мемарыяльны комплекс на брацкіх могілках 10 тыс. воінаў каля в. Рыленкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. Адкрыты 3.7.1973 (скульпт. М.Рыжанкоў, арх. М.Ткачук) на ўшанаванне памяці воінаў 31-й арміі 3-га Бел. фронту, якія загінулі ў баях за вызваленне Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у 1943—44. Комплекс — прасторавая арх.-скульпт. кампазіцыя з развітым сіметрычна-восевым планіровачным вырашэннем. Уваход у мемарыял утвораны 2 рознавялікімі апорнымі сценкамі, якія нясуць манум. рэльефны фрыз (3 × 15 м) з выявай твараў воінаў. Уздоўж дарогі, што вядзе да магіл, 4 бетонныя стэлы (2,6 × 4 м кожная) з урэзанымі ў іх сілумінавымі рэльефамі, якія адлюстроўваюць подзвігі ўдзельнікаў баёў — А.М.Васільева, Г.А.Нікандравай, Ю.В.Смірнова, лётчыкаў авіяпалка «Нармандыя — Нёман» С.М.Астахава і Б. дэ Фальтэна. Брацкія могілкі вырашаны ў выглядзе прамавугольных тэрас, па перыметрах якіх устаноўлены 170 надмагільных пліт з імёнамі тых, хто загінуў. На верхняй тэрасе — пліта-маналіт з надпісам «Подзвігі вашы неўміручыя», за ёй — маляўнічая група бяроз і елак. На пляцоўцы перад плітой — квадратная платформа, у гарэльефнай зорцы — Вечны агонь.
Л.Г.Лапцэвіч.
Мемарыяльны комплекс Рыленкі. Пліта-маналіт і надмагіллі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГІЯНА́ЛЬНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
забруджванне навакольнага асяроддзя, якое выяўляецца на значнай тэрыторыі (у адрозненне ад лакальнага забруджвання). Пры пэўных умовах можа перарастаць у глабальнае забруджванне. Бывае фіз., хім., біял. і інш.Напр., забруджванне марскіх вод нафтапрадуктамі; унутр. вод у раёнах інтэнсіўнага земляробства — злучэннямі фосфару, азоту; прамысл. высокаразвітых рэгіёнаў — сярністым газам, аксідам азоту, пылам і інш. Р.з. не абмяжоўваецца дзярж. граніцамі: напр., пэўная доза забруджвальнікаў, якія выкідваюцца ў атмасферу прамысл. прадпрыемствамі краін Зах. Еўропы, з паветр. плынямі дасягае тэр. Беларусі; забруджвальнікі, якія трапілі ў рэкі бас. Нёмана і Зах. Дзвіны, аказваюць шкодны экалагічны ўплыў на акваторыю Балтыйскага, а з рэк бас. Прыпяці і Дняпра — Чорнага мора. На Беларусі найб. актуальныя праблемы Р.з. паветра гарадоў, вод, радыеактыўнага забруджвання. У 1990-я найб. высокія ўзроўні Р.з. паветра былі ў гарадах Магілёў, Мазыр, Гродна. У рэках рэгулярна выяўляюцца канцэнтрацыі асобных элементаў, якія перавышаюць гранічна-дапушчальныя канцэнтрацыі. Паводле індэксу забруджанасці вод большая ч. рэк Беларусі належыць да класа «ўмерана забруджаных», меншая — да «чыстых»; рачны створ р. Свіслач ніжэй Мінска аднесены да «забруджаных». Радыеактыўнае Р.з. мясцовасці ахоплівае больш за 22% тэр.Найб. плошчы забруджання радыеактыўнага і паветраных басейнаў гарадоў у Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́НТА (ням. Rente, франц. rente ад лац. reddita вернутая),
