.П. Да пытання аб удзеле Беларускай ССР у стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1963. №2;
Яго ж. Международная правосубъектность БССР. Мн., 1967;
Переписка Председателя Совета Министров СССР с президентами США и премьер-министрами Великобритании во время Великой Отечественной войны 1941—1945 гг.Т. 1—2. М.;
1976;
Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественной войны, 1941—1945 гг.: Сб. док. Т. 3—5. М., 1978—84;
Белорусская ССР в международных отношениях: Многосторон. междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР (1960—1980). Мн., 1983;
Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986;
Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг.Мн., 1994;
Яго ж. «Мы, народы Объединенных Наций...»: Об участии Беларуси в деятельности ООН // Нёман. 1995. №10;
Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гт. Мн., 1997;
Яго ж. Внешняя политика Республики Беларусь: первые итоги первого десятилетия // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 2000. № 4;
Яго ж. Беларуская дзяржаўнасць і дыпламатыя ў XX ст. // Там жа. 2001. № 1;
Яго ж. Белорусско-российские отношения на рубеже столетий (конец 1999 — начало 2001 гг.) // Там жа. 2001. №2;
Яго ж. Беларусь в международных отношениях // История Беларуси: (Краткий очерк). Мн., 2002;
Запруднік Я. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мн., 1996;
Белоруссия на перепутье: в поисках международной идентичности. М., 1998;
Национально-государственные интересы Республики Беларусь. Мн., 1999;
Смирнов В.С. Внешняя политика и дипломатия Республики Беларусь. Мн., 1999;
Розанов А. Внешняя политика Беларуси: новые очертания // Беларусь в мире. 1999. №2—3;
Суверенитет и многовекторность внешней политики Республики Беларусь в современных условиях. Мн., 2000;
Шадурский В.Г. Культурные связи Беларуси со странами Центральной и Западной Европы (1945—1990-е гг.). Мн., 2000;
Приоритеты внешней политики Республики Беларусь. Мн., 2001;
Внешняя политика Беларуси в исторической ретроспективе: Материалы междунар. науч. конф., 24—25 мая 2002 г.Мн., 2002;
Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 6. Мн., 2003;
Тихомиров А.В. Беларусь в международных отношениях, 1772—2002. Мн., 2003;
Качуровский Е., Астапченко Ю. Беларусь: новая торговая политика. Мн., 2003;
Мир и Беларусь. Аспекты устойчивого развития. Мн., 2003;
Беларусь і Польшча — Polska i Białorus. Warszawa, 2003;
Челядинский А.А. Внешнеполитические приоритеты и интересы Республики Беларусь // Бел. журнал междунар. права и междунар. отношений. 2003. №4;
Актуальные вопросы международных отношений и внешней политики Беларуси: Материалы науч. семинаров, янв.—дек., 2002 г.Мн., 2003;
Беларусь в современном мире. Мн., 2003.
У.Е.Снапкоўскі (фарміраванне асноў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, Беларусь — адна з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Беларусь і міжнародныя арганізацыі), А.В.Ціхаміраў (двухбаковыя сувязі Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі, гандлёва-эканамічныя адносіны Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі, культурныя і навуковыя кантакты, сувязі ў галіне спорту і турызму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТА,
распаўсюджванне ведаў, адукацыя; сістэма адукацыйна-выхаваўчых і культ.-асв. мерапрыемстваў і спец. устаноў краіны. Мэты, задачы і структура асветы маюць канкрэтна-гіст. характар і залежаць ад узроўню эканам., паліт. і культ. развіцця грамадства.
На Беларусі да з’яўлення пісьменства першасныя элементы асветы грунтаваліся на канонах і ведах нар. педагогікі і найб. выяўляліся ў працоўным навучанні, у авалоданні навыкамі земляробства, будаўніцтва і разнастайных рамёстваў. Са з’яўленнем пісьменства і кніжнасці асвета стала пашырацца і дасягнула дастаткова высокага ўзроўню ў 10—13 ст. Цэнтрамі тагачаснай асветы былі цэрквы і манастыры, дзе ствараліся школы, б-кі, вялося летапісанне. У 11 ст. ў Полацкім Сафійскім саборы створаны цэнтр летапісання Полацкай зямлі і самая стараж. на Беларусі б-ка (гл.Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка), дзе захоўваліся і перапісваліся кнігі на стараслав. і грэч. мовах, існавала школа. Вядомыя помнікі асветы і пісьменства — крыж Лазара Богшы (1161) для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасцяныя граматы (знойдзены ў Віцебску і Мсціславе), найстаражытнейшае на землях усх. славян Тураўскае евангелле (11 ст.). Буйнейшыя асветнікі стараж. Беларусі — Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. У б-ках («кніжніцах») пры цэрквах і манастырах пераважала рэлігійна-дыдактычная, гісторыка-асветніцкая л-ра, павучанні, жыціі. Афіцыйнай мовай на ўсёй тэр.ВКЛ была старабеларуская. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, маст. творы. Адбылася пэўная культурна-духоўная пераарыентацыя бел. зямель ад Візантыі да суседніх краін Прыбалтыкі, Цэнтр. і Зах. Еўропы, склалася бел.-літоўскае летапісанне. З развіццём феад. адносін і ростам гарадоў у 14—16 ст. пашыраліся асвета, пісьменства і кніжная культура ў розным сац.-этнічным і прафес. асяроддзі. Цэнтры кніжнага пісьменства, скрыпторыі (рукапісныя майстэрні) дзейнічалі пры вял. манастырах і цэрквах Навагрудка, Полацка, Вільні, Віцебска і інш. Раслі і багацелі шматлікія б-кі манастыроў (Супрасльскага Благавешчанскага, Святатраецкага ў Вільні, Траецкага ў Слуцку і інш.). У 16—17 ст. б-кі ствараліся пры навуч. установах: Віленскай акадэміі, Полацкім езуіцкім калегіуме. Многія буйныя магнаты (Хадкевічы, Слуцкія, Сапегі, Агінскія, Радзівілы, Храптовічы) і адукаваная шляхта стваралі ўласныя б-кі. У эпоху Адраджэння (на Беларусі пачалося з канца 15 ст.) развіццё асветы было звязана з пашырэннем гуманіст. і рэфармац. руху, барацьбой паміж праваслаўем, каталіцызмам і рэфармац. рухамі. З уздымам руху пратэстантаў звязана станаўленне на Беларусі кнігадрукавання. Вялікі ўклад у асвету і культуру бел. народа зрабілі Ф.