ПЕЛЫ́М, Пелымская дзяржава,

аб’яднанне плямён угра-фінскага народа мансі (вагулаў) на ч. тэр. сучасных Свярдлоўскай вобл. і Ханты-Мансійскай аўт. акругі Расіі ў сярэдзіне 15 — канцы 16 ст. Уключала плямёны, што жылі па рэках Пелым, Сосьва, Лозьва, Конда і Таўда. Кіравалася мясц. родавай арыстакратыяй («князцамі»), Плямёны П. былі васаламі Рас. дзяржавы і Сібірскага ханства, перыядычна рабілі набегі на рус. паселішчы Прыуралля. У 1580—90-я г. П. канчаткова далучаны да Расіі, на месцы яго сталіцы пры ўпадзенні р. Пелым у Таўду ў 1593 засн. расійскі г. Пелым.

т. 12, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЧАКА́НКА МАНЕ́ТЫ,

выкарыстанне ўстарэлых манет для вырабу манет новага ўзору. Звычайна звязана са зменай манетнай стапы. Адрозніваюць мэтанакіраваную П.м. (перараблялі вял. партыю манет цалкам) і дапаможную (для невял. іх колькасці). Перачаканеная манета вызначаецца па фрагментах старых выяў на аверсе і рэверсе, несупадзенні віду арнаменту. павялічаным дыяметры і меншай таўшчыні кружка. П.м. шырока ўжывалася ў Рас. імперыі ў 18 ст. для медных манет, стапа якіх на працягу стагоддзя мянялася 9 разоў. Спарадычна для П.м. ствараліся часовыя манетныя двары (гл. Полацкі манетны двор).

І.​І.​Сінчук.

т. 12, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЛАЎКІ (Unio),

род двухстворкавых прэснаводных малюскаў. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Цэнтр. Амерыцы, Афрыцы. Жывуць у рэках, азёрах, сажалках; поўзаюць па дне або прымацоўваюцца да субстрату. Біяфільтратары, удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. На Беларусі найб. трапляюцца П.: звычайная, або разнаколерная (U. pictorum), клінападобная (U. tumidus), тоўстая (Ú. crassus).

Ракавіна даўж. да 14,5 см, унутр. слой перламутравы. Цела складаецца з тулава і нагі, галава рэдукаваная. Дыхаюць шчэлепамі. Кормяцца дэтрытам, бактэрыямі, планктонам. Раздзельнаполыя. Лічынка — глахідый. П. — корм для свойскай жывёлы і птушак.

Перлаўкі: 1 — разнаколерная; 2 — тоўстая.

т. 12, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРУА́НСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ, Гумбальта цячэнне,

халоднае паверхневае цячэнне ў Ціхім ак., галіна Заходніх Вятроў цячэння. Праходзіць з Пд па Пн паміж 45° і 4° паўд. ш., уздоўж зах. берагоў Перу і Чылі. Т-ра вады 15—20 °C, скорасць каля 0,9 км/гадз. У раёне 4° паўд. ш. адхіляецца ад берагоў на З і злучаецца з Паўднёвым Пасатным цячэннем. Некаторыя вучоныя вылучаюць прыбярэжнае і акіянскае П.ц., паміж якімі праходзіць Паўд. Перуана-Чылійскае супрацьцячэнне. П.ц. абумоўлівае адносна нізкія т-ры паветра і малую колькасць ападкаў на ўзбярэжжы.

т. 12, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТУХО́Ў (Аляксандр Іванавіч) (н. 23.5.1919, в. Чырвонае Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1965). Засл. эканаміст Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1946). У 1965—91 у Мін-ве харч. прам-сці, адначасова выкладаў у Бел. дзярж. эканам. ун-це. Навук. працы па праблемах ажыццяўлення эканам. рэформы, павышэння эфектыўнасці і рэнтабельнасці прадпрыемстваў харч. прам-сці.

Тв.:

Опыт осуществления хозяйственной реформы в пищевой промышленности БССР. Мн., 1971;

Финансы пищевой промышленности. 2 изд. М., 1977;

Эксперимент в пищевой промышленности: опыт, пробл. Мн., 1986.

