мацярык у Паўднёвым паўшар’і, у межах Паўд. палярнага круга, займае цэнтр. частку Антарктыкі. Пл. 13 975 тыс.км² разам з астравамі і шэльфавымі ледавікамі (найб. Роса, Фільхнера, Роне і інш., агульнайпл. 1582 тыс.км²). Пастаяннага насельніцтва няма. Берагі Антарктыды (даўж. больш за 30 тыс.км) парэзаны слаба. Пераважаюць ледавіковыя абрывы выш. 20—100 м. З боку Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. абмываюць Антарктыду моры Уэдэла, Лазарава, Рысер-Ларсена, Касманаўтаў, Садружнасці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля, Роса, Амундсена, Белінсгаўзена. У напрамку да Паўд. Амерыкі цягнецца вузкі Антарктычны паўвостраў. У м. Роса ўзвышаецца дзеючы вулкан Эрэбус (3794 м).
Ледавіковае покрыва і рэльеф. Антарктыда ўкрыта магутным шчытом мацерыковага лёду, не занята ледавікамі 0,2—0,3% тэр. (асобныя горныя вяршыні, хрыбты, невял. ўчасткі сушы — антарктычныя аазісы). Агульная пл. зледзянення (пачалося 300 млн.г. назад) 2044 каля 12 000 тыс.км², аб’ём лёду 24 млн.км³. Сярэдняя тоўшча ледавіковага покрыва 1720 м, найб. — 4500 м. Антарктыда — самы высокі мацярык на Зямлі. Сярэдняя выш. з улікам ледавіковага покрыва 2040 м. Сярэдняя выш. карэннай падлёднай паверхні 410 м (значная ч. ляжыць ніжэй за ўзровень мора). Большая ч. Антарктыды — пласкагор’е. Трансантарктычныя горы ўздоўж разломаў ад м. Уэдэла да м. Роса перасякаюць амаль увесь мацярык і падзяляюць Антарктыду на Усх. і Заходнюю. Плато Савецкае займае цэнтр.ч.Усх. Антарктыды (выш. да 4000 м), на Пн паверхня зніжаецца і ўтварае нізіну Міжнар.геафіз. года. Уздоўж узбярэжжа горныя хрыбты Зямлі Вікторыі, Зямлі Каралевы Мод, горы Прынс-Чарлз і інш. Паверхня Зах. Антарктыды значна ніжэйшая, больш расчлянёная, хрыбты размешчаны ў глыбіні мацерыка і на ўзбярэжжы. Самы высокі горны масіў Вінсан (5140 м, у гарах Элсуэрт). Рэльеф карэннай скальнай паверхні Антарктыды — чаргаванне горных падняццяў (падлёдавыя горы Гамбурцава і Вярнадскага) і глыбокіх нізін.
Геалагічная будова. Большая ч. Антарктыды — Антарктычная платформа, астатняя належыць да антарктычнага складкавага пояса, які з’яўляецца працягласцю Андаў. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал., медныя і свінцовыя руды; знойдзены мінералы, у якіх ёсць бром, волава, марганец, малібдэн, радовішчы графіту, горнага хрусталю і інш.
Клімат Антарктыды кантынентальны антарктычны, халодны і суровы (гл.Антарктычны клімат). Пануюць антарктычныя паветраныя масы, фарміруецца антарктычны антыцыклон. Сярэднія т-ры зімой ад -20 да -30 °C на ўзбярэжжы і ад -60 да -70 °C ва ўнутр. раёнах; летам адпаведна ад -10 да -30 °C, -40 °C. Абсалютны мінімум т-ры -89,3 °C зафіксаваны ў цэнтр.ч. на ст. Усход (Полюс холаду Зямлі). Ападкі толькі ў выглядзе снегу: 30—50 мм у цэнтр.ч. Антарктыды, 700—1000 мм на ўзбярэжжы за год. Моцныя штармавыя цыкланічныя і сцёкавыя вятры ў прыбярэжных раёнах дасягаюць скорасці 50—60, часам 90 м/с.
Арганічны свет. Для аазісаў характэрны ўмовы тыповых палярных пустыняў. Ёсць разнастайныя азёры (прэсныя і горка-салёныя). Свабодныя ад лёду ўчасткі ўзбярэжжа і скалы ўкрыты лішайнікамі, імхамі, водарасцямі (на Антарктычным п-ве — папарацепадобныя, каля 10 відаў кветкавых раслін). Фауна своеасаблівая і бедная: з птушак — пінгвіны, знойдзена некалькі відаў членістаногіх (кляшчы, нагахвосткі, ціхаходы і інш.).
