КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ СУД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

судовы орган канстытуцыйнага нагляду ў дзяржаве. Утвораны ў 1994. Кампетэнцыя і парадак яго дзейнасці замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 і Законам «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь» ад 30.3.1994. Фарміруецца з 12 суддзяў, 6 з якіх назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, 6 выбірае Савет Рэспублікі. Старшыню Канстытуцыйнага суда назначае Прэзідэнт са згоды Савета Рэспублікі. Тэрмін дзейнасці членаў суда — 11 гадоў.

Канстытуцыйны суд па прапановах Прэзідэнта, парламента, Вярх. суда, Вышэйшага гасп. суда, урада Рэспублікі Беларусь дае заключэнні: пра адпаведнасць законаў, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта, міжнар. дагавораў і інш. абавязацельстваў дзяржавы Канстытуцыі і міжнар.-прававым актам; пра адпаведнасць актаў міждзярж. утварэнняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта, выдадзеных у мэтах выканання закона, Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам і нац. заканадаўству; пра адпаведнасць пастаноў урада, актаў Вярх. і Вышэйшага гасп. судоў, Ген. пракурора, любога інш. дзярж. органа Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам і нац. заканадаўству. Нарматыўныя акты або іх асобныя палажэнні, прызнаныя неканстытуцыйнымі, страчваюць юрыд. сілу. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, Канстытуцыйны суд па прапанове Прэзідэнта дае заключэнне аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі палатамі парламента.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 597

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТЫЯ́НСТВА,

філасофская плынь, якая зыходзіць з вучэння І.Канта і развівае яго ідэі. Узнікла ў 1780—90-я г. ў ходзе абмеркавання і палемікі вакол «крытычнай» сістэмы Канта. Гал. прадстаўнікі ранняга перыяду К.: І.​Шульцэ, Х.​Шміт, Г.​Мелін (Германія), Ш.​Віле (Францыя), М.​Кінкер (Галандыя) і інш. Яны папулярызавалі погляды Канта і абаранялі іх ад абвінавачванняў у паліт. радыкалізме і і рэлігійнасці, спалучалі яго тэарэт. канцэпцыі з элементамі тагачасных і рэліг. уяўленняў. Больш грунтоўную перапрацоўку сістэмы Канта здзейснілі К.​Л.​Рэйнгальд («Пісьмы аб кантаўскай філасофіі», 1786—87), С.​Бек і інш., якія развівалі яго вучэнне ў кірунку больш паслядоўнага суб’ектыўнага ідэалізму. У пач. 19 ст. ў К. былі ўнесены элементы «папулярнай філасофіі» 18 ст., філасофіі веры Ф.​Г.​Якобі, філасофіі рэлігіі Ф.​Шлеермахера, а таксама эмпірычнай псіхалогіі. Розныя аспекты вучэння Канта аб маралі распрацоўваў Ф.​Шылер, хоць ён выступаў супраць кантаўскай этыкі абавязку. І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінг і інш. звязвалі філас. сістэму Канта са сваёй ідэалістычнай метафізікай. К. атрымала пашырэнне ў гісторыі філасофіі, праве, пратэстанцкай тэалогіі, гісторыі рэлігіі і інш. навуках. У апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. ў Францыі, Германіі, Расіі і інш. краінах узнікла неакантыянства.

В.​В.​Краснова.

т. 8, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАН’ЮГА́ЦЫЯ (ад лац. conjugatio злучэнне),

1) у водарасцей і ніжэйшых грыбоў — палавы працэс, пры якім зліваецца змесціва 2 знешне падобных бязжгуцікавых клетак. Адбываецца толькі ў ч. відаў водарасцей — дыятомавых і некат. кан’югатаў.

2) У інфузорый — палавы працэс, пры якім часова злучаюцца 2 асобіны (бакамі, дзе знаходзяцца ротавыя адтуліны) для абмену часткамі іх ядзернага апарата і невял. колькасці цытаплазмы. Пры зліцці вегетатыўнае ядро (макрануклеус) разбураецца, а палавое ядро (мікрануклеус) двойчы дзеліцца шляхам меёзу. Потым 3 ядры разбураюцца, а адно дзеліцца зноў і кожная з яго палавінак абменьваецца на палавінку ядра партнёра. Абмененыя ядры зліваюцца з тымі, якія засталіся ў клетках, і інфузорыі разыходзяцца. З атрыманага ядра зноў утвараецца макрануклеус і мікрануклеус. З’яўляецца прыкладам палавога працэсу без расплоджвання. 3)У бактэрый — адзін са спосабаў абмену генет. інфармацыяй. Трапляецца ў энтэрабактэрый, псеўдаманад і інш. Адбываецца аднанакіраваны перанос генаў донарскай храмасомы («мужчынскай» клеткі) да рэцыпіента («жаночай» клеткі) з рэкамбінацыяй генаў. Спадчынныя ўласцівасці рэцыпіента змяняюцца ў адпаведнасці з колькасцю генет. інфармацыі, якая знаходзіцца ў перададзеным кавалку ДНК. У пракарыётаў К. забяспечвае павышэнне спадчыннай зменлівасці.

