КАЧАРА́Н (Роберт Седракавіч) (н. 31.8.1954, г. Ханкэнды, Нагорны Карабах),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Арменіі. Скончыў Ерэванскі політэхн.ін-т (1982). У 1980—88 на камсамольскай і парт. рабоце ў Нагорным Карабаху. З лют. 1988 адзін з удзельнікаў руху за незалежнасць Нагорнага Карабаха, адзін са стваральнікаў (1989) і кіраўнік грамадска-паліт. арг-цыі «Міяцум» («Уз’яднанне»). З 1989 дэп. Вярх. Савета Арменіі, адначасова (з 1997) дэп. Вярх. Савета Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР). У 1992—94 прэм’ер-міністр НКР, выконваючы абавязкі старшыні Дзярж.к-та абароны НКР. Са снеж. 1994 прэзідэнт НКР. З сак. 1997 прэм’ер-міністр Арменіі. З сак. 1998 прэзідэнт Арменіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШО́,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Усыса (выцякае з возера пад назвай Гаражанка), за 4 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 4,15 км², даўж. 6,4, найб.шыр. 1,3 км, найб.глыб. 17,1 м, даўж. берагавой лініі 21,7 км. Пл. вадазбору 60,1 км². Схілы катлавіны выш. да 6 м (на Пн да 10 м), разараныя, участкамі пад хмызняком, на ПнУ і ПдЗ параслі лесам. Берагі нізкія, у залівах забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае, плоская цэнтр.ч. дна выслана сапрапелем. 2 невял. астравы агульнай пл. 0,4 га. Зарастае да глыб. 1,5 м. Адзначана гнездаванне рэдкай на Беларусі птушкі — вял. крахаля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭ́Н-ТАНУДЖЫ́ ((Cohen-Tannoudji) Клод Несім) (н. 1.4.1933, г. Канстанціна, Алжыр),
французскі фізік. Чл.АН Францыі (1981). Замежны чл.Нац.АН ЗША (1994). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1957). З 1960 у Нац. цэнтры навук. даследаванняў Францыі, адначасова з 1964 праф. Ун-та П. і М. Кюры і з 1973 — Калеж дэ Франс. Навук. працы па атамнай фізіцы, квантавай электроніцы і оптыцы. Зрабіў тэарэт. разлікі, распрацаваў новыя метады і ажыццявіў эксперыменты па лазерным тармажэнні атамных пучкоў, іх ахаладжэнні да анамальна нізкіх т-р (ніжэй за 10−6К) і ўтрымліванні ў малым аб’ёме. Нобелеўская прэмія 1997 (разам з С.Чу, У.Філіпсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КВАДРА́Т»,
бел.маст. аб’яднанне ў Віцебску ў 1987—94. Створана мастакамі розных відаў, жанраў і кірункаў мастацтва (А.Малей, М.Дундзін, А.Дасужаў, А.Слепаў, В.Чукін, В.Шылко, В.Шчасны, да 1990 — В.Міхайлоўскі, Т. і Ю. Рудэнкі) як альтэрнатыва афіц. плыні ў мастацтве (т. зв. сацрэалізму). Загал. канцэпцыю дзейнасці «К.» былі ўзяты ідэі К.Малевіча і аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва», права на творчы эксперымент і самаст. погляд на праблемы мастацтва. Вял. увагу аддавалі адраджэнню духоўнасці, правядзенню маст. акцый і акцый-выставак («Эксперымент», прысвечаная 110-годдзю Малевіча, 1988, Віцебск, і інш.), у т. л. сумесных з мастакамі інш. краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІСТАЦЫЯНА́РНЫ ТОК,
пераменны эл. ток, які адносна павольна змяняецца так, што для імгненных яго значэнняў з дастатковай дакладнасцю выконваюцца законы пастаяннага току (Ома закон, Кірхгофа правілы і інш.). Мае аднолькавае значэнне ва ўсіх сячэннях неразгалінаванага ланцуга.