Адкрыта Антарктыда 28.1.1820 рус. экспедыцыяй Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава. У пач. 20 ст. тут пабывалі Р.Скот, Э.Шэклтан, Р.Амундсен, Д.Моўсан і інш. У 1911 экспедыцыя Амундсена і ў 1912 Скота дасягнулі Паўд. полюса. У сувязі з Міжнар.геафіз. годам (1957—58) на мацерыку і прыбярэжных астравах створаны і дзейнічаюць 40 (1988) палярных станцый 16 краін свету, якія вядуць навук. даследаванні. Прававое становішча Антарктыды рэгулюецца Міжнар. дагаворам 1959.
Літ.:
Каменев В.М. Заповедная Антарктика. Л., 1986;
Бардин В. В горах и на ледниках Антарктиды. М., 1989.
В.Ю.Панасюк.
У Антарктыдзе.Палярная станцыя Дзюмон-Дзюрвіль (Францыя) у Антарктыдзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. axia каштоўнасць + ...логія),
вучэнне аб каштоўнасцях; філас. тэорыя агульназначных прынцыпаў, якія вызначаюць матывацыю і накіраванасць дзеянняў чалавека. Як навук. дысцыпліна сфарміравалася ў 2-й пал. 19 ст., хоць пытанні прыроды каштоўнасцяў (сэнс жыцця, сутнасць дабра і зла, справядлівасці і несправядлівасці) ставіліся на працягу ўсёй гісторыі філасофіі, пачынаючы са старажытнасці. У ант. і сярэдневяковай філасофіі (Арыстоцель, Платон, Пратагор, Сакрат, Аўгусцін, П.Абеляр, Фама Аквінскі і інш.) каштоўнасныя характарыстыкі ўключаліся ў само паняцце рэальнасці і вызначаліся нерасчлянёнасцю анталогіі і аксіялогіі, быцця і каштоўнасці. Упершыню разгорнутае вучэнне аб каштоўнасці даў ням. філосаф Р.Г.Лотцэ, які ўвёў у навук. ўжытак паняцце «аб’ектыўнай значнасці лагічных і матэматычных ісцін» у адрозненне ад іх эмпірычнага існавання — быцця. Адзін з заснавальнікаў бадэнскай школы неакантыянства В.Віндэльбанд да агульназначных каштоўнасцяў адносіў ісціну, дабро і прыгажосць, а навуку, правапарадак і рэлігію разглядаў як даброты культуры, без якіх чалавецтва не можа існаваць. Паводле Г.Рыкерта, найб.агульнай характарыстыкай эмпірычных каштоўнасцяў з’яўляецца воля звышіндывід. суб’екта, якая імкнецца спасцігнуць ісціну. З паняцця волі пры абгрунтаванні аксіялогіі зыходзілі і прадстаўнікі ням. школы неакантыянства Г.Коген і Н.Мюнстэрберг. Паслядоўнікі гусерліянскай школы неакантыянства Ф.Брэнтана, М.Гартман, А.Мейнанг, М.Шэлер лічылі, што крыніцай станоўчых каштоўнасцяў з’яўляюцца эмацыянальныя акты перавагі (любоў, спачуванне), а адмоўныя каштоўнасці ўзнікаюць ад акта агіды (нянавісці). Як незямную сутнасць «па-за прасторай і часам» трактуюць каштоўнасць прадстаўнікі неапратэстанцызму, неатамізму, інтуітывізму і інш. Прыхільнікі натуралістычных тэорый каштоўнасці (геданізм, эвалюцыйная этыка, эўдэманізм, тэорыя інтарэсаў) разглядаюць каштоўнасць як функцыю прыстасавання да навакольнага асяроддзя, выражэнне натуральных патрэбнасцяў чалавека і яго імкнення да асалоды і шчасця. У сацыялогіі паняцце каштоўнасцяў увёў М.Вебер, які зыходзіў з непазбежнай сувязі любога пазнання з «каштоўнаснымі ідэямі», інтарэсамі кожнага даследчыка. Паводле «структурнага функцыяналізму» Т.Парсанса каштоўнасці — вышэйшыя прынцыпы, на аснове якіх забяспечваюцца нармальнае функцыянаванне «сістэмы грамадства» і «сістэмы асобы» — згода (кансенсус) у малых грамадз. групах і ў грамадстве ў цэлым. Аналіз прычын трагічных канфліктаў і бедстваў, пошук шляхоў пераадолення экалаг. і ядзернай катастроф, якія пагражаюць чалавецтву, натуральна прывіў у сярэдзіне 20 ст. да ідэі прыярытэтнасці агульначалавечых каштоўнасцяў, надання ім статуса зыходных арыенціраў міжнар. і ўнутрыпаліт. жыцця, маральных паводзін людзей. Такое разуменне ўзаемасувязі глабальных праблем і агульначалавечых каштоўнасцяў выказвалі А.Эйнштэйн, Д.Бел, Б.Расел, Т. дэ Шардэн, А.Швейцэр, М.А.Бярдзяеў, А.Д.Сахараў і інш.