т. 12, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТЫНЕ́ЦІ, Петынелі (Petinetti, Petinelli) Гаэтана, танцоўшчык, педагог і балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Працаваў у Неапалі. У 1774—79 разам з братам Ладавіка П. ў прыдворным т-ры і тэатр. школе А.​Тызенгаўза ў Гродне. Быў пастаноўшчыкам балетаў «Квартэт дудароў», «Другі балет пекараў», «Сялянскі балет» (у апошнім выступалі яго вучні). З 1779 па запрашэнні К.​С.​Радзівіла працаваў танцорам і балетмайстрам Нясвіжскага т-ра (разам з А.​Лойкам і Ф.​Каселі ў 1784 удзельнічаў у падрыхтоўцы балетаў «Арфей у пекле» і, магчыма, «Пігмаліён»). Пакінуў Нясвіж у 1786.

т. 12, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦО́ЛЬД (Цімафей Максімавіч) (н. 25.10.1934, Мінск),

бел. вучоны ў галіне буд. канструкцый. Д-р тэхн. н. (1986), праф. (1988). Засл. дз. нав. Беларусі (1992). Скончыў БПІ (1958). З 1972 у БПА (заг. кафедры). Навук. працы па стварэнні канструктыўных сістэм будынкаў і збудаванняў, рэканструкцыі і метадах узмацнення буд. канструкцый.

Тв.:

Армоцементные конструкции. Мн., 1965 (у сааўт.);

Руководство по проектированию, изготовлению и применению железобетонных центрифугированных конструкций кольцевого сечения. М., 1979 (у сааўт.);

Расчет усиления железобетонных конструкций эксплуатируемых строительных сооружений (разам з Дз.​М.​Лазоўскім) // Бетон и железобетон. 1998. № 6.

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ДАГАВО́Р 1881,

расійска-кітайскі дагавор аб зах. участку рас.-кіт. граніцы. Падпісаны 12 лют. ў Пецярбургу. Паводле П.д. да Рас. імперыі адыходзіла зах. ч. Ілійскага краю, акупіраванага рас. войскамі ў 1871, усх. ч. з г. Кульджа вярталася Кітаю, жыхары краю мелі права выбраць рас. або кіт. падданства з далейшым перасяленнем на кіт. або рас. тэрыторыю. Кітай абавязваўся выплаціць Расіі 9 млн. руб як кампенсацыю за ваен. выдаткі па акупацыі краю. Расія атрымала права адкрыць дадатковыя консульствы на тэр. Кітая, а рас. гандляры — права набываць у Кітаі нерухомасць.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁТР II Аляксеевіч

(23.10.1715, С.-Пецярбург — 29.1.1730),

расійскі імператар [1727—30]. З дынастыі Раманавых. Сын царэвіча Аляксея Пятровіча і прынцэсы Соф’і Шарлоты Бланкенбургскай, унук Пятра I. Пасля ўступлення на прастол (май 1727) афіц. абвешчаны паўналетнім, але рэальная ўлада знаходзілася ў руках А.Д.Меншыкава, а пасля яго ссылкі (вер. 1727) — групоўкі старой маскоўскай знаці (князі Далгарукія, Галіцыны і інш.), пад уплывам якой П. II абвясціў сябе праціўнікам пераўтварэнняў Пятра I. Ліквідаваліся створаныя Пятром I установы, імператарскі двор пераехаў у Маскву, дзе П. II памёр ад воспы. З яго смерцю спынілася дынастыя Раманавых па мужчынскай лініі.

т. 12, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІВУНО́ЎСКІ (Ігнацій Іванавіч) (н. 29.8.1930, г. Горкі Магілёўскай вобл.) бел. вучоны ў галіне механізацыі с.-г. вытв-сці. Д-р тэхн. н. (1992),

праф. (1998). Скончыў БСГА (1953). З 1961 у БелНДІ механізацыі сельскай гаспадаркі. Навук. працы па ўдасканальванні тэхнал. працэсаў нарыхтоўкі кармоў, прыстасаваннях для ўнясення хім. кансервантаў пры сіласаванні, распрацоўцы абсталявання для вытв-сці грануляванай і брыкетаванай травяной мукі і кармасумесей.

Тв.:

Досушивание сена активным вентилированием. Мн., 1979 (разам з В.​В.​Рамановічам);

Совершенствование косилок-плющилок для скашивания трав (разам з А.​А.​Шупілавым) // Техника в сельском хозяйстве. 1999. № 1.

т. 12, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)