РО́КФЕЛЕР ПЛАТО́ (Rockefeller Plateau),

ледавіковае плато ў зах. ч. Зямлі Мэры Бэрд (Зах. Антарктыда). Паверхня Р.п. пазбаўлена выхадаў карэнных парод, плаўна паніжаецца ад 1500 м на У да 200—400 м на З (на мяжы з шэльфавым ледавіком Роса). Тоўшча ледавіковага покрыва 500—2000 м. Адкрыта ў 1934 экспедыцыяй ЗША пад кіраўніцтвам Р.​Бэрда. Названа імем Дж.​Рокфелера, які фінансаваў экспедыцыю.

т. 13, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЕРО́ЙД (ад лац. ruber чырвоны + грэч. eidos выгляд),

рулонны дахавы і гідраізаляцыйны матэрыял. Робіцца з дахавага кардону, які насычаецца мяккімі нафтавымі бітумамі і пакрываецца цяжкаплаўкімі бітумамі з напаўняльнікамі. З аднаго боку Р. пакрываюць дробнай ці пылападобнай мінер. пасыпкай, з другога — буйназярністай ці лускаватай. Мае высокую эластычнасць, трываласць, воданепранікальнасць. Мацуецца на даху гарачымі ці халоднымі масцікамі. На Беларусі Р. вырабляе Асіповіцкі кардонна-руберойдавы завод.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЗІ́ЛЬСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е, Бразільскае нагор’е,

на У Паўд. Амерыкі, паміж Амазонскай, Лаплацкай нізінамі і Атлантычным ак., пераважна ў Бразіліі, паўд. ўскраіна — ва Уругваі, паўд.-зах. — у Парагваі і Аргенціне. Пл. каля 5 млн. км². Пераважаюць выш. 500—1000 м над узр. м. Значна прыўзнята на У і ПдУ над узбярэжжам Атлантычнага ак. (г. Бандэйра, 2890 м), дзе ўтварае складана-расчлянёную горную краіну з шэрагам хрыбтоў: Сера-ду-Мар, Сера-да-Мантыкейра і інш. На Пн і З паката нахілена да суседніх нізін.

Уяўляе сабой выступы крышт. асновы Паўд.-Амер. платформы (Бразільскі шчыт), складзеныя з гнейсаў, гранітаў і крышт. сланцаў, якія на У месцамі выходзяць на паверхню, а на астатняй тэр. ўкрыты адкладамі палеазою і мезазою. Радовішчы поліметалаў, золата, жал. і марганцавых рудаў, баксітаў, рэдкіх металаў, алмазаў і інш. У рэльефе — прыўзнятыя раўніны і плато выш. 250—300 м на Пн і 800—900 м у цэнтры, над якімі ўзвышаюцца глыбавыя масівы і сталовыя, пераважна пясчанікавыя, узвышшы. Месцамі ў прагінах і ўпадзінах платформы — раўнінныя ўчасткі, у сярэднім цячэнні р. Парана — лававае плато. Клімат пераважна трапічны з вільготным (летам) і сухім (зімой) перыядамі. Сярэдняя т-ра студз. зменьваецца з ПдЗ на ПнУ ад 22 да 29 °C, ліп.ад 12 да 25 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на ПнУ да 1400—2000 мм у цэнтры і на У. Рэкі належаць пераважна да бас. Амазонкі, Параны, Сан-Франсіску, мнагаводныя, шмат парогаў і вадаспадаў. На ПнЗ вільготныя вечназялёныя і лістападныя лясы, у цэнтры — хмызняковая саванна (кампас серадас), на ПнУ — засухаўстойлівае рэдкалессе (каатынга), на У — вільготныя трапічныя вечназялёныя і летнезялёныя лясы, на Пд — хвойныя араўкарыевыя і мяшаныя лясы, хмызняковая саванна (кампас лімпас).

т. 3, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РУСЫ (ад лац. virus яд),

найдрабнейшыя субмікраскапічныя арганізмы няклетачнай будовы, якія складаюцца з нуклеінавай кіслаты і бялковай абалонкі (капсіды). Вірусы — унутрыклетачныя паразіты, якія выклікаюць вірусныя хваробы чалавека і жывёл, а таксама вірусныя хваробы раслін. вірус бактэрый — бактэрыяфагі. Адкрыты рус. вучоным Дз.​І.​Іваноўскім (1892), пашыраны ўсюды. Апісана каля 500 формаў вірусаў, якія шкодзяць цеплакроўнай жывёле і больш за 600 формаў вірусаў, што заражаюць вышэйшыя расліны. Вірусы існуюць у форме пазаклетачнай віруснай часціцы (вірыёна) і ўнутрыклетачнай (комплекс Вірус — клетка). Размнажаюцца толькі ў жывых клетках арганізма-гаспадара, выкарыстоўваючы іх ферментатыўны апарат. Нуклеінавая кіслата (РНК пераважна ў фітапатагенных вірусах і ДНК — у вірусах, якія шкодзяць чалавеку і жывёле) — носьбіт спадчыннасці і інфекцыйнасці. Форма вірусаў вызначаецца будовай бялковай абалонкі: палачка- або ніткападобная, сферычная, бацылападобная і інш.; памеры ад 15 да 2000 нм і больш. Вывучае вірусы — вірусалогія.

