МІНЕСО́ТА (Minnesota),

штат на Пн ЗША, на З ад Вялікіх азёр. Пл. 218 тыс. км². Нас. 4658 тыс. чал. (1996), у т. л. каля 70% гарадскога. Адм. ц.г. Сент-Пол. Паверхня — хвалістая раўніна, на ПнУ — узгоркі да 701 м. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -10 °C да -15 °C. Ападкаў да 700 мм за год. Асн. рака — Місісіпі; каля 10 тыс. азёр. Паводле вядомага бел. кліматолага А.​Х.​Шкляра, па прыродных асаблівасцях М. з’яўляецца бліжэйшым. аналагам Беларусі ў Паўн. Амерыцы. На ПнУ захаваліся хваёвыя лясы. Гал. галіна эканомікі — прамысловасць. Здабываюць жал. руду (больш за 50% усёй здабычы ЗША). У апрацоўчай прам-сці вылучаюцца мукамольная, масласыраробная, гарбарная. Развіты таксама маш.-буд., ваенная, металургічная (выплаўка чыгуну і сталі), суднабудаўнічая. Гал. прамысл. цэнтры Мінеапаліс, Сент-Пол, Дулут. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 70% тэрыторыі. Пераважае жывёлагадоўля. Разводзяць малочную і мясную буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Птушкагадоўля. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па вытв-сці сметанковага масла, сухога малака, сыру, адкорму індыкоў. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, жыта, цукр. буракі, бабовыя, лён-кудраш. Вял. плошчы пад кармавымі культурамі і сеянай травой. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны. Рачны порт Мінеапаліс, азёрны (на Верхнім воз.) — Дулуг.

т. 10, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ ТЭА́ТР.

Пабудаваны ў 1890 у Мінску паводле праекта арх. К.​Казлоўскага, інж. К.​Увядзенскага і В.​Мандражы; інтэр’еры — арх. В.​Мааса, тэхнал. аснашчэнне сцэны — С.​Цыранкевіча. У архітэктуры будынка — стылізацыя ў стылі барока. Гал. фасад меў цэнтр.-восевую кампазіцыю, быў аформлены рустам, пілястрамі, карнізамі, люкарнамі, сандрыкамі над аконнымі праёмамі, завяршаўся высокім фігурным атыкам з радам нішаў, што стваралі рытм аркатурнага фрыза.

Дэкор бакавых фасадаў больш сціплы. Цэнтр. ч. вылучана 2-павярховым рызалітам, які завяршаўся лучковым франтонам; да рызаліту прылягалі 1-павярховыя крылы — касавыя вестыбюлі. Глядзельная зала падковападобная ў плане, 3-ярусная, месцы размяшчаліся амфітэатрам, мела партэр, ложы, бельэтаж і балкон. Плафон глядзельнай залы ўпрыгожаны размалёўкамі (арх. Маас) з партрэтамі А.​Пушкіна, М.​Гогаля, А.​Астроўскага, М.​Глінкі. Размалёўкі інтэр’ераў выконвалі маст. Ю.​Рэйнберг, Р.​Веніг, В.​Біцілеў, С.​Лебядзінскі, К.​Ульрых. На партале сцэны — ляпны герб Мінскай губ. У 1949 рэканструкцыя інтэр’ераў выканана паводле праекта арх. Г.​Заборскага. У 1956—58 будынак т-ра рэканструяваны (арх. А.​Духан). На гал. фасадзе надбудаваны бакавыя крылы да 2-га паверха, перапланаваны шэраг дапаможных памяшканняў. З 1920 у будынку М.г.т. працуе Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

В.​М.​Чарнатаў.

Мінскі гарадскі тэатр.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕВА́ДА (Nevada),

штат на З ЗША. Пл. 286,4 тыс. км². Нас. 1746,9 тыс. чал. (1998). Адм. ц. — Карсан-Сіці, найб. гарады Лас-Вегас і Рына. Большая ч. штата ў горнай бяссцёкавай вобласці Вялікага Басейна; на З — адгор’і хр. Сьера-Невада. Клімат умераны, кантынентальны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра студз. ў катлавінах 0—2 °C, ліп. 20—22 °C. Ападкаў каля 200 мм за год (каля падножжа Сьера-Невады 100 мм). Рэк мала, яны малаводныя, на ПдУр. Каларада. Расліннасць паўпустынь і пустынь. Гал. галіны гаспадаркі — абслугоўванне турыстаў і горная прам-сць. Развіты індустрыя адпачынку і забаў агульнанац. значэння, турызм, курортная справа (кліматычныя курорты); 42,6% працоўных занята ў сферы абслугоўвання. Вытв-сць электраэнергіі 26,6 млрд. кВтгадз (1998). Працуюць электрастанцыі на каменным вугалі і прыродным газе. Буйная ГЭС Гувер на р. Каларада. Здабыча руд золата, медзі, серабра, вальфраму, жалеза, марганцу, малібдэну і поліметалаў, барыту, дыятаміту. Прадпрыемствы выпускаюць каляровыя металы, харч. прадукты, адзенне, пластмасы, асобныя віды абсталявання (аэракасмічнае, ірыгацыйнае, сейсмічнага кантролю і інш.). Гал. галіна сельскай гаспадаркі — экстэнсіўная мясная жывёлагадоўля. Гадуюць (1999, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 510, авечак — 85, свіней, птушку. На арашальных землях вырошчваюць сеяныя травы, бульбу, цыбулю, часнок, ячмень, пшаніцу. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 11, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮФА́ЎНДЛЕНД (Newfoundland),

правінцыя на У Канады. Уключае в-аў Ньюфаўндленд і паўн.-ўсх. ч. п-ва Лабрадор. Пл. 404,6 тыс. км². Нас. 551,8 тыс. чал. (1996), пераважна англаканадцы. Каля 90% насельніцтва жыве на в-ве Ньюфаўндленд. Адм. ц. і гал. порт — г. Сент-Джонс. Паверхня — хвалістая раўніна, участкі плато, на п-ве Лабрадор горы Торнгат (выш. да 1676 м). Клімат субарктычны (на Пн), умераны (на Пд). Т-ра паветра ў студз. ад -20 °C на Пн да -4 °C на Пд, у ліп. адпаведна ад 8 °C да 14 °C. Ападкаў каля 500—1500 мм за год. У гаспадарцы вылучаюцца марское рыбалоўства і лесанарыхтоўкі. Н. дае каля 30% улову рыбы (пераважна траска і ласось) і каля 10% лесанарыхтовак Канады. Здабыча жал. руды (Лабрадор), свінцовых, цынкавых, медных руд, плавікавага шпату (в-аў Ньюфаўндленд). Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: цэлюлозна-папяровая, рыбаперапрацоўчая, нафтахім., трансп. машынабудаванне (буд-ва і рамонт суднаў), чорная металургія, вытв-сць рыбалоўнага рыштунку. Шэраг ГЭС. Сельская гаспадарка мае дапаможнае значэнне, больш развіта на Пд. Пераважае малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць сеяныя травы, бульбу, агародніну. Турызм. Транспарт пераважна марскі. На в-ве Ньюфаўндленд вял. міжнар. аэрапорт Гандэр.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́ДА ((Abbado) Клаўдзіо) (н. 26.6.1933, Мілан),

італьянскі дырыжор і піяніст. Скончыў Міланскую кансерваторыю па класах фп. (1953) і кампазіцыі (1955). Выступаў як піяніст. З 1969 дырыжор, муз. і маст. кіраўнік (да 1986) т-ра «Ла Скала», з 1971 адначасова гал. дырыжор Венскага філарманічнага, з 1979 Лонданскага сімфанічнага, з 1989 Берлінскага філарманічнага аркестраў. Кіраўнік створанага ў 1982 філарманічнага аркестра «Ла Скала». З 1986 маст. кіраўнік Венскай дзярж. оперы. Лаўрэат міжнар. конкурсу маладых дырыжораў імя Дз.​Мітропуласа (Нью-Йорк, 1963).