Пры разліках неабходна ўлічваць узнікненне (пры зменах току) эрс індукцыі, а індуктыўнасці, ёмістасці і супраціўленні ўчасткаў ланцугоў можна лічыць засяроджанымі параметрамі. Умовы квазістацыянарнасці (гл.Квазістацыянарны працэс) зводзяцца да малых велічынь геам. памераў эл. ланцуга ў параўнанні з даўжынёй хвалі пераменнага току. Напр., токі прамысл. частаты (частаце 50 Гц адпавядае даўжыня эл.-магн. хвалі 6000 км) лічацца К.т., за выключэннем токаў у лініях далёкіх перадач, для якіх гэтыя ўмовы не выконваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫЯ КРЫШТАЛІ́,
крышталі з вял. амплітудай нулявых ваганняў крышталічнай рашоткі (ваганняў паблізу Т = 0 К), параўнальнай з перыядам рашоткі. Маюць незвычайныя фіз. ўласцівасці, вытлумачальныя толькі ў межах квантавай тэорыі. З вядомых на Зямлі рэчываў толькі ізатопы гелію 3Не і 4Не пры ціску больш за 3∙104 Па утвараюць К.к. Квантавыя эфекты назіраюцца ў крышталях неону Ne і ў меншай ступені ў крышталях інш. інертных газаў. У нетрах нейтронных зорак, магчыма, існуюць К.к. з нейтронаў. К.к. займаюць прамежкавае становішча паміж квантавымі вадкасцямі і звычайнымі крышталямі. Дэфекты ў К.к. (у прыватнасці вакансіі) не лакалізаваныя, а ў выглядзе квазічасціц распаўсюджваюцца па крышталі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕТЛІ́НСКАЯ (Вера Казіміраўна) (11.5.1906, г. Севастопаль, Украіна — 23.4.1976),
расійская пісьменніца. Друкавалася з 1928. Раманы «Рост» (1934), «Мужнасць» (1938), «Дні нашага жыцця» (1952), «Інакш жыць не варта» (1960), аповесці «Натка Мічурына» (1928), «Плато вышэй за хмары» (1964), зб.апавяд. «Дзень, пражыты двойчы» (1964) пра маладых горадабудаўнікоў, вучоных-наватараў, студэнтаў з іх светам думак, пачуццяў, праблем. Раман «У аблозе» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948) прысвечаны гераічнай абароне Ленінграда ў Вял.Айч. вайну. Аўтар камедыі «Так, вось яно, каханне» (1954), аўтабіягр. аповесці «Вечар. Вокны. Людзі» (1972), рамана «Дзень добры, маладосць!» (1975), артыкулаў па л-ры і мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМБЕРЛІ́Т (ад назвы г. Кімберлі ў Паўд.-Афрыканскай Рэспубліцы),
вулканічная і субвулканічная ультраасноўная шчолачнага саставу брэкчыя- або туфападобная горная парода. Складаецца з алівіну, кальцыту, піропу, піраксену, храміту, ільменіту і інш. мінералаў, уключаных у дробназярністую асн. масу (серпентын, кальцыт, флагапіт і інш.). Колер чорны, з сіняватым і зеленаватым адценнем. Запаўняе трубкі выбуху (дыятрэмы) і трапляецца ў выглядзе жыл, даек, сіл; пашырана пераважна на стараж. платформах. Вядома больш за 1500 цел К., з якіх 8—10% алмазаносныя. Асн. алмазаносныя К. ў ПАР і Расіі (Рэспубліка Саха, б. Якуція). На Беларусі праводзяцца пошукавыя работы на К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМ ЕН САМ (н. 20.12.1927, г. Пусан, Карэя),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Скончыў Сеульскі ун-т. З 1954 дэпутат Нац. асамблеі. У 1970-я г. ўзначальваў памяркоўную апазіцыю рэжыму прэзідэнта Пак Чжон Хі (лідэр Новай дэмакр. партыі). Пасля прыходу да ўлады Чон Ду Хвана (1979) пазбаўлены права займацца паліт. дзейнасцю. З 1985 разам з Кім Тэ Чжунам узначальваў рух за дэмакратызацыю ў краіне, пасля разрыву з ім (1987) далучыўся да прэзідэнта Ро Дэ У (з 1990 яго пераемнік на пасадзе лідэра Дэмакр. ліберальнай партыі). У 1993—98 прэзідэнт Рэспублікі Карэя. Праводзіў курс на барацьбу з карупцыяй у дзярж. апараце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІШАЧНАДЫ́ХАЛЬНЫЯ (Enteropneusta),
клас паўхордавых. Каля 80 відаў. Большасць пашырана ў морах трапічнай зоны, астатнія — у морах умеранай зоны. Жывуць на рознай глыбіні на паверхні дна або ў мяккім муле, мулаватым пяску, на каралавых рыфах. Свабоднарухомыя. Тыповы прадстаўнік К. — баланаглос.
Даўж. ад 3 см да 2,5 м. Цела чэрвепадобнае, мае хабаток, каўнерык і тулава, пакрытае сліззю. Сценкі стрававода ў пярэдняй ч. працяты 2 радамі шчэлепных шчылін (адсюль назва). Кормяцца дробнымі жывёламі, рэшткамі раслін і інш.арган. рэчывамі. Раздзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, за выключэннем 1 жывароднага віду (Xenopleura vivipara). Развіццё з метамарфозам. Лічынка (тарнарыя) падобная да лічынак ігласкурых.