ЛІ́ДСКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ МАШЫ́Н, Лідсельмаш. Знаходзіцца ў г. Ліда Гродзенскайвобл. З 1994 адкрытае акц.т-ва. Пачаў працаваць у 1901 як чыгуналіцейны і машынабудаўнічы з-д. У перадваенныя гады выпускаў малатарні, каранярэзкі, сячкарні, конныя плугі і прыводы. У Вял.Айч. вайну разбураны Адноўлены ў 1944. З 1954 сучасная назва, з 1994 адкрытае акц.т-ва «Лідсельмаш». У 1950 — пач. 1960-х г. выпускаў дыскавыя бароны, кустарэзы, веялкі-сарціроўкі, ільнамялкі і інш. У 1960—68 рэканструяваны. З сярэдзіны 1960-х г. вырабляў універсальныя бацвіннеўборачныя машыны, вібрацыйныя бульбакапалкі, з 1976 капустаўборачныя машыны. Асн. прадукцыя (1999): агрэгат глебаапрацоўчы пасяўны, бульбаўборачныя камбайны, бульбакапалкі, бульбасаджалкі, сеялкі збожжавыя, бароны дыскавыя, плугі, граблі-варушылкі, раскідвальнікі мінер. угнаенняў і пяску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ,
навучальная ўстанова ў 1756—1834 у Лідзе Гродзенскайвобл. 12.1.1756 пераведзены з мяст. Воранава ў Ліду па прапанове лідскага старосты І.Сцыпіёна. Мясц. шляхта ахвяравала піярам фальварак Пастаўшчызна і юрыдыку ў Лідзе. З 1783 уваходзіў у Гродзенскую навуч. акругу, з 1790 — у Піярскую навуч. акругу, падпарадкаваную Адукацыйнай камісіі. Пры калегіуме былі 2 канвікты (пансіёны) для дзяцей збяднелай шляхты. З 1795 падначалены ведамству літ. ген.-губернатара. З 1803 у складзе Віленскай навучальнай акругі як 4-класнае павятовае вучылішча з 5 выкладчыкамі. У 1805—07 часова закрыты. У выніку рэформы мясц.навуч. устаноў 9.9.1834 калегіум канфіскаваны ў піяраў і рэарганізаваны ў 5-класнае дваранскае павятовае вучылішча.
бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1996), д-ртэхн.н. (1994). Скончыў БСГА (1975). З 1975 у НДІ меліярацыі і лугаводства (з 1997 дырэктар). Навук. працы ў галіне арашэння с.-г. культур, воднага рэжыму меліяраваных глеб. Распрацаваў тэорыю рэжыму ўвільгатнення глебанеаднародных с.-г. палёў, тэорыю аптымізацыі эксплуатацыйнага рэжыму дажджавання раслін пры няўстойлівых умовах надвор’я.
Тв.:
Расчет наименьшей влагоемкости по физическим свойствам почв // Мелиорация переувлажненных земель: Сб. науч. работ. Мн., 1985. Вып. 33;
Рациональная технология дождевания сельскохозяйственных культур // Управление водным режимом мелиорированных земель: Сб. науч. работ. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЧА́НСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскайвобл. Створаны ў 1-й пал. 18 ст. на левым беразе р. Нёман. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. без пладовага саду каля 4 га. У кампазіцыі парку — Любчанскі замак. На квадратным унутр. двары замка размешчаны круглы партэр з кальцавымі пасадкамі дэкар. кустоў. У канцы 18 ст. паміж вежамі скапаны абарончы вал, за ровам разбіты партэр з кветнікамі і баскеты. За імі з трох бакоў замак абкружае пладовы сад, падзелены рэгулярнай сістэмай алей. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў парку групамі і паасобку пасаджаны экзоты. Растуць арэх шэры, хвоя веймутава, лістоўніцы еўрап. і сібірская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯБЕ́ЦКАЯ (Алена Канстанцінаўна) (15.7.1903, б. хутар Лягуцева, Слонімскі р-нГродзенскайвобл. — 28.1.1982),
дзеяч рэв. і нац.вызв. руху ў Зах. Беларусі. Стварала гурткі Таварыства беларускай школы (ТБШ). 3 ліст. 1927 сакратар Слонімскай акр. управы ТБШ. На 1-м з’ездзе ТБШ (1927) выбрана старшынёй рэвіз. камісіі, на 2-м (1929) — старшынёй кантрольнага савета. За рэв. дзейнасць у 1928 зняволена ў турму ўладамі Польшчы. Дэлегат 1-га антыфаш. кангрэса (1929, Берлін), чл.зах.-бел.к-та па падрыхтоўцы Еўрап.сял. кангрэса, яго дэлегат. У лют. 1930 арыштавана, засуджана на 6 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з 1933 у БССР; працавала ў ЦКМіжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі Беларусі. Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНСА́РДА (ад франц. mansarde),
паддашак, памяшканне, пераважна жылое, на гарышчы, кожны схіл даху якога складаецца з 2 частак — верхняй пакатай і ніжняй стромкай. М. дае дадатковую карысную плошчу, а т.зв. мансардавы дах узбагачае сілуэт і аб’ёмную кампазіцыю будынка, надае яму своеасаблівы выгляд за кошт выцягнутых па вертыкалі прапорцый. Канструкцыю М. распрацаваў франц.арх. Ф.Мансар (адсюль назва). На Беларусі М. пашырана з 17 ст. Выкарыстоўваецца ў сучасным малапавярховым, пераважна жылым, буд-ве. Дамы з М. часта будуюць у мяшанай тэхніцы: асн. аб’ём мураваны, М. — з дрэва. У шырокім сэнсе М. — любое памяшканне на гарышчы пад высокім дахам.
В.Б.Ангелаў.
Мансарда сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна Гродзенскай вобл.Мансарда. Паводле чарцяжа арх. Ф.Мансара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁЗЕР (Möser) Іаган Георг, архітэктар і будаўнік 2-й пал. 18 ст. Немец. З 1738 жыў і працаваў у г. Гродна, у 1765—74 на службе ў гродзенскага старосты А.Тызенгаўза. Паводле яго праектаў узведзены Гродзенскі палац Тызенгаўза (1760—70-я г.), корчмы «Галеча», «Выгода» (знесены ў канцы 19 ст.), «Раскоша» (усе 1770-я г., з арх. Дж.Сака; знішчана пад час рэканструкцыі вул. Ажэшкі), Гродзенскі тэатр Тызенгаўза (1780-я г.). Аўтар тыпавых праектаў жылых дамоў для майстроў (1760-я г., гл.Гарадніца), якія працавалі на мануфактурах Тызенгаўза, і вайсковай варты Гродзенскай каралеўскай эканоміі (пабудаваны ў 1768—73). Выкладаў у школе будаўнікоў на Гарадніцы ў Гродне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГДА́Л (Аркадзь Бейнусавіч) (11.3.1911, г. Ліда Гродзенскайвобл. — 1991),
расійскі фізік. Акад.АНСССР (1966, чл.-кар. з 1953). Скончыў Ленінградскі ун-т (1936). З 1943 у Ін-це фіз. праблем, з 1945 у Ін-це атамнай энергіі, з 1971 у Ін-це тэарэт. фізікі АНСССР, адначасова з 1944 праф. Маскоўскага інж.-фіз. ін-та. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, фізіцы атамнага ядра і элементарных часціц. Прыстасаваў метады квантавай тэорыі поля да задачы многіх цел і тэорыі атамнага ядра.
Тв.:
Теория конечных ферми-систем и свойства атомных ядер. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЮЦЬ (Алесь) (Аляксандр Макаравіч; 6.10.1908, в. Скорычы Карэліцкага р-на Гродзенскайвобл. — 26.10.1944),
бел.паэт. Удзельнік Айч. вайны, загінуў на фронце ва Усх. Прусіі. Друкаваўся з 1928 у зах.-бел. прэсе. Асн. матывы творчасці — пратэст супраць сац. і нац. несправядлівасці, заклік да грамадзян. актыўнасці і салідарнасці прыгнечаных, паэтызацыя маральнага самаўдасканалення чалавека, апяванне хараства роднага краю. Пасля 1939 у вершах і артыкулах услаўляў новае жыццё.
Тв.:
У кн.: Мы іх не забудзем. Мн., 1949;
У кн.: Сцягі і паходні. Мн., 1965;
У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1967.
Літ.:
Багдановіч І. Лёс, апалены вайной: Бел. паэт Алесь Мілюць, ураджэнец вёскі Скорычы // Першыя і Другія карэліцкія краязнаўчыя чытанні: Да 600-годдзя Карэліч і Міра. Карэлічы;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНАРЭ́Т (араб., літар. маяк),
вежа каля мячэці, з якой мусульман заклікаюць да малітвы (намазу). Узводзяць каля мячэці ці ўключаюць ў яе кампазіцыю. Бываюць круглыя, квадратныя, шматгранныя, са спіралепадобным пандусам, з лесвіцай звонку ці ўнутры, адрозніваюцца арх. формамі і дэкорам (узорыстая муроўка, разьба, паліваная кераміка, ажурныя балконы). У 18 ст. ў еўрап. парках будавалі павільёны, якім надавалі формы М.
На Беларусі М. уключаецца ў склад драўляных мячэцей (в. Даўбучкі Смаргонскага р-на, 18 ст.; г.п. Мір Карэліцкага р-на, 18—19 ст.; г.п. Іўе Гродзенскайвобл., 19 ст.).
С.А.Сергачоў.
Мінарэт мячэці Азхар у Каіры. 8 ст.Мінарэт аль-Мальвія мячэці Мутавакіля ў г. Самара (Ірак). 846—852.Мінарэт Кутб-Мінар у Дэлі. 11 ст.