4) У храмасом К. — часовае збліжэнне парамі гамалагічных храмасом, у час якога магчымы абмен іх гамалагічнымі ўчасткамі. Пасля К. храмасомы разыходзяцца.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́Ч (Iris),

род кветкавых раслін сям. касачовых. Каля 250 відаў і 30 тыс. сартоў, якія ўзніклі ў выніку скрыжавання шэрагу відаў, аб’яднаных пад назвай К. гібрыднага садовага (I. hybrida hort). Пашыраны ва ўмераных паясах Паўн. паўшар’я. Трапляюцца ў стэпах, утвараюць касачовыя стэпы. На Беларусі 3 дзікарослыя віды К.: бязлісты (I. aphylla); сібірскі (I. sibirica, нар. назвы дзікія агуркі, калацец), абодва занесены ў Чырв. кнігу; жоўты (I. pseudacorus, нар. назвы косіца, кошыц, касарыкі, вужачкі). Трапляюцца па хмызняках у рачной пойме, на заліўных лугах, ускрайках балот. Сарты К. гібрыднага садовага: Крысмес Тайм (белы), Блю Сапфаер (блакітны), Уан Дэзайр (ружовы), Віта Файр (чырв.), Лаймлайт (жоўты), Аметыст Флейм (бэзавы), Вебеш (двухколерны) і інш.

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны з адзіночнымі або некалькімі сцёбламі-кветаносамі выш. 30—150 см. Лісце лінейна- ці ланцэтна-мечападобнае, часта па 5—10 (12) лістоў у веерападобным прыкаранёвым пучку. Кветкі буйныя, правільныя, з доўгай трубкай і 6-раздзельным вяночкападобным яркаафарбаваным адгінам. Для К. характэрна пратэрандрыя. Плод — 3-гранная каробачка. Фарбавальная і лек. расліна. З карэнішчаў некат. К. атрымліваюць духмянае рэчыва ірон для парфумерыі. Адзін з найб. папулярных дэкар. мнагалетнікаў, вядомы ў культуры з пач. 17 ст.

Касачы.

т. 8, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЬЦКІЯ МО́ВЫ,

група моў, якія адносяцца да індаеўрапейскай сям’і моў (гл. Індаеўрапейскія мовы). У 1-м тыс. да н.э. былі пашыраны ў Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Іспаніі, Паўн. Італіі. Пазней зона іх распаўсюджання значна скарацілася. Паводле геагр. прыкметы падзяляюць на кантынент. і астраўныя. Іх вылучаюць у 3 падгрупы: гальскую (гальская, кельтыберская, лепантыйская), гайдэльскую (ірл., гэльская, мэнская) і брыцкую (валійская, корнская, брэтонская). Мэнская, корнская, кельтыберская, лепантыйская і гальская — мёртвыя мовы; ірландская мова — дзярж. мова Ірландыі (разам з англ.); валійская ўжываецца ў перыёдыцы і на радыё, выкладаецца ў школах (разам з англ.); брэтонская і гэльская мовы — сукупнасць рэгіянальных дыялектаў без устойлівай пісьмовай літ. нормы і ўжываюцца ў вуснай форме. Некат. асаблівасцямі К.м. збліжаюцца з італійскімі мовамі.

Стараж. К.м. былі флектыўнымі, для сучасных характэрны аналіт. тып марфалогіі. У фанетыцы розныя камбінаторныя змяненні гукаў (галосных і зычных), інкарпарацыя, спрашчэнне канцавых складоў, сілавы націск, спецыфічнае ўжыванне аддзеяслоўных назоўнікаў, цвёрды парадак слоў. Першыя пісьмовыя помнікі кантынент. К.м. датуюцца прыблізна 5—1 ст. да н.э. (надпісы на камянях, графіці на вазах, этрускае пісьмо і інш.), астраўных — 4—11 ст. (агамічныя надпісы, глосы і інш.). Вывучае К.м. кельталогія.

