МОРФАГЕНЕ́З (ад морфа + ...генез),

формаўтварэнне, узнікненне і развіццё структур арганізма ў індывідуальным (антагенез) і эвалюцыйным (філагенез) развіцці. Індывідуальны М. — сукупнасць працэсаў развіцця аплодненай яйцаклеткі, што прыводзіць да ўтварэння складанага шматклетачнага арганізма. У філагенет. М. пры атрыманых у спадчыну зменах генома відазмяняюцца морфагенет. карэляцыі арганізма. Працэсы, што спрыяюць выжыванню віду, замацоўваюцца натуральным адборам, у выніку паяўляюцца патомкі з новай структурай.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЛЬНАЕ ВО́ЗЕРА У Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Ясельда, за 25 км на Пн ад г. Іванава. Пл. 0,51 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 21 м, даўж. берагавой лініі каля 2,5 км. Схілы катлавіны нізкія, разараныя, на З і У пад хмызняком. На Пн тэраса выш. 2 м. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно сапрапелістае.

т. 11, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУМІФІКА́ЦЫЯ (ад мумія + лац. facio раблю),

высыханне трупа ці асобных адмерлых частак жывога арганізма. Натуральная М. адбываецца пры пераходзе вільгаці з мёртвай тканкі ці трупа ў навакольнае асяроддзе і адсутнасці ўмоў для гніласнага распаду тканак (напр., высокая т-ра). Пры штучнай М. труп насычаецца спец. рэчывамі, якія яго кансервуюць. Пасля М. труп ці яго ч. захоўвае форму, страта масы дасягае 75%.

т. 11, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРКІ́С,

рака ў Літве і Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 202 км (на Беларусі 12 км). Пл. вадазбору 4440 км² (на Беларусі 100 км²). Пачынаецца за 2 км на Пд ад в. Мікулішкі Ашмянскага р-на, цячэ ў межах Ашмянскага ўзв., 2 км на мяжы з Літвой і каля в. Гаравыя Грыгі перасякае яе. У межах Беларусі каналізаваная.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСНА́Я МУКА,

бялковы канцэнтраваны корм. Атрымліваюць высушваннем і размолам адходаў ад забою жывёл, перапрацоўкі мяса (напр., вантробы, абрэзкі мяса) і вырабу мясных экстрактаў. Мае да 12% вады, 60—80% пратэіну, 8—10% тлушчу, 1,5—12,5% попелу, вітаміны групы B і інш. Хутка псуецца. Скормліваюць свінням і птушкам у сумесі з інш. кармамі, уключаюць у камбікармы. Часцей выкарыстоўваецца мяса-касцявая мука.

Л.​Л.​Галубкова.

т. 11, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЦЁЛКА,

складанае батрычнае суквецце, на галоўнай восі якога на розным узроўні развіваюцца бакавыя галінкі, што таксама разгаліноўваюцца і нясуць кветкі або невял, простыя (элементарныя) суквецці (каласкі ў злакаў, кошыкі ў складанакветных і інш.). Галінкі бываюць прыціснутыя да гал. восі (М. сціснутая) або адстаяць ад яе (М. раскідзістая). Сціснутую М. з кароткімі галінкамі, падобную на колас у злакаў (напр., цімафееўка, лісахвост), наз. султанам.

т. 11, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙДА́,

возера ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Прыпяць, за 15 км на ПдУ ад г. Жыткавічы. Пл. 0,21 км², даўж. 580 м, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі 1,7 км. Схілы катлавіны выш. 2—5 м, спадзістыя, пясчаныя, разараныя, на Пн участкамі пад хмызняком. Берагавая лінія слабазвілістая. Дно выслана крэменязёмістым сапрапелем, каля берагоў пясчанае. Праз возера пракладзены канал.

т. 11, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙМА́ЛЬНІК у праве,

бок у дагаворы маёмаснага найму. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь Н. — гэта таксама бок працоўнага дагавору, якім з’яўляюцца прадпрыемства, установа, арг-цыя, т-ва, кааператыў, незалежна ад наймення і формы ўласнасці (іх аб’яднанні і адасобленыя падраздзяленні), а таксама прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць без стварэння юрыд. асобы і грамадзяне, якім заканадаўствам дадзена права заключаць і спыняць прац. дагаворы з работнікамі.

т. 11, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРДЭ́К, кавуновы мёд, кавуновая патака,

ачышчаны і моцна ўпараны сок з мякаці пладоў кавуна сталовага. Мае кансістэнцыю мёду, колер ад чырвона-бурага да цёмна-карычневага і салодкі (з прысмакам паленага цукру) смак. Мае 55—70% цукроў, у т. л. 29—35% фруктозы, 0,6—1,1% яблычнай к-ты, да 10% нерастваральных рэчываў (мінер. солей, клятчаткі і інш.). Выкарыстоўваецца ў кандытарскай вытв-сці.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАР’Я́Н-МАР,

горад, цэнтр Ненецкай аўт. акругі. у Расіі. Размешчаны за Паўн. палярным кругам, у зоне пашырэння шматгадовамёрзлых парод, на Пячорскай нізіне, на адной з праток р. Пячора. Засн. ў пач. 1930-х г. 19,2 тыс. ж. (1996). Марская і рачная прыстань, за 110 км ад Баранцава м. Прам. прадпрыемствы. акц. т-ва «Пячорскі лес», рыба- і мясакамбінаты, масларобны з-д. Краязнаўчы музей.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)