Скарына, С.Будны, браты Л.Зізаній і С.Зізаній, В.Цяпінскі, М.Гусоўскі, І.Фёдараў, П.Мсціславец, С.Собаль, Л.Сапега і інш. Школьная адукацыя мела саслоўна-канфесійны характар. Існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя (гл.Брацкія школы), уніяцкія, пратэстанцкія, іудзейскія, мусульманскія школы. Складваліся ўмовы і для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) і перамогі Контррэфармацыі на тэр.ВКЛ пачалі пашырацца сярэднія каталіцкія навуч. ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы. Першай навуч. установай такога тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, засн. ў 1570, у 1579 пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію — першую ВНУ у ВКЛ. Існавалі езуіцкія калегіумы ў Брэсце, Гродне, Нясвіжы, Полацку, Оршы, Віцебску, Мінску і інш. Распаўсюджанне на Беларусі з 2-й пал. 18 ст.Асветніцтва выклікала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. У выніку рэформы піярскіх школ пашырылася вывучэнне прыродазнаўчых і гуманіт. навук, эстэт. і фізічнае выхаванне. У канцы 18 — пач. 19 ст. школьная адукацыя на Беларусі апынулася ў сферы дзеяння рэформаў Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай і Камісіі па стварэннінар. вучылішчаў Рас. імперыі. У выніку іх дзейнасці колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, навучанне ўсё больш стала набываць свецкі характар. Паводле школьнай рэформы 1802 бел. губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, вучэбна-метадычным цэнтрам якой быў Віленскі універсітэт. Павялічылася колькасць свецкіх агульнаадук. школ і навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішчаў, заваёўвала правы жаночая адукацыя. Разам са шляхтай доступ да сярэдняй адукацыі атрымалі мяшчане, купцы, разначынная інтэлігенцыя. Пасля паўстання 1830—31 сістэма асветы была рэарганізавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», у 1832 быў закрыты Віленскі ун-т. На пач. 1860-х г. на тэр. сучаснай Беларусі існавала 576 навуч. устаноў, у т. л. 1 вышэйшая — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, 12 сярэдніх, 45 няпоўных сярэдніх, 45 дзярж. і прыватных жаночых вучылішчаў і больш за 400 дзярж., ведамасных і прыватных пачатковых школ, у якіх навучалася каля 16,5 тыс.чал. (0,5% насельніцтва). Істотныя змены адбыліся ў адукацыі настаўнікаў: 80% настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі свецкую адукацыю, больш за 50% скончылі вышэйшыя і спец.пед. ўстановы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё асветы і культуры Беларусі негатыўна ўздзейнічала вялікадзяржаўная палітыка царызму. Вынікі школьнай рэформы 1860—70-х г. на Беларусі былі менш значныя, чым у цэнтр. губернях Расіі. Пасля задушэння паўстання 1863—64 былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы. Пач. школы аддадзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Паводле палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах 1884 закрыты многія народныя вучылішчы, а на іх базе ўтвораны царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, падпарадкаваныя правасл. духавенству. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты настаўніцкія семінарыі (Маладзечна, Полацк, Нясвіж, Свіслач), жаночыя епархіяльныя вучылішчы і царкоўна-настаўніцкія школы. Аднак узровень нар. асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкія. У 1897 на Беларусі пісьменных налічвалася 25,7% (дзеці да 10 гадоў у разлік не браліся). На пач. 20 ст. пад націскам рэв. руху і патрэб сац.-эканам. развіцця царскія ўлады пайшлі на пашырэнне нар. адукацыі. На працягу 1900—14 колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, адкрыты земскія школы, 5 настаўніцкіх семінарый і 3 ін-ты: Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі. Пачаўся грамадска-пед. рух за рэформу нар. адукацыі, адкрываліся нелегальныя бел. школы, стваралася дзіцячая навуч.л-ра на бел. мове (кніжкі В.Іваноўскага, К.Каганца, Цёткі, Я.Коласа, В.Ластоўскага), ствараліся пед. т-вы, развівалася пед. думка (працы Ф.А.Кудрынскага, Дз.А.Сцяпуры, Е.Р.Раманава, К.І.Ціхамірава і інш.).
Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, абвяшчэння БНР і стварэння БССР пачалася карэнная перабудова сістэмы асветы. Ліквідаваны саслоўныя, рэліг., нац. і інш. прывілеі. У студз. 1919 створаны Народны камісарыят асветы БССР, у крас. 1919 адноўлены Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у 1921 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. У 1920-я г. дасягнуты значны прагрэс у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У рамках палітыкі беларусізацыі большасць школ, частка тэхнікумаў і ВНУ перайшлі на бел. мову навучання. У 1930-я г.БССР адна з першых у СССР перайшла да ўсеагульнага абавязковага пач. навучання і да ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі ў гарадах. Але ў сярэдзіне 1930-х г. беларусізацыя нар. асветы ў БССР была згорнута. У Зах. Беларусі барацьбу за бел. школы і дэмакратызацыю нар. адукацыі ўзначальвала Таварыства Беларускай школы (ТБШ). За пасляваеннае дзесяцігоддзе на Беларусі ажыццёўлена абавязковае пач. навучанне і пераход да ўсеагульнай 7-гадовай адукацыі, умацавана матэр. база школ. Уведзеная на Беларусі ў 1950-я г. практыка выбару бацькамі мовы навучання дзяцей вяла да паступовага звужэння бел. мовы ў агульнаадук. школах. У канцы 1980-х г. у школах з рус. мовай навучання займалася ў 4 разы больш вучняў, чым у школах з бел. мовай. Да канца 1970-х г. завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці са школьнай рэформай 1984 уводзілася 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя, аднак на практыцы праблема поўнага ўсенавуча вырашалася з вялікімі цяжкасцямі.