даход, які рэгулярна атрымліваюць з зямлі, капіталу, маёмасці (не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю). Можа быць атрымана ад здачы зямлі ці памяшканняў у арэнду, прадастаўлення крэдыту і інш. У адпаведнасці з Грамадз. кодэксам Рэспублікі Беларусь паводле дагавору атрымальнік Р. перадае плацельшчыку Р. пэўную маёмасць на ўмовах перыядычных выплат ім у выглядзе грашовых адлічэнняў ці сродкаў у інш. формах. У выпадку адчужэння плацельшчыкам Р. маёмасці, перададзенай пад выплату Р., яго абавязацельствы пераходзяць да набытчыка гэтай маёмасці. Адрозніваюць Р. бестэрміновую (пастаянную) і пажыццёвую (на тэрмін жыцця атрымальніка). Пры бестэрміновай Р. атрымальнікамі яе могуць быць грамадзяне ці некамерцыйныя арг-цыі, якія выплачваюць Р. ў выглядзе грашовых адлічэнняў, устаноўленых дагаворам, ці рэчаў, выканання работ (паслуг), якія па вартасці адпавядаюць грашовай суме. Пажыццёвая Р. ўстанаўліваецца на перыяд жыцця грамадзяніна, які перадае маёмасць плацельшчыку Р. Яе памер устанаўліваецца ў дагаворы, разлічваецца на месяц і павінен быць не меншы за мінімальную заработную плату (у асобных выпадках прадугледжваецца павелічэнне памеру Р.). Да Р. адносяць таксама зямельную рэнту; даход, які ўладальнік атрымлівае па аблігацыях дзярж. пазыкі (гл.Рэнтавая пазыка); грашовыя сумы, якія штогод выплачваюцца асобе па страхавым полісе з боку страхавога таварыства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т БЯСПЕ́КІ ААН (СБ ААН),
галоўны орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, рашэнні якога абавязковыя для ўсіх яе членаў. Складаецца з 15 членаў (да 1965 было 11). 3 іх 5 пастаянныя — Расія (да 1991 — СССР), ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і Кітай, і 10 непастаянных (да 1965—6), ратацыя якіх адбываецца кожныя 2 гады. Пры прыняцці рашэнняў дзейнічае прынцып аднагалосся пастаянных членаў СБ ААН. Паводле Статута ААН Савет Бяспекі адказвае за падтрымку міжнар. міру і бяспекі ў адпаведнасці з прынцыпамі і мэтамі ААН; разглядае міждзярж. спрэчкі ці інш. сітуацыі, якія могуць прывесці да міжнар. канфліктаў; выпрацоўвае рэкамендацыі шляхоў уладжвання такіх спрэчак і ўмовы іх вырашэння; распрацоўвае планы для стварэння сістэмы рэгулявання ўзбраенняў; вызначае наяўнасць пагрозы міру ці акта агрэсіі і рэкамендуе меры, якія трэба прыняць; заклікае членаў ААН да выкарыстання эканам. санкцый ці інш. мер, якія не звязаны з выкарыстаннем сілы, дзеля прадухілення ці спынення агрэсіі; прадпрымае ваен. дзеянні супраць агрэсара; рэкамендуе далучэнне да ААН новых членаў; ажыццяўляе функцыі ААН па апецы ў «стратэгічных раёнах»; рыхтуе рэкамендацыі Ген. Асамблеі ААН аб прызначэнні Ген. сакратара ААН і сумесна з ёй выбірае суддзяў Міжнар. суда. На 1974—1975 непастаянным членам СБ ААН выбіралася БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІ́ЦКІЯ МО́ВЫ,
