сямейства ядавітых змей. 16 родаў, больш за 50 відаў (паводле інш. звестак каля 100). Пашыраны ў трапічных водах Індыйскага і Ціхага акіянаў.
Даўж. да 2,75 м. Задняя частка тулава і кароткі хвост веслападобна сціснуты з бакоў. Галава маленькая, укрыта буйнымі шчыткамі. Могуць доўга знаходзіцца пад вадой, засвойваюць раствораны ў вадзе кісларод праз слізістую абалонку ротавай поласці. Парныя ядавітыя зубы знаходзяцца на верхняй сківіцы. Яд больш таксічны, чым у наземных змей, асабліва для халаднакроўных (рыбы і інш.). Кормяцца пераважна рыбай. Большасць відаў яйцажывародныя; нараджаюць 1—2 дзіцяняці ў вадзе, некат. — на сушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я КА́ЧАЧКІ (Lepadomorpha),
надсямейства вусаногіх ракападобных жывёл падатр. тарацыкавых. 3 сям., больш за 450 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных морах, трапляюцца да глыб. 8 км. Жывуць на дне, прымацоўваюцца да скал, камянёў або прадметаў ці жывёл (кіты, чарапахі і інш.), некат. ўтвараюць своеасаблівы паплавок і трымаюцца пад паверхняй вады.
Даўж. цела да. 6 см, укрыта вапністымі пласцінкамі; пярэдняя ч. галавы ператворана ў падоўжаную (да 75 см) голую або лускаватую сцяблінку, якой М.к. прымацоўваюцца да субстрату. Кормяцца пераважна планктонам, водарасцямі. адфільтроўваюць іх з дапамогай 6 пар двухгалінастых ножак. Гермафрадыты і раздзельнаполыя. Некат. ядомыя. Гл. таксама Вусаногія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫ́ШКІ (Cercopithecus),
род ніжэйшых вузканосых малпаў падсям. мартышкавых. 23 віды. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жывуць у трапічных лясах, трымаюцца пераважна на дрэвах, групамі.
Даўж. цела да 87 см, хваста да 100 см; маса да 9 кг. Валасяное покрыва сярэдняй даўжыні, густое і мяккае. Афарбоўка ад аліўкавай да зялёнай, можа быць шараватая або амаль чорная. Галава акруглая, тваравы аддзел укарочаны, нос не выдаецца. Заднія канечнасці даўжэйшыя за пярэднія. Першы палец задняй канечнасці проціпастаўлены астатнім. Кормяцца лісцем, кветкамі, пладамі, дробнымі жывёламі. Нараджаюць 1, зрэжу 2 дзіцяняці. Утрымліваюцца ў няволі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭ́НАЎСКІ ПРАЦЭ́С,
працэс выплаўкі сталі, што адбываецца ў мартэнаўскай печы. Заключаецца ў расплаўленні шыхты (чыгуну, стальнога лому, раскісляльнікаў, жал. руды, агламерату, флюсаў), памяншэння ў ёй вугляроду, крэмнію, марганцу, выдаленні непажаданых дамешкаў (серы, фосфару), пры неабходнасці — увядзенні легіруючых элементаў. Прапанаваны франц. металургам П.Мартэнам.
Пры плаўленні матэрыялаў інтэнсіўна акісляюцца дамешкі і ўтвараецца шлак, а ў перыяд кіпення адбываецца акісленне вугляроду і метал набывае зададзены хім. састаў. Затым метал раскісляюць і легіруюць. Для інтэнсіфікацыі М.п. выкарыстоўваюць кісларод, які ўводзіцца для абагачэння паветра і акіслення дамешкаў. З печаў сталь выпускаюць ў каўшы, разліваюць ва ўліўніцы або на ўстаноўках бесперапыннага ліцця. Больш эфектыўны за М.п. кіслародна-канвертарны працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЦІН-КА́МЕНЬ БРАСЛА́ЎСКІ,
геалагічны помнік прыроды Беларусі (з 1992). За 1,5 км на ПнЗ ад в. Лайбуны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун граніту рапаківі са шматлікімі крышталямі палявых шпатаў у выглядзе авоідаў (ад 2 да 7 см у папярочніку) і таблічак (2 × 2 см). Даўж. 4,1 м, шыр. 3,3 м, выш. 0.8 м, у абводзе 10,7 м, аб’ём 10,8 м³, маса каля 28 т. Прынесены ледавіком каля 14 тыс.г. назад з паўд.-зах. Фінляндыі. На паверхні каменя ёсць 2 паглыбленні (у папярочніку 10 см, глыб. 5 см), высечаныя чалавекам 1,5—2 тыс. гадоў назад. Меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЕ́О ((Maceo) Антоніо) (14.6.1845, г. Сант’яга-дэ-Куба, Куба — 17.12.1896),
