ПАЎНО́ЧНА-БАЙКА́ЛЬСКАЕ НАГО́Р’Е У Прыбайкаллі, на ПнУ ад воз. Байкал, у Іркуцкай вобл. і часткова ў Бураціі. З Пд абмежавана Верхнеангарскім хрыбтом, на ПнЗ уступам выш. 1000—1200 м абрываецца да Сярэднесібірскага пласкагор’я, далінай р. Віцім аддзелена ад Патамскага нагор’я. Выш. да 2578 м (г. Іняптук). Сістэма сярэднягорных масіваў і высакагорных хрыбтоў (Верхнеангарскі, Сыныр), падзеленых вузкімі далінамі. Шматгадовая мерзлата. Днішчы далін і ніжнія схілы ўкрыты хваёвымі і лістоўнічнымі лясамі, вышэй — рэдкалессі і горная тундра. Радовішчы слюды.
т. 12, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЕ ЗРО́КУ аптычнай сістэмы,
частка прасторы (ці плоскасці), відарыс якой дае аптычная сістэма. Вызначаецца контурамі элементаў сістэмы, якія абмяжоўваюць светлавыя пучкі, напр., аправамі лінзаў і прызмаў, дыяфрагмамі.
Значэнне П.з. вымяраецца найменшым вуглом, пад якім такія контуры бачныя з цэнтра зыходнага пучка (вуглавое П.з.). Вугал П.з. ў прасторы прадметаў адваротна прапарцыянальны павелічэнню аптычнаму сістэмы; напр., у самых вялікіх тэлескопаў не перавышае некалькіх вуглавых мінут, у бінокляў ён складае 5—10°, у шырокавугольных фатагр. аб’ектываў дасягае 120—140° і больш.
т. 12, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТУА́Л (ад лац. ritualis абрадавы ад ritus рэліг. абрад, урачыстая цырымонія),
гістарычна сфарміраваная сістэма сімвалічных дзеянняў; састаўная частка традыц. і архаічных культур. Структуру Р. складае строга рэгламентаваная паслядоўнасць актаў, у т. л. вербальных (песнапенні і да т.п.), пазбаўленых утылітарнага сэнсу і накіраваных на ўзнікненне пэўных адчуванняў (рэлігійных, усемагутнасці ўлады, непарушнасці дадзеных абавязацельстваў і інш.). Першапачаткова Р. быў звязаны выключна з рэліг. практыкай; у сучасных грамадствах Р. існуе ў паліт. і сац. практыцы (афіц. ўрачыстасці, дыпламат. цырыманіял і інш.).
т. 13, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПО́ЛЬНІЦТВА (La Communauté),
Французскае Супольніцтва. палітычнае і эканам. аб’яднанне Францыі, яе ўладанняў і шэрагу незалежных дзяржаў — б. франц. калоній. Створана ў 1958 па ініцыятыве Францыі ўзамен Франц. Саюза (дзейнічаў з 1946). У кампетэнцыю С. ўваходзяць знешняя палітыка, абарона, фін. сістэма, выкарыстанне стратэг. сыравіны, а таксама назіранне за органамі юстыцыі, вышэйшай адукацыяй, знешнім транспартам і сродкамі сувязі. Кіраўнік С. — прэзідэнт Францыі. На 2001 у С., акрамя Францыі, уваходзілі яе 4 заморскія дэпартаменты, 6 заморскіх тэрыторый і 12 незалежных дзяржаў.
т. 15, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРЭ́ДЗІННА-АТЛАНТЫ́ЧНЫ ХРЫБЕ́Т,
найбуйнейшая горная сістэма дна Атлантычнага ак., частка сусветнай сістэмы сярэдзіннаакіянічных хрыбтоў. Агульная даўж. больш за 18 тыс. км. Асобныя ўчасткі маюць уласныя назвы: хрыбты Кніповіча. Мона; Ісландска-Янмаенскі, Рэйк’янес. Паўн.-Атлантычны, Паўд.-Атлантычны, Афрыканска-Антарктычны. Папярочнымі разломамі разбіты на ссунутыя адносна адзін аднаго сегменты, амплітуда перамяшчэнняў дасягае 300—600 км. У Паўд. паўшар’і С.-А.х. больш маналітны, на яго схілах размешчаны падводныя вулканы, вяршыні некат. з іх утвараюць астравы (напр., Ушэсця, Св. Алены).