Паводле закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) адзінства і бесперапыннасць сістэмы адукацыі забяспечваюцца ўзгодненасцю навуч. планаў і праграм, пераемнасцю ступеняў і формаў навучання, стварэннем навуч. устаноў, якія аб’ядноўваюць розныя віды асветы. Закон устанавіў абавязковае базавае 9-гадовае навучанне. Гл. таксама Адукацыя, Адукацыя агульная, Базавая адукацыя, Педагогіка, а таксама раздзелы «асвета» ў арт. пра дзяржавы.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Народное образование в Белорусской ССР. 2 изд. Мн., 1961;
О реформе общеобразовательной профессиональной школы: Сб. документов и материалов. М., 1984;
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажыт. часоў да 1917 г.Мн., 1985;
Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці ў Беларускай ССР (20—30-я гады). Мн., 1990;
Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТНІЦТВА,
грамадска-палітычная плынь, прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Пашырана ў эпоху бурж. рэвалюцый і адлюстроўвала прагрэс. ступень развіцця сусв. грамадскай думкі. У аснове сац. філасофіі Асветніцтва ляжалі ідэаліст. ўяўленні пра вызначальную ролю свядомасці ў развіцці грамадства, вучэнне аб чалавеку і дэізм Дж.Лока, рацыяналізм і механіст. фізіка Р.Дэкарта, механіка і дэізм І.Ньютана, антысхаластычныя вучэнні ў Францыі пач. 18 ст. Догмам пра боскае паходжанне манархічнай улады ідэолагі Асветніцтва супрацьпаставілі рацыяналіст. тэорыі грамадства і дзяржавы, маралі і нават самой рэлігіі (дэізм, ідэя «натуральнай» рэлігіі і рэлігіі розуму). Зыходзячы з канцэпцый «натуральнага права», асветнікі абгрунтоўвалі патрабаванні дэмакр. свабод, грамадзянскай роўнасці. Некаторыя з іх адстойвалі ідэі нар. суверэнітэту і дэмакр. рэспублікі, лічылі нармальным спаборніцтва прыватных інтарэсаў. У кожнай краіне Асветніцтва мела пэўныя асаблівасці, адпаведныя ўзроўню развіцця грамадства і сац.-эканам. адносін. Найраней яно выявілася ў Галандыі, дзе ў 16 ст. перамагла 1-я ў свеце бурж. рэвалюцыя. Філосафы У.Акоста, Г.Гроцый, Б.Спіноза патрабавалі вызваліць навуку ад кантролю царквы. У Англіі пасля перамогі бурж. рэвалюцыі Асветніцтва набыло больш вальнадумны характар (Дж.А.Колінз, Д.Гартлі, Дж.Прыстлі). Дж.Лок, які быў добра вядомы і на Беларусі, даказваў неабходнасць прыватнай уласнасці, выступаў за свабоду асобы, ахову правоў чалавека. Ф.Бэкан і Т.Гобс выступалі за развіццё ведаў; Д.Дэфо вобразам Рабінзона Круза пацвердзіў, што разумная воля чалавека здольная перамагчы любыя цяжкасці. У Францыі Асветніцтва найб. пашырэнне набыло ў перыяд паміж 1715 (год смерці Людовіка XIV) і 1789 (штурм Бастыліі), які называюць «векам Асветніцтва» ці «стагоддзем філасофіі»: П.Бейль выступаў супраць феад.-царк. ідэалогіі; Вальтэр, які стаў сімвалам Асветніцтва («эпоха Вальтэра»), патрабаваў адмены саслоўных прывілеяў, хоць спадзяваўся на адукаванага манарха; Ж.Ж.Русо абгрунтаваў права нар. мас на паўстанне; П.Гольбах, Ж.Ламетры, Д.Дзідро, К.Гельвецый проціпаставілі рэлігіі атэізм, ідэалізму — матэрыялізм. У Германіі Асветніцтва стала пашырацца з 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах эканам. і паліт. адсталасці краіны; Г.Э.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ выступалі за нац. адзінства Германіі, сцвярджалі, што з дапамогай мастацтва можна перавыхаваць чалавека. У ЗША Асветніцтва стала ідэалогіяй барацьбы з англ. абсалютызмам (Б.Франклін, Т.Джэферсан). У слав. краінах яно найб. яскрава выявілася ў Польшчы (Г.Калонтай, С.Сташыц) і было накіравана супраць феад.-арыстакратычнай і каталіцкай рэакцыі, усеўладдзя магнатаў. У Чэхіі Асветніцтва развівалася ва ўмовах нац.-вызв. барацьбы супраць аўстр. абсалютызму. У Сербіі і Балгарыі ідэалогія Асветніцтва садзейнічала аб’яднанню суайчыннікаў у барацьбе супраць тур. панавання. У Расіі Асветніцтва, замацаванае М.Ламаносавым, А.Радзішчавым, Дз.Фанвізіным і М.Навіковым, мела антыпрыгонніцкі кірунак; у 19 ст. М.Чарнышэўскі і М.Дабралюбаў дапоўнілі яго ідэямі рэв. дэмакратызму і утапічнага камунізму. На Украіне Асветніцтва звязана з дзейнасцю Р.Скаварады, у Літве — К.Данелайціса. Пад уплывам ідэй еўрап. Адраджэння і Асветніцтва фарміраваўся светапогляд і ў краінах Усходу. У Кітаі ў 17—18 ст. з’явілася плеяда вучоных, філосафаў і пісьменнікаў, якія прапагандавалі адукацыю, заснаваную на рэальных ведах, а не схаласт. «экзаменацыйных сачыненнях» і каментарыях да канфуцыянскіх класікаў, развівалі тэорыю грамадскай роўнасці і натуральных правоў чалавека, выступалі супраць палітыкі «зачыненых дзвярэй». У Японіі перадавыя мысліцелі 18 ст. проціпастаўлялі канфуцыянскай схаластыцы набытыя вопытам веды, развівалі матэрыялістычныя ідэі. У Індыі пасля нац. паўстання 1857—59 узніклі асветніцка-рэфарматарскія т-вы і групы, якія перакладалі на інд. мовы еўрап. л-ру, патрабавалі свабоды слова і друку, вялі барацьбу за адкрыццё навуч. устаноў зах. тыпу. У Турцыі, Іране, Сірыі, Егіпце, Іраку асветнікаў аб’ядноўвала вера ў сілу адукацыі і асветы як сродкаў пераўтварэння грамадства, вызвалення народаў і дасягнення нац. адзінства.
Ідэалогія Асветніцтва знаходзіла сваё адлюстраванне ў розных кірунках л-ры і выяўл. мастацтва: асветніцкіх класіцызме і рэалізме, у сентыменталізме, у пафасе сцвярджэння станоўчага героя. Яскравыя ўзоры асветніцкай л-ры далі Вальтэр, Русо, Дзідро, П.Бамаршэ (Францыя); Лесінг, маладыя Гётэ і Шылер (Германія); С.Рычардсан, Дж.Свіфт, Г.Філдынг, Т.Дж.Смолет, Р.Б.Шэрыдан (Англія); А.М.Радзішчаў, А.С.Пушкін, А.І.Герцэн, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын, І.С.Тургенеў (Расія) і інш. Выразнае адценне Асветніцтва набыла творчасць арх. К.Н.Леду, жывапісцаў Ж.Л.Давіда і Ж.Б.Гроз (Францыя), У.Хогарта (Англія), Д.Н.Хадавецкага (Германія) і інш. Ідэі Асветніцтва істотна паўплывалі і на музыку Францыі, Германіі, Аўстрыі. Грамадска-паліт., этычная і эстэт. ідэі Асветніцтва сталі духоўнай асновай фарміравання венскай класічнай школы, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена.
