комплексінж. збудаванняў для ачысткі сцёкавых водаў і апрацоўкі асадкаў. Падзяляюцца на збудаванні механічнай, біялагічнай і фізіка-хімічнай ачысткі. Выбар схемы ачысткі залежыць ад складу і колькасці сцёкавых водаў, характарыстыкі вадаёма, куды яны адводзяцца, ці тэхнал. патрабаванняў да вады ў выпадку іх паўторнага выкарыстання.
Да збудаванняў мех. ачысткі адносяцца: прыстасаванні для працэджвання (рашоткі, драбілкі, сіты) і сепарацыі (пескаўлоўнікі, тлушчаўлоўнікі, маслааддзяляльнікі, нафтапасткі, адстойнікі, гідрацыклоны, цэнтрыфугі). Збудаванні біял. ачысткі ў прыродных умовах — палі фільтрацыі і арашэння, біял. сажалкі (бываюць з сістэмамі прымусовай аэрацыі). Біял. ачыстка ў штучных умовах ажыццяўляецца на біяфільтрах і ў аэратэнках. Збудаванні фіз.-хім. ачысткі: флататары, сарбцыйныя, экстракцыйныя і інш. калоны, нейтралізатары, іонаабменныя фільтры, гіперфільтрацыйныя ўстаноўкі, збудаванні эл.-хім. ачысткі і інш. Вузел апрацоўкі асадку ўключае збудаванні па стабілізацыі, кандыцыянаванні, абязводжванні асадку. На невялікіх ачышчальных збудаваннях асадак затрымліваюць і зброджваюць у септыках і адстойніках. На буйных станцыях стабілізацыя асадку робіцца ў анаэробных (метатэнкі) ці аэробных стабілізатарах. Пры выкарыстанні метатэнкаў для утылізацыі газу, што выдзяляецца, прадугледжваюцца газгольдэры. Для абязводжвання стабілізаваных асадкаў у прыродных умовах служаць глеістыя пляцоўкі. Механічнае абязводжванне робяць вакуум-фільтрамі, фільтрпрэсамі, цэнтрыфугамі. Абеззаражваюць ачышчаную ваду ў кантактных рэзервуарах з дапамогай хлору ці азону. Устаноўкі па абеззаражванні бактэрыцыднымі прамянямі ўключаюць выпрамяняльную лямпу, уманціраваную ў трубаправод, які транспартуе ваду, што апрацоўваецца. Лакальныя ачышчальныя збудаванні прадпрыемстваў камплектуюцца вузламі мех. і фіз.-хім. ачысткі. Гарадскія ачышчальныя збудаванні, якія прымаюць сумесь бытавых і вытв. сцёкаў, уключаюць мех. і біял. ачыстку, абеззаражванне ачышчаных сцёкавых водаў і апрацоўку асадку. Збудаванні ачысткі атм. сцёку складаюцца з адстойнікаў і фільтраў (біял. сажалак). Да ачышчальных збудаванняў адносяцца таксама збудаванні для ачысткі паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў у Бабруйску 1-й пал. 19 ст. Пабудавана ў 1807—36 у гіст. цэнтры горада на месцы Бабруйскага замка ў сутоках рэк Бярэзіна і Бабруйка. Будаўніцтва вялося ў 2 этапы. 1-ы (1807—12) ажыццяўляўся ва ўмовах набліжэння вайны 1812. Крэпасць будавалася паводле праекта ўпраўляючага інж. экспедыцыяй Ваеннага мін-ваген. К.І.Опермана, яе ўзводзілі тысячы салдатаў і прыгонных сялян Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губ. Да пач. вайны пабудаваны 5 асн. бастыёнаў, частка ўнутр. збудаванняў, насыпаны валы, выкапаны глыбокія равы. У вайну 1812 крэпасць вытрымала 4-месячную аблогу (гл.Бабруйская абарона 1812). На 2-м этапе буд-ва (1812—36) тэр. крэпасці павялічана, узведзены 17 дадатковых бастыёнаў (да 1820), вежы, форт «Фрыдрых Вільгельм» (1822). У арх. аздабленні будынкаў крэпасці выкарыстаны элементы стылю класіцызм (арх. А.