«КО́РВІН»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 80 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Бянкоўскія, Дмахоўскія, Каханоўскія, Крукоўскія, Урублеўскія. Мае ў чырв. полі выяву крумкача, які сядзіць на бервяне з адсечанымі 4 сукамі і трымае ў дзюбе пярсцёнак. Клейнод — на прылбіцы з каронай тры страусавыя пёры. Герб «К.» адгалінаваўся ў пач. 16 ст. ад герба «Слепаўрон».

Герб «Корвін».

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СІ,

рака ў Непале і Індыі, вярхоўі ў Кітаі, левы прыток р. Ганг. Даўж. 730 км, пл. бас. 86,9 тыс. км². Вытокі ў Вял. Гімалаях, ніжняе цячэнне — на Інда-Гангскай раўніне. Летнія паводкі ад раставання снягоў і ледавікоў у гарах і мусонных дажджоў. Сярэдні гадавы расход вады 1770 м³/с. Гідравузлы (у інд. штаце Біхар і ў Непале). У ніжнім цячэнні суднаходная.

т. 8, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЙСТЧЭРЧ (Christchurch),

горад у Новай Зеландыі, на Паўднёвым в-ве, паблізу ад узбярэжжа Ціхага ак. Засн. ў 1850. 314 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт К. — Літэлтан. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: трансп. машынабудаванне, хім., шарсцяная, харч., у т. л. мясахоладабойная, плодакансервавая. Цэнтр буйнога с.-г. раёна. Ун-т. Геафіз. і астр. абсерваторыі. Штогод у К. адбываецца с.-г. кірмаш.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАЛІНЕ́ЙНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,

каардынаты пункта ў плоскай вобласці, на паверхні ці ў прасторы, адрозныя ад прамалінейных (дэкартавых) каардынат. Сувязь з дэкартавымі каардынатамі ажыццяўляецца праз каэфіцыенты Ламе. К.к. выкарыстоўваюцца ў выліч. задачах матэматыкі і фізікі, дзе яны з’яўляюцца ў пэўным сэнсе натуральнымі каардынатамі пунктаў (напр., сферычная сістэма каардынат у шаравых абласцях, цыліндрычная сістэма каардынат і палярная сістэма каардынат у кругавых).

А.​А.​Гусак.

т. 8, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫТЫ́ЧНЫЯ ПУ́НКТЫ МЕТА́ЛАЎ,

значэнні тэмпературы, пры якіх у металах і іх сплавах адбываюцца змены агрэгатнага стану, паліморфныя (гл. Полімарфізм), магн. і інш. пераўтварэнні, што істотна змяняюць іх уласцівасці. Становішча К.п.м. на дыяграме стану залежыць ад хім. саставу сплаваў, скорасці нагрэву і ахалоджвання і інш. Важныя ў тэрмічнай апрацоўцы металаў, асабліва жал. сплаваў. Адкрыты Дз.К.Чарновым у 1868, што дало пачатак развіццю металазнаўства.

т. 8, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭАЗО́Т (ад грэч. kreas мяса + sozo выратоўваю, захоўваю),

смалістая вадкасць з едкім пахам, якую атрымліваюць сухой перагонкай драўніны (звычайна бука) або вылучаюць з фракцый разгонкі кам.-вуг. смалы. Складаецца з фенолаў і іх эфіраў, а таксама нафталіну і антрацэну. Выкарыстоўваецца для прапіткі драўніны (каб прадухіліць гніенне), як флотарэагент (пры абагачэнні руд), дэзінфектант (пры дэзінфекцыі); ачышчаны драўняны К. — як антысептык у медыцыне.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫ́ТНАЯ БЛАКА́ДА,

адзін з відаў эканам. блакады краіны або групы краін з боку інш. краін або міжнар. фінансава-крэдытных арг-цый, які заключаецца ў адмове ад прадастаўлення крэдытаў. Выкарыстоўваецца з мэтай перашкодзіць яе эканам. развіццю і прымусіць выконваць пэўныя патрабаванні (абавязацельствы), у т. л. і палітычныя. К.б. можа ўжывацца і ў адносінах да асобных прадпрыемстваў або іх груп унутры краіны.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАГА́,

плады абрыкоса, высушаныя на сонцы ў выглядзе палавінак без костачак. Часам плады спачатку акурваюць сярністым ангідрыдам. Мае ў сабе вільгаці да 22%, цукру 50—60%, арган. кіслот 1,4—3,4%, вітаміну C — каля 7 мг%, караціну — каля 6,3 мг%. Колер — ад светла-жоўтага да цёмна-аранжавага. Выкарыстоўваецца непасрэдна ў ежу, у кампотнай сумесі з сушаных фруктаў і ў кандытарскіх вырабах.

т. 9, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РШСКІ ЗАЛІЎ,

лагуна каля паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Балтыйскага м., у Літве і Калінінградскай вобл. Расіі. Аддзелены ад мора Куршскай касой, злучаецца з ім Клайпедскім пралівам (шыр. 390 м). Пл. 1610 км². Даўж. 93 км, сярэдняя шыр. 17,3 км. Глыб. да 7 м. Упадае р. Нёман (Нямунас). Зімой замярзае (ледастаў каля 80 сут). Рыбалоўства. На беразе К.з. — гарады Клайпеда і Нерынга (Літва).

т. 9, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЫ́ЛЬСКІЯ ПРАЛІ́ВЫ,

26 праліваў паміж асобнымі Курыльскімі астравамі. З’яўляюцца затопленымі седлавінамі паміж вулканічнымі конусамі, злучаюць Ахоцкае м. з Ціхім акіянам. Шыр. ад 1,8 км (Другі Курыльскі праліў) да 55 км (праліў Крузенштэрна). Пераважаюць глыб. да 500 м (у пралівах Крузенштэрна і Бусоль дасягаюць 1764 м і 1468 м адпаведна). У К.п. назіраюцца моцныя прыліўныя цячэнні са скорасцю 2—12 км/гадз.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)