На Беларусі Асветніцтва з’явілася ў 1-й пал. 18 ст. (ранняе Асветніцтва), актыўна пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Яго вытокі ў творчасці і дзейнасці бел. мысліцеляў канца 17 — пач. 18 ст. К.Лышчынскага, Сімяона Полацкага, І.Капіевіча. Пашырэнню Асветніцтва спрыялі выхаванцы Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі сярэдзіны 18 ст. (Л.Барановіч, Г.Каніскі, Ф.Пракаповіч і інш.). Асветніцтва знайшло адлюстраванне ў філасофіі, сацыялогіі, л-ры і выяўл. мастацтве; вызначалася паказам быт. і этнічных умоў жыцця класаў і сац. груп, духоўнай спадчыны мінулага, праблем аўтаномнасці Беларусі і адносін з Рэччу Паспалітай і Расіяй. Прадстаўнікі ранняга Асветніцтва на Беларусі Б.Дабшэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі звязвалі навук. задачы з гуманістычнымі, свабоду думкі лічылі абавязковай умовай для развіцця навукі. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя даследаванні бел. фальклору, этнаграфіі і мовы. Пераход да асветніцкіх канцэпцый у гісторыі заўважаецца ў творах Капіевіча, Ф.Папроцкага. А.Нарушэвіч у гіст. працэсе гал. ролю адводзіў розуму, прадметам гіст. даследаванняў лічыў жыццё народа як паказчык яго палітыкі, эканомікі і культуры, значную ўвагу звяртаў на асвятленне нац. гісторыі. Т.Млоцкі ў сваёй працы «Сведчанне з вытокаў натуральнага права» (1779) выклаў асн. палажэнні тэорыі «натуральнага права», а ў трактоўцы гіст. працэсу набліжаўся да «грамадзянскага дагавору» Русо. І.Страйноўскі, зыходзячы з канцэпцыі «натуральнага права», абараняў прынцыпы роўнасці людзей, выказваў думкі пра натуральную абумоўленасць грамадскіх парадкаў. Спецыфічнай рысай Асветніцтва на Беларусі была яго арыентацыя на вырашэнне сял. праблемы. У працах Ю.Паўлікоўскага, Д.Пільхоўскага, І.Яленскага, Я.Ясінскага і інш. абгрунтоўвалася неабходнасць забеспячэння паліт. гарантый асобе селяніна, выказваліся ідэі скасавання прыгону, стварэння сістэмы навучання сялянскіх дзяцей, прапаноўваліся камуніст.-утапічныя праекты абшчыннай роўнасці ў карыстанні зямлёй і атрыманні прадукту вытворчасці. Утапічна-камуністычныя ідэі на тэалагічнай аснове выказваў біскуп П.Бжастоўскі, які правёў у сваіх маёнтках значныя рэформы (адмяніў прыгон, адкрыў школы, шпіталі, увёў сял. самакіраванне і інш.). Непасрэднае дачыненне да Асветніцтва мелі даследчыкі прыроды — ураджэнцы Беларусі В.Карчэўскі, А.Маркевіч, М.Ачапоўскі, П.Славінскі, С.Юндзіл. Так, Маркевіч стварыў антрапал. канцэпцыю, у якой узнікненне і развіццё чалавека лічыў вынікам паступовага развіцця прыроды. Прадаўжальнікамі традыцый Асветніцтва на Беларусі былі філаматы і філарэты. Для пашырэння ідэй Асветніцтва на Беларусі шмат зрабіла Адукацыйная камісія, ідэйнымі натхняльнікамі якой былі Сташыц, Г.Калонтай, Я.Снядэцкі, выкладчыкі Віленскага ун-та Ж.Жылібер, Г.Форстэр, Пачобут-Адляніцкі, А.Снядэцкі, І.Страйноўскі і інш., значны ўдзел у яе стварэнні і дзейнасці прыняў І.Храптовіч. Прапагандыстамі Асветніцтва выступалі выкладчыкі нар. вучылішчаў І.Сакольскі, А.Зміеў, С.Цвяткоўскі і інш., якія лічылі неабходным зрабіць навучанне здабыткам усіх дзяцей, нават з бедных сем’яў.
Прагрэсіўныя тэндэнцыі Асветніцтва знайшлі адлюстраванне ў л-ры і выяўл. мастацтве Беларусі. У эпісталярных, лірычных, драм. (інтэрмедыі) творах, у творах Ф.Карпінскага, маладога А.Міцкевіча выявіліся антыпрыгонніцкія і антыклерыкальныя настроі. У «Одзе» Сакольскага, прысвечанай адкрыццю нар. вучылішча ў Полацку, выказана асветніцкая канцэпцыя «без ведаў мы — дзеці цемры». Сац.-сатыр. плынь узмацнілася ў розных формах творчасці, асабліва ў паэзіі. Гратэскавы рэалізм спалучыўся з дыдактыкай і сентыменталізмам. Пануючы ў мастацтве 18 ст. класіцызм пад уплывам Асветніцтва пачаў трансфармавацца ў сентыменталізм (І.Быкоўскі, Ф.Карпінскі і інш.), узніклі элементы рамантызму і рэалізму. У рэчышчы класіцызму заставаліся паэтыка і рыторыка (Ф.Галянскі, І.Фалькоўскі), але ад яго канонаў адступілі і наблізіліся да рамантызму Я.Снядэцкі, А.Доўгірд, Е.Славацкі, Л.Бароўскі. Адначасова з перайманнем еўрап.маст. стыляў (барока, класіцызм, сентыменталізм, ракако і інш.) у выяўл. мастацтве пашыраліся мясц. стылі і школы (Магілёўская, Віцебская і інш.).
Літ.:
Баскин М.П. Философия немецкого просвещения. М., 1954;
Осипова Е.В. Философия польского просвещения. М., 1961;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Яго ж. Гуманизм просветителей // Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии. Мн., 1977;
Волгин В.П. Развитие общественной мысли во Франции в XVIII веке. 2 изд. М., 1977;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТАЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,
буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Расіі, у выніку якой скінута царскае самадзяржаўе. Выклікана рэзкім абвастрэннем сац.-эканам. і паліт. крызісу, няздольнасцю царскага ўрада пераадолець выкліканую вайной гасп. разруху. Яе асн. рухаючая сіла — буржуазія, рабочыя буйных гарадоў, асабліва Петраграда і Масквы, да якіх далучыліся дробныя ўласнікі, служачыя і інтэлігенцыя. Вырашальную ролю ў перамозе рэвалюцыі адыграў пераход на яе бок арміі і флоту.