Штаўберт). У Бабруйскай крэпасці распрацаваны Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. У лют. 1826 прапаршчык С.І.Трусаў спрабаваў узняць паўстанне раскватараванага тут Палтаўскага палка. Пасля задушэння дзекабрысцкага руху крэпасць ператворана ў катаржную турму. Пасля паражэння нац.-вызв. паўстання 1863—64 тут было зняволена каля 2 тыс. яго ўдзельнікаў. У рэв. 1905—07 у крэпасці размяшчаўся дысцыплінарны батальён, адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У час акупацыі Бабруйска польскімі войскамі (жн. 1919 — ліп. 1920) на тэр. крэпасці знаходзіўся лагер ваеннапалонных. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты ператварылі крэпасць у Бабруйскі лагер смерці. У чэрв. 1944 сав. войскі акружылі і знішчылі тут варожы гарнізон (гл.Бабруйская аперацыя 1944).
Літ.:
Ненадавец А.М. Крэпасць на Бярэзіне. Мн., 1993.
Бабруйская крэпасць у 1811. З карціны Б.Залескага.Адзін з фортаў Бабруйскай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІНСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплексбел.нар. адзення ва Усх. Палессі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах Гомельшчыны. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Яму ўласцівы разнастайнасць формаў, багацце арнаментальных кампазіцый, адметныя шыйныя ўпрыгожанні. У жаночым гарнітуры вылучаюцца 3 варыянты: кашуля, 4-полкавая панёва, фартух, намітка (сярпанка); кашуля, андарак, белы фартух, гарсэт (кабат), каптур з хусткай; кашуля або блуза, крамная спадніца з прышыўным ліфам (шнуроўка). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з вузкім рукавом, стаячым каўняром. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвонымі, чорнымі і белымі баваўнянымі ніткамі) кампанаваўся ў палосы рознай шырыні на рукавах, на плечавых устаўках, каўняры і падоле. З геаметрычных матываў пашыраны ромбы, васьмівугольныя зорачкі, зубчыкавыя паскі, з раслінных — дрэва жыцця (размяшчалася буйным аднарапортным узорам на ўсю даўжыню рукава), 8-пялёсткавыя кветкі, ружы, ягады каліны. Вышыўку фартухоў часта дапаўнялі нашыўкамі з каляровага саціну, карункамі. Андаракі гладкафарбаваныя, найчасцей чырвона-малінавыя або затканыя падоўжнымі бела-вохрыстымі палосамі ці вышытыя па нізе рознакаляровымі ніткамі. Падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец (пераважна з цёмных крамных тканін, упрыгожаныя аплікацыяй, брыжамі), хусткі (даматканая белая з чырвонымі прокідкамі, суконная чорная з дэкар. махрамі, крамная страката-набіваная, якую не завязвалі, а выкладалі на галаве і грудзях). Насілі пацеркі, шыйныя абручыкі, вышытыя рознакаляровым бісерам. Мужчынскія кашулі былі тунікападобнага крою з багата вышытай манішкай. Нагавіцы шылі з палатна ў чорна-белыя палоскі (палатнянікі) або з шэрага ці карычневага сукна (суконнікі). Вопратку (світка, бурнос, бурка, кажух) аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі з фабрычнага сукна ці саціну, аплікацыяй шнурам, фалдаваннем (маршчэннем), строчкай.
М.Ф.Раманюк.
Брагінскі строй. Жанчыны ў святочных касцюмах. Вёска Чыкалавічы Брагінскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я ГАСПАДА́РКА,
комплекс службаў, прадпрыемстваў, арг-цый, інж. збудаванняў і інш. для задавальнення камунальных, быт. і сац.-культ. патрэб жыхароў горада. Уключае жыллёвую гаспадарку, камунальную гаспадарку, прадпрыемствы бытавога абслугоўвання насельніцтва, гандлю і грамадскага харчавання, гарадскога транспарту, сувязі, установы аховы здароўя, асветы, сац. забеспячэнне, культуры і інш. Узнікла і развіваецца з ростам гарадоў. Ужо ў сярэднявеччы многія гарады, у т. л. на Беларусі, мелі брукаваныя вуліцы, водаправоды, каналізацыю, лазні і інш. элементы ўпарадкавання. З паскарэннем росту гар. насельніцтва, удасканаленнем буд. тэхнікі і новых буд. матэрыялаў пашыралася ўзвядзенне шматпавярховых і вышынных будынкаў, забяспечаных сучаснымі сродкамі камунальнага абслугоўвання, палепшана ўпарадкаванне і догляд гар. вуліц, плошчаў, месцаў адпачынку і інш. Сучасная гарадская гаспадарка шырока выкарыстоўвае электрычнасць, прыродны газ, разнастайныя віды транспарту (трамваі, аўтобусы, тралейбусы, метро). Гарадская гаспадарка знаходзіцца ў падпарадкаванні мясц. органаў улады. У гарадах Беларусі частка гандлю, грамадскага харчавання, жыл. фонду, быт. абслугоўвання прыватызавана. На базе Мін-вабыт. абслугоўвання створаны Бел.рэсп. саюз прадпрыемстваў быт. абслугоўвання насельніцтва (Белбытсаюз). Пачаўся пераход муніцыпальных жыл.-эксплуатацыйных службаў у недзярж. альтэрнатыўныя структуры. Укараняецца практыка выбару на конкурснай аснове прадпрыемстваў і ўстаноў, што забяспечваюць эксплуатацыю і падтрыманне ў належным стане жыл. фонду розных формаў уласнасці на аснове кантрактаў з яго уладальнікамі. Ажыццяўляецца перадача ў агульную долевую ўласнасць уласнікам жылых памяшканняў, месцаў агульнага карыстання, прысядзібных тэрыторый і інш. аб’ектаў са стварэннем кандамініумаў (саўладанняў).
Літ.:
Проектирование городского хозяйства. 3 изд. М., 1991;
Чекалин В.С., Томилов В.В. Перспективное планирование капитального ремонта объектов городского хозяйства. Л., 1987;
Хатунцев В.М., Валахова В.Д. Основы финансово-кредитной системы городского хозяйства. Л.,1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКА-ТУ́РАЎСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплексбел.нар. адзення Усх. Палесся. Бытаваў у асяроддзі мяшчан невял. гарадоў (Тураў, Давыд-Гарадок, Столін), мястэчак і буйных вёсак у 19 — пач. 20 ст. Рэзка вылучаўся сярод інш. строяў ускладненымі сілуэтамі жан. касцюма з арыгінальнымі галаўнымі ўборамі.
Аснову жан. летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца, гарсэт (або куртка), фартух, пояс. Кашулю шылі з кужалю або белага «сарвету» (баваўнянай фабр. тканіны), з шырокім адкладным каўняром. У гарадчанак яна сціпла або зусім не аздаблялася, у тураўлянак аздаблялася на рукавах і каўняры раслінным або раслінна-зааморфным арнаментам, вышытым крыжыкам у чырвона-чорнай гаме. Спадніцу-андарак шылі з даматканага гладкафарбаванага цёмна-сіняга або чырвона-бурачковага сукна, спадніцу-сукню — з фабр. цёмнай шарсцянкі, па нізе нашывалі стужкі галуну. Гарсэт (кабат, шнуроўка) з чырвонага, фіялетава-сіняга ўзорыстага або гладкафарбаванага атласу, саціну ці парчы часта прышываўся да спадніцы ў выглядзе ліфа. Фартух аднаполкавы з фабр. цёмных тканін. Гарсэт, спадніцу і фартух падпяразвалі шырокім выплеценым або тканым поясам. Экзатычны і падкрэслена самавіты вобраз жан. касцюма стваралі арыгінальныя галаўныя ўборы галовачка і падушачка. Жанчыны насілі масіўныя нагрудныя ўпрыгожанні — чаканеныя з латуні вял. крыжы мясц. работы, пацеркі з натуральных камянёў і металу, абразкі, а таксама пярсцёнкі. Мужч. адзенне, блізкае да адзення гараджан, вызначалася высокім кравецкім майстэрствам, стрыманым аздабленнем (вышыўка шнуром, аплікацыя, нашыўка з футра і інш.). Летні гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, камізэлькі; галаўны ўбор — капялюш, зімой — разнастайныя варыянты магеркі. Верхнім мужч. і жан. адзеннем былі кажухі, курткі, світы.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Давыд-гарадоцка-тураўскі строй. Адзенне жанчын-мяшчанак. Канец 19 ст. Горад Давыд-Гарадок (Столінскі раён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАКА́ТАР (ад гідра... + лакатар),
гідралакацыйная станцыя, комплекс прылад і прыстасаванняў для пошуку падводных аб’ектаў, вымярэння іх прасторавых каардынат і параметраў руху, а таксама вызначэння іх прыроды шляхам аналізу адбітых акустычных сігналаў (рэхасігналаў); сродак актыўнай гідралакацыі. Выкарыстоўваюцца ў мараплаўстве (для вызначэння падводных перашкод), у ваен. справе (пошук цэлей, забеспячэнне дзеяння зброі), для картаграфавання дна і адшуквання затанулых аб’ектаў (гідралакатар бакавога агляду і рэхалоты), пры выратавальных работах, у рыбапрамысл. разведцы і інш.
Гідралакатар мае: генератар эл. сігналаў зададзенага віду (імпульсных, неперарыўных, простых, складаных, з рознымі мадуляцыямі); перадавальную і прыёмную акустычныя антэны, якія апускаюцца ў ваду (уяўляюць сабой электраакустычныя пераўтваральнікі эл. сігналаў у акустычныя і наадварот; можа выкарыстоўвацца адна антэна з пераключальнікам «перадача-прыём»); прыстасаванне вылучэння і апрацоўкі рэхасігналаў, якія прымаюцца на фоне перашкод (шумы мора і суднаходства); прыстасаванні адвображання інфармацыі пра аб’екты, якая ўтрымліваецца ў рэхасігналах. Існуе мноства разнавіднасцей гідраклакатараў, якія ўстанаўліваюцца на суднах, самалётах і верталётах, на дне акіяна, а таксама дрэйфуюць, пераносяцца вадалазамі і г.д. У большасці выпадкаў гідралакатары працуюць на частотах ад адзінак да 100 кГц і маюць далёкасць дзеяння да дзесяткаў кіламетраў.
Літ.:
Митько В.Б., Евтютов А.П., Гущин С.Е. Гидроакустические средства связи и наблюдения. Л., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНАЕ І ЛАГІ́ЧНАЕ,
філасофскія катэгорыі, з дапамогай якіх выражаецца ўзаемасувязь рэальнага працэсу развіцця і яго адлюстраванне ў тэарэт. свядомасці. З’яўляюцца двума канкрэтнымі бакамі гістарызму прынцыпу, які прасочвае розныя пераўтварэнні аб’екта пры адначасовым раскрыцці заканамернасцей і механізмаў дадзенага працэсу. Гістарычнае — гэта сам аб’ектыўны працэс развіцця пэўнага прадмета, з’явы. Ён ахоплівае ўсю разнастайнасць і багацце індывід. праяўленняў, рыс і ўласцівасцей кожнага аб’екта, увесь комплекс яго змен у часе і прасторы і тоесны рэальнай гісторыі гэтага аб’екта (напр., узнікненне і развіццё зорак і планет у Сусвеце, паходжанне чалавека з гамінідаў, станаўленне цывілізацыі, з’яўленне дзяржавы, ход паліт. гісторыі чалавецтва і інш.). Лагічнае ўяўляе сабой адлюстраванне гістарычнага ў навук. мысленні. Яго зыходным пунктам з’яўляецца пэўны вынік унутранага разгортвання прадмета або з’явы, выдзяленне істотных узаемасувязей і ўзаемадзеянняў, што выклікалі рэальны гіст. рух аб’екта. Катэгорыі гістарычнага і лагічнага валодаюць уласцівай кожнаму з іх якаснай вызначанасцю і ў той жа час знаходзяцца ў непарыўным адзінстве, абумоўленым адзінствам быцця чалавека ў навакольным свеце і пазнання гэтага свету. Найважнейшай рысай гэтага адзінства з’яўляецца яго супярэчлівасць — вынік адноснай самастойнасці лагічнага, якое залежыць ад узроўню назапашаных чалавецтвам ведаў, сац., паліт. і інш. фактараў. Метадалагічнае значэнне гістарычнага і лагічнага ў тым, што кожнае з гэтых паняццяў служыць асновай адпаведнага метаду даследавання гіст. працэсу. Як метад пазнання рэчаіснасці ўзаемадзеянне паміж гістарычным і лагічным дае магчымасць узнавіць заканамерны ход гісторыі любога аб’екта і адначасова захаваць яго індывід. асаблівасці.
Літ.:
Материалистическая диалектика: Краткий очерк теории. 2 изд. М., 1985;
Андреев И.Д. Диалектическая логика. М., 1985;
Социальное познание: Принципы, формы, функции. Киев, 1989;
Проблемы познания социальной реальности. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВА́РАЧНАЕ АБСТАЛЯВА́ННЕ,
комплекс тэхнічных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца для зваркі. Бываюць ручныя (гарэлкі зварачныя для газавай зваркі, электратрымальнікі для дугавой і інш.), механізаваныя (шлангавыя паўаўтаматы для дугавой зваркі з механізаванай падачай зварачнага дроту, механізаваныя ўстаноўкі для мікразваркі) і аўтам. (самаходныя і падвесныя зварачныя галоўкі, зварачныя трактары, спецыялізаваныя зварачныя ўстаноўкі, у т. л. аўтаматызаваныя для мікразваркі). Аўтам. З.а. пры дугавой і электрашлакавай зварцы падае электрод у зону зваркі, перамяшчае дугу і электрод адносна вырабаў, якія злучаюцца.
Тэхналагічна злучанае паміж сабой З.а. аб’ядноўваюць у стацыянарны або перасоўны зварачны пост, а некалькі тэхналагічна звязаных пастоў — у зварачную лінію. Пасты аснашчаюцца: зварачнымі генератарамі (пастаяннага або пераменнага току павышанай частаты для дугавой зваркі, у т. л. пад флюсам і ў ахоўных газах); зварачнымі трансфарматарамі (для сілкавання зварачных працэсаў пераменным токам пры дугавой і кантактнай зварцы); зварачнымі выпрамнікамі (з селенавымі або крэмніевымі паўправадніковымі элементамі для сілкавання зварачнай дугі пастаянным токам пры дугавой ручной і аўтам. зварцы); спец. прыстасаваннямі (зварачныя цялежкі, стэнды, кантавальнікі, маніпулятары, клямары); інструментамі (наладачныя, вымяральныя і інш.). Зварачныя аўтаматы і робаты, якія шырока ўкараняюцца ў вытв-сць, забяспечваюць аўтаматызацыю дугавой і кантактнай зваркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЧЫ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Рутка. На аўтадарозе Навагрудак—Мінск. За 185 км ад Гродна, 42 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. 7,8 тыс.ж. (1998).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 1395. У 15 ст. двор вял. князёў ВКЛ у Навагрудскім пав. У 1505 разрабаваны крымскімі татарамі. З 1594 вядомы як мястэчка. З 2-й чвэрці 17 ст. ўладанне кн. Радзівілаў. З 2-й пал. 17 ст. ў К. дзейнічала шпалерня (гл.Карэліцкія шпалеры). У 1655 у час вайны Швецыі з Рэччу Паспалітай разбураны шведамі. У 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 зноў спалены шведамі. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1833—62 дзейнічала Карэліцкая цукровая мануфактура. У 1897—2559 ж., школа, царква, сінагога, лячэбніца, гасцініца, паштовая станцыя. У 1-ю сусв. вайну моцна разбураны, акупіраваны герм. войскам. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Карэліцкага раёна, вёска. У Вял.Айч. вайну з 26.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 3747 ж. З 30.4.1958 гар. пасёлак. У 1962—65 у Навагрудскім р-не. У 1971—3,7 тыс жыхароў.
