ГРЫГО́Р’ЕЎ Сяргей Аляксеевіч (5.7.1910, г. Луганск, Украіна — 9.4.1988),

украінскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1974), правадз. чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1928—32), выкладаў у ім (1934—60; праф. з 1947). Творы на тэмы маралі і выхавання моладзі: «Варатар» (1949), «Абмеркаванне двойкі» (1950), «Вярнуўся» (1954), «Цікавая кніга» (1974), «Мірная зямля» (1975), «Сястра і брат» (1985) і інш. Аўтар партрэтаў І.​С.​Конева (1947), П.​Усенка (1959), П.​Панча (1967), М.​Бажана (1976) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950, 1951.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДРА́ЙЦІС (udraitis) Юозас (н. 6.10.1940, г. Ліпінай, Літва),

літоўскі акцёр. Нар. арт. Літвы (1982). Скончыў Вільнюскі ун-т (1977), Вышэйшыя кінарэжысёрскія курсы ў Маскве (1979).

З 1979 у Каўнаскім драм. т-ры. Сярод роляў: Сольнес («Будаўнік Сольнес» Г.​Ібсена), Шарунас («Шарунас» В.​Крэве), Герэя («Калігула» А.​Камю). З 1965 здымаецца ў кіно: «Ніхто не хацеў паміраць», «Шчыт і меч», «Чэрвень, пачатак лета», «Рудабельская рэспубліка», «Гэта салодкае слова — свабода», «Блакада», «Багач, бядняк», «Споведзь яго жонкі» і інш. Створаныя ім характары адметныя натуральнасцю, стрыманасцю, псіхал. глыбінёй.

т. 3, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬ (Boulle, Boule) Андрэ Шарль (11.11.1642, Парыж — 28.2.1732), французскі майстар маст. мэблі. З 1672 прыдворны майстар Людовіка XIV. Распрацаваў свой варыянт тэхнікі інтарсіі, т.зв. маркетры (мазаічны ўзор), шырока выкарыстаўшы эбенавае дрэва, слановую косць, перламутр, чарапахавы панцыр, медзь, бронзу і волава. Мэбля з майстэрні Б. (з ім працавалі яго 4 сыны) эвалюцыяніравала ад класіцызму 17 ст. да ракако; зберагаецца ў Луўры, Версалі, Фантэнбло, Музеі Клюні (Парыж) і інш. Імітацыя работ Буля (пераважна ў 19 ст., т.зв. стыль Буля) сустракаецца ва ўсёй Еўропе.

А.Ш.Буль. Камода. 2-я пал. 17 ст. Версаль.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліп. 1941 — кастр. 1943 у Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл. Група ў г.п. Бялынічы налічвала больш за 20 чал. (кіраўнікі І.​С.​Корзун, Л.​У.​Бабіч), група ў в. Вял. Трылесін — 10 чал. (кіраўнікі І.​А.​Марозаў, У.​В.​Лапухін). Падпольшчыкі прымалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, зрывалі вываз моладзі ў Германію, мелі сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты, разведданыя, прымалі ўдзел у сумесных дыверсіях. У в. Вял. Трылесін у гонар падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́СІ-ЛЕ́БЕДЗІ»,

бел. нар. гульня. Удзельнікі выбіраюць кіраўніка — «гусіную маці» і дзеляцца на 2 групы — «гусей» і «ваўкоў». «Маці» садзіцца на лаўку, «гусі» становяцца на процілеглым баку, «ваўкі» — у цэнтры. «Маці» кліча «гусей»: «Гусі, дадому!». Тыя пытаюцца: «А што дома?». «Маці»: «Піці і есці, але ж ваўкі дзесьці!». «Гусі»: «А што ім рабіць?». «Ваўкі»: «Гусей лавіць». «Маці» камандуе: «Шэры, белы, валахаты, уцякайце ўсе дахаты». «Гусі» бягуць да яе, а «ваўкі» іх ловяць. Гульня працягваецца, пакуль «ваўкі» не пераловяць усіх «гусей», пасля мяняюцца ролямі.

