1) прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца для мацавання на ім пустацелых вырабаў ці інструментаў пры апрацоўцы на металарэзных станках; від аснасткі тэхналагічнай. Бывае суцэльная — у выглядзе метал. стрыжня канічнай, цыліндрычнай ці камбінаванай формы, і распускальная — у выглядзе пустацелага цыліндра з конусным стрыжнем унутры. Апраўка надае інструменту, дэталям і загатоўкам неабходнае становішча, папярэджвае магчымае працісканне сценак вырабаў, памяншэнне дыяметра адтулін і інш. 2) Інструмент (цыліндрычны стрыжань), які ўстаўляецца ў поласць вырабаў пры коўцы, раскачванні кальцавых паковак, пракатцы трубаў з патанчэннем сценак, выпраўленні змятых трубаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАША́ЛЬНАЕ ЗЕМЛЯРО́БСТВА,
вырошчванне с.-г. культур ва ўмовах штучнага арашэння; адзін з відаў інтэнсіўнага земляробства. Пашырана ў засушлівых зонах. Шырока выкарыстоўваецца таксама ў зоне дастатковага ўвільгатнення, дзе ёсць дэфіцыт вільгаці з-за нераўнамернага выпадання атм. ападкаў у асобныя перыяды вегетацыі. Пры арашальным земляробстве прадукцыйнасць зямлі ў 1,5—3 разы вышэйшая, ураджаі найб. стабільныя. У арашальным земляробстве выкарыстоўваюць метады паверхневага арашэння (паліванне па барознах), дажджавання, падглебавага ўвільгатнення, кропельнага і імпульснага арашэння (у асн.для агароднінных культур). Ва ўмовах Беларусі выкарыстоўваюць пераважна пры вырошчванні агароднінных культур, а таксама на культурнай пашы і сенажацях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ КРАІ́Н—ЭКСПАРЦЁРАЎ НА́ФТЫ (Organization of Petroleum Exporting countries; ОПЭК). Засн. ў 1960. Члены — 13 краін: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Алжыр, Венесуэла, Габон, Інданезія, Ірак, Іран, Катар, Кувейт, Лівія, Нігерыя, Саудаўская Аравія, Эквадор. Мэты: каардынацыя і уніфікацыя нафтавай палітыкі краін-удзельніц; забеспячэнне стабільнасці цэн на міжнар. нафтавых рынках для атрымання ўстойлівых даходаў краін — чл. АПЭК, эфектыўных і рэгулярных паставак нафты краінам-спажыўцам. Кантралюе каля 85% сусв. аб’ёму гандлю нафтай, устанаўлівае афіц. цану на сырую нафту, што ў многім вызначае Сусв. ўзровень цэнаў на нафту. Штаб-кватэра ў Вене.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ,
стварэнне аптымальнай сістэмы працоўнай дзейнасці людзей. Сутнасць арганізацыі працы ў межах асобнага прац. калектыву — у рацыянальным выкарыстанні рабочай сілы. Уключае: падбор і прафес. падрыхтоўку кадраў; аптымальную расстаноўку работнікаў у адпаведнасці з падзелам і кааперацыяй працы і вытв. задачамі; арганізацыю рабочых месцаў; нарміраванне, дысцыпліну і стымуляванне працы. Для эфектыўнага выкарыстання рабочай сілы ў вытв. працэсе ўводзіцца навуковая арганізацыя працы. Грамадская арганізацыя працы звязана з многімі фактарамі ў краіне: умовамі занятасці насельніцтва, падзелам і кааперацыяй працы, размеркаваннем яе вынікаў паміж членамі грамадства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́ЎСКІ (Яўстафій Філарэтавіч) (26.4.1863, в. Славенск Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 15.12.1913),
гісторык, краязнавец і педагог. Скончыў Пецярбургскі гісторыка-філал.ін-т (1885), выкладаў гісторыю ў Гродзенскай гімназіі. Аўтар прац па гісторыі нас. пунктаў Гродзеншчыны, нар. адукацыі, правасл. царквы. Вывучаў ролю беларусаў у гісторыі ВКЛ. У дакладзе на 9-м археал. з’ездзе (Вільня, 1893) даказаў тоеснасць летапіснага Городенъ і сучаснага Гродна. Рабіў захады дляархеал. даследавання на Замкавай гары. У кн. «Гродзенская даўніна» (ч. 1, 1910) даследаваў гісторыю Гродна ад часоў заснавання да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́ЙСКАЯ РА́СА,