На Беларусі філас. прынцып духоўнай самакаштоўнасці чалавека, маральныя ідэалы дабра і справядлівасці знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці і творчасці Клімента Смаляціча, Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. У самаахвярным служэнні Бацькаўшчыне, агульнаму дабру і шчасцю суайчыннікаў бачыў галоўнае прызначэнне асобы Ф.Скарына. Яго паслядоўнікі і пераемнікі М.Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, А.Волан, Мялецій Сматрыцкі, Л.Карповіч, Сімяон Полацкі і інш. мысліцелі-гуманісты вылучалі як каштоўныя якасці чалавечай асобы высокую духоўнасць, талерантнасць, нац. самасвядомасць, павагу да людзей інш. нацыянальнасцяў. Дыялектычную ўзаемасувязь асобасных, нацыянальна-своеасаблівых і агульначалавечых каштоўнасцяў і інтарэсаў адзначалі ў сваёй творчасці К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч, Я.Купала, А.Луцкевіч, Я.Лёсік, В.Ластоўскі, І.Канчэўскі, У.Самойла, Ф.Шантар і інш. дзеячы культуры, ідэолагі нац.-культ. Адраджэння. Прадстаўнікі сучаснай бел. гуманістыкі разглядаюць каштоўнасці як неад’емны кампанент чалавечага быцця і існавання, даследуюць іх у арганічнай узаемасувязі з праблемамі ўмацавання суверэнітэту краіны, усведамлення кожным чалавекам сваёй нац. годнасці, прыналежнасці да цывілізаванай сям’і еўрапейскіх народаў і агульначалавечай супольнасці.
Літ.:
Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: (Даследзіны бел. светапогляду). Вільня, 1921;
4 выд.Мн., 1993;
Глобальные проблемы и общечеловеческие ценности: Пер. с нем. и фр.М., 1990;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;
Праблемы развіцця сучаснай філасофіі. Мн., 1994;
Weber M. Gesammelte Aufzätze zur Wissenschaftslehre. Tübingen, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРА́МА (грэч. drama літар. дзеянне),
1) адзін з трох асноўных родаў літаратуры (побач з эпасам і лірыкай). Яна бліжэй да эпасу, хоць убірае ў сябе і асобныя элементы лірыкі. У параўнанні з інш. родамі л-ры Д. вызначаецца найбольшай аб’ектыўнасцю, дзеянне ў ёй разгортваецца сваімі сіламі, характары раскрываюцца ў непасрэдных сутыкненнях, без «удзелу» аўтара. Звычайна мае востры. напружаны сюжэт. Для Д. характэрны дынамізм, павышаная канцэнтрацыя дзеяння, якое ад завязкі і да кульмінацыі няўхільна нарастае і ўскладняецца, набывае большую змястоўнасць, захоплівае ў сваю арбіту ўсё больш персанажаў. Асабліва вял. роля належыць канфлікту — аснове, стрыжню Д., сутыкненням, непрымірымай барацьбе характараў. Адметнасць Д. ў тым, што ўсе падзеі ў ёй адбываюцца толькі ў цяперашнім часе, хоць твор можа быць прысвечаны і сучаснаму жыццю, і далёкаму мінуламу. Д. зарадзілася з нар. рытуалаў і фалькл. абрадаў, гульняў, карагодаў, калі разам з рухамі (пантамімай, танцамі) пачалі выкарыстоўваць і словы. Пабудаваная ў дыялагічнай форме і пазбаўленая апісальніцтва Д. разлічана на публічнае выкананне акцёрамі. Псіхал. моманты ўспрыняцця (неабходная займальнасць, цікавасць да твора і г.д.) абумоўліваюць эстэт. прынцыпы і законы Д. Яна абмежавана ў памерах, у колькасці сюжэтных ліній, персанажаў, у часе, месцы дзеяння. Належыць тэатру і л-ры, патрабуе высокіх літ.-маст. вартасцей і сцэнічнасці. Твор, напісаны ў дыялагічнай форме, але без уліку патрабаванняў тэатра, яго сцэнічнага выканання, наз. «драмай для чытання» (ням. Lesendrama). Д. падзяляюцца на розныя жанры: трагедыя, камедыя, драма як жанр (гл. ніжэй), меладрама, трагікамедыя, вадэвіль, фарс і інш. На Беларусі Д. прайшла ўсе асн. этапы развіцця (гл.Драматургія). вядомы амаль кожны з яе жанраў.