У канцы 1916 — пач. 1917 пачалі набываць усерас. характар паліт. стачкі і дэманстрацыі рабочых. 23.2(8.3).1917 з нагоды Міжнар. свята жанчын-працаўніц (8 сак. па н.ст.) на прадпрыемствах Петраграда адбыліся мітынгі і забастоўкі (128 тыс. удзельнікаў). 24 лют. (9 сак.) у стачках удзельнічалі 214 тыс.чал. з 224 прадпрыемстваў Петраграда. 25 лют. (10 сак.) пачалася ўсеагульная паліт. стачка, якая паралізавала эканам. жыццё горада. 26 лют. (11 сак.) камандуючы Петраградскай ваен. акругай ген. С.С.Хабалаў паспрабаваў задушыць рэв. выступленні ў сталіцы. Адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з войскамі і паліцыяй. 27 лют. (12 сак.) паліт. стачка перарасла ва ўзбр. паўстанне, адбыўся пераход войск на бок рэвалюцыі. Былі захоплены масты, вакзалы, тэлеграф, гал. паштамт, найважнейшыя ўрадавыя ўстановы, разгромлены паліцэйскія ўчасткі, з турмаў вызвалены паліт. зняволеныя, пачаліся арышты царскіх міністраў. Увечары 27 лют. (12 сак.) у Таўрычаскім палацы адбылося першае пасяджэнне Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які выдаў «Загад № 1» аб увядзенні ў арміі дэмакр. прынцыпаў. У ноч на 28 лют. (13 сак.) афіцыйна абвешчана аб стварэнніЧасовага камітэта Дзяржаўнай думы 1917. 2(15) сак.К-т накіраваў да цара ў Стаўку Вярх. галоўнакамандавання А.І.Гучкова і В.В.Шульгіна. У выніку перагавораў (адбываліся ў г. Пскоў) цар Мікалай II адрокся 2(15) сак. ад прастола за сябе і за малалетняга сына Аляксея на карысць брата Міхаіла Аляксандравіча; апошні 3(16) сак. таксама адмовіўся ад прастола. 2(15) сак. пленум Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, ухваліў прынятае напярэдадні выканкомам Савета рашэнне аб прадастаўленні Часоваму к-ту Дзярж. думы права сфарміраваць урад. У той жа дзень утвораны Часовы ўрад на чале з кн. Г.Я.Львовым пераважна з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў. Фактычна дзеючым органам улады для ўсёй краіны заставаўся і Петраградскі Савет, бо Часовы ўрад не мог дзейнічаць без яго падтрымкі. Такім чынам утварылася двоеўладдзе. У ноч на 1(14) сак. паўстаў Кранштат. 1(14) сак.ўзбр. паўстанне перамагло ў Маскве, дзе быў утвораны Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў. На працягу сакавіка рэвалюцыя перамагла па ўсёй Расіі. Да 10(23) сак. ў краіне створана 130 Саветаў. Паралельна ствараліся мясц. органы Часовага ўрада — часовыя к-ты грамадскага парадку, установы губ. і пав. камісараў.
Першыя паведамленні аб рэв. падзеях у Петраградзе паступілі ў Беларусь 28.2(13.3).1917. У Мінску, Магілёве, Гомелі прайшлі дэманстрацыі і мітынгі ў падтрымку рэвалюцыі. У ноч на 4(17) сак. ў Мінску з рабочых і салдат была ўтворана міліцыя (узначальваў М.В.Фрунзе), якая абяззброіла паліцэйскіх і жандараў. 4(17) сак. створаны першыя ў Беларусі Саветы рабочых дэпутатаў у Мінску і Гомелі. За 2 месяцы ў Беларусі створаны 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў і 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У межах губерняў ствараліся асобныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Саветы сял. дэпутатаў (Мінская і Магілёўская губ.), у Віцебскай губ. — Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. У Заходняй вобласці (утворана ў чэрв. 1917) створаны абл. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Адначасова ў бел. губернях ствараліся мясц. органы Часовага ўрада. У Мінску ноччу 4(17) сак. на нарадзе гласных гар. думы, прадстаўнікоў земскага і гар. саюзаў, губ. і пав. земстваў, правасл., каталіцкага і іудзейскага духавенства абраны грамадзянскі камендант горада і сфарміраваны часовы грамадскі к-т парадку. 6(19) сак. Часовы ўрад у Петраградзе зацвердзіў старшыню губ. земскай управы Б.Н.Самойленку мінскім губ. камісарам, гар. галаву Б.С.Хржанстоўскага — мінскім гар. камісарам. У Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. былі зацверджаны губ. камісары, у паветах прызначаны пав. камісары. Большасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў прызнала Часовы ўрад і яго мясц. органы.
У Беларусі, як і ўсюды ў б.Рас. імперыі, розныя пласты грамадства, якія ўдзельнічалі ў Л.р., мелі свае, часам супрацьлеглыя, паліт. і эканам. мэты, цэнтры паліт. прыцягнення. Сілы, што выступалі за захаванне буйной прыватнай уласнасці, за працяг удзелу Расіі ў 1-й сусв. вайне да перамогі і наступнае яе развіццё як адзінай непадзельнай дэмакр. дзяржавы з развітой рыначнай эканомікай (буйныя прадпрымальнікі, памешчыкі, частка інтэлігенцыі) гуртаваліся вакол Часовага ўрада. Частка сярэдніх і дробных прадпрымальнікаў, інтэлігенцыі апіралася на нац. партыі і арг-цыі. Рабочыя, салдаты, сяляне былі зацікаўлены ва ўстанаўленні дэмакр. рэспублікі, выхадзе з вайны, перадачы зямлі сялянам, увядзенні 8-гадзіннага рабочага дня, яны арыентаваліся на Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў і паліт. партыі левага кірунку. Бел.нац. сілы з мэтай згуртавання сваіх радоў правялі з’езды: бел.нац. дзеячаў, салдат, афіцэраў, рабочых ваен. прадпрыемстваў Зах. фронту, сял. дэпутатаў Мінскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. Усе з’езды выказалі давер Часоваму ўраду, выбралі выканаўчыя органы для ажыццяўлення прынятых рашэнняў. Асаблівасцю Беларусі было тое, што тут, акрамя Беларускай сацыялістычнай грамады, не існавала інш. агульнабел. партый. Дзейнічалі толькі губ. арг-цыі агульнарас. партый: кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, нар. сацыялістаў, анархістаў і інш. Толькі бальшавіцкія арг-цыі стварылі адзіны кіруючы орган — Паўночна-Заходні камітэт РСДРП(б). Канчатковае вырашэнне пытання аб шляхах развіцця краіны ў абставінах рэвалюцыі залежала ад таго, на які бок стане большасць народа.
Перамога Л.р. ператварыла Расію ў самую свабодную краіну з усіх ваюючых дзяржаў і дала нар. масам магчымасць шырока карыстацца паліт. правамі. Аднак да ўлады ў Саветах і ў Часовым урадзе прыйшлі паліт. сілы, якія прадстаўлялі розныя пласты насельніцтва з супрацьлеглымі паліт. і эканам. інтарэсамі. Гэта абумовіла вострую паліт. барацьбу (Красавіцкі крызіс 1917, Чэрвеньскі крызіс 1917, Ліпеньскі крызіс 1917) і прамаруджванне з вырашэннем надзённых задач, што адначасова былі патрабаваннямі асн. масы насельніцтва: спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, пераадоленне найб. небяспечных праяў ваен. разрухі. Адбываўся паступовы пераход сімпатый найб. арганізаваных і рашуча настроеных удзельнікаў Л.р. (рабочых, салдат, матросаў), асабліва пасля падаўлення Карнілава мяцяжу 1917, на бок леварадыкальных паліт. партый (бальшавікоў і левых эсэраў), якія на хвалі незадаволенасці працоўных палітыкай акцябрыстаў, кадэтаў, меншавікоў і правых эсэраў падрыхтавалі і правялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917.
