АНРЫО́ ((Hanriot) Франсуа) (1761—28.7.1794),

дзеяч франц. рэвалюцыі 18 ст., якабінец. Актыўны ўдзельнік паўстання 10.8.1792, якое скінула манархію. З мая 1793 начальнік Парыжскай нац. гвардыі, адзін з кіраўнікоў паўстання 31.5—2.6.1793, што прывяло да ўстанаўлення якабінскай дыктатуры. У час тэрмідарыянскага перавароту (27.7.1794) быў нерашучы ў арганізацыі супраціўлення. Пакараны смерцю тэрмідарыянцамі разам з М.Рабесп’ерам.

т. 1, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРД (англ. bard),

спявак-казачнік у стараж. кельцкіх плямёнаў; у сярэднявеччы (гал. чынам у Ірландыі, Уэльсе, Шатландыі) — прафес. паэт-спявак, вандроўны ці прыдворны. Пад уласны акампанемент на кроце (струнны шчыпковы інструмент) выконвалі гераічныя песні-балады, баявыя, рэліг. і сатыр. песні, элегіі і інш. У наш час бардам наз. аўтара і выканаўцу аўтарскай песні.

т. 2, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Арцём Іванавіч) (28.6.1891, с. Сернікі Зарэчненскага р-на Ровенскай вобл., Украіна — 2.11.1969),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Нам. камандзіра батальёна маёр Барычэўскі вызначыўся летам 1944 у час прарыву варожай абароны на ПнЗ ад Рагачова, у баі пад Ваўкавыскам.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕГЕТРЫ́Я (ісп. behetría),

вольная сялянская абшчына ў Іспаніі ў сярэднія вякі. Была пашырана гал. чынам у перыяд Рэканкісты ў Кастыліі і Леоне. Мела самакіраванне, права выбіраць (мяняць) сеньёра і інш. Члены бегетрыі неслі вайсковую службу ў сеньёра ці караля ў час войнаў, былі звязаны з сеньёрам адносна невял. павіннасцямі. Пасля Рэканкісты бегетрыя паступова знікла.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОРМАШЫ́НА,

медыцынскі апарат, які надае вярчальны рух бору, прызначанаму для прэпаравання цвёрдых тканак зуба. У нажных бормашынах скорасць вярчэння бора 800—1500, у электрычных — да 30 000 аб/мін. Шырока выкарыстоўваецца турбінная бормашына са скорасцю да 300 000 аб/мін, пры якой значна скарачаецца час апрацоўкі зуба і змяншаюцца болевыя адчуванні.

Стаматалагічная ўстаноўка з бормашынамі.

т. 3, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЧАГЫ́ЛЬСКАЕ МО́РА (па ўрочышчы Акчагыл на Краснаводскім п-ве),

існавала ў познім пліяцэне (каля 1,8—3,2 млн. гадоў назад) на ПдУ Еўропы на месцы Каспійскага м. і Прыкаспійскай нізіны. У пэўныя перыяды злучалася з басейнам, які быў на месцы Азоўскага мора. Намнажаліся адклады: вапнякі, мергелі, гліны, пяскі. Час існавання вызначаюць па характэрным акчагыльскім комплексе малюскаў.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́Й І КАМНІ́Н (Alexios Komnēnos; каля 1048—15.8.1118),

візант. імператар [1081—1118]. Заснавальнік дынастыі Камнінаў. Захапіў трон з дапамогай ваен. знаці. Душыў феад. мяцяжы, праследаваў удзельнікаў ерэтычных рухаў паўлініян і багамілаў. На пач. 1090-х г. адбіў націск нарманаў, сельджукаў, у 1091 — печанегаў. Прымусіў крыжаносцаў у час 1-га крыжовага паходу перадаць Візантыі частку М. Азіі.

т. 1, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́Ф’ЕЎ Рыгор, бел. збройнік 17 ст. Родам з Оршы. Быў (у 1658) вучнем у быхаўскага збройніка-пішчальніка Васіля. Разам з ім у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вывезены ў Маскву. Жыў у Броннай слабадзе сярод бел. пасяленцаў-рамеснікаў. У 1677 Астаф’еў з Амелькам Сяргеевым зрабіў 4, у 1678 — 10 пішчаляў.

т. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ПАЛЯЎНІ́ЧЫ САЮ́З,

грамадская арганізацыя паляўнічых рэспублікі ў 1921—33. Адыграў важную ролю ў стварэнні на тэр. Беларусі запаведнікаў і заказнікаў, у барацьбе з ваўкамі (за 1923—25 знішчана 5,9 тыс. ваўкоў). З 1929 наз. Бел. саюз прамысл.-паляўнічай кааперацыі і зверагадоўлі. Выдаваў час. «Паляўнічы Беларусі». З 1955 наз. Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

т. 2, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАХ ((Beloch) Карл Юліус Альвін) (21.1.1854, Печкендорф, Ніжняя Сілезія — 1.2.1929),

нямецкі гісторык антычнасці. Праф. Рымскага ун-та (1879). Вывучаў сац.-эканам. адносіны, упершыню выкарыстаў стат. метад пры даследаванні эканомікі старажытнасці. Распрацоўваў статыстыку народанасельніцтва ант. свету, а таксама Італіі ў сярэднявеччы і ў новы час. Прадстаўнік цыклічнасці тэорыі. У крытыцы крыніц прыхільнік гіперакрытыцызму.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)