2) Адзін з асн. і найб. пашыраных жанраў драм. твораў. Адлюстроўвае драм. калізіі, вострыя супярэчнасці, якія найчасцей у творы і вырашаюцца. Як і трагедыя, паказвае героя ў працэсе духоўнага росту ці дэградацыі, але без падкрэсленай яго велічнасці. Як і ў камедыі, у Д. больш паказваецца прыватнае жыццё персанажа, аднак асн. яе мэта — паказ героя ў драм. барацьбе. Д. як жанр у залежнасці ад агульнай накіраванасці, ахопу і адбору жыццёвых з’яў, выкарыстанню маст. сродкаў, паводле стылявых адзнак падзяляецца на сацыяльную, бытавую, гістарычную, дакументальную, псіхалагічную, гераічную, лірычную і інш. Элементы ўласна Д. ёсць у антычных драм. творах (напр., у Эўрыпіда) і асабліва рэнесансавай драматургіі. Як самаст. жанр склалася і атрымала тэарэт. абгрунтаванне толькі ў 2-й пал. 18 ст. ў асветнікаў (мяшчанская драма Д.Дзідро, Л.С.Мерсье ў Францыі, Г.Э.Лесінга ў Германіі). Для пачатковых этапаў развіцця Д. характэрна шчаслівае вырашэнне канфліктаў. У далейшым унутраны дынамізм узмацняецца, шчаслівая развязка сустракаецца ўсё радзей, а герой застаецца звычайна ў разладзе з грамадствам і самім сабой («Навальніца» і «Беспасажніца» А.М Астроўскага, п’есы А.П.Чэхава, Б.Шоу, Б.Брэхта). На Беларусі Д. атрымала развіццё ў пач. 20 ст. ў творчасці К.Каганца («У іншым шчасці няшчасце схавана»), Я.Купалы («Раскіданае гняздо»), Я.Коласа («Антось Лата»), Л.Родзевіча («Пакрыўджаныя»), М.Гарэцкага («Атрута»). У большасці выпадкаў, дакладна ўзнаўляючы побыт, жыццёвыя рэаліі, гэтыя творы адлюстроўваюць сац. супярэчнасці і канфлікты, узнімаюць важныя праблемы, маюць высокае грамадзянскае гучанне. Набыла пашырэнне гіст. Д. («Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча, «Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча, «Осцей — Альгердаў унук» І.Чыгрынава). Значнае месца занялі творы пра Вял.Айч. вайну («Проба агнём» і «Людзі і д’яблы» К.Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.Махнача, «Апошні шанц» В.Быкава, «Радавыя» А.Дударава), а таксама пра сучаснае жыццё («Экзамен на восень» І.Шамякіна, «Трывога» і «Соль» Петрашкевіча, «Выклік багам» А.Дзялендзіка, «Парог» і «Вечар» Дударава, «Ку-ку» М.Арахоўскага, «Пеўчыя сорак першага года» Г.Марчука, «Пятля часу» Р.Баравіковай і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́ЦКІ РАЁН,
на ПдЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 50,6 тыс.чал. (1997), гарадскога 42%. Сярэдняя шчыльн. 28 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Глыбокае, г.п. Падсвілле, 538 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на Падсвільскі пасялковы Савет і 12 сельсаветаў: Абрубскі, Азярэцкі, Галубіцкі, Залескі, Зябкаўскі, Карабоўскі, Ломашаўскі, Пліскі, Празароцкі, Псуеўскі, Удзелаўскі, Узрэцкі.
