КУСЯВІ́ЦКІ (Сяргей Аляксандравіч) (26.7.1874, г. Вышні Валачок Цвярской вобл., Расія — 4.6.1951),

расійскі дырыжор, віртуоз-кантрабасіст. Скончыў муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1894), дырыжыраванню вучыўся ў Берліне ў К.​Мука і Ф.Вейнгартнера. Канцэртаваў як кантрабасіст і дырыжор. Заснаваў у Маскве сімф. аркестр (1908), «Расійскае муз. выдавецтва» (1909). З 1917 кіраваў Дзярж. сімф. аркестрам у Петраградзе. З 1920 жыў за мяжой. Арганізаваў у Парыжы «Сімфанічныя канцэрты К.» (1921—28), кіраваў Бостанскім сімфанічным аркестрам (1924—49). Першы выканаўца шэрагу буйных твораў І.​Стравінскага, С.​Пракоф’ева, А.​Анегера і інш. Адзін са стваральнікаў Беркшырскага муз. цэнтра. Аўтар муз. твораў для кантрабаса і аркестра.

Літ.:

Астров А. Деятель русской музыкальной культуры С.​А.​Кусевицкий. (Л.), 1981.

т. 9, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУХАРО́НАК (Таццяна Іванаўна) (н. 7.8.1954, в. Клінок Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. этнограф. Канд. гіст. н. (1988). Скончыла БДУ (1981). З 1971 працуе ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе гіст. эвалюцыю сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў, яе тэрытарыяльна агульныя і лакальныя рысы, тэндэнцыі развіцця на сучасным этапе. Адзін з аўтараў кніг «Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся» (1987), «Святы і абрады ў Беларускай ССР» (1988), «Сям’я і сямейны быт беларусаў» (1990), «Славянскія культуры: гістарычны вопыт і сучасныя праблемы» і «Славянскія культуры пасля Другой сусветнай вайны» (1996) і інш.

Тв.:

Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: канец XIX—XX ст. Мн., 1993.

т. 9, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУХА́РЧЫК (Пётр Дзмітрыевіч) (н. 22.3.1945, в. Арда Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р фіз.-матэм. навук (1988), праф. (1990). Скончыў БДУ (1972). У 1972—90 у НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі пры БДУ, адначасова з 1989 у БДУ (з 1990 прарэктар). Прэзідэнт к-та Міжнар. саюза радыёнавук у Беларусі. Навук. працы па радыёоптыцы і галаграфіі. Распрацоўваў і даследаваў галаграфічныя метады ў радыё-, інфрачырвоным, ЗВЧ і аптычным дыяпазонах эл.-магн. хваль. Прапанаваў і рэалізаваў метады пераўтварэння выпрамяненняў інфрачырвонага і ЗВЧ дыяпазонаў у аптычны дыяпазон, выканаў шэраг работ па тэарэт. і эксперым. даследаваннях нетрадыцыйных метадаў фарміравання радыёвідарысаў.

П.​М.​Бараноўскі.

П.​Дз.Кухарчык.

т. 9, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ШНЕР (Васіль Фёдаравіч) (н. 1.10.1947, в. Малыя Жухавічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1977). Скончыў БДУ (1971). З 1976 выкладчык, дацэнт Бел. дзярж. пед. ун-та. У 1978—80 выкладчык Вышэйшага пед. ін-та імя Хасэ Марці (Камагуэй, Куба). У 1987—92 нач. аддзела Мін-ва адукацыі Беларусі. З 1993 гал. рэдактар «Беларускага гістарычнага часопіса». Даследуе пытанні гісторыі і гістарыяграфіі Беларусі сав. перыяду, сумежных дзяржаў, метадалогію і методыку выкладання гісторыі.

Тв.:

Школа мужества и патриотизма: Краткий очерк истории ДОСААФ БССР. 2 изд. Мн., 1988 (у сааўт.);

Молодежи о Программе КПСС. Мн., 1988 (разам з АМ.Мацко);

Метадалагічныя праблемы гістарычнай навукі. Мн., 1993 (у сааўт.).

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБАНО́К (Леанід Міхайлавіч) (н. 11.9.1943, в. Слабодка Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і радыебіялогіі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996), д-р мед. н. (1990), праф. (1993). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1966). З 1967 у сектары геранталогіі, з 1987 заг. лабараторыі Ін-та радыебіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фізіялогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы, узроставай фізіялогіі, радыебіялогіі.

Тв.:

Нейрогуморальная регуляция и двигательная активность при старении. Мн., 1984 (у сааўт.);

Гормоны и старение: Регуляция сократительной функции сердца. Мн., 1994;

Влияние гипоксии на биоэлектрическую активность клеток миокарда после острого γ-облучения (разам з Г.​П.​Малыхінай) // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. біял. навук. 1998. № 1.

