ПРАБЛЕ́МА (ад грэч. problema задача, заданне),
у шырокім сэнсе — складаная тэарэт. або практычная задача, якая патрабуе вывучэння, вырашэння; у навуцы — супярэчлівая сітуацыя, якая выступае ў выглядзе процілеглых пазіцый у тлумачэнні якіх-н. з’яў, аб’ектаў, працэсаў і патрабуе адэкватнай тэорыі для яе вырашэння. Фармулюецца ў розных формах лагічнай структуры ведаў: суджэння, пытання, гіпотэзы. Калі П. ставіцца без дастатковай падставы, яна становіцца псеўдапраблемай.
т. 12, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРАМАВА́НАЕ НАВУЧА́ННЕ,
від навучання, які ажыццяўляецца паводле абучальнай праграмы. Пры П.н. вучэбны матэрыял і дзеянні навучэнца падзяляюцца адпаведна на асобныя порцыі (дозы) і крокі (этапы навучання), выкананне кожнага з якіх кантралюецца. Пераход да наступнага этапу залежыць ад якасці засваення папярэдняга. Сродкамі рэалізацыі П.н. служаць праграмаваныя падручнікі (акрамя вучэбнага матэрыялу маюць указанні і рэкамендацыі па навучанні і праверцы ступені засваення матэрыялу) і абучальныя машыны.
т. 12, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛАНГА́ЦЫЯ ДАГАВО́РА,
прадаўжэнне дзеяння дагавора звыш прадугледжанага пры яго заключэнні тэрміну дзеяння. Адбываецца 2 спосабамі: шляхам заключэння спец. пагаднення (пратакола) аб прадаўжэнні дагавора на пэўны тэрмін; шляхам уключэння ў тэкст дагавора ўмовы аб яго прадаўжэнні. Мае месца і аўтаматычная П.д., калі ні адзін з дагаворных бакоў не зробіць заявы пра адмаўленне ад дагавора за пэўны час да сканчэння тэрміну яго дзеяння.
т. 12, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТО́РАВЫ ЗАРА́Д, аб’ёмны зарад,
зарад электрычны, размеркаваны па некаторым аб’ёме. Узнікае пры розных канцэнтрацыях дадатных і адмоўных носьбітаў зараду ў прасторы (напр., электронаў і іонаў у плазме). Назіраецца паблізу ад электродаў пры праходжанні эл. току праз электраліт ці газ, на мяжы 2 паўправаднікоў з рознымі тыпамі праводнасці, у вакууме пры электроннай эмісіі і інш. П.з. вызначае прасторавае размеркаванне патэнцыялу і напружанасці электрычнага поля.
т. 13, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТЫТУ́ЦЫЯ (ад лац. prostitutio апаганенне, ганьбаванне),
продаж свайго цела з мэтай атрымання ўзнагароджання, матэрыяльных выгод. Узнікла як сац. з’ява яшчэ ў ант. грамадстве. У некат. сучасных краінах забаронена, у шэрагу краін — легалізавана. Бел. заканадаўствам за П. ўстаноўлена адм. адказнасць за ўцягненне ў П. непаўналетніх, за арганізацыю і ўтрыманне прытонаў для заняцця П. або зводніцтва і сутэнёрства з карыслівымі мэтамі — крымін. адказнасць.
т. 13, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАПЛА́ЗМА (ад прата... + плазма),
змесціва жывой клеткі — яе цытаплазма і ядро. З’яўляецца мнагафазным калоідам, дзе дысперснае асяроддзе — вада, а асн. дысперсная фаза — бялкі і ліпіды. У жывёл, раслін, мікробных клетак і аднаклетачных арганізмаў фіз. ўласцівасці, хім. састаў, структурна-марфал. асаблівасці П. маюць шмат агульнага, што служыць адным з доказаў адзінства жывой прыроды. Часам тэрмінам «П.» няправільна наз. пазаядзерную ч. клеткі — цытаплазму.
т. 13, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭПРЫ́НТ (англ. preprint ад лац. prae раней, перад + англ. print адбітак, друк),
апераджальны выпуск адбіткаў артыкулаў і інш. друкаваных матэрыялаў для аўтараў і інш. асоб да афіц. выхаду гэтых матэрыялаў. Наладжваецца для паскарэння распаўсюджвання навук. інфармацыі. Таксама выданне, што выпускаецца для абмеркавання спецыялістамі з мэтай падрыхтоўкі яго канчатковага тэксту (стэнаграмы, слоўнікі, макеты асобных тамоў энцыклапедый, пробныя выданні падручнікаў і інш.).
т. 13, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАЛТЭ́РЫУМ (ад грэч. psalterium перабіраю струны),
агульная назва старажытных і сярэдневяковых шматструнных шчыпковых інструментаў (пераважна тыпу цытры). Мелі плоскі трох- ці чатырохвугольны, часцей трапецападобны корпус. Гукі здабывалі пальцамі ці плектрам. П. — інструменты ўсх. паходжання: канун у арабаў, сантур у персаў і інш. У Еўропе П. выйшаў з ужытку ў канцы 16 ст. Сучасныя інструменты, роднасныя П., — гуслі, цымбалы, кантэле і інш.
т. 13, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́МПУР, Пумпурс (Pumpurs) Андрэйс (22.9.1841, Ліелюмправа, Латвія — 6.7.1902), латышскі паэт. Скончыў Адэскае юнкерскае вучылішча (1878). Друкаваўся з 1869. Асн. яго твор — гераічны эпас. «Лачплесіс», які напісаны на аснове нар. паданняў. Аўтар сатыр. твора «Краіна п’янчуг» (1870), зб. паэзіі «На радзіме і на чужыне» (1890), дарожных нататкаў «Ад Даўгавы да Дуная» (1895).
Тв.:
Рус. пер. — Лачплесис: Латыш. нар. герой. Рига, 1983.
т. 13, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШНА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 12 км на ПдУ ад г. Полацк. Пл. 0,36 км², даўж. 920 м, найб. шыр. 510 м, даўж. берагавой лініі 2,28 км. Пл. вадазбору 4,5 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы невыразныя, на ПдУ выш. да 5 м, пад забалочаным лесам. Берагі забалочаныя, участкамі сплавінныя. Выцякае р. Сомніца.
т. 13, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)