Паверхня пераважна раўнінная, выш. 160—170 м (агульны нахіл тэр. з Пд на Пн); у цэнтр.ч. і на Пд узвышаная — з ПдЗ на ПнУ цягнуцца Свянцянскія грады. На Пн і ПнЗДзісенская нізіна, на ПнУ заходзіць Верхнебярэзінская нізіна. Найвыш. пункт 226,4 м (каля в. Кавалі). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, легкаплаўкія гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,1 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 599 мм за год. Вегетацыйны перыяд 184 сут. Па тэр. раёна часткова праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў (рэкі Зах. Дзвіна і Дняпро). Асн. рэкі Бярозаўка з Дабрылаўкай Мнюта, Авута, Шоша з Чысцянкай. У раёне 57 азёр агульнайпл. 33,9 км² (2% тэр. раёна), найб. азёры: Шо, Пліса, Доўгае (самае глыбокае на Беларусі, глыб. 53,6 м), Царкавішча. Глебы: дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя, тарфяна-балотныя. Лясы займаюць 24% тэр., пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя. Пад балотамі 26,4 тыс.га, асн. балотныя масівы — Асовіны, Скураты, Кур’янава, Барысаўка. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: гідралагічныя Белае і Доўгае, ландшафтна-геал.-геамарфалагічныя — лагчынныя катлавіны азёр Доўгае і Псуя, Аўцкая ледавіковая лагчына і Сетаўская сешча. Заказнікі мясц. значэння ландшафтныя: Пліскі камавы масіў і Малінаўшчынскія пагоркі. Дзярж.геал. і геамарфалагічныя помнікі прыроды: Вялікі камень Бортніцкі, Вялікі камень Пліскі (2), Вялікі камень Пліскі (3), Вялікі камень Старынаўскі, Габрусёў камень Шунеўскі, Галубінскае пінга, Горкінскі оз, Камень з рыбкамі Багушэвіцкі, Мосарскі камоід, Чортаў камень Вялецкі. Помнікі прыроды мясц. значэння: Вялікі камень Давідкаўскі, Вялікі камень Пліскі з групай валуноў, Гарвацкі кам, Дэндралагічны сад (1,5 км ад г. Глыбокае), Зябкінскі пагорак, Кавалёўская гара, Камень Галубіцкі, Камень Прошкаўскі, Камень Прыпернаўскі, Мядзведкаўскі оз.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 96,6 тыс.га, з іх асушаных 27,3 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 21 калгас, 6 саўгасаў, 56 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля і льнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці, першаснай перапрацоўкі лёну; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Маладзечна—Полацк, Крулеўшчына—Варапаева, аўтадарогі Полацк—Вільня (Літва), Докшыцы—Глыбокае—Шаркаўшчына, Глыбокае—Дзісна і інш. У раёне 21 сярэдняя, 18 базавых і 5 пач. школ, школа мастацтваў, 29 дашкольных устаноў, 45 клубаў, 65 б-к, 5 бальніц, 26 фельч.-ак. пунктаў, 7 амбулаторый, паліклініка. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом (2-я пал. 19 ст.) у в. Азерцы, царква Іаана Прадцечы (канец 19 ст.) у в. Бабруйшчына, Міхайлаўская царква (1916) у в. Верхняе, царква (18 ст.) у в. Вялец, касцёл (19 ст.) у в. Дзеркаўшчына, Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.) у в. Забор’е, касцёл Багародзіцы Міласцівай (1910) у в. Задарожжа, сядзіба (19 ст.) і Свята-Пакроўская царква (1760) у в. Залессе, Успенская царква (1748) са званіцай (1774) у в. Кавалі, каменны крыж на «галодным могільніку» (18 ст.) у в. Кішы, царква (18 ст., да 1866 касцёл) у в. Мамаі, касцёл Ганны (1792) у в. Мосар, царква Ушэсця (1863) у в. Парэчча, царква св. Параскевы (1880) у в. Пліса, касцёл Маці Божай (1907) і Петрапаўлаўская царква (1909) у в. Празарокі, касцёл Іаана (канец 19 ст.) у в. Прошкава, касцёл францысканцаў (1740) у в. Удзела, царква Параскевы (1887) у в. Чарневічы. Выдаецца газ. «Веснік Глыбоччыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕСТ І ФО́РМА,