т. 15, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРНА́РНАЯ РЫФМО́ЎКА (ад лац. ternarius трайны),
сістэма трайных сугуччаў клаўзул у шасцірадковай страфе па схеме аабввб. Узнікла ў сярэдневяковых лац. гімнах, затым стала прыкметай рансаравай страфы:
Ты адзінокай, я сіратою —
Возьмем і пойдзем разам з табою
Колкай жыцця пуцявінкай;
Долю, нядолю, сэрцы і думы,
Зложым скарб гэты ў скрыню адну мы,
Будзь ты маёю, дзяўчынка!
(Я.Купала. «Дзяўчынка»).
Існуюць зваротная Т.р. — аббавв («Вераніка» М.Багдановіча), слізгаючая Т.р. — абвабв («Босыя на вогнішчы» М.Чарота).
В.П.Рагойша.
т. 16, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ДНЕ-ІНДЫ́ЙСКІ ХРЫБЕ́Т,
падводны хрыбет у Індыйскім ак. Цягнецца амаль на 5 тыс. км уздоўж мерыдыяна 90° усх. д. паміж 10° паўн. ш. і 34° паўд. ш. Шыр. 450 км. Пераважаюць глыбіні над грэбенем 2000—2500 м, на асобных вяршынях памяншаюцца (у паўд. ч. — да 549 м). На схілах пераважаюць фарамініферавыя і радыялярыевыя ілы. Уздоўж усх. падножжа хрыбта сістэма ўпадзін тыпу грабенаў утварае глыбакаводны аднайм. жолаб даўж. 1244 км, сярэдняй шыр. 27 км, найб. глыб. 6335 м.
т. 16, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ДНЕ-ПАНТЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ,
сістэма горных хрыбтоў на Пн Турцыі, усх. частка Пантыйскіх гор. Даўж. каля 400 км, шыр. да 100 км. Найб. выш. 3937 м (г. Качкар). Утвораны ў час альпійскай складкавасці. Складзены з крышт., метамарфічных і вулканічных парод. Моцна расчлянёныя рэкамі. На паўн. схілах (ападкаў да 3000 мм за год) вільготныя субтрапічныя, вышэй 400—500 м мяшаныя і яловыя лясы. На паўд. засушлівых схілах сухія міжземнаморскія лясы і хмызнякі. Вышэй за 2000 м субальпійскія і альпійскія лугі.
т. 16, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГУ́НАЧНАЯ СІГНАЛІЗА́ЦЫЯ,
сістэма сігналаў для забеспячэння бяспекі і арганізацыі руху цягнікоў на чыгунцы. Бываюць гукавыя і бачныя сігналы, якія падаюцца спец. прыладамі, умоўнымі знакамі і інш.
Гукавыя сігналы падаюцца духавымі ражкамі, ручнымі і лакаматыўнымі свісткамі, гудкамі і сірэнамі, станцыйнымі званамі, петардамі і інш., адрозніваюцца колькасцю і спалучэннем гукаў рознай працягласці. Для падачы бачных сігналаў на станцыях і перагонах устанаўліваюць святлафоры, семафоры, святлівыя дыскі, шчыткі з папераджальнымі знакамі, сігнальныя паказальнікі розных колераў і формы, сцяжкі, ліхтары, факел-свечкі і інш.
т. 17, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́НА-АЙМЯКО́НСКАЕ НАГО́Р’Е.
На ПнУ Сібіры, паміж хрыбтамі Верхаянскім і Чэрскага, у Рэспубліцы Саха (Якуція), Расія. Даўж. каля 1100 км, асобныя вяршыні ўзнімаюцца на выш. да 2000 м. Сістэма сярэднягорных хрыбтоў, якія чаргуюцца з шырокімі пласкагор’ямі (Янскае, Аймяконскае, Эльгінскае) і міжгорнымі катлавінамі (Куйдусунская, Агалкінская і інш.). Складзена з алеўралітаў, пясчанікаў, гліністых сланцаў, прарваных гранітнымі інтрузіямі. Здабыча золата, волава, поліметалічных руд. Па далінах і ў ніжняй ч. схілаў рэдкастойная лістоўнічная тайга, вышэй — горная тундра, на паўд. схілах — стэпы.
т. 18, кн. 1, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)