рыхленне глебы спец. прыладамі без пераварочвання яе пластоў; адзін з агратэхн. прыёмаў глебаахоўнай сістэмы земляробства. Уключае апрацоўку глебы безадвальнымі чызельнымі плугамі і глыбокарыхліцелямі-пласкарэзамі, мелкую апрацоўку — культыватарамі-пласкарэзамі, супрацьэразійнымі і штангавымі культыватарамі. Выкарыстоўваецца пераважна ў зонах недастатковага ўвільгатнення, у стэпавых раёнах, на землях, схільных да ветравой эрозіі, і на схілах. Безадвальная апрацоўка знішчае пустазелле, павялічвае акультураны ворны слой без перамешвання яго, найменш разбурае структуру глебы, назапашвае вільгаць. Ва ўмовах Беларусі ўжываецца пры восеньскай асн. (глыбокай і мелкай) і перадпасяўной веснавой апрацоўцы глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛ ((Bell) Эндру) (27.3.1753, Сент-Эндру, Шатландыя — 27.1.1832),
англійскі педагог; адзін з заснавальнікаў Бел-Ланкастэрскай сістэмы ўзаемнага навучання. Святар англіканскай царквы. Адукацыю атрымаў ва ун-це Сент-Эндру. З 1789 загадваў прытулкам для сірот вайскоўцаў каля Мадраса (Індыя). У 1791 увёў там сістэму ўзаемнага навучання, калі дзеці вучаць адзін аднаго пад кіраўніцтвам настаўніка. Сваю «мадраскую сістэму» выклаў у творы «Вопыт навучання, праведзены ў Мадрасе...» У 1812 і 1827 выдаў дапаможнік для школ, якія працавалі па яго метадзе. Сістэма Бела была выкарыстана таксама ў Ірландыі і Канадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАСТО́П (ад аўта... + англ. stop спыненне),
1) прыстасаванне на лакаматыве і чыг. пуці для аўтам. спынення чыг. поезда. Адрозніваюць аўтастопы механічныя (на чыгунках метрапалітэнаў) і эл.-магнітныя (на магістральных чыгунках). Сістэма аўтастопа на лакаматыве злучана з паветраным тормазам, на чыг. пуці — з пастаяннымі пуцявымі сігналамі. Паводле прынцыпу ўздзеяння на лакаматыўныя тармазныя сістэмы аўтастопы бываюць кропкавыя (індуктыўнарэзанансныя; уздзеянне аўтастопаў на лакаматывы перадаецца ў вызначаных пунктах) і безупынныя (на працягу ўсяго блок-участка).
2) У самадзейным турызме — метад падарожжа па краіне з дапамогай безаплатнага спадарожнага аўтатранспарту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́ЧКА (Леанід Сцяпанавіч) (н. 4.8.1925, г.п. Старобін Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне артапедычнай стаматалогіі. Д-рмед.н. (1980), праф. (1981). Скончыў Кіеўскі мед.ін-т (1958). З 1967 у Мінскім мед. ін-це (да 1994 заг. кафедры). Навук. працы па тэарэт. абгрунтаванні артапедычных метадаў лячэння хвароб парадонту, аптымізацыі артадантычнага лячэння анамалій і дэфармацый зубасківічнай сістэмы ў дарослых; распрацаваў абсталяванне для нанясення танкаплёначнага пакрыцця метадам іоннапрамянёвай апрацоўкі. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Профилактика и лечение артикуляционной перегрузки пародонта. Мн., 1985;
Справочник стоматолога-ортопеда. Кишинев, 1988 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯТО́ХІН (Іван Андрэевіч) (4.10.1884, г. Жырнаўск Валгаградскай вобл., Расія — 27.3.1959),
бел. фізіёлаг. Чл.-кар.АН Беларусі (1947), д-рбіял.н. (1940), праф. (1926). Скончыў Казанскі ун-т (1917). З 1927 у Пермскім ун-це, з 1936 у Мінскім мед. ін-це (адначасова да 1949 праф.БДУ). У 1937—41 дырэктар Ін-та тэарэт. і клінічнай медыцыны АН Беларусі. Навук. працы па нервовых механізмах рэгуляцыі функцый сардэчна-сасудзістай сістэмы, фізіялогіі працы. Упершыню прасачыў кальцавы ход узбуджэння ў жывой тканцы. Старшыня Бел.т-ва фізіёлагаў, біяхімікаў і фармаколагаў (1936—59).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯ́ТАЎ (Аркадзь Сяргеевіч) (н. 11.3.1923, г. Харанор Чыцінскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне пладаводства. Д-рс.-г.н. (1962), праф. (1965). Скончыў Новасібірскі с.-г.ін-т (1946). З 1957 у Бел.НДІ садоўніцтва. Навук. працы па біялогіі і агратэхніцы пладовых раслін, вывучэнні архітэктонікі каранёвай сістэмы, рэсурсу плоданашэння высакашчыльных садоў, праектаванні і арганізацыі прамысл. пладаводства. Чл. Нью-Йоркскай АН (1994).