У вірусах адсутнічае ўласны абмен рэчываў і рэпрадукцыя цалкам залежыць ад метабалічнай актыўнасці клетак гаспадара. Пранікаючы ў клетку, яны накіроўваюць працэсы сінтэзу на рэпрадукцыю саміх вірусаў і ўводзяць дапаўняльную генетычную інфармацыю, якая адмоўна ўплывае на метабалізм клетак. У працэсе рэпрадукцыі фітапатагенных вірусаў узнікаюць генетычна змененыя формы (штамы), што мае вял. значэнне ў эвалюцыі. Вірусы раслін распаўсюджваюцца мех. шляхам, пыльцой, насеннем, з пасадачным матэрыялам, натуральнымі пераносчыкамі (нематодамі, тлямі, грыбамі і інш.).

Літ.:

Биология вирусов животных: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1977;

Гиббс А., Харрисон Б. Основы вирусологии растений: Пер. с англ. М., 1978;

Власов Ю.И., Ларина Э.И. Сельскохозяйственная вирусология. М., 1982.

Ж.​В.​Блоцкая.

Схема будовы вірусаў: А — патагенных для раслін (вірус тытунёвай мазаікі); Б — чалавека і жывёл; 1 — вірус герпесу; 2 — адэнавірус; 3 — папававірус; 4 — вірус грыпу; 5 — каронавірус; 6 — арэнавірус; 7 — рабдавірус.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДААХО́ЎНЫЯ ЛЯСЫ́,

прыродныя або штучна створаныя забаронныя палосы і масівы лясоў, якія служаць для аховы вадаёмаў, вадацёкаў і інш. водных аб’ектаў ад неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя; адзін з відаў ахоўных лясоў. Уваходзяць у водаахоўную зону. Ахоўваюць берагі вадаёмаў ад разбурэння ветрам і патокамі вады з вадазбораў, а вадаёмы ад засмечвання, забруджвання і празмернага выпарэння вады, паляпшаюць мікраклімат і гідралагічны рэжым тэр. вадазбораў, падтрымліваюць высокую воднасць рэк, садзейнічаюць раўнамернаму паступленню вады ў крыніцы, павелічэнню запасаў падземных вод за кошт пераводу паверхневага сцёку ва ўнутрыглебавы, акумуляцыі алювію ў поймах, зніжэнню т-ры вады ў рэках, паляпшэнню ўмоў нерасту рыб і інш. Маюць таксама глебаахоўнае, рэкрэацыйнае, эстэтычнае, аздараўленчае, сан.-гігіенічнае і рыбагасп. значэнне.

На Беларусі водаахоўныя лясы ў выглядзе палос уздоўж рэк і вакол вадаёмаў маюць шыр. 1—6 км і займаюць агульную пл. 371,1 тыс. га (1996). Вылучаны ўздоўж Дняпра (шыр. палос 6 км на кожным беразе да ўпадзення р. Бярэзіна і 3 км ніжэй па яго цячэнні), Нёмана (4 км), Зах. Дзвіны, Бярэзіны, Сажа, Прыпяці, Віліі, Мухаўца, Піны, Дняпроўска-Бугскага і Белаазерскага каналаў (па 3 км), Друці (1,5 км), Свіслачы (1 км), вакол Браслаўскіх, Нарачанскіх і некаторых інш. азёр і вадасховішчаў аднесены да лясоў 1-й катэгорыі. Выдзяляюць таксама асабліва ахоўныя лясы, да якіх, у прыватнасці, належаць і берагаахоўныя ўчасткі лесу шыр. 300 м у межах забаронных палос і 100 м у інш. катэгорыях лясоў уздоўж рэк, каналаў, азёр, вадасховішчаў, а таксама ўчасткі лесу ў радыусе 100—200 м вакол крыніц і вытокаў малых рэк. Лесакарыстанне на гэтых участках рэгулюецца Палажэннем аб водаахоўных палосах (зонах) малых рэк Беларусі (1983) і інш. дырэктыўнымі ўказаннямі.

