МІ́НІ ((Meany) Джордж) (16.8.1894, Нью-Йорк — 10.1.1980),

прафсаюзны дзеяч ЗША. У 1910—22 рабочы-водаправодчык. У прафс. руху з 1915. З 1922 адзін з кіраўнікоў аддзялення прафсаюза водаправодчыкаў у Нью-Йорку. У 1934—39 старшыня філіяла Амерыканскай федэрацыі працы (АФП) у штаце Нью-Йорк. З 1940 сакратар-скарбнік, з 1952 старшыня АФП. У 1955—79 старшыня Амерыканскай федэрацыі працы — Кангрэса вытворчых прафсаюзаў, якая пад яго ўплывам выйшла з Міжнар. канфедэрацыі свабодных прафсаюзаў (1969). З 1948 чл. грамадскага дарадчага апякунскага савета за «эканам. кааперацыю адміністрацыі».

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІШЭ́ЛЬ ((Michel) Луіза) (29.5.1830, замак Уранкур, Францыя — 10,1.1905),

французская рэвалюцыянерка. Удзельніца паўстанняў 31.10.1870 і 22.1.1871. У перыяд Парыжскай Камуны 1871 чл. Камітэта пільнасці 18-й акругі, змагалася на барыкадах супраць версальцаў. Саслана ў Новую Каледонію, адкрыла школу у г. Нумеа, дзе вучыла дзяцей карэнных жыхароў (канакаў). У 1880 вярнулася ў Францыю, удзельнічала ў рабочым руху, была прыхільніцай П.А.Крапоткіна і прапагандавала ідэі анархізму. У 1890—95 у эміграцыі ў Лондане. Аўтар шэрагу раманаў, п’ес, вершаў.

Літ.:

Лурье А.Я. Портреты деятелей Парижской Коммуны. М., 1956;

Неустроева О. Жизнь Луизы Мишель. М.; Л., 1929.

т. 10, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ПЛА ПАЎСТА́ННЕ 1921,

выступленне мопла — мусульм. ч. народа малаялі акругі Малабар Мадраскай прав. Брыт. Індыі (цяпер штат Керала, Індыя) супраць брыт. улад. Узнікла як ч. Халіфацкага руху. Пачалося з сутыкнення мусульм. вернікаў і англ. войск у мяст. Тырурангадзі 20.8.1921. Паўстанцы захапілі раёны Эрнад і Валуванад і абвясцілі аб стварэнні «халіфацкага царства» на чале з А.​Мусальярам (потым — Х.​Кунахмедам). Паўстанцы жорстка распраўляліся з памешчыкамі-індусамі, але моцна пацярпелі і простыя індусы, якіх прымушалі прыняць іслам. Задушана англ. войскамі ў канцы 1921, асобныя атрады працягвалі супраціўленне да лют. 1922.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РУСНІКАВЫЯ (Istiophoridae),

сямейства рыб атр. кунепадобных. 3 роды: кап’яносцы, або кап’ярылы (Tetrapturus) — 6 відаў, марліны (Makaira) — 3 віды, паруснікі (Istiophorus) — 2 віды. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў. Жывуць пераважна ў прыбярэжнай зоне. Развіваюць скорасць да 130 км/гадз.

Даўж. да 5 м, маса да 900 кг. Рыла падоўжанае. Першы спінны плаўнік доўгі і высокі, нагадвае парус (адсюль назва), у час руху здольны ўкладвацца ўздоўж спіны. Грудныя плаўнікі звычайна доўгія і вузкія. Драпежнікі, кормяцца рыбай і кальмарамі. Аб’екты промыслу.

Да арт. Паруснікавыя. Паруснік інда-ціхаакіянскі.

т. 12, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЦІ́НІ ((Pertini) Алесандра) (Сандра; 25.9.1896, Стэла, Італія — 24.2.1990),

італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч, публіцыст. З 1918 чл. Італьянскай сацыялістычнай партыі (ІСП). У 1927—35 зняволены, у 1935—43 сасланы за антыфаш. дзейнасць. У 1943 разам з П.Нэні і Дж.Сарагатам удзельнічаў у аднаўленні ІСП. У канцы 2-й сусв. вайны адзін з кіраўнікоў італьян. руху Супраціўлення. У 1945—46 і 1950—52 гал. рэдактар органа ІСП газ. «Avanti» («Наперад»), 3 1948 сенатар, у 1953—78 дэп. парламента, у 1968—73 прэзідэнт палаты дэпутатаў. У 1978—85 прэзідэнт Італіі. З 1985 пажыццёвы сенатар.

