КЕ́МПА БЕ́РАГ (Kemp Coast),

частка ўзбярэжжа Антарктыды на У ад Зямлі Эндэрбі (56° — 59°40′ усх. д.). Абмываецца морам Садружнасці. Б. ч. тэрыторыі знаходзіцца пад мацерыковым лёдам, які ўтварае высокія ледзяныя абрывы. Адкрыты англ. экспедыцыяй у 1833, пазней названы імем П.​Кемпа — капітана судна «Магнет» гэтай экспедыцыі.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕТАСТА́ТЫКА (ад грэч. kinētos які рухаецца + статыка),

раздзел механікі, у якім разглядаюцца спосабы рашэння дынамічных задач з дапамогай аналіт. або графічных метадаў статыкі. У аснову К. пакладзены Д’Аламбера прынцып. Метады К. знаходзяць выкарыстанне пры рашэнні шэрагу дынамічных задач, пераважна ў дынаміцы машын і механізмаў (гл. Кінетастатыка механізмаў).

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯВЕ́Ц,

старажытнаруская ўдарная зброя, разнавіднасць баявой сякеры. Меў вузкае лязо, падобнае да дзюбы (рус. «клюв», адсюль назва) і малаткападобны абух. Выкарыстоўваўся ў 10—17 ст. для паражэння праціўніка, які меў засцерагальнае ўзбраенне. К. і яго разнавіднасць чакан служылі таксама знакамі адрознення военачальнікаў. Іл. гл. да арт. Кісцень.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПО́ЛЬНАЯ ЦАНА́,

від рыначнай цаны, які ўстанаўліваецца пад уплывам панавання манапалістаў на рынку дадзенага тавару, таксама пад уплывам попыту і прапановы. З’яўляецца вынікам згоды паміж манапалістамі і вызначаецца, зыходзячы з разліку атрымання найбольшага прыбытку ад продажу тавараў. Можа ўстанаўлівацца манаполіямі вышэй або ніжэй за кошт тавару.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРМЕЛА́Д (франц. marmelade ад партуг. marmelada ад marmelo айва),

жэлепадобны кандытарскі выраб (цукеркі). Адрозніваюць М. фруктова-ягадны, які атрымліваюць уварваннем фруктова-ягаднага пюрэ з цукрам і патакай (дадаюць харч. к-ты і фарбавальнікі, пахучыя рэчывы), і жэлейны, у састаў якога ўваходзіць таксама агар-агар або пекцін.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЕДЖЭР (англ. manager кіраўнік),

спецыяліст па кіраванні, прафесійны кіраўнік. Звычайна наёмны работнік, які прыцягваецца да кіраўніцкай дзейнасці па кантракце. Асн. патрабаванні да М. — валоданне метадамі і сродкамі кіравання калектывам, каардынацыі дзейнасці работнікаў у прац. працэсе, веданне асноў псіхалогіі, сацыялогіі, арганізацыі вытв-сці і інш. (гл. Менеджэрызм).

т. 10, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАПІ́ЛЕ (ад мікра... + грэч. pylē уваход, адтуліна),

у жывёл — адтуліна ў шчыльных яйцавых абалонках, праз якую сперматазоід пранікае ў яйцо. Колькасць М. ад 1 да некалькіх дзесяткаў. Бывае ў насякомых, малюскаў, рыб і інш. У раслін М. — вузкі канал у покрыве семязавязі, праз які пранікае пылковая трубка.

т. 10, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАГРА́ННЫ ВУ́ГАЛ,

частка прасторы, абмежаваная трыма ці больш плоскасцямі, якія парамі перасякаюцца і маюць адзін агульны пункт. Агульны пункт наз. вяршыняй, лініі перасячэння плоскасцей — рэбрамі, самі плоскасці — гранямі. М.в., які размешчаны з аднаго боку ад плоскасці кожнай сваёй грані, наз. выпуклым. Гл. таксама Цялесны вугал.

Мнагагранны вугал.

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЯРОВАСЛАІ́СТЫ ПЛА́СТЫК дэкаратыўны,

ліставы абліцовачны матэрыял. Таўшчыня 1—3 мм. Мае каляровы верхні слой, які звычайна імітуе каштоўныя пароды дрэў. Вызначаецца высокай трываласцю і ўстойлівасцю да цеплавога і хім. ўздзеянняў. Атрымліваюць гарачым прасаваннем паперы, прамочанай тэрмарэактыўнымі палімерамі. Выкарыстоўваюць у буд-ве, вытв-сці мэблі і інш.

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТОКАСЧАПЛЕ́ННЕ,

поўны магнітны паток, які пранізвае эл. контур (напр., у шпулі індуктыўнасці — магн. паток, «счэплены» з усімі яе віткамі). Калі з кожным вітком шпулі індуктыўнасці «счэплены» адзін і той жа магн. паток Φ, то П. Ψ = NΦ, дзе N — агульная колькасць віткоў. Адзінка П. ў СІ — вебер.

т. 12, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)