Т.​А.​Філюкова.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРУЧЭ́ННЕ,

захворванне, абумоўленае паступленнем у арганізм таксічных рэчываў (ядаў), якія парушаюць яго фізіялагічныя функцыі і ствараюць небяспеку для жыцця. Атрутным дзеяннем валодаюць многія хім. рэчывы сінт. і прыроднага паходжання (напр., пестыцыды, прамысл. яды, таксіны мікраарганізмаў, атрутныя рэчывы ядавітых раслін і жывёл). Трапляюць яды ў арганізм праз рот, дыхальныя шляхі, скуру, пры ўкусах змей ці членістаногіх (восы, пчолы, шэршні, скарпіёны, ядавітыя павукі і інш.), пры падскурных і ўнутрымышачных ін’екцыях. Адрозніваюць атручэнні бытавыя (напр., рэчывамі быт. хіміі, харчовыя, алкагольныя, чадным газам і інш.), прафесійныя (пры парушэнні правілаў гігіены і тэхнікі бяспекі), медыкаментозныя (ад перадазіроўкі лякарстваў). У асобную групу вылучаюць кармавыя атручэнні жывёл, што ўзнікаюць ад корму, забруджанага ядахімікатамі (пестыцыдамі, гербіцыдамі, фунгіцыдамі), плесневымі і інш. грыбкамі (напр., спарыннёй), травяной тлёй, вусенямі капусніцы, ядавітымі раслінамі (цыкутай, дурнап’янам, белакрыльнікам, казяльцом і інш.).

Вострыя атручэнні ўзнікаюць адразу або неўзабаве пасля паступлення вял. дозы яду ў арганізм, хранічныя — пры працяглым яго ўздзеянні ў невял. дозах. Клінічныя прыкметы атручэння залежаць ад прыроды і колькасці яду, што трапіў у арганізм, выбіральнасці яго ўплыву на дзейнасць органаў і тканак, адчувальнасці арганізма і стану здароўя. Могуць пераважаць пашкоджанні нервовай (сутаргі, галюцынацыі, псіхозы), сардэчна-сасудзістай (пачашчэнне пульсу, сінюшнасць, падзенне ціску), дыхальнай сістэм, печані і нырак. Горш пераносяць атручэнне дзеці, цяжарныя жанчыны, старыя і хворыя людзі. Лячэнне атручэння павінна пачынацца неадкладна. Меры першай дапамогі пры атручэнні: штучна выклікаць ірвоту, многа піць вады, малака, слабы раствор марганцоўкі, суспензіі актываванага вугалю; пры неабходнасці робяць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца; пры газавых атручэннях пацярпелага выносяць на свежае паветра. У бальнічных умовах выкарыстоўваюць антыдоты (проціяддзі), пры неабходнасці робяць гемадыяліз, гемасорбцыю, заменнае пераліванне крыві

Г.​Г.​Шанько.

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРНАЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, горная прамысловасць,

комплекс галін нар. гаспадаркі, якія займаюцца разведкай і здабычай карысных выкапняў, а таксама іх першаснай перапрацоўкай і абагачэннем. Вылучаюць асн. групы: паліваздабыўныя, рудаздабыўныя прадпрыемствы, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім., гідрамінеральная.

Горназдабыўная прамысловасць узнікла ў далёкім мінулым, калі чалавек пачаў карыстацца неабходнымі яму выкапнямі. Яе хуткае развіццё звязана з прамысл. пераваротам канца 18 — пач. 19 ст., калі шматразова павялічыліся патрэбы ў высокакаларыйным паліве, разнастайнай металургічнай сыравіне, буд. матэрыялах геал. паходжання, падземных водах, мінер. солях і інш. выкапнях. Сучасная структура прадукцыі сусветнай горназдабыўной прамысловасці характарызуецца значнай перавагай у ёй (вартасным выражэнні) паліўнаэнергет. сыравіны — нафты, прыроднага газу, кам. вугалю. У апошнія дзесяцігоддзі развіццё горназдабыўной прамысловасці звязана з пераважным пераходам да адкрытай распрацоўкі радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў. Пашыраецца працэс выкарыстання ўсё больш беднай сыравіны, павелічэння аб’ёму перапрацоўваемай горнай масы, глыбінь горных работ і інш., якія патрабуюць удасканалення спосабаў здабычы і тэхналогіі перапрацоўкі сыравіны. Прагрэс горназдабыўной прамысловасці ў асноўным звязаны з далейшым развіццём традыц. метадаў здабычы і перапрацоўкі сыравіны, а таксама з укараненнем прынцыпова новых тэхнал. схем і тэхн. рашэнняў (стварэнне комплексаў па распрацоўцы жалеза-марганцавых канкрэцый на дне акіянаў, распрацоўкі адносна танных метадаў атрымання металаў з марской вады і інш.).

На Беларусі існуюць наступныя асн. галіны горназдабыўной прамысловасці: паліваздабыўная, рудаздабыўная, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім. і гідрамінеральная. На пач. 1996 было 370 прадпрыемстваў горназдабыўной прамысловасці (2,11% ад агульнай колькасці прамысл. прадпрыемстваў рэспублікі), на якіх працавала 24 457 чал. (2,08% ад занятых у прам-сці). Аб’ём кошту прадукцыі горназдабыўной прамысловасці склаў 4,2% ад агульнага па прам-сці Беларусі. Найбольшыя аб’яднанні і прадпрыемствы: «Беларуськалій», «Беларусьнафта», «Ваўкавыскцэментнашыфер», «Граніт», «Крычаўцэментнашыфер» і інш.

А.​А.​Саламонаў.

Да арт. Горназдабыўная прамысловасць. Горназдабыўны камбайн у шахце ВА «Беларуськалій».

т. 5, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТЫ́Я РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія маюць у сабе золата Au у выгаднай для здабычы колькасці. Выяўлена больш за 30 мінералаў золата. Асн. прамысл. значэнне мае золата самароднае, менш значныя кюстэліт (каля 10—20% Au) і тэлурыды. Акрамя ўласна З.р. вядомы золатазмяшчальныя руды інш. металаў (медзі, нікелю, серабра, цынку, жалеза, марганцу). Паводле генезісу З.р. падзяляюцца на эндагенныя, экзагенныя (россыпы) і метамарфізаваныя. Практычна ўсе эндагенныя З.р. гідратэрмальнага паходжання і маюць золата ад 2—3 г да некалькіх соцень грам на тону пароды. Утвараюць масіўныя плітападобныя жылы (радовішчы Украіны, Казахстана, Ганы, Канады і інш.), сульфідныя жылы (радовішчы Расіі, Аўстраліі), паклады і трубападобныя целы (радовішчы Узбекістана, ЗША). Паводле саставу пераважаюць золата-сульфідна-кварцавыя і золата-кварцавыя З.р. Пробнасць золата ў іх 700—900. Экзагенныя З.р. знаходзяцца пераважна ў россыпах, радзей — у зонах акіслення золатазмяшчальных сульфідных радовішчаў. У россыпах З.р. прадстаўлены рыхлымі або слабасцэментаванымі прыпаверхневымі адкладамі, якія ўтвараюць рудныя пласты і струмені. Золата ў іх знаходзіцца ў выглядзе абкатаных і паўабкатаных зерняў, лусак, зросткаў з кварцам, самародкаў. Колькасць Au ад 100 мг/м³ да дзесяткаў грам у кубічным метры пароды, пробнасць 800—950. У зонах акіслення канцэнтрацыя золата ад 2—3 да 10 г/т. З.р. тут у выглядзе гнёздаў, лінзаў ці пакладаў складанай формы. Метамарфагенныя З.р. звязаны з пластамі залатаносных кангламератаў або гравелітаў (радовішчы ПАР, Ганы, Бразіліі і інш.). Золата ў іх у выглядзе зерняў змяшчаецца ў цэменце, трапляецца і ў форме тонкіх пражылак, якія сякуць кварцавую гальку. Колькасць 3—20 г/т, пробнасць больш за 900. Запасы золата ў свеце размяркоўваюцца вельмі нераўнамерна. На Беларусі вядомы толькі рудапраяўленні Au у россыпах і ўкрапанні ў пародах крышт. фундамента.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМЕ́ЖНЫЯ ПАХО́ДЫ РУ́СКАЙ А́РМІІ 1813—14,