тэрмін у заходнееўрапейскай антрапалогіі і расазнаўстве, уведзены ў 19 стагоддзі. Абгрунтоўваў перавагу белай расы, у т. л. існаванне «вышэйшага» расавага тыпу — бялявых арыйцаў, заснавальнікаў вялікай цывілізацыі. Памылковасць тэрміна вынікала з блытаніны паняццяў моўнай і расавай класіфікацыі. У мовазнаўстве арыйскімі называюць індаіранскія мовы, але іх носьбіты не маюць агульных фізічных уласцівасцяў і не ўтвараюць адзінай расы. Тэорыя расавай перавагі, неабходнасці захавання чысціні крыві і пануючага становішча нямецкай нацыі стала асновай ідэалогіі германскіх фашыстаў, выкарыстоўвалася імі для абгрунтавання палітыкі захопу і заняволення іншых народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РЫШТ (нямецкае Arrest ад лацінскага arrestum судовая пастанова),
1) у крымінальным працэсе мера стрымання; часовае пазбаўленне волі, узяцце пад варту абвінавачанага (падсуднага) паводле санкцыі пракурора або рашэння суда.
2) Арышт дысцыплінарны — мера дысцыплінарнага спагнання, якая ўжываецца да ваеннаслужачых і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў за наўмыснае парушэнне службовай дысцыпліны і інш. 3) Арышт адміністрацыйны — мера адміністрацыйнага спагнання, якое назначае раённы суд або суддзя за асобныя віды адміністрацыйных правапарушэнняў.
4) Арышт маёмасці — забарона распараджацца маёмасцю; прымусовая мера, якую выкарыстоўваюць органы следства і суда для забеспячэння цывільнага іску або канфіскацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭНБУ́РГСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́САЎ,
грамадская культурна-асветная арганізацыя беларускіх бежанцаў 1-й сусветнай вайны ў 1918. Аб’ядноўваў беларусаў Арэнбурга і ваколіц. Старшыня камітэта гуртка Б.І.Лагутка, таварыш старшыні У.Путчэўскі, сакратар В.Кот. Гурток меў на мэце аб’яднаць беларускія культурныя сілы для пашырэння сярод беларусаў друкаванага роднага слова, праўдзівых ведаў па яе гісторыі і этнаграфіі. Пры ім была бібліятэка-чытальня, праводзіліся лекцыі, канцэрты, спектаклі. Выступаў за палітычнае і культурна-нацыянальнае самавызначэнне Беларусі, падтрымліваў Беларускую раду ў Мінску. Летам 1918 наладзіў сувязь з Беларускім нацыянальным камісарыятам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТЛЕНАСЦЬ,
1) фізічная велічыня, роўная адносінам светлавога патоку да элемента плошчы паверхні, на якую ён падае. Вызначаецца формулай
, дзе dΦ — светлавы паток, dS — элемент плошчы. Для засяроджанай (кропкавай) крыніцы святла
, дзе I — сіла святла, α — вугал падзення святла, r — адлегласць ад крыніцы святла да паверхні, якая асвятляецца. Адзінка асветленасці ў СІ — люкс.
2) Асветленасць энергетычная — фіз. велічыня, роўная адносінам патоку выпрамянення да элемента плошчы паверхні, на якую ён падае. Адзінка асветленасці энергетычнай у СІ — ват на квадратны метр (Вт/м²).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІНТО́РФ,
рабочы пасёлак у Беларусі, у Дубровенскім р-не Віцебскай вобласці. За 16 км ад г. Дуброўна, 7 км ад чыг. ст. Асінаўка на лініі Орша—Смаленск. 1,7 тыс.ж. (1995). Прадпрыемствы па здабычы торфу. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
Узнік у 1927 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства па нарыхтоўцы паліва для БелДРЭС. З 27.9.1938 рабочы пасёлак. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі; дзейнічала Асінторфскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1946 у Арэхаўскім, з 1956 у Аршанскім, з 1965 у Дубровенскім р-нах.