суадносныя філас. катэгорыі. Змест — вызначальны бок цэлага, сукупнасць усіх частак (элементаў) прадмета, адзінства яго ўласцівасцей, унутр. працэсаў, сувязей, супярэчнасцей, узаемадзеянняў з іншымі прадметамі. Форма — унутр. арганізацыя, тып і структура зместу. З. і ф. знаходзяцца ў адзінстве, могуць нават пераходзіць адно ў адно, але гэтае адзінства адноснае. Змест уяўляе сабой дынамічны бок адзінага цэлага, форма, наадварот, — больш кансерватыўная. У выніку ў пэўны час узнікае супярэчнасць паміж новым зместам і старой формай, якая вырашаецца шляхам «скідвання» старой формы і заменай яе новай, адпаведнай новаму зместу. Катэгорыі З. і ф. ўпершыню распрацаваны ў стараж.-грэч. філасофіі. Першапачатковым разуменнем катэгорыі зместу было меркаванне аб існаванні нейкага пастаяннага субстрату (першаасновы ў выглядзе апейрона, матэрыі і г.д.) у адрозненне ад узнікаючага і знікаючага свету навакольных рэчаў. Форму ж разумелі як прасторава-арганізаваную структуру цела (атамісты), як нейкую цэласнасць, сутнасць быцця кожнай рэчы (Платон), як пэўнасць саміх матэрыяльных рэчаў (Арыстоцель). Арыстоцель дапускаў таксама існаванне і неаформленай матэрыі і нематэрыяльнай формы, узыходнай да «формы формаў», г.зн. да бога. У філасофіі новага часу (Дж.Бруна, Ф.Бэкан, Р.Дэкарт, Т.Гобс і інш.) быў абгрунтаваны тэзіс аб прымаце матэрыі над формай, аб адзінстве З. і ф. І.Кант засяродзіў увагу на праяўленні З. і ф. ў мысленні. Ён атаясамліваў матэрыю з пачуццёва-дадзеным зместам мыслення, з яго разнастайнасцю, а форму — з тым, што сістэматызуе гэтую разнастайнасць. Г.Гегель адхіліў метафізічны падыход да З. і ф. як самаізаляваных і ўпершыню ўсебакова раскрыў дыялектную ўзаемасувязь. К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін разглядалі З. і ф. з дыялектыка-матэрыяліст. пазіцый, аналізавалі гэтыя катэгорыі і ў тэарэт. і ў канкрэтнай сац.-практ. плоскасці. Катэгорыі З. і ф. маюць прынцыповае значэнне і для разумення гіст. працэсаў у цэлым, і для свядомага ўздзеяння на сац.-эканам., паліт., духоўна-маральныя адносіны ў грамадстве.
З. і ф. ў літаратуры і мастацтве характарызуюць дыялектычную структуру маст. вобраза і выступаюць у якасці крытэрыю яго эстэт. вартасці. Змест адлюстроўвае агульныя, сутнасныя тыповыя рысы прадмета, форма — яго асаблівыя, наяўныя, індывід. рысы. Звязаныя з прадметам як аб’ектам успрымання, яны адпаведна звязаны і з суб’ектам: змест суадносіцца з рацыянальным, форма — з эмацыянальным пачаткам. У эстэт. аспекце спецыфіка З. і ф. заключаецца ў іх непарыўным адзінстве і ўзаемадзеянні, могуць выступаць і як сукупнасць пэўных узроўняў маст. твора. У структуры літ.-маст. твора могуць быць вылучаны наступныя ўзроўні: моўныя гукі, марфемы, словы, тропы, сінтакс. адзінкі, моўная тканіна, кампазіцыя, сюжэт, фабула, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры жывапіснага вобраза — колеры, лініі, контуры, кампазіцыя, перспектыва, прадметы, сюжэт, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры арх. твора — колер, фактура, матэрыял, сілуэт, канструкцыя, функцыя. Пераход ад аднаго ўзроўню да другога адметны паступовасцю, запоўненасцю паміж полюсамі З. і ф., іх цэласнасцю і рухомасцю адзінства. Прамежкавыя ўзроўні суадносяцца паміж сабою як З. і ф. ў залежнасці ад іх месца ў агульнай структуры твора. Маст. твор і адпаведны яму маст. вобраз як дыялектычна супярэчлівае адзінства З. і ф. маюць зменлівы, рухомы характар. Адзінства З. і ф. можа знаходзіцца ў розных станах — гарманічнай цэласнасці, антаганістычным проціпастаўленні, перавагі зместу над формай ці наадварот. У агульнаэстэт. аспекце такія станы суадносяцца з асн.эстэт. катэгорыямі (прыгожага, агіднага і інш.). У мастацтвазнаўчым плане яны звязаны з тыпалогіяй стыляў, што змяняюцца ў пэўнай паслядоўнасці, выступаюць як адзін з асн. законаў гісторыі, мастацтва і цесна звязаны з законамі развіцця грамадства ўвогуле.