Ільнозавод. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, базавая і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Карэліцкі раённы краязнаўчы музей «Зямля і людзі». Вайсковыя могілкі, Мемар. комплекссав. воінам і партызанам, помнік землякам. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАТУ́НДРАВАЯ ЗО́НА,
прыродная зона сушы субарктычнага пояса Паўн. паўшар’я з перавагай тундравых і лясных ландшафтаў. Цягнецца ад тундравай зоны на Пн Еўразіі і Амерыкі ў выглядзе паласы шыр. ад 30—50 да 300—400 км. Клімат субарктычны, суровы. Цёплы перыяд каля 4 месяцаў (чэрв. — верасень). Сярэднія т-ры ліп. ад 10 да 14 °C, студз. — ад -10 да -40 °C. Начныя замаразкі і снегапады магчымы на працягу ўсяго года. Ападкаў 200—400 мм за год, іх колькасць перавышае выпаральнасць. Большую ч. года ляжыць снегавое покрыва да 1 м. Шматгадовая мерзлата амаль на ўсёй тэрыторыі, што ў спалучэнні з нязначным выпарэннем прыводзіць у многіх раёнах да ўтварэння забалочанасці з фарміраваннем сфагнавых і ўзгорыстых тарфянікаў і ўзнікнення мярзлотных форм рэльефу (тэрмакарст). Шмат балот, азёр. Асн. тыпы глеб: глеева-падзолістыя, тарфяна-глеевыя, месцамі тарфяна-балотныя, якія характарызуюцца нязначнай магутнасцю і малой колькасцю арган. рэчыва. Расліннасць Л.з. Еўропы і Азіі — комплекс з рэдкалесся (бяроза, елка, хвоя, лістоўніца, піхта), тундраў (лішайнікі, сфагнавы мох, асака, падвей, журавіны, марошка, буякі) і злакава-разнатраўных лугоў у далінах рэк; у Паўн. Амерыцы пераважаюць рэдкалессі з елкі (белай, сітхінскай, чорнай) і амер. лістоўніцы. Жывёльны свет: паўн. алень, лось, буры мядзведзь, воўк, пясец, гарнастай, расамаха, лемінг, заяц-бяляк, палёўкі; у горных раёнах — пішчуха; у Сібіры — сурок і суслік. Разнастайная фауна птушак: палярная сава, белая курапатка, глушэц, рабчык, розныя віды гусей, качак, кулікоў, вераб’іных. У далінных лугах злакавыя і злакава-разнатраўныя травастоі, якія часта выкарыстоўваюцца як сенажаці. Развіты аленегадоўля і паляўнічы промысел, зверагадоўля, месцамі здабыча карысных выкапняў (на ПнЗах. Сібіры буйныя радовішчы прыроднага газу).