Літ.:

Льюис Г., Педерсен Х. Краткая сравнительная грамматика кельтских языков: Пер. с англ. М., 1954.

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТА́БЫ (араб.),

кнігі, напісаныя на бел. мове арабскім пісьмом. Ствараліся з 16 ст. татарамі, што пасяліліся на Беларусі ў 14 ст. Змест К. — усх. легенды, казкі, прыгодніцкія аповесці, апісанні мусульм. рытуалаў, т. зв. Мерадж (паэма пра ўзнясенне Магамета на неба), варажба па літарах Карана, маральна-этычныя павучанні для моладзі, разгадванне сноў і інш. Акрамя К. існуюць тэфсіры (Каран з падрадковым каментарыем па-беларуску ці па-польску), тэджвіджы (правілы чытання Карана), хамаілы (малітоўнік). Напісаны і чытаюцца К. справа налева, радок суцэльны, без знакаў прыпынку і без падзелу на словы, кожны наступны радок роўны з папярэднім да адной літары. Новы твор пачынаецца словамі «баб» (раздзел) ці «хікайет» (аповесць). Мова К. блізкая да нар. бел. мовы (у тэкстах сустракаюцца словы, фразеалагізмы, сінтаксічныя канструкцыі, якія ўжываліся ў бел. мове 17—19 ст. і захаваліся да нашага часу). Вывучэнне К. пачалося ў сярэдзіне 19 ст. Найб. грунтоўна даследаваў А.К.Антановіч, а таксама І.​І.​Луцкевіч, Я.​Станкевіч. Вядомы польскія тэксты (творы, урыўкі), напісаныя араб. пісьмом.

Літ.:

Антонович АК. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. Вильнюс, 1968.

В.​І.​Несцяровіч.

Старонка з кітаба пач 19 ст.

т. 8, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯ́ЖЫЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў в. Княжыцы Магілёўскага р-на. Касцёл узведзены ў 1681 як уніяцкая царква, у 1863 зачынены, у 1872 перароблены пад правасл. царкву. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма складаецца з прамавугольнага ў плане нефа з невял. трансептам у цэнтры і квадратнай апсіды з бакавымі нізкімі сакрысціямі. Гал. фасад расчлянёны магутнымі крапаванымі карнізамі, раскрапаваны пучкамі пілястраў і лучковымі нішамі, па баках яго — сцены-прапілеі, якія ўтвараюць парадны дворык-курданёр. Трохчасткавая з вертыкальна выцягнутымі прапорцыямі кампазіцыя гал. фасада завершана чацверыковымі вежамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Уваходны партал вылучаны нізкім рызалітам з трохвугольным завяршэннем і насычанай арх. пластыкай. Асаблівасць інтэр’ера — адсутнасць прамых вуглоў пры спалучэнні арх. плоскасцей. Фрагменты алтара сведчаць пра яго вырашэнне ў выглядзе каланад са стылізаванымі карынфскімі капітэлямі і выгнутымі антаблементамі. Кляштар існаваў у 1670—1832. Засн. надворным харунжым ВКЛ Канстанцінам Пацам, які перадаў ім 18 тыс. злотых і фальварак з с. Балочычы. У 18 ст. кляштару ахвяравалі сродкі Крыштоф Пац (15 тыс. злотых, 1724), Антон Міхал Пац (2 тыс. злотых, 1750), Андрэй і Соф’я Крукоўскія (2 тыс. злотых, 1739). Апошні драўляны корпус кляштара пабудаваны ў 1801 (мураваны быў толькі флігель).

А.​М.​Кулагін, А.​А.​Ярашэвіч.

Княжыцкі касцёл дамініканцаў.

т. 8, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МІКС (англ. comics ад comic камічны, смешны),

серыя паслядоўна размешчаных малюнкаў з уключанымі ў іх невял. тэкстамі, якая стварае закончанае апавяданне; адзін з пашыраных жанраў масавай культуры. Дыялогі звычайна кампануюцца ў спецыфічныя для К. «аблокі», якія цягнуцца з рота персанажаў, зрэдку пішуцца пад малюнкам.

Вытокі К. ў гравіраваных ілюстрацыях 15 ст. Як спецыфічная галіна графікі вядомы з сярэдзіны 19 ст. ў работах некаторых еўрап. мастакоў. Канчаткова сфарміраваўся ў канцы 19 ст. ў ЗША, дзе ў гумарыстычных часопісах, ілюстраванай л-ры і прэсе пачалі ствараць «палосы» К. Паступова з’явіліся і самаст. брашуры-К. З пач. 1930-х г. у К. актыўна выкарыстоўваюцца тэмы і прыёмы кінематаграфіі (буйны план, контражур і інш). У 2-й пал. 1960-х г. пад уплывам хіпі пашырыліся вострасатыр. паліт. К.

Сучасныя К. паводле тэматыкі падзяляюцца на гумарыстычныя, казачныя, фантаст., міфалагічныя, К. «жахаў», «вестэрны» і інш. Часта К. ў спрошчаным выглядзе перадаюць змест літ. твораў, фільмаў, выдумляюць новыя прыгоды для іх персанажаў. На аснове некаторых папулярных К. (напр., «Бэтмэн») ствараюцца кінафільмы. На Беларусі ў выглядзе К. нярэдка афармляюцца кароткія апавяданні і сатыр. гісторыі ў часопісах, кнігах для дзяцей.

С.​У.​Пешын.

т. 8, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЙНА (славен. Kranjska, ням. Krain, лац. Carniola),

гістарычная вобл. у зах. ч. Балканскага п-ва (ядро — землі ў басейне р. Сава). Падзяляецца на Верхнюю, Ніжнюю і Унутраную. У старажытнасці была населена плямёнамі кельтаў і ілірыйцаў, з канца 1 ст. да н.э. частка рым. правінцыі Панонія. У 4—6 ст. н.э. тут сапернічалі паміж сабой остготы, вестготы, гуны, лангабарды. У 6—7 ст. заселена альпійскімі славянамі (славенцамі), пазней заваявана баварамі, якія ў 970 стварылі тут маркграфства Карнія. У 2-й пал. 10 — пач. 11 ст. Верхняя К. ўваходзіла ў герцагства Вял. Карантанія, Ніжняя — у Славенскае маркграфства. Пазней пад уладай патрыярха Аквілеі, графаў Ціроля, аўстр. правіцеляў Бабенбергаў, у 1269—76 чэш. караля Пржэмысла II, з 1335 Габсбургаў (з 1364 К. — герцагства, потым адна з каронных зямель Габсбургаў). У 1763—1848 па чарзе ўваходзіла ў Грацкую і Люблянскую губ., у 1809—13 — франц. Ілірыйскія правінцыі. У 19 ст. цэнтр славенскага нац. руху. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (1918) большая ч. К. паводле Рапальскага дагавора 1920 увайшла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія), меншая (Унутраная) — Італіі. Пасля 2-й сусв. вайны паводле Парыжскага мірнага дагавора 1947 з Італіяй уся тэр. К. ўз’яднана ў складзе Славеніі.

т. 8, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯВЫ́ САКРАТАРЫЯ́Т ЦК КПЗБ,

цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1924—37 (у 2-й пал. 1920-х г. называўся Краявое бюро ЦК КПЗБ). Працаваў у падполлі. Фактычна быў часткай Цэнтральнага Камітэта КПЗБ з 3—4 яго членаў, якія пастаянна знаходзіліся на нелегальнай рабоце ў Вільні, з канца 1920-х г. — у Варшаве. У склад сакратарыята зрэдку ўваходзілі кандыдаты ў чл. ЦК КПЗБ. Працаваў пад кіраўніцтвам Бюро ЦК КПЗБ, агульнае паліт. кіраўніцтва яго дзейнасцю ажыццяўляў Краявы сакратарыят ЦК КПП (знаходзіўся ў Варшаве). Кіраваў Цэнтр. краявой рэдакцыяй, Цэнтр. тэхнікай (падп. друкарні, распаўсюджванне л-ры), акр. к-тамі КПЗБ, ЦК КСМЗБ, ЦК МОПР Зах. Беларусі, некаторымі цэнтрамі бел. нац.-вызв. руху і іх легальнымі выданнямі, вёў парт. касу; падтрымліваў канспіратыўную сувязь з Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску. У розны час К.с. ЦК КПЗБ узначальвалі члены Бюро ЦК А.А.Альшэўскі, Л.Н.Аранштам, М.С.Арэхва, І.К.Лагіновіч (П.​Корчык), С.​Т.​Мілер, Л.М.Янкоўская; у яго склад уваходзілі члены Бюро і канд. ў чл. ЦК КПЗБ Я.​С.​Бабровіч, Р.​Д.​Вольф, М.І.Гурын-Маразоўскі, Г.М.Дуа, А.У.Канчэўскі, С.​М.​Малько, М.Л.Перавалоцкі, Ф.​Б.​Пірышка, А.​Х.​Раф, Л.І.Родзевіч, А.​М.​Розенштайн і інш.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)