Літ.:
Аристотель. Метафизика // Соч.М., 1976. Т. 1;
Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. М., 1974;
Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТАПІСЫ,
гісторыка-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадах; помнікі пісьменнасці ўсх. славян 11—18 ст. Пагадовая форма выкладу гісторыі вядома з часоў антычнасці. У форме Л. складалі свае творы першыя гісторыкі Стараж. Рыма. У сярэднія вякі асн. відамі гіст. запісаў у летапіснай форме былі ў Зах. Еўропе аналы і хронікі. У працэсе станаўлення Л. (хронікі) прайшлі шлях ад лаканічных храналагічных запісаў да разгорнутага каменціраванага апісання гісторыі. Сярэдневяковыя летапісцы апісвалі пераважна вонкавы бок падзей і асвятлялі мінулае з пункту гледжання свецка-рыцарскіх або хрысц.-аскетычных ідэалаў, прама ці ўскосна зыходзячы з царк.-рэліг. канцэпцыі свету. У Зах. Еўропе традыц. летапісанне (хранаграфія) заняпала ў эпоху Адраджэння са з’яўленнем новай свецкай гістарыяграфіі, заснаванай на гуманіст. светапоглядзе і традыцыях ант.гіст. прозы. На Русі Л. пачалі складаць у 11 ст.; гэта было выклікана ідэйна-паліт. задачамі культ.-гіст. развіцця ўсх. славян, бурным ростам іх грамадскай і этн. свядомасці ў перыяд актыўнага гіст. самасцвярджэння. У пач. 12 ст. ў Кіеве створаны агульнарус. летапісны помнік «Аповесць мінулых гадоў». Гэты твор паслужыў стымулам і асновай для зараджэння летапісання ў інш. гарадах і землях ўсх. славян. У 12—14 ст. Л. мелі пераважна мясц. характар. Паўд.-рус. летапісанне гэтага часу прадстаўлена Кіеўскім летапісам і Галіцка-Валынскім летапісам, наўгародскае — Наўгародскім 1-м, уладзіміра-суздальскае — Лаўрэнцьеўскім летапісам і Радзівілаўскім летапісам. У 15 ст. ўзніклі летапісныя зборы Троіцкі летапіс (пач. 15 ст.), Бел.-літ. летапіс 1446, збор 1448 і інш. Найбуйнейшымі цэнтрамі летапісання былі Кіеў, Масква, Ноўгарад, Смаленск, магчыма, Полацк. У 17 — пач. 18 ст. інтэнсіўна развівалася ўкр. летапісанне (гл.Казацкія летапісы). Традыц. летапісанне ў Расіі, на Беларусі і Украіне заняпала ў 18 ст. разам з завяршэннем стараж. эпохі ў гісторыі літаратур усх.-слав. народаў. Складанне Л. было справай палітычнай; летапісцы выражалі інтарэсы і ідэйна-паліт. памкненні пэўнага сац. асяроддзя. Лепшыя стараж.-рус. Л. — цэласныя гіст.-літ. творы, якія вызначаюцца майстэрствам апавядання, шырынёй гіст. погляду, высокай ідэйнасцю і публіцыстычнасцю. Паводле жанравай структуры Л. — гэта зборы, якія аб’ядноўваюць кароткія дзелавыя запісы, дакументы (лісты, прывілеі, граматы), літ. творы, што надае ім выгляд гіст.-літ. кампіляцый. Гіст. падзеі і факты датаваліся ў Л. «ад стварэння свету», з 16 ст. ў бел. Л. датаванне вялося «ад нараджэння Хрыста» (розніца паміж дзвюма датамі складала 5508 гадоў). Навук. даследаванне і выданне Л. пачалося ў 18 ст. Вялікі ўклад у гэтую справу зрабілі А.А.Шахматаў, Дз.С.Ліхачоў, М.М.Улашчык, якія прапанавалі новыя падыходы і метