БАНДАРЭ́НКА (Максім Мінавіч) (1902, б. Хутар Кіжын Бабруйскага пав. — 17.2.1943),

адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля на тэр. Брэсцкай вобласці ў Вял. Айч. вайну. У 1928—41 старшыня калгасаў, дырэктар МТС у Парыцкім, Койданаўскім, Целяханскім р-нах. З вер. 1941 у партызанах, з канца 1942 сакратар Ганцавіцкага падп. РК КП(б)Б. Загінуў у баі.

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НЗАРЭ БЕ́РАГ (Banzare Coast),

частка ўзбярэжжа Уілкса Зямлі (Усх. Антарктыда), паміж 122° і 130° усх. даўгаты. Ледавіковы схіл з рэдкімі выхадамі скальных пародаў. Антарктычныя аазісы Бангера і Грырсана. Вывадныя ледавікі (у сярэдняй частцы шэльфавы ледавік Ваейкава). Вял. колькасць айсбергаў. Адкрыты ў 1931 Брытанска-аўстрала-новазеландскай антарктычнай даследчай экспедыцыяй, у гонар якой (у скарачэнні) названы.

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Арцём Іванавіч) (28.6.1891, с. Сернікі Зарэчненскага р-на Ровенскай вобл., Украіна — 2.11.1969),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Нам. камандзіра батальёна маёр Барычэўскі вызначыўся летам 1944 у час прарыву варожай абароны на ПнЗ ад Рагачова, у баі пад Ваўкавыскам.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНІКАЎ (Павел Раманавіч) (снеж. 1917, в. Таль Любанскага р-на Мінскай вобл. — 18.2.1945),

Герой Сав. Саюза (1940). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. Малодшы камандзір Алейнікаў вызначыўся ў лютым 1940 у баях у раёне пас. Краснасельскае Выбаргскага р-на. У Вял. Айч. вайну на Паўд. і 3-м Бел. франтах. Загінуў у баі.

т. 1, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДАЛА́ЗЫ,

ферменты класа ліязаў, якія зваротна каталізуюць расшчапленне сувязяў паміж атамамі вугляроду ў вугляводах. У вял. колькасці ёсць у жывёльных, раслінных і мікраарганізмах (у мышцах млекакормячых альдалазаў да 10% ад усіх растваральных бялкоў). Маюць асабліва важнае значэнне ў працэсах анаэробнага расшчаплення цукроў, напр. пры гліколізе і фотасінтэзе. Каталізуюць рэакцыі паміж альдэгідамі і кетонамі.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬХО́Н,

востраў у паўн.-зах. частцы воз. Байкал, у Расійскай Федэрацыі. Ад берага аддзелены пралівамі Малое Мора і Альхонскія Вароты. Пл. каля 730 км². Выш. да 1276 м. Складзены з гнейсаў, мармураў, гранітаў і кварцытаў. На Пн в-ва лісцевая тайга, на Пд — стэп. Характэрны паўн.-зах. вятры вял. сілы (сарма). На Альхоне — пас. Хужыр.

т. 1, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАЗІ́ЎНАЯ АПРАЦО́ЎКА,

апрацоўка металаў, каштоўных камянёў, горных парод, шкла, дрэва, пластмас і інш. матэрыялаў зразаннем тонкага слоя абразіўным інструментам. Асн. прызначэнне — забеспячэнне павышанай дакладнасці і якасці паверхні, што апрацоўваецца. Можа выкарыстоўвацца таксама для чарнавой абдзіркі паверхняў, рэзкі, знімання вял. прыпускаў. Да абразіўнай апрацоўкі адносяцца паліраванне, шліфаванне, ханінгаванне, даводка, прыцірка, абразіўна-імпульсная апрацоўка, суперфінішаванне і г.д.

т. 1, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́РКА,

фігурная арх. дэталь з цэглы або каменю найчасцей у выглядзе перакуленай пірамідкі. Шырока выкарыстоўвалася ў рус. архітэктуры 16—17 ст. у дэкоры брам, ганкаў, аконных праёмаў. Падвешвалася на схаваным у муроўцы жал. стрыжні і служыла апорай для дэкар. арачак, звычайна размешчаных пад адной вял. аркай.

Гірка.
Гіркі на фасадзе кальвінскага збору ў Смаргоні.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́МА (Glomma),

рака на Пд Нарвегіі, адна з самых вял. на Скандынаўскім п-ве. Даўж. 611 км, пл. бас. 41,8 тыс. км². Пачынаецца з азёр на У Сёр-Трэндэлага, цячэ па даліне Эстэрдаль, перасякае мноства азёр, утварае вадаспады. Упадае ў праліў Скагерак. Сярэдні расход вады 440 м³/с. Лесасплаў. ГЭС. Суднаходства на асобных участках.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯТЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,

бой паміж партыз. атрадамі А.​І.​Далідовіча, «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Ф.​І.​Паўлоўскі) і ням.-фаш. буйным гарнізонам у в. Вятчын Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. 14 студз. партызаны атакавалі гарнізон з 2 бакоў. Пасля непрацяглага бою гарнізон перастаў існаваць, у партызан страт не было.

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)