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРУ́ЦЫ (Abruzzi),

адм. вобласць Італіі, на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора. Падзяляецца на правінцыі Л’Акуіла, К’еты, Пескара, Тэрама. Адм. ц.г. Л’Акуіла. Пл. 10,8 тыс. км². Нас. 1620 тыс. чал. (1993).

Узбярэжжа раўніннае, на З — Абруцкія горы (г. Корна, 2914 м). Клімат і расліннасць міжземнаморскага тыпу. Вобласць аграрная. Гал. культуры: пшаніца, кукуруза, цукр. буракі, бульба, на ўзбярэжжы — аліва, вінаград, цытрусавыя і інш. На горных пашах авечкагадоўля. Цукр., вінаробная, алейная, тытунёвая, хім., маш.-буд., электронная прам-сць. Развіта рыбалоўства.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й у Белавежы.

Існаваў у 1966—73 у г. Белавежа (Польшча). Адкрыты 12.3.1966 па ініцыятыве Гал. праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Пл. экспазіцыі 145 м², 950 экспанатаў. Меў 3 аддзелы: с.-г. прылады працы; ганчарства і пляценне; апрацоўка лёну. Спыніў дзейнасць з-за фін. цяжкасцяў і адсутнасці пастаяннага музейнага памяшкання. Экспанаты перададзены ў Акруговы музей у Беластоку, С.-г. музей у Цеханоўцы і Прыродазнаўчы музей у Белавежы. Традыцыі музея працягвае Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры.

В.​Луба.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРСА́Н (Міхаіл Іванавіч) (н. 19.11.1948, с. Старая Задава Чарнавіцкай вобл., Украіна),

дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1971). Працаваў дырыжорам у розных вайск. падраздзяленнях. З 1978 на Беларусі. З 1980 у аркестры штаба БВА, з 1989 нач. ваенна-арк. службы, маст. кіраўнік і гал. дырыжор Ваеннага аркестра Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Аўтар шматлікіх аранжыровак твораў бел. кампазітараў, у т. л. Я.​Глебава, Э.​Зарыцкага, А.​Захлеўнага, В.​Іванова, І.​Лучанка, Дз.​Смольскага, Э.​Ханка і інш.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВА́І (Hawaii),

востраў у Ціхім ак., самы вял. ў архіпелагу Гавайскія астравы, тэр. ЗША. Пл. 10,4 тыс. км². Нас. каля 100 тыс. чал. (1992). Утвораны вяршынямі 5 шчытавых вулканаў: Маўна-Кеа (4205 м), Маўна-Лоа (4170 м), Кілаўэа, Хуалалаі, Кохала. Клімат трапічны марскі, вельмі вільготны на наветраных паўн.-ўсх. схілах; ападкаў да 3600 мм за год. Схілы ўкрыты трапічнымі лясамі. Плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу і інш. трапічных культур. Гал. горад — Хіла. Вулканалагічная абсерваторыя. Гавайскі вулканічны нацыянальны парк.

т. 4, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́ВІЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 12.8.1950, в. Вароніна Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1989). Працаваў электрыкам на прадпрыемствах Слуцка, Жабінкі, Клецка. У 1990—94 рэдактар гал. рэдакцыі літ.-драм. праграм Бел. тэлебачання. З 1994 — у час. «Крыніца». Друкуецца з 1967. Першы паэт. зб. «Таемнасць агню» (1984). Яднанне пошуку і адкрыцця характэрна для гэтага і інш. зб-каў Галубовіча («Споведзь бяссоннай душы», 1989, «Таемнасць споведзі», 1993, «Заложнік цемры», 1994).

І.​Д.​Сіпакоў.

т. 4, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)