Кр.:
Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954;
Революционное движение в Белоруссии, июнь 1907 — февраль 1917: Док. и материалы. Мн., 1987.
Літ.:
Бурджалов Э.Н. Вторая русская революция. Москва. Фронт. Периферия. М., 1971;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Деникин А.И. Очерки русской смуты. М., 1991;
Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;
Исторический опыт трех российских революций. [Кн. 2], М., 1986;
Ленін У.І. Тв.Т. 1-45. Мн., 1948—74;
Набоков В. Временное правительство: (Воспоминания). М., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Пушкарева И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция 1917 г. в России. М., 1982;
Саладкоў Т.Е. Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;
Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1. М., 1991;
Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963.
І.М.Ігнаценка.
Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Салдаты Заходняга фронту вітаюць звяржэнне царызму. 1917.Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Маніфестацыя рабочых і салдат у г. Маладзечна. Сакавік 1917.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Дэлегаты 1-га з’езда дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту каля будынка Мінскага гарадскога тэатра. Красавік 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУА́НДА (Ruanda, Rwanda), Руандыйская Рэспубліка (кіньяруандыйскае Republika y’u Rwanda, франц. Republique Rwandaise, англ. Républic of Rwanda),
дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на З з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пн з Угандай, на У з Танзаніяй, на Пд з Бурундзі. Пл. 26,4 тыс.км². Нас. 7229,1 тыс.чал. (2001). Афіц. мовы — кіньяруанда, франц. і англ.; шырока ўжываецца мова суахілі. Сталіца — г.Кігалі. Падзяляецца на 12 прэфектур. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца на 5 гадоў). Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і Нац. сходу. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Паверхня — моцна парэзанае далінамі рэк пласкагор’е (выш. 1500—2000 м), зах. край (прыўзняты да 2500—3000 м) стромка абрываецца да воз.Ківу. На крайнім ПнЗ — частка вулканічных гор Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м). Ёсць радовішчы алавяных, вальфрамавых, берылавых, танталака-лумбітавых і інш. руд, золата, метану і вуглякіслага газу. Клімат субэкватарыяльны, мяккі з-за значнай вышыні над узр. м. У г. Кігалі (на выш. 1550 м) т-ра ўвесь год вагаецца ад 17 да 21 °C. Ападкаў каля 1000—1500 мм за год, сухі сезон ліп.—верасень. Бываюць засухі. Большая ч.тэр. ў бас.р. Кагера (выток р. Ніл). Найб. возера Ківу. Расліннасць прадстаўлена пераважна другаснымі саваннамі. Пад лесам і хмызнякамі 22% тэрыторыі. Багаты жывёльны свет моцна вынішчаны, але ў нац. парках і запаведніках захаваліся розныя віды антылоп, буйвалы, насарогі, бегемоты, зебры, ільвы, леапарды і інш. У Р. нац. паркі Вірунга і Кагера (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Асн. народ руанда (баньяруанда) складае каля 95%. Этнасацыяльна падзяляецца на групы жывёлаводаў — тутсі (высокага росту, каля 13%), земляробаў — хуту (сярэдняга росту, 85%) і пігмеяў-тва (больш за 1%). Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, з Еўропы і Паўд. Азіі. Вернікі пераважна католікі (65%) і прыхільнікі мясц.традыц. вераванняў (25%), ёсць пратэстанты (9%) і мусульмане (1%). Сярэднегадавы прырост 1,4% (2000). Сярэдняя шчыльн. адна з самых высокіх у Афрыцы — 273,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 6% насельніцтва. У г. Кігалі 234,5 тыс.ж. (1993), па 20—40 тыс.ж. у гарадах Бутарэ, Ньянза, Гісеньі, Гітарама, Б’юмба. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва. У выніку ваен. дзеянняў каля 1 млн.чал. загінулі, каля 2 млн.чал. (пераважна хуту) пакінулі Р., жывуць у лагерах бежанцаў на тэр. суседніх краін.
Гісторыя. Стараж. насельнікамі тэр. Р. былі пігмеі-тва. У пач. 2-га тыс.н.э. тут пасяліліся бантумоўныя земляробчыя плямёны хуту. Каля 16 ст. іх падпарадкавалі жывёлаводы тутсі, якія стварылі тут дзярж. аб’яднанне на чале з мвамі (каралём). Меншасць тутсі складала касцяк кіруючай эліты, якая панавала над большасцю — хуту. У 1898 Р. анексіравана Германіяй і далучана да герм.Усх. Афрыкі. У 1916 Р. акупіравала Бельгія, якая пасля 1-й сусв. вайны атрымала мандат Лігі Нацый на кіраванне Р. З 1946 Р. — падапечная тэр.ААН пад кіраваннем Бельгіі. У 1959 прадстаўнікі хуту заснавалі Рух за эмансіпацыю (з 1960 Рэсп.-дэмакр. Рух Пармехуту, РДР Пармехуту) на чале з Г.Кайібандам. На першых усеагульных выбарах 1961 перамог РДР Пармехуту. У вер. 1961 скасавана манархія, што суправаджалася сутыкненнямі паміж хуту і тутсі, у выніку чаго каля 200 тыс. тутсі знайшлі прытулак ва Угандзе.
1.7.1962 абвешчана незалежнасць Р., першым прэзідэнтам стаў Кайібанда. У снеж. 1963 адбыліся новыя сутыкненні паміж хуту і тутсі, пачалося выцясненне тутсі з дзярж. апарату. У ліп. 1973 ваенныя на чале з ген. Ж.Хаб’ярыманам здзейснілі дзярж. пераварот. У снеж. 1978 прынята новая канстытуцыя Р., Хаб’ярымана абраны прэзідэнтам краіны. Адзінай дазволенай паліт. партыяй абвешчаны Нац. рух за развіццё (засн. ў 1975). У кастр. 1990 з тэр. Уганды ў Р. ўварваліся ўзбр. атрады Патрыят. руандыйскага фронту (ПРФ), створанага эмігрантамі-тугсі. 4.8.1993 паміж ПРФ і ўрадам Р. падпісана пагадненне аб спыненні агню і стварэнні кааліцыйнага ўрада. 6.4.1994 быў збіты самалёт, на якім ляцеў Хаб’ярымана, і ён загінуў, у чым абвінавацілі тутсі. Міліцыя хуту пачала масавае фіз. знішчэнне тутсі; у выніку генацыду загінулі да 1 млн.чал. У адказ ПРФ разгарнуў наступленне і авалодаў усёй тэр. Р. Больш за 2 млн. хуту ўцяклі ў суседнія краіны. У ліп. 1994 прэзідэнтам Р. абвешчаны выхадзец з хуту П.Бізімунгу, віцэ-прэзідэнтам — выхадзец з тутсі П.Кагаме. У 1997 войскі Р. дапамаглі скінуць рэжым Мабуту Сесе Сека ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга, а з вер. 1998 удзельнічаюць ва ўзбр. канфлікце ў гэтай краіне. У крас. 2000 новым прэзідэнтам Р. абраны Кагаме.