група семіта-хаміцкіх моў. Пашыраны ў Зах. Азіі і Афрыцы на Пн ад пустыні Сахара. Падзяляюцца на групы: паўн.-перыферыйную, ці паўн.-ўсх. (мёртвая акадская мова); паўн.-цэнтр., ці паўн.-зах. [жывыя мовы: іўрыт, асірыйская мова; мёртвыя: эблаіцкая, амарэйская, ханаанейская, угарыцкая, фінікійска-пунічная, стараж.-яўрэйская (ранняя форма іўрыта), яўдзі і арамейскія дыялекты]; паўд.цэнтр. (арабская мова, мальтыйская на Мальце); паўд.-перыферыйную (жывыя: мехры, джыбалі, сакатрыйская і інш.; мёртвыя: мінейская, сабейская, катабанская, якія аб’ядноўваюцца як паўд.-аравійскія эпіграфічньм); эфіосеміцкую (жывыя: паўн. падгрупа — тыгрынья, ці тыграй, і тыгрэ; паўд. падгрупа — амхарская, аргоба, харары, шэраг дыялектаў, якія ўмоўна аб’ядноўваюцца пад назвай гураге; нядаўна вымерлы гафат; мёртвая: гаэз, ці эфіопская, якая належыць да паўн. падгрупы). Паўд.-цэнтр., паўд.-перыферыйная і эфіосеміцкая групы часта аб’ядноўваць у адну паўд., ці паўд.-зах. групу. Найб. істотныя рысы С.м. — акрэсленая будова кораня слова, адсутнасць словаскладання, граматычна ці семантычна значымае чаргаванне галосных у корані (апафанія). Найб.стараж. помнікі С.м. — акадскія клінапісньы тэксты Ірака і эблаіцкія — у Сірыі (сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.), а таксама ўласныя імёны і назвы мясцовасцей Палесціны, якія захаваліся ў егіпецкіх надпісах 3—2-га тыс. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАГІ́ЗМ (ад грэч. syllogismos разлічваю, заключаю),
від дэдуктыўнага розумазаключэння, у якім з 2 суджэнняў (пасылак), звязаных паміж сабою адным агульным сярэднім тэрмінам, атрымліваюць трэцяе суджэнне. У залежнасці ад пасылак адрозніваюць катэгарычны, раздзяляльна-катэгарычны і ўмоўна-катэгарычны С. У катэгарычным С. вывад атрымліваецца з 2 пасылак, якія з’яўляюцца катэгарычнымі суджэннямі: A ёсць B, B ёсць C, значыць A ёсць C. У раздзяляльна-катэгарычным С. ў большай пасылцы пералічваецца некалькі магчымых рашэнняў, у меншай адмаўляюцца ўсе, акрамя аднаго: A ёсць або B, або C, або D, але A не ёсць ні B, ні D, значыць A ёсць С. Ва ўмоўна-катэгарычным С. хаця б адна з 2 пасылак з’яўляецца ўмоўным суджэннем: Калі A ёсць B, то C ёсць D; A ёсць B, значыць C ёсць D. У залежнасці ад становішча сярэдняга тэрміна адрозніваюць 4 фігуры С. Кожная з іх мае па некалькі модусаў (С., якія адрозніваюцца адзін ад аднаго колькасцю і якасцю суджэнняў). Усяго існуе 256 модусаў; правільнымі, якія даюць ісціннае заключэнне, лічацца толькі 24 (гл.Сілагістыка). Вывад аднаго С. можа быць пасылкай наступнага. Такім чынам ствараецца складаны С., або полісілагізм. Гл. таксама Сілагізма аксіёма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
вуглевадародныя злучэнні і іх вытворныя. Падзяляюцца на ацыклічныя злучэнні, карбацыклічныя (гл.Ацыклічныя злучэнні, Араматычныя злучэнні) і гетэрацыклічныя злучэнні. Уласцівасці арганічных злучэнняў вызначаюцца прыродай замяшчальнікаў у вугляродным ланцугу ці цыкле, функцыянальных груп і наяўнасцю кратных сувязяў.
