ПАЛІКЛЕ́Т (Polykleitos) Малодшы, старажытнагрэчаскі архітэктар 4 ст. да н.э. Працаваў у Эпідаўры, дзе стварыў грабніцу-толас (з дарычнай каланадай звонку і карынфскай — унутры) і т-р на 14 тыс. месцаў (350—330 да н.э.). Т-р адметны велічнай гармоніяй кампазіцыі, арганічна ўпісанай у ландшафт, які служыць фонам для дзеяў, а таксама асобных арх. элементаў (урачыстыя парталы праходаў, якія аддзяляюць скене ад тэатрона). Выдатная акустыка т-ра забяспечваецца спец. профілем тэатрона і рэзанатарамі пад лавамі. Грабніца і т-р П. ўваходзяць у археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Паліклет Малодшы. Тэатр у Эпідаўры. 350—330 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ,
участкі паляўнічых угоддзяў са спец. рэжымам выкарыстання, вылучаныя для зберажэння каштоўных відаў дзікіх звяроў і птушак і стварэння спрыяльных умоў для іх размнажэння. На Беларусі існавалі ў 1960—2000. У П.з. забаранялася здабыча і адлоў звяроў і птушак, начны лоў рыбы ў месцах пражывання баброў і інш. прыбярэжных звяроў, выпас жывёлы ў раёнах цецеруковых такавішчаў і інш. месцах размнажэння жывёл, разбіўка палатак і раскладанне вогнішчаў. Для аховы П.з. стваралася егерская служба. На тэр. П.з. ажыццяўляліся біятэхн. мерапрыемствы па павелічэнні колькасці відаў паляўнічай фауны, вялася барацьба з ваўкамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕЖО́»
(«Peugeot SA.»),
французскі аўтамабільны канцэрн. Спецыялізуецца па вытв-сці легкавых, грузавых і спец. аўтамабіляў, веласіпедаў, матацыклаў, матаролераў, бронетранспарцёраў, дызельных рухавікоў і інш.Засн. ў 1810, прадукцыя веласіпедаў з 1888, аўтамабіляў з 1892. У 1896 А.Пежо заснаваў акц.т-ва, да 1976 наз. «Пежо атамабіль». У 1976 аб’яднаўся з аўтамаб. кампаніяй «Сітраэн» і да 1980 наз. «Пежо—Сітраэн». У 1978 канцэрн набыў зах.-еўрап. філіялы амер.аўтамаб. кампаніі «Крайслер», у 1980 на базе філіялаў створана аддз. «Атамабіль Тальбо». Штаб-кватэра ў Парыжы. Кантралюе больш за 50% вытв-сці машын у краіне. Мае прадпрыемствы ў 20 краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІР ((Pire) Дамінік Жорж) (10.2.1910, г. Дынан, Бельгія — 30.1.1969),
бельгійскі каталіцкі святар (дамініканец). Д-р тэалогіі (1936). Скончыў Дамініканскі ун-т у Рыме (1936). З 1937 выкладаў у дамініканскім калежы Ла Сарт (Бельгія), быў святаром, набыў вядомасць гуманітарнай дзейнасцю. Напярэдадні 2-й сусв. вайны стварыў у Бельгіі лагеры для дзяцей бедных бацькоў, дзе ў перыяд ням.-фаш. акупацыі краіны (1940—44) знайшлі прытулак тысячы дзяцей.
Удзельнік руху Супраціўлення. У пасляваен. час арганізоўваў дапамогу бежанцам і перамешчаным асобам праз стварэнне спец. лагераў, т.зв. «Еўрап. вёсак» і міжнар.гуманіт. арг-цый. Нобелеўская прэмія міру 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАТЭ́ХНІКА (ад піра... + тэхніка),
галіна тэхнікі па вытв-сці і выкарыстанні піратэхнічных саставаў, аснашчаных імі вырабаў і наладжванні феерверкаў. Вядома з глыбокай старажытнасці (напр., у Кітаі элементы П. выкарыстоўвалі за некалькі стагоддзяў да н.э.). Да 19 ст. П. ўключала выраб порахаў і выбуховых рэчываў.
Вытв-сць піратэхн. вырабаў уключае здрабненне кампанентаў саставаў, іх сушку, прасейванне і змешванне ў спец. змяшальніках з дыстанцыйным кіраваннем. Запаўненне вырабаў (кардонных і метал. гільзаў) піратэхн. саставам ажыццяўляюць пад ціскам на прэсах, часам шнэкаваннем ці заліўкай. Вытв. аперацыі ў П. пажара- і выбухованебяспечныя.
Літ.:
Шидловский А.А. Основы пиротехники. 4 изд. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСЦО́ВЫЯ КНІ́ГІ,
зводныя дакументы сістэматычных гасп. апісанняў у Расіі ў 15—17 ст. Служылі падставай для падатковага зямельнага абкладання (сошнага пісьма). П.к. 1581—93 былі асн. дакументамі, што вызначалі прыналежнасць сялян пэўнаму феад. ўласніку. П.к. складалі спец. камісіі з пісцоў і пад’ячых, якіх урад дасылаў з Масквы на месцы. Іх складанне вялося па гарадах (умацаванні, цэрквы, крамы, двары, насельніцтва і г.д.), паветах, станах, валасцях; асобна апісваліся кожнае сяло і вёска, ворная зямля, сенажаці, лясы. На Беларусі П.к. складаліся ў 1560—70-я г. на тэр. Полацкага ваяв., занятага рас. войскамі ў час Лівонскай вайны 1558—83.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ГАНДЛЁВА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ Белкаапсаюза. Засн. ў 2000 у г. Полацк Віцебскай вобл. на базе навуч.-вытворчага комплексу «ПТВ-тэхнікум» (існаваў у 1991—2000; створаны аб’яднаннем Полацкага політэхн. тэхнікума (з 1959) і кааператыўнага прафес.-тэхн. вучылішча (з 1966). Рыхтуе спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй. Спецыяльнасці (2000/01 навуч.г.): машыны і апараты харчовых вытв-сцей; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; камерцыйная дзейнасць. Каледж рыхтуе таксама кваліфікаваных рабочых з прафес.-тэхн. адукацыяй (прадаўцоў прадуктовых і непрадуктовых тавараў, кухараў, кандытараў, афіцыянтаў, буфетчыкаў, нарыхтоўшчыкаў прадуктаў і сыравіны). Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛІ́ВЫ МІЖНАРО́ДНЫЯ,
прыродныя марскія шляхі, якія злучаюць асобныя моры ці акіяны і выкарыстоўваюцца для міжнар. суднаходства. Паводле міжнар. звычаяў, практыкі і пагадненняў дзяржаў для такіх праліваў гістарычна ўстаноўлены прынцып свабоды праходу суднаў і пралёту самалётаў усіх краін. Паводле Канвенцыі ААН па марскім праве 1982, у пралівах, дзе існуе міжнар. суднаходства, усе судны і лятальныя апараты карыстаюцца правам свабоднага транзітнага праходу, і ім не павінны чыніцца перашкоды. Існуюць пралівы, якія вядуць у закрытыя моры і па сваім геагр. становішчы не служаць мэтам транзіту. Да іх адносяцца Балтыйскія і Чарнаморскія пралівы. Іх прававы рэжым рэгулюецца спец.міжнар. пагадненнямі і міжнар. звычаямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТРА́ВЫ,
хімічныя прэпараты для апрацоўкі (пратручвання) насення, клубняў, цыбулін і інш. пасяўнога і пасадачнага матэрыялу. Асн. кампанент большасці П. — фунгіцыд.
Паводле прызначэння бываюць аднамэтавыя (засцерагаюць расліны ад хвароб) і камбінаваныя. Камбінаваныя П. акрамя фунгіцыдаў маюць інсектыцыды, мікраэлементы і розныя дапаможныя рэчывы, дадаткова ахоўваюць насенне і ўсходы ад глебавай мікрафлоры і насякомых, што жывуць у глебе, засцерагаюць насенныя клубні і караняплоды пры захоўванні, насенне — ад здзёўбвання птушкамі, паляпшаюць развіццё раслін і павышаюць іх устойлівасць да неспрыяльных умоў надвор’я, а часам і да ўздзеяння гербіцыдаў. Пратручванне праводзяць пераважна ў спец. машынах — пратручвальніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЫЗІ́ЙНЫ СТАНО́К,
металарэзны станок для высокадакладнай (прэцызійнай) апрацоўкі загатовак. Адрозніваюць П.с. такарныя, свідравальна-расточныя, шліфавальныя, зубаапрацоўчыя, фрэзерныя. Паводле дакладнасці апрацоўкі паверхні дэталей падзяляюцца на станкі павышанай дакладнасці, высокай дакладнасці і звышдакладныя. Апрацоўка на П.с. забяспечвае атрыманне вырабаў з паверхнямі правільнай геам. формы з дакладным прасторавым становішчам восей і нізкай шурпатасцю паверхні да 11-га класа чысціні з забеспячэннем 2-га (пры пэўных умовах — 1-га) класа дакладнасці. Асабліва важнае значэнне пры прэцызійнай апрацоўцы мае дакладнасць перамяшчэння рухомых вузлоў П.с., што забяспечваецца выкарыстаннем высокадакладных спец. базавых дэталей, зніжэннем трэння ў механізмах перамяшчэння рухомых вузлоў і інш.