сумесныя з войскамі Прусіі, Швецыі і Аўстрыі баявыя дзеянні рус. арміі супраць войск Напалеона I на тэр. Польшчы, Германіі і Францыі. Мелі на мэце вызваленне краін Зах. Еўропы ад напалеонаўскага панавання, аднаўленне і ўмацаванне феад.-абсалютысцкіх рэжымаў, што існавалі ў іх да Французскай рэвалюцыі 1789—99 і напалеонаўскіх войнаў. Да канца зімовай кампаніі 1812—13 аб’яднаныя войскі Расіі і Прусіі (27—28.2.1813 Прусія заключыла з Расіяй саюзны дагавор) пад камандаваннем М.Л.Кутузава вызвалілі ад напалеонаўскіх войск герцагства Варшаўскае, Усх. Прусію і сталіцу Прусіі г. Берлін, уступілі на тэр. Саксоніі і Баварыі. 2.5.1813 пад Лютцэнам і 20—21 мая пад Баўтцэнам саюзная армія пад камандаваннем П.​Х.​Вітгенштэйна (змяніў М.​І.​Кутузава, які памёр 28.4.1813) пацярпела паражэнні. 29.5.1813 новым галоўнакамандуючым прызначаны М.Б.Барклай дэ Толі. 10.8.1813 вайну Францыі аб’явіла Аўстрыя, да антыфранц. кааліцыі далучыліся Вялікабрытанія і Швецыя. Да восені 1813 баявыя дзеянні ішлі з пераменным поспехам. 16—19.10.1813 аб’яднаныя рус.-аўстр.-прус.-швец. сілы нанеслі вырашальнае паражэнне арміі Напалеона I у Лейпцыгскай бітве 1813 («бітва народаў»), пасля чаго напалеонаўскія войскі пакінулі Германію і адышлі за р. Рэйн. Да студз. 1814 сілы антыфранц. кааліцыі (453 тыс. чал., у т. л. 153 тыс. рускіх) фарсіравалі Рэйн. Пасля шэрагу бітваў на тэр. Францыі 30.3.1814 перад саюзнай арміяй (100 тыс. чал., у т. л. 64 тыс. рускіх) капітуляваў г. Парыж. 6.4.1814 Напалеон I адрокся ад прастола. 30 мая паміж саюзнікамі і Францыяй падпісаны Парыжскі мірны дагавор 1814.

Літ.:

Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;

Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;

Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.

т. 6, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРФЕРО́МЕТР [ад лац. inter паміж + ferens (ferentis) які нясе, пераносіць + ... метр],

вымяральная прылада, дзеянне якой заснавана на інтэрферэнцыі хваль. Існуюць аптычныя і радыёінтэрферометры для эл.-магн. хваль і акустычныя І. для гукавых.

У аптычных I. (найб. пашыраны) зыходны пучок святла раздзяляецца на 2 ці больш узаемна кагерэнтных (гл. Кагерэнтнасць) прамянёў, якія праходзяць розныя аптычныя шляхі, а потым зводзяцца разам і ствараюць інтэрферэнцыйную карціну. Аналіз яе дае неабходную інфармацыю. Шматпрамянёвыя І. выкарыстоўваюцца ў асн. як спектрометры, двухпрамянёвыя — як тэхн. прылады. Імі вымяраюць даўжыні хваль спектральных ліній, паказчыкі пераламлення празрыстых асяроддзяў, памеры і перамяшчэнні цел, вуглавыя памеры зорак, кантралююць форму, мікрарэльеф і дэфармацыю паверхняў аптычных дэталей, чысціню метал. паверхні і інш. У лазерных І. у параўнанні са звычайнымі аптычнымі дасягаецца павышаная дакладнасць вымярэння адлегласцей, скарасцей руху, розных фіз. характарыстык аб’ектаў, высокаскарасных працэсаў і з’яў. Ёсць таксама валаконна-аптычныя і галаграфічныя І. Акустычнымі I. вызначаюць скорасці распаўсюджвання гуку ў розных асяроддзях, адлегласці да выпраменьвальнікаў гуку, напрамкі прыходу хваль (напр., пры гідралакацыі) і інш. У залежнасці ад вугла паміж напрамкам на крыніцу гуку і нармаллю да базы І. зменьваецца рознасць фаз сігналаў, што прымаюцца 2 акустычнымі прыёмнікамі, і магутнасць сумарнага сігналу, па якіх ацэньваюць гэты вугал і інш. характарыстыкі крыніцы выпрамянення. Радыёінтэрферометры паводле прынцыпу дзеяння падобныя на акустычныя і найчасцей выкарыстоўваюцца для астр. назіранняў. Базы іх бываюць вельмі значныя (напр., пры антэнах, размешчаных на процілеглых баках Зямлі). Сігналы ад касм. крыніцы радыёвыпрамянення, прынятыя антэнамі, перадаюцца па лініях сувязі на агульны аналізатар, з дапамогай якога вызначаюць вуглавое становішча і памеры крыніцы, размеркаванне яе радыёяркасці.

Літ.:

Коломийцов Ю.В. Интерферометры Л., 1976;

Тарасов К.И. Спектральные приборы. 2 изд. Л., 1977;

Колесников А.Е. Ультразвуковые измерения. 2 изд. М., 1982.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)