Арганічныя злучэнні, якія адрозніваюцца колькасцю CH2-груп, утвараюць гамалагічныя шэрагі, напр. метан (CH4), этан (C2H4), прапан (C3H8) і інш.; злучэнні з аднолькавым лікам атамаў вугляроду, але з рознымі функцыян. групамі — генетычныя шэрагі, напр. этан (C2H6), этылхларыд (C2H5Cl), этанол (C2H5OH), ацэтальдэгід (CH3CHO), воцатная к-та (CH3COOH) і інш. Паводле характару элементаў, якія ўтвараюць сувязь з атамам вугляроду, адрозніваюць галаген-, кісларод-, сера- і азотзмяшчальныя вытворныя вуглевадародаў, шэраг элементаарганічных злучэнняў, у т. л.металаарганічных злучэнняў. Арганічныя злучэнні даследуюцца арганічнай хіміяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕБАКТЭ́РЫІ,
мікраарганізмы пракарыётнага тыпу. Адкрыты ў 1970-я г. Ад іншых пракарыётаў адрозніваюцца хім. будовай макрамалекул, напр. нуклеатыднымі паслядоўнасцямі 16S рыбасамальнай РНК, саставам мембранных ліпідаў, клетачных сценак і інш., і здольнасцю ажыццяўляць унікальныя біяхім. працэсы. Поруч з эўкарыётамі і эўбактэрыямі (сапраўдныя бактэрыі) складаюць адзін з кірункаў клетачнай эвалюцыі. Уключаюць бактэрыі, якія існуюць у экстрэмальных умовах: метанаўтваральныя архебактэрыі, экстрэмальныя галафілы (існуюць пры высокіх канцэнтрацыях хларыду натрыю), архебактэрыі без клетачнай сценкі, архебактэрыі, што аднаўляюць сульфаты, і экстрэмальныя тэрмафілы, якія метабалізуюць малекулярную серу. Хемалітатрофныя віды архебактэрый перспектыўныя для выкарыстання ў біягідраметалургіі, а таксама для абяссервання некандыцыйнага каменнага вугалю; метанаўтваральныя архебактэрыі могуць быць карысныя як прадуцэнты вітаміну B12 і метану.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму. Пабудавана ў 1782 у г.п. Асвея (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.) на паўд. беразе воз. Асвейскае ў б. маёнтку мінскага ваяводы Я.Гільзена (з 1786 належала Шадурскім). Ансамбль уключаў палац (зруйнаваны ў 1-ю сусв. вайну), капліцу, пейзажны парк (пл. 15 га) з аранжарэямі, ставамі, брамай. Цэнтр. частка кампазіцыі — 2-павярховы мураваны палац з паўкруглымі бакавымі крыламі, злучанымі з гал. аб’ёмам аркадамі, якія ўтваралі авальны партэр перад гал.зах. фасадам (вядомы па акварэлі Н.Орды). Аснову кампазіцыі парку складалі курціны на адкрытых палянах, якія пераходзілі ў натуральны лясны масіў з мясц. пародамі дрэў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПЕ́КТ (ад лац. aspectus погляд, выгляд),
1) пункт погляду, з якога разглядаюцца прадметы, паняцці, з’явы; разуменне чаго-н. у пэўнай плоскасці.
2) У экалогіі — знешні выгляд расліннага згуртавання (фітацэнозу) у залежнасці ад пары года і відавога складу раслін. Ствараецца з агульнага фону расліннасці. Адрозніваюць аспект сезонны (па сезонным стане расліннасці) і аспект прыватны (паводле віду пераважных раслін, якія цвітуць або пладаносяць). Аспект наз. звычайна па афарбоўцы раслін, якія пераважаюць (напр., блакітны Аспект незабудкі, залаціста-жоўты аспект адонісу, буры аспект лісця высахлай асакі). Звычайна аспекты фітацэнозаў пастаянныя на працягу шэрагу гадоў і парушаюцца толькі ў гады масавага цвіцення або плоданашэння асобных відаў. Змена аспектаў рэгіструецца метадам каляровай фатаграфіі з зямлі або з космасу.