дзеяч нац.-вызв. руху на Кубе супраць ісп. панавання, нац. герой Кубы. Удзельнік вайны 1868—78 за незалежнасць Кубы, камандзір паўстанцкай дывізіі (з 1874), ген.-маёр Вызв. арміі (1878). У 1878—95 у эміграцыі. У пачатку нац.-вызв. паўстання 1895—98 М. з групай патрыётаў высадзіўся на Кубе. Напачатку ўзначаліў паўстанцкія сілы прав. Ар’ентэ, потым — нам. камандуючага Вызв. арміяй. У кастр. 1895 — студз. 1896 войскі Вызв. арміі пад яго камандаваннем прайшлі з баямі ўсю Кубу, атрымалі шэраг перамог над ісп. войскамі і вызвалілі ад іх зах. раёны краіны. Загінуў у баі каля г. Сан-Педра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКІ́ТЫ (ісп. mosquito ад лац. musca муха; Phlebotomidae),
сямейства даўгавусых двухкрылых насякомых. 4 роды, больш за 500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў месцах з цёплым кліматам. Жывуць у норах жывёл, пячорах, расколінах скал, дуплах дрэў, пабудовах. Актыўныя ў прыцемку і ўначы. У складзе гнюсу. Могуць быць пераносчыкамі маскітнай ліхаманкі, лейшманіёзаў і інш.
Даўж. да 4 мм. Цела ўкрыта жоўтымі або шэрымі валаскамі. Крылы шырокія, завостраныя на канцах, прыўзнятыя над целам. Вусікі 16-членікавыя. хабаток доўгі. тонкі. Самцы кормяцца сокамі раслін, самкі — крывасмокі. Укусы М. моцна свярбяць, часам балючыя. Лічынкі жывуць і кормяцца ва ўмерана вільготнай глебе. багатай арган. рэшткамі, у норах, гнёздах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ ПАРО́ДАкурэй. Мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў Маскоўскай вобл. ў 1940—60-я гг. скрыжаваннем юрлаўскіх курэй мясц. папуляцыі з бурымі легорнамі і нью-гэмпшырамі, завезенымі з ЗША. На Беларусі пашырана абмежавана, пераважна як калекцыйная парода.
Маса пеўняў 3,5 кг, курэй 2,4 кг. Апярэнне чорнае, часта з жоўта-бурымі пёрамі на шыі (у пеўняў таксама на плячах і паясніцы). Ногі і дзюба шэрыя. Тулава доўгае, спіна шырокая, грудны аддзел выпуклы. Галава шырокая, сярэдніх памераў, з лістападобным прамастаячым грэбенем, вушныя мочкі чырвоныя. Яйцаноскасць 210—230 яец за год, сярэдняя маса яйца 58 г; характэрны мясная скараспеласць, высокая жыццяздольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ МАСТА́ЦКІ ТЭА́ТР ДРУГІ́ (МХАТ-2). Дзейнічаў у 1924—36. Створаны на аснове 1-й Студыі МХТ, арганізаванай у 1912 К.Станіслаўскім і Л.Суляржыцкім. Кіраўнікі М.Чэхаў, з 1928 І.Бярсенеў. У студыі і пазней у т-ры ставіліся спектаклі па творах Ф.Дастаеўскага, М.Ляскова, М.Салтыкова-Шчадрына, А.К.Талстога, А.М.Талстога, В.Гюго, Дж.Флетчэра, У.Шэкспіра, А.Афінагенава, А.Белага, А.Файко і інш. Працавалі акцёры С.Бірман, С.Гіяцынтава, Л.Дзяйкун, А.Дзікі, М.Дурасава, В.Салаўёва, Б.Сушкевіч, А.Чабан, Чэхаў і інш. У 1928 Чэхаў эмігрыраваў за мяжу, частка трупы на чале з Дзікім выйшла з т-ра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫ́РЫНА, Матырынскае возера,
ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ушача, за 6 км на Пн ад г.п. Ушачы. Пл. 1,38 км², даўж. 1,7 км, найб.шыр. 1,4 км, найб.глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі каля 7 км. Пл. вадазбору 178 км². Схілы катлавіны выш. да 25 м (на Пн і У 5—8 м), месцамі высланыя валунамі, пад лугам, на ПдУ пад лесам. На Пн і Пд залівы. Берагі нізкія, на ПнУ сплавінныя. Дно ў прыбярэжнай частцы пясчанае, глыбей ілістае, у паўн. заліве сапрапелістае. 2 астравы агульнай пл. 1 га. Зарастае. Праз возера цячэ р. Альзініца.