Сярод паліт. партый і аб’яднанняў Р. найб. уплывам карыстаюцца Рэсп.дэмакр. рух, С.-д., Ліберальная і Хрысц.-дэмакр. партыі. У 1987 створаны Прафс. цэнтр працоўных. Р. — чл.ААН (з 1962), Арганізацыі афр. адзінства (з 1963).
Гаспадарка. Р. — адна з найбяднейшых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. 690 дол. за год (1998). Каля 36% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, каля 24% — у прам-сці, каля 40% — у абслуговых галінах. У гаспадарцы захаваліся перажыткі родавых і феад. адносін. Ёсць дзярж. і каап. сектары. Унутр. канфлікты 1990-х г. спынілі развіццё эканомікі. У паўнатуральнай сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца больш за палавіну тэр. краіны, у т. л. каля 900 тыс.га пад ворывам, каля 250 тыс.га пад шматгадовымі культурамі, каля 500 тыс.га пад пашай. Характэрны зямельны голад, магчымасці пашырэння с.-г. зямель амаль вычарпаны. Гал. занятак сялян — прымітыўнае матычнае земляробства, засн. на папарнай сістэме. Арашаецца 4 тыс.га.
Пераважаюць дробныя гаспадаркі пл. 0,6—1 га. Гал. экспартныя культуры: кава (штогадовы збор каля 40 тыс.т), чай, пірэтрум (інсектыцыдная расліна), бавоўна, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, сорга, кукурузу, бульбу, арахіс, бабовыя, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. У 1998 атрымана 226 тыс.т збожжа, 3 тыс.т алею. Жывёлагадоўля пашавая, характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе (1998, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 500, коз і авечак — 1250, свіней — 80. У 1998 атрымана 19 тыс.т мяса. Птушкагадоўля (куры, качкі), пчалярства. Рыбалоўства ў азёрах і рэках (1997, 3,1 тыс.т). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і здабычы карысных выкапняў. У 1996 атрымана 166 млн.кВт∙гадз электраэнергіі (97,6% на ГЭС, найб. Муруры на р. Рузізі). Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (перапрацоўка кавы, чаю, піваварныя і безалкагольных напіткаў), харч. (млыны і хлебапякарні, вытв-сць алею), гарбарна-абутковай, тэкст., мэблевай, мылаварнай, тытунёвай і інш. галін прам-сці; з-ды і ф-кі запалкавыя, метызаў, металаканструкцый, алюмініевага посуду, фарбаў, аўтарамонтныя майстэрні. Шырока развіты саматужная апрацоўка скур, выраб абутку, адзення, керамічнага посуду, прадметаў хатняга ўжытку. Вядзецца прамысл. і саматужная здабыча карысных выкапняў (руд волава, вальфраму, танталакалумбіту, берылу, золата). Здабыча метану і вуглякіслага газу з воз. Ківу. Лесанарыхтоўкі і лесапільная прам-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 12 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; 12 тыс. легкавых, 16 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Суднаходства па воз. Ківу; 7 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Кігалі. У 1998 экспарт склаў 82,1 млн.дол., імпарт 326 млн.дол. У экспарце пераважаюць кава (55%), чай (22%), пірэтрум, скуры; гарнарудная прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты, буд. матэрыялы. Гал.гандл. партнёры: Бельгія, ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Японія, Кенія. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу (у 1995—99 каля 400 млн.дол.). Грашовая адзінка — руандыйскі франк.
Літ.:
Соколова Р. Две народности — два врага? // Азия и Африка сегодня. 1997. № 6;
Денисов А. Уроки Руанды // Там жа. 2000. № 9.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Руанды.Да арт.Руанда. Ландшафт на ПнЗ краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫЙНЫЯ АСНОВЫ ДЗЯРЖАВЫ І ГРАМАДСТВА
У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, замацаваны асн. прынцыпы, формы грамадскага і дзярж. ўладкавання, парадак фарміравання органаў дзярж. улады, мясц. кіравання і самакіравання, іх узаемаадносін з інстытутамі грамадз. супольнасці. Паліт. сістэма бел. грамадства ўяўляе сабой сукупнасць дзярж. органаў, паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, пры дапамозе якіх народ ажыццяўляе сваю ўладу і кіруе справамі грамадства і дзяржавы. Эканам. сістэма вызначаецца існуючымі формамі ўласнасці, правіламі размеркавання грамадскага прадукту, мэтамі грамадскай вытворчасці і кіравання эканомікай краіны. Сац. сістэму складаюць розныя групы і супольнасці, утвораныя па прафес., дэмаграфічных, этнічных, сацыякульт., канфесійных і інш. прыкметах, а таксама арганізацыі, якія гарантуюць рэалізацыю сац. каштоўнасцей (сістэмы пенсіённага забеспячэння, страхавання, аховы здароўя, адукацыі, культуры і г.д.). Характар і змест гэтых гал. элементаў структуры і жыццядзейнасці грамадства вызначаюць найб. важныя прынцыпы і нормы Канстытуцыі — асновы канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь.
Паводле Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Гэта адзінае, цэласнае дзярж. ўтварэнне, якое складаецца з адм.-тэр. адзінак, падпарадкаваных цэнтр. органам улады; у краіне дзейнічае адна Канстытуцыя, адзіная сістэма заканадаўства і суд. арганізацыі, адзінае грамадзянства, адзін заканад. орган (парламент). Дэмакр. асновы бел. дзяржаўнасці прадугледжваюць народаўладдзе, разнастайнасць паліт. інстытутаў, ідэалогій і поглядаў, роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, мясц. самакіравання. Сац. накіраванасць дзяржавы выражаецца ў гарантаванасці кожнаму чалавеку годнага ўзроўню жыцця, стварэнні належных умоў для бесперашкоднай рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян на працу, сац. забеспячэнне, адукацыю, ахову свайго жыцця і здароўя. Прававы характар дзяржавы грунтуецца на безумоўным выкананні Канстытуцыі, раздзяленні ўлад, роўнасці ўсіх перад законам і судом. Рэальнае валоданне дзяржавай вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойнасць у ажыццяўленні ўнутр. і знешняй палітыкі азначае наяўнасць дзярж. суверэнітэту як неад’емнай уласцівасці і ўмовы яго правасуб’ектнасці на міжнар. арэне. Адсюль неабходнасць абароны незалежнасці і тэр. цэласнасці Беларусі, яе канстытуцыйнага ладу, забеспячэння законнасці і правапарадку.
Найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы з’яўляецца чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі. Устанаўліваецца адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і грамадзяніна перад дзяржавай — за няўхільнае выкананне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй. Адзінай крыніцай дзярж. улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя (парламент, Саветы дэпутатаў) і інш. сфарміраваныя ім органы, праз мясц. самакіраванне. Вышэйшым непасрэдным выражэннем улады народа з’яўляюцца рэферэндум (нар. галасаванне) і выбары. Выяўленню і выказванню паліт. волі грамадзян садзейнічаюць паліт. партыі і інш. грамадскія арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, фарміраванні грамадскай думкі па актуальных праблемах жыццядзейнасці грамадства. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа быць узведзена ў ранг дзярж., г.зн. абавязковай для ўсіх грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый, а таксама інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзярж. ўлада ажыццяўляецца на аснове падзелу на заканад., выканаўчую і судовую. Органы ўсіх галін улады незалежныя і самастойныя ў сваёй дзейнасці, яны закліканы стрымліваць і ўраўнаважваць адзін аднаго. У Беларусі ўстанаўліваецца прынцып вяршэнства права: дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства. Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права і забяспечвае адпаведнасць ім свайго ўнутр. заканадаўства. Яна з’яўляецца ўдзельніцай такіх універсальных дакументаў, як Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (1948), Міжнар. пакт аб грамадз. і паліт. правах (1966), Міжнар. пакт аб эканам., сац. і культ. правах (1966) і шэрагу інш. У адпаведнасці з нормамі міжнар. права Беларусь можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх. Міжнар. дагавор Рэспублікі Беларусь, які набыў сілу, валодае юрыд. вяршэнствам у адносінах да іншых падканстытуцыйных актаў (законы, дэкрэты, указы, пастановы і г.д.).
З мэтай эфектыўнай арганізацыі дзярж. кіравання і мясц. самакіравання тэр. краіны падзяляецца на адм.-тэр. адзінкі (вобласці, раёны, гарады, пасёлкі, сельсаветы і інш.). Асн. прынцып адм.-тэр. падзелу Беларусі — адзінства і неадчужальнасць яе тэрыторыі, якая з’яўляецца натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа. Неад’емным атрыбутам дзярж. суверэнітэту, які вызначае прыналежнасць асобы да дзяржавы і абумоўлівае сукупнасць яе правоў і абавязкаў і абарону з боку дзяржавы, з’яўляецца грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін Рэспублікі Беларусь не можа быць адначасова грамадзянінам інш. дзяржавы, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Законам «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Грамадзяніну гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэр. Беларусі, так і за яе межамі. Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэр. Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнар. дагаворамі.
Канстытуцыя замацоўвае прынцып існавання дзярж. і прыватнай уласнасці. Дзярж. ўласнасць выступае ў выглядзе рэсп. уласнасці (уласнасць Рэспублікі Беларусь) і камунальнай уласнасці (уласнасць адм.-тэр. адзінак). Ва ўласнасці грамадзян і юрыд. асоб можа знаходзіцца маёмасць любой вартасці, за выключэннем устаноўленых законам абмежаванняў у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Дзяржава садзейнічае развіццю вытворчых і спажывецкіх кааператываў, гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, забяспечвае накіраванне і каардынацыю дзярж. і прыватнай эканам. дзейнасці ў сац. мэтах.у інтарэсах чалавека і грамадства. У адпаведнасці з Канстытуцыяй нетры, воды, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы. Уласнасць на зямлю выступае ў дзярж. і прыватнай формах; землі с.-г. прызначэння знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы. Працоўным гарантуецца права прымаць удзел у кіраванні прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сац.-эканам. ўзроўню жыцця. Адносіны ў сац.-прац. сферах паміж органамі дзярж. кіравання, аб’яднаннямі наймальнікаў і прафес. саюзамі ажыццяўляюцца на прынцыпах сац. партнёрства і ўзаемадзеяння бакоў. На аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі да правоў і інтарэсаў людзей будуюцца адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі. Не дапускаецца прамое або ўскоснае абмежаванне правоў і свабод грамадзян за іх прыналежнасць да нац. меншасцей, а таксама спробы асіміляцыі супраць іх волі. Дзяржава лічыць сваім абавязкам захаванне і папулярызацыю гісторыка-культ. і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нац. супольнасцей, рэалізацыю іх права на вывучэнне і карыстанне роднай мовай, захаванне нац. традыцый, развіццё прафес. і аматарскага мастацтва. Дзяржава гарантуе роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў, садзейнічае ўстанаўленню цярпімасці і павагі паміж рэліг. арганізацыямі розных веравызнанняў, грамадзянамі-вернікамі і тымі, хто не вызнае ніякай рэлігіі. Забараняецца дзейнасць рэліг. арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, якая накіравана супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды ці звязана з парушэннем правоў і свабод грамадзян, перашкаджае выкананню грамадзянамі іх дзярж., грамадскіх, сямейных абавязкаў або прычыняе шкоду іх здароўю і маральнасці. Дзярж. мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца бел. і рус. мовы. Законам прадугледжаны абавязак дзярж. органаў забяспечваць усебаковае функцыянаванне бел. і рус. моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, свабоднае развіццё і выкарыстанне моў усіх нац. меншасцей. У сваёй знешняй палітыцы Беларусь зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы і інш. агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права. З яе тэрыторыі выведзена ядзерная зброя, ставіцца мэта зрабіць бел. дзяржаву нейтральнай.
Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзярж. сцяг, Дзярж. герб (ухвалены рэсп. рэферэндумам 14.5.1995 і зацверджаны Указамі Прэзідэнта ад 7.6.1995) і Дзярж. гімн (зацверджаны Указам Прэзідэнта ад 3.7.2002). Сталіца Рэспублікі Беларусь — горад Мінск. Паводле Закона «Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь — горада Мінска» ад 12.7.2000 ён з’яўляецца самаст.адм.-тэр. адзінкай, адм.-паліт., эканам. і культ. цэнтрам дзяржавы, мае свае сімвалы (герб, сцяг, гімн) і свой Статут, у якім вызначаны парадак узаемадзеяння гарадскіх дзярж. органаў і органаў тэрытарыяльнага мясц. кіравання і самакіравання.