Л.М.Лабанок.

т. 9, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГІ́ШЫНСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі ў г.п. Лагішын Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1907—10 на месцы мураванага касцёла, узведзенага ў 1634 па фундацыі кн. С.​А.​Радзівіла; з 1865 правасл. царква. Храм — мураваны, прамавугольны ў плане; да яго асн. аб’ёму па падоўжнай восі далучаны 4-ярусная шатровая званіца і 5-гранная апсіда. Сцены расчлянёны стральчатымі вокнамі-біфорыумамі і 2-ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Асіметрыю ў агульную кампазіцыю ўносяць прыбудовы да апсіды сакрысціі і гранёнай вежы да званіцы. Уваход вырашаны стральчатым парталам з вімпергам. Дэкар.-маст. акцэнт інтэр’ера — драўляны алтар, антаблемент якога фланкіруюць пазалочаныя анёлы. У касцёле знаходзіцца абраз Маці Божай Лагішынскай.

А.​М.​Кулагін.

Лагішынскі Петрапаўлаўскі касцёл.

т. 9, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГУНО́Ў (Анатоль Аляксеевіч) (н. 30.12.1926, в. Абшараўка Прыволжскага р-на Самарскай вобл., Расія),

расійскі фізік-тэарэтык. Акад. Рас. АН (1972; чл.-кар. з 1968). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Маскоўскі ун-т (1951). З 1963 дырэктар Ін-та фізікі высокіх энергій (г. Серпухаў), адначасова ў 1974—91 віцэ-прэзідэнт АН СССР, у 1977—92 рэктар Маскоўскага ун-та. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц, фізіцы высокіх энергій, тэорыі гравітацыі. Распрацаваў агульныя тэарэтычныя метады для вывучэння шырокага класа працэсаў з удзелам адронаў, прымаў удзел у распрацоўцы і ўводзе ў дзеянне пратоннага сінхратрона на энергію 70 ГэВ. Ленінская прэмія 1970, Дзярж. прэміі СССР 1973, 1984.

А.​А.​Леановіч.

А.А.Лагуноў.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ДАСНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ладасна (выцякае з возера), за 18 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,61 км², даўж. каля 2 км, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 13,7 м, даўж. берагавой лініі 4,7 км. Пл. вадазбору 41 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, пад хмызняком, на З і ПнУ разараныя. Зона мелкаводдзя вузкая і стромкая, у канцавых ч. возера (на Пд і Пн) больш шырокая, выслана пяскамі. З глыб. 5—6 м дно выслана ілам. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 10 м (на Пн і Пд да 60 м). Упадаюць 4 ручаі, у т. л. з азёр Кабак (на Пд) і Гарадзішча (на 3).

т. 9, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІНА (Таццяна Карнееўна) (15.8.1891, в. Азершчына Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 22.3.1980),

бел. дзеяч самадз. мастацтва, кампазітар-аматар. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Працавала ў калгасе, загадвала сельскай б-кай, навучала спевам у сярэдняй школе на радзіме. На аснове сямейнага гурту Лапаціных арганізавала і ў 1936—54 узначальвала Азершчынскі нар. хор — адзін з лепшых бел. самадз. калектываў. Пры яе ўдзеле ў хоры створаны найб. папулярныя песні «Наша сяло», «Кучаравая вішня», «Дождж ідзе», «Падзяка». «Прыязджайце да нас у калгас», «Дняпро», «За Азершчынай палі залатыя», а таксама песня Л. «Марфута».

Літ.:

Есакоў А., Смольскі Б. Калгасны хор сяла Азершчына Мн., 1953;

Нисневич И. Татьяна Лопатина. М., 1962.

Г.​І.​Цітовіч.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЛА́НДСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.

На Кольскім п-ве ў бас. воз. Імандра, у Мурманскай вобл., Расія. Засн. ў 1930 з мэтай аховы дзікага паўн. аленя, асяроддзя яго месцаў пражывання. Пл. больш за 278 тыс. га. Рэльеф гарысты. Схілы, цясніны, абрывы, азёрныя катлавіны, рэкі і горныя ручаі. Рэдкастволыя хваёвыя і яловыя лясы з прымессю бярозы. Горныя тундры. Месцамі забалочаныя ўчасткі. У флоры 530 відаў сасудзістых раслін, 184 імхоў, 106 лішайнікаў. Пераважаюць вечназялёныя расліны. Шмат ягаднага кустоўя, насякомаедных раслін (расянка, тлушчанка, плывунец). У фауне 30 відаў млекакормячых, у т. л. паўн. алень, лось, буры мядзведзь, ліс, куніца, вавёрка, заяц; 180 — птушак, у т. л. глушэц, цецярук, рабчык, белая і тундравая курапаткі, ястраб, сава.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)