Тв.:
Проектирование плодоводства. Мн., 1967;
Повышение качества плодовых деревьев и урожайности садов. 2 изд. Мн., 1985;
Как правильно формировать и обрезать плодовые деревья и ягодные кусты. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Васіль Аляксеевіч) (4.4.1908, с. Судбішча Арлоўскай вобл., Расія — 12.12.1974),
бел. географ. Праф. (1961). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). З 1940 у БДУ. З 1962 прэзідэнт Геагр.т-ва Беларусі. Аўтар сістэмы фіз.-геагр. і геамарфал. раянавання Беларусі, прац па ландшафтах, праблемах Бел. Палесся, гісторыі геаграфіі. Удзельнічаў у складанні Атласа БССР.
Тв.:
Прырода Беларусі: (Фізіка-геагр. агляд). Мн., 1959 (разам з А.Х.Шклярам, В.П.Якушка);
Система физико-географических районов Белоруссии // Физическая и экономическая география. Мн., 1960;
География Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДЫ́,
вадасховішча на паўн.-зах. ускраіне Мінска, у складзе Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Створана ў 1976. Пл. 2,4 км², даўж. 6 км, найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 5,5 м, аб’ём вады 6,17 млн.м³. Катлавіна вадасховішча — забалочаная пойма р. Свіслач. Берагі нізкія, плаўна зліваюцца са схіламі. Дно пясчанае. 2 астравы (пл. 0,05 км²). Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і воднага добраўпарадкавання горада. На берагах Д. санаторыі, лагеры адпачынку, лодачная станцыя, пляжная зона. Паміж вадасх. Заслаўскае і Дразды пабудаваны канал воднага слалама. Арніталагічны заказнік Лебядзіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФІЛАБАТРЫЁЗЫ,
інвазійныя хваробы чалавека і жывёл (гельмінтозы), якія выклікаюцца стужачнымі чарвямі з роду Diphyllobothrium. Пашыраны ўсюды. На Беларусі асн. ўзбуджальнік Д. — стужачнік шырокі (D. latum). У цыкле развіцця ўзбуджальнікаў ролю прамежкавых гаспадароў выконваюць рачкі, рыбы, амфібіі, рэптыліі. Жывёлы і чалавек заражаюцца пры ўжыванні недастаткова праваранай і прасоленай рыбы. У чалавека хвароба выяўляецца энтэрытам, анеміяй, алергіяй, бяссонніцай, галаўным болем. У жывёл на Д. хварэюць сабакі, пушныя звяры, свінні і інш. Пры значнай інвазіі жывёлы знясільваюцца, адстаюць у росце і развіцці, у іх настае анемія, парушаецца дзейнасць страўнікава-кішачнага тракту, нерв.сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКРЭМЕ́НТ ЗАТУХА́ННЯлагарыфмічны, натуральны лагарыфм адносін амплітуд ваганняў, узятых адпаведна праз прамежак часу, роўны перыяду ваганняў. Выражаецца формулай
, дзе t — час, T — перыяд ваганняў, γ — каэфіцыент затухання. Прамежак часу t, за які амплітуда ваганняў памяншаецца ў e разоў, называецца часам рэлаксацыі:
пры гэтым адбываецца
ваганняў.
Для вагальнага контуру Д.з. роўны 0,02—0,05, для камертона 0,001, для аптычнага рэзанатара 10−7—10−6. Гл. таксама Дыхтоўнасць вагальнай сістэмы, Затуханне ваганняў.