Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЖА́НЕ,
усходнеславянская племянная групоўка на р.Зах. Буг або Паўд. Буг (адсюль назва). Межы рассялення бужан пісьмовымі крыніцамі не вызначаны. Паводле Баварскага географа (9 ст.), мелі 231 «горад» (умацаванае паселішча). У пач. недатаванай часткі «Аповесці мінулых гадоў» адзначана, што папярэднікі бужан зваліся дулебамі, наступнікі — валынянамі. Гісторыкі лічаць, што ў дадзеным выпадку адбылася змена назвы мясц. насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́СІС (франц. glacis),
ахоўны земляны насып перад абарончым ровам замка; элемент абарончых збудаванняў. Уключалі прамежкавыя і вонкавыя ўмацаванні, за якімі хаваліся стралкі, што абаранялі падыходы да замка, і атрады, што рабілі раптоўныя набегі на ворага. Часам перад гласісам будавалі абарончыя сухія або вадзяныя равы. Пад прыкрыццём гласісу размяшчалася спец. дарога для перамяшчэння воінаў у час аблогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФАЛІЯ́НТЫ,
хімічныя рэчывы, што паскараюць ападанне лісця ў раслін. Д. стымулююць утварэнне этылену — прыроднага рэгулятара росту, які садзейнічае фарміраванню аддзяляльнага слоя ў аснове чаранка, што выклікае ападанне лісця (штучны лістапад). Д. з’яўляюцца некат. дэсіканты (хларат магнію, хларат-хларыд кальцыю). Выкарыстоўваюць Д. для перадуборачнага пазбаўлення ад лісця (дэфаліяцыя) на пасевах бавоўніку, бульбы, насеннага лубіну і інш.с.-г. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРА́НДУМ (лац. memorandum літар. тое, пра што трэба помніць),
1) дыпламатычны дакумент, у якім падрабязна выкладаецца фактычны бок міжнар. пытання, даецца аналіз тых або інш. палажэнняў, прыводзіцца абгрунтаванне пазіцыі дзяржавы.
2) У гандлі — пісьмо з напамінкам пра што-н.
3) Дакладная запіска, службовая даведка па якім-н. пытанні.
4) Пералічэнне ў полісах небяспек, страхаванне ад якіх не праводзіцца.