ЛАБІ́ЗМ (ад англ. lobby кулуары),
спецыфічны спосаб (механізм) уздзеяння прыватных і грамадскіх арг-цый — паліт. партый, прафсаюзаў, карпарацый, прадпрымальніцкіх саюзаў і г. д. (т. зв. груп ціску) на працэс прыняцця рашэнняў парламентам. Выкарыстоўваецца пры вырашэнні пытанняў аб бюджэтных асігнаваннях, фін. датацыях, прызначэнні на кіруючыя пасады ў парламенцкіх к-тах і інш. Упершыню ўзнік у ЗША, дзе лабісцкая дзейнасць з 1946 рэгулюецца федэральным заканадаўствам.
т. 9, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБІРЫ́НТ (ад грэч. labyrinthos) у садова-паркавым мастацтве, квадратны або круглы ў плане ўчастак парку з мудрагелістым размяшчэннем дарожак, аформленых шпалерамі ці баскетамі. Звычайна ў цэнтры меў пляцоўку з фантанам. Пашыраны ў рэгулярных парках Еўропы стыляў рэнесансу і барока. На Беларусі вядомы ў 17—18 ст. (паркі «Альба» пад г. Нясвіж, у гарадах Карэлічы і Крычаў, Бачэйкаўскі парк і інш.).
т. 9, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДА́КХ,
горны хрыбет на Пн ад Вял. Гімалаяў, у басейне р. Інд, у Індыі і Кітаі. Даўж. больш за 600 км. Выш. да 7728 м (г. Гурла-Мандхата). Складзены пераважна з гнейсаў і гранітаў. На выш. 5500—5700 м паверхні выраўноўвання, над якімі ўзвышаюцца зубчастыя грабяні са снежнікамі і ледавікамі. На паўд.-зах. схілах хмызняк, на паўн.-ўсх. ландшафты халодных пустынь.
т. 9, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́ТАР (ад лац. locare змяшчаць),
лакацыйная станцыя, прылада (станцыя) для вызначэння месцазнаходжання і інш. характарыстык аб’екта (лакацыі) з дапамогай адбітых або выпрамененых ім гукавых ці эл.-магн. хваль. Ваен. Л. таксама вызначаюць параметры руху цэлей, распазнаюць, суправаджаюць, наводзяць ракеты і інш. лятальныя апараты. Бываюць радыёлакатары (гл. Радыёлакацыйная станцыя), Л. гукавыя, у т. л. гідралакатары, і аптычныя, у т. л. лазерныя.
т. 9, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМА́МІ (Lomami),
рака ў Цэнтр. Афрыцы, у Дэмакр. Рэспубліцы Конга, левы прыток р. Конга. Даўж. каля 1500 км, пл. басейна 110 тыс. км². Пачынаецца на плато Катанга, цячэ на Пн у глыбокай даліне, парожыстая. Сярэдні расход вады каля 1700 м³/с. Пад’ём узроўню вады ў сезон дажджоў з вер. да красавіка. Суднаходная на 330 км ад вусця. У вусці — г. Ісангі.
т. 9, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́СТАВІЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Ластавец,
у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярозаўка, за 4 км на ПдУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,2 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 200 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 7,25 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м, у верхняй ч. разараныя, на Пн пад хмызняком. На Пн выцякае ручай у возера без назвы.
т. 9, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВІРА́Т (ад лац. levir дзевер),
шлюбны звычай, паводле якога ўдава была абавязана або мела права выйсці замуж за брата свайго памерлага мужа. Быў пашыраны ў многіх народаў у эпоху радавога ладу як перажытак групавога шлюбу. У перыяд распаду радавога ладу і ў класавым грамадстве доўгі час захоўваўся ў некаторых народаў Каўказа, Сярэдняй Азіі, у яўрэяў і інш. Захаванню Л. садзейнічаў звычай калыму.
т. 9, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЗГІ́НКА,
народны танец лезгін. Муз. памер 6/8, ёсць варыянты на 2/4. Тэмп хуткі. Мелодыя дакладная, дынамічная. У аснове сюжэта Л. — танец-спаборніцтва, што дэманструе спрыт, віртуознасць, нястомнасць танцораў. Выконваецца як сольны мужчынскі танец і ў пары з жанчынай. У многіх народнасцей Каўказа існуюць разнавіднасці Л., якія атрымалі найменне ад назвы народнасці, мясцовасці ці мелодыі суправаджэння. На Беларусі вядомы падобны танец «Лязінка».
т. 9, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНДЛАРДЫ́ЗМ (англ. landlordism ад landlord гаспадар зямлі),
сістэма буйнога землеўладання ў Вялікабрытаніі, пры якой уладальнікі зямлі здаюць яе ўчасткі ў арэнду прадпрымальнікам для вядзення сельскай гаспадаркі, пад прамысл. забудову, шахты і інш. і атрымліваюць частку іх прыбытку ў выглядзе зямельнай рэнты. Аснова Л. — манаполія арыстакратаў на зямлю, якая склалася ў Вялікабрытаніі ў 14 — пач. 19 ст., у т. л. ў выніку агароджванняў.
т. 9, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.
На тэрыторыі Рэспублікі Саха (Якуція) і часткова Краснаярскага краю Расіі. Пл. 600 тыс. км². Агульныя рэсурсы вугалю да глыб. 1800 м — 1647 млрд. т. Вугляносныя адклады юры і ніжняга мелу маюць некалькі дзесяткаў вугальных пластоў. Вуглі бурыя і каменныя, у асн. маркі Д і Г. Цеплыня згарання ад 14,5 да 24,2 МДж/кг. Цэнтры здабычы — г.п. Сангар, Кангаласы.
т. 9, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)