ГАНІЯТЫ́ТЫ (Goniatitidae),
атрад вымерлых галаваногіх малюскаў надатр. аманітаў. Каля 300 родаў. Жылі з дэвону да пач. трыясу ў морах. Частка іх свабодна плавала, некаторыя — донныя. На Беларусі рэшткі ракавін пашыраны ў фаменскіх (міжсалявых) адкладах дэвону Прыпяцкай упадзіны.
Мелі плоскаспіральную ракавіну з доўгай жылой камерай. Сіфон краявы, брушны, лопасцевая лінія параўнальна простая. Драпежнікі.
Літ.:
Основы палеонтологии: Моллюски-головоногие. М., 1962;
Богоявленская О.В., Федоров М.Ф. Основы палеонтологии. М., 1990.
т. 5, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁДЭЛЬ ((Gödel) Курт) (28.4.1906, г. Брно, Чэхія — 14.1.1978),
аўстрыйскі матэматык і логік. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. У 1933—38 у Венскім ун-це. У 1940 эмігрыраваў у ЗША; з 1953 праф. Ін-та перспектыўных даследаванняў у Прынстане. Навук. працы па матэм. логіцы і тэорыі мностваў. Аўтар тэарэм Гёдэль пра непаўнату і паўнату.
Літ.:
Нагель Э., Ньюмен Д.Р. Теорема Гёделя: Пер. с англ. М., 1970.
т. 5, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕСАКО́Ў (Алесь) (Аляксандр Аляксандравіч; 18.12.1911, в. Новікава Галіцкага р-на Кастрамской вобл., Расія — 13.6.1985),
бел. крытык і тэатразнавец. Вучыўся ў Ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1932—35, Масква). Працаваў у ТРАМе, газ. «Літаратура і мастацтва» і інш. У 1960—74 у Літ. музеі Я.Купалы. Аўтар кніг «Уладзімір Крыловіч» (1956), «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), «Зерне да зерня: Абразкі з жыцця Янкі Купалы» (1977).
т. 6, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЯЗО́ЎСКІ (Анатоль Пятровіч) (н. 5.2.1943, в. Крапіўна Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. празаік. Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1968). З 1987 дырэктар Дома літаратара, з 1989 намеснік старшыні СП Беларусі, з 1994 старшыня праўлення Бел. літ. фонду. Друкуецца з 1973. Уздымае маральна-этычныя праблемы жыцця сучасніка (кн. прозы «Пералом», «Чаканне шчасця», «ІДУ з надзеяй», усе 1981, «Горкі хлеб», 1985, п’еса «Людзі ліхалецця», 1997).
т. 6, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫВА́Я ГАЗЕ́ТА»,
тэатралізаваны паказ, заснаваны на паліт. газетным матэрыяле ці на мясц. надзённых фактах жыцця. Узнікла ў пач. 1920-х г. у клубнай маст. самадзейнасці Масквы з т.зв. «вуснай газеты» (чытанне ў голас інфарм. матэрыялаў з перыяд. друку). На ўзор «Ж.г.» ў далейшым складаліся праграмы «Сіняй блузы» (літ.-маст. мантаж, агляд, сатыр. сцэнкі, харавыя і танц. нумары). У пач. 20 ст. своеасаблівай «Ж.г.» была Докшыцкая батлейка Патупчыка.
т. 6, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Сямён Варфаламеевіч) (27.4.1880, в. Мамкіна Смаленскай вобл., Расія — 8.6.1955),
дзяржаўны дзеяч БССР. У 1918 нам. старшыні, старшыня выканкома Зах. вобласці (камуны). Пры абвяшчэнні БССР увайшоў у склад Часовага рабоча-сял. ўрада Беларусі (камісар унутр. спраў), разам з інш. членамі ўрада падпісаў Маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. У 1919 чл. ЦВК Літ.-Бел. ССР. Са жн. 1919 на парт., сав. і гасп. рабоце ў РСФСР.
т. 7, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЗІН (Васіль Васілевіч) (6.8.1898, Масква — 1.10.1981),
рускі паэт, адзін з пачынальнікаў рабочай тэмы ў рус. лірыцы. Арганізатар і ўдзельнік літ. групы пралетарскіх пісьменнікаў «Кузніца». Друкаваўся з 1914. У зб. вершаў «Рабочы май» (1922) услаўляў вольную працу. Прастата, канкрэтнасць лірыкі К. адрознівалі яе ад касмізму і абстрактнасці «Кузніцы». У паэме «Лісіная шуба і каханне» (1926) выкрываў мяшчанскую мараль.
Тв.:
Стихотворения и поэмы. М., 1964;
Избранное. М., 1978.
т. 7, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРО́ЎСКІ (Алесь Адамавіч) (н. 1.3.1947, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1970). З 1973 працаваў у Літ. музеі Я.Коласа, у Рэсп. праўленні аматараў кнігі, на Бел. тэлебачанні. З 1990 у час. «Маладосць».
Друкуецца з 1961. Аўтар кніг «Пачатак» (1975), «Зямля маіх надзей» (1988), аповесцей для дзяцей «Адкрытая тайна» (1979), «Заварожаны мяч» (1989). Творам характэрны лірызм, публіцыстычнасць, грамадз. пафас.
т. 7, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТЫЛЬЁНЕ ((Castiglione) Бальдасарэ) (6.12.1478, каля г. Мантуя, Італія — 2.2.1529),
італьянскі пісьменнік, прадстаўнік позняга Адраджэння. Літ. дзейнасць пачаў як лірычны паэт. Аўтар эклогі «Тырсі» (1506), зборнікаў вершаў, невял. паэм, лац. эпіграм. Найб. вядомы яго трактат «Прыдворны» (кн. 1—2, 1528) — своеасаблівы кодэкс ідэальна выхаванага, усебакова адукаванага і развітога чалавека.
Тв.:
Рус. пер. — Из «Книги о придворном» // Хрестоматия по зарубежной литературе: Эпоха Возрождения. М., 1959. Т. 1.
т. 8, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦІГАРО́ШАК, Гарошак, Кацігарошынка, Пакацігарошак,
персанаж усх.-слав. чарадзейных казак; юнак-асілак. Нараджаецца з гарохавага зерня, якое з’ела яго маці. Валодае яшчэ большай сілай, чым яго памочнікі — асілкі Вярнідуб і Вярнігара. У некат. казках К. — волат-гігант, у інш. — маленькага росту. Разам з інш. асілкамі змагаецца з антычалавечымі істотамі (Змеем і інш.), перамагае іх і выратоўвае людзей.
Літ.:
Гл. пры арт. Вярнігара.
А.С.Фядосік.
т. 8, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)