КАТЭПСІ́НЫ (ад грэч. kathepsō ператраўляю),

пратэалітычныя ферменты з групы эндапептыдаз. Знаходзяцца ў лізасомах клетак жывёл, ажыццяўляюць унутрыклетачнае ператраўленне бялкоў. Маюць шырокую спецыфічнасць, оптымум актыўнасці — пры слабакіслым значэнні pH. Ёсць амаль ва ўсіх тканках цела, удзельнічаюць у працэсах распаду (катабалізму). Ва ўмовах нармальнай жыццядзейнасці распад бялкоў кампенсуецца іх сінтэзам. Пры гібелі ці пашкоджанні клетак К. выходзяць з лізасом і выклікаюць самаператраўленне тканак (аўтоліз).

т. 8, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНАТА́Ф (ад грэч. kenotaphos пустая магіла),

магіла без пахавання. К. рабілі многія народы свету (Стараж. Грэцыі, Рыма, Егіпта, Сярэдняй Азіі і інш.) у тым выпадку, калі нябожчыка (напр., памерлага на чужыне) нельга было пахаваць. Гэты звычай быў звязаны з уяўленнем, што душы памерлых, якія не маюць магіл, не знаходзяць супакаення. К. трапляюцца пры раскопках стараж. могільнікаў, у т. л. курганаў на тэр. Беларусі.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НІЯ (Kenya),

патухлы вулкан у Кеніі, на У ад Усх.-Афр. рыфтавай сістэмы. Выш. 5199 м (другая па выш. пасля Кіліманджары вяршыня ў Афрыцы). Усечаны конус над лававым плато. Горныя лясы, лугі, на вяршыні — шматгадовыя снягі і ледавікі (каля 15, даўж. да 1,5 км). На выш. 1200—2000 м плантацыі кавы, сізалю, бананаў. Уваходзіць у склад нац. парку Маўнт-Кенія.

т. 8, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁРЭШ (Körös),

рака ў Румыніі і Венгрыі, левы прыток р. Ціса. Даўж. 580 км, пл. бас. 27,5 тыс. км². Пачынаецца ў Зах. Румынскіх гарах (масіў Біхар і хр. Металіч) двума вытокамі — Крышу-Алб і Крышу-Негру. Ад іх зліцця да вусця цячэ па раўніне Альфёльд. Паводкі ў цёплае паўгоддзе. Сярэдні гадавы расход вады каля 100 м³/с. У ніжнім цячэнні каналізаваная, суднаходная.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУ́МБА (ад англ. clump група дрэў, кустоў),

від кветніка, які прыўзняты на 10—15 см над узроўнем глебы (дарожак, газонаў). Часцей сіметрычны ў плане (круг, квадрат, авал). Для стварэння К. выкарыстоўваюць адна-, двух- і шматгадовыя кветкава-дэкар. расліны, газонныя травы. Расліны падбіраюць для забеспячэння бесперапыннага цвіцення на працягу вегетац. перыяду. К. ўпрыгожваюць скульптурамі, дэкар. вазамі, фантанамі, вечназялёнымі кадушачнымі раслінамі.

Клумба.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОКС (ням. Koks ад англ. coke),

цвёрды вугляродзісты астатак, які ўтвараецца пры каксаванні прыродных паліваў (каменнага вугалю, торфу і інш.), а таксама некаторых нафтапрадуктаў (напр., гудронаў). Мае ў сабе 91—99,5% вугляроду. Каменнавугальны К. выкарыстоўваюць як паліва і аднаўляльнік жал. руды ў вытв-сці чыгуну, нафтавы — як матэрыял для вырабу электродаў і каразійнаўстойлівай апаратуры, аднаўляльнік пры атрыманні ферасплаваў і інш.

т. 8, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЕРЫ ПАБЕ́ГЛАСЦІ,

радужная афарбоўка, якая ўзнікае на чыстай паверхні нагрэтай сталі ад паяўлення слоя аксідаў. Для вугляродзістай сталі характэрны колеры (з адпаведнай т-рай у °C): саломенны саламяны* (220), залацісты (230), карычневы (240), чырвона-карычневы (250), пурпуровы (260), фіялетавы (280), сіні (валошкавы, 300), светла-блакітны (320), светла-шэры (330—350). На легіраваных сталях гэтыя колеры з’яўляюцца пры больш высокіх т-рах.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬЦА алгебраічнае,

сукупнасць (непустое мноства) элементаў, для якіх вызначаны аперацыі складання (адымання) і множання са звычайнымі ўласцівасцямі аперацый над лікамі; адно з асн. паняццяў алгебры. Напр., К. ўтвараюць сукупнасці ўсіх цэлых лікаў, лікаў, кратных зададзенаму, камплексных лікаў, паліномаў ад адной ці некалькіх пераменных з рацыянальнымі, сапраўднымі або камплекснымі каэфіцыентамі, вектараў у 3-мернай прасторы (адносна звычайнага складання і вектарнага множання).

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТРЭСКА́РП (франц. contrescarpe ад контр... + escarpe адхон) 1),

процітанкавая загарода ў выглядзе крутога зрэзу на схіле мясцовасці, накіраванага ў бок таго, хто абараняецца. Мае вышыню 3—4 м, разлічаны на перакульванне танкаў пры іх спусканні з вышыні.

2) Бліжэйшы Да праціўніка адхон (з драўніны, цэглы, камення) знешняга крапаснога рова. Выкарыстоўваўся да 19 ст. ў якасці проціштурмавой перашкоды.

Да арт. Контрэскарп.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НЧЫЦКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Пінскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Піна, за 18 км на ПдЗ ад Пінска. Пл. 0,51 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 8,3 м, даўж. берагавой лініі каля 3,1 км. Схілы катлавіны выш. да 2 м, разараныя, на З і У пад хмызняком. Берагі ўчасткамі забалочаныя. Злучана каналам з р. Піна.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)