т. 12, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЕТА́РНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

зубчаста-рычажная перадача, што мае колы з рухомымі геам. восямі (сатэліты), якія абкочваюцца вакол цэнтр. кола. Рухомае звяно, на якім умацаваны восі сатэлітаў, наз. вадзілам. Выкарыстоўваюць для перадачы вярчэння паміж 2 паралельнымі восямі ці тымі, што перасякаюцца, а таксама пры ўзнаўленні складанага плоскапаралельнага руху рабочага органа, які аб’ядноўваецца з сатэлітам. Выкарыстоўваюць у рэдуктарах трансп. машын, прыводах станкоў, каробках перадач, рэверсіўных механізмах і інш.

Да арт. Планетарная перадача. Схема пяцізвённага планетарнага механізма: 1 — рухомыя зубчастыя колы; 2 — сатэліт; 3 — нерухомае зубчастае кола; 4 — вадзіла.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУГАЧО́ЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1994). Размешчаны ў в. Вял. Пугачы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун буйназярністага біятытавага рапаківіпадобнага граніту даўж. 8 м, шыр. 7 м, выш. 1,3 м, у абводзе 21,9 м, аб’ём бачнай часткі 38,6 м³, маса каля 103 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. г. назад з тэр. Паўд. Фінляндыі. Доўгая вось арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае агульнаму напрамку руху ледавіка. Меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

Пугачоўскі вялікі камень у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобл.

т. 13, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1990). Размешчаны за 1 км на У ад в. Расходна Сенненскага р-на Віцебскай вобл. Валун буйназярністага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату. Даўж. 4 м, шыр. 3,8 м, выш. 2,7 м, у абводзе 11,8 м, аб’ём бачнай часткі 22 м³, маса каля 58 т. Доўгая вось арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае напрамку руху ледавіка, які прынёс валун каля 20—18 тыс. гадоў назад з тэр., што прылягае да Фінскага заліва. У мінулым меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎШЭНБА́Х (Барыс Віктаравіч) (18.1.1915, С.-Пецярбург — 27.3.2001),

расійскі вучоны ў галіне механікі і працэсаў кіравання. Акад. Рас. АН (1984, чл.-кар. 1966). Герой Сац. Працы (1990). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў грамадз. паветр. флоту (1938). У 1938—78 у спец. НДІ і СКБ (Масква), адначасова з 1947 у Маскоўскім фізіка-тэхн. ін-це (з 1959 праф.). Навук. працы па прыкладной механіцы, тэорыі аўтам. кіравання, арыентацыі і ўстойлівасці руху касм. апаратаў, тэорыі гарэння, інж. псіхалогіі. Ленінская прэмія 1960.

Тв.:

Вибрационное горение. М., 1961;

Космические аппараты. М., 1983 (у сааўт.).

Б.В.Раўшэнбах.

т. 13, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ КА́МЕРА,

прылада для даследавання і кантролю атамнай структуры пры дапамозе дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў на доследным узоры.

Бываюць рознай канструкцыі: Маюць крыніцу выпрамянення (рэнтгенаўскую трубку), каліматар (фарміруе рабочы пучок першаснага выпрамянення), вузел устаноўкі доследнага ўзору, касету з фотаплёнкай, на якой рэгіструецца дыфракцыйная карціна, і механізм руху ўзору (ці касеты) і інш. Выкарыстоўваюцца ў рэнтгенаўскім структурным аналізе, рэнтгенаграфіі матэрыялаў, рэнтгенаўскай тапаграфіі.

Да арт. Рэнтгенаўская камера. Схема дэбаеўскай камеры: 1 — каліматар; 2 — фотаплёнка; 3 — касета; 4 — механізм цэнтроўкі ўзору; 5 — узор; 6 — пастка для перахоплівання першаснага пучка.

т. 14, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)