Я.​Р.​Вількін.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ТАРКА ПАЎЛЮКА́»,

ананімны вершаваны твор бел. л-ры 19 ст. Запісана фалькларыстам П.П.Дземідовічам у пач. 1890-х г. у Слуцкім пав. і ўпершыню апубл. ім (пад псеўд. Беларус) у газ. «Виленский вестник» (1898. № 173). У аснове твора маналог селяніна Паўлюка, накіраваны супраць царскіх улад і памешчыкаў, якія спойваюць народ. У «Гутарцы...» моцна адчуваюцца дыдактычныя матывы («хто хоча з богам жыць, няхай пакіне гарэлку піць»). У маналог уключаны ўстаўкі, у якіх тлумачыцца, чаму сяляне цягнуцца да гарэлкі.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДА ВІ́ЛЬНІ Е́ДУЦЬ»,

бел. нар. гульня. Гуляюць 3—8 хлопчыкаў. На пляцоўцы чэрцяць круг дыяметрам 4—7 м, у цэнтры ставяць «Вільню» (завостраная палка). Першы гулец злёгку ўтыкае ў зямлю на рысцы круга калок (даўж. 15—20 см) і б’е па ім шляжкай (палка-бразготка). На колькі калок увойдзе ў зямлю, на столькі гулец перамяшчае яго да «Вільні». Калі ж прамахнецца, шляжка перадаецца іншаму. Гульня працягваецца, пакуль усе калкі не стануць ушчыльную да «Вільні». Прайграе той, хто прыехаў у «Вільню» апошнім.

Я.​Р.​Вількін.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАЎЛЯ́НСКАЯ ЗБРАЁЎНЯ,

калекцыя ваен. зброі і амуніцыі 13—19 ст., сабраная А.​Гюнтэрам (па паходжанні немец) у сваім маёнтку Дабраўляны (цяпер вёска ў Смаргонскім р-не). Экспанаты — шлемы, кірасы, латы, парахаўніцы, бердышы, алебарды, чаканы, стрэлы, баявыя сякеры, лукі, даспехі крыжакоў і інш. — былі размешчаны ў пабудаванай ім капліцы. У калекцыі былі ўзоры ваен. і паляўнічага ўзбраення розных стараж. магнацкіх родаў. На тэр. сядзіб Гюнтэр стварыў таксама музей нар. побыту (старыя хаты, аборы, борці і інш.). Пасля яго смерці (1854) б. ч. экспанатаў трапіла ў Варшаву.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫДЗЕ́НКА Леанід Мікалаевіч (н. 14.8.1941, в. Залатаміно Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне эканам. тэорыі. Д-р эканам. н. (1990), праф. (1991). Скончыў БДУ (1972) і працуе ў ім. Даследуе тэарэт. праблемы аграрна-прамысл. кааперацыі, дзярж. рэгулявання сац.-эканам. адносін, грамадскага падзелу працы ў АПК. Аўтар падручнікаў для ВНУ па асновах эканам. тэорыі, мікра- і макраэканомікі і інш.

Тв.:

Социально-экономическая эффективность аграрно-промышленного кооперирования. Мн., 1977;

Основы экономической теории. Мн., 1991 (у сааўт.);

Государственное регулирование социально-экономических отношений. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКРЫЯЦЫСТЫ́Т (ад грэч. dakryon сляза + цыстыт),

запаленне слёзнага мяшка вока. Бывае хранічны і востры. Прычына Д.: звужэнне ці поўнае закрыццё слёзна-насавога канала, затрымка адтоку слёзнай вадкасці з поласці слёзнага мяшка і развіццё ў ім патагенных мікробаў. Д. у нованароджаных бывае пры закрытым прасвеце слёзна-насавога канала зародкавай перапонкай. Прыкметы: слёзацячэнне і гнойныя выдзяленні ў кан’юнктывальнай поласці; пры націсканні на вобласць слёзнага мяшка са слёзных кропак выдзяляецца слізістая ці гнойная вадкасць. Лячэнне хірургічнае, у нованароджаных — масаж, прамыванне антысептычнымі растворамі пад ціскам ці зандзіраванне металічным зондам слёзна-насавога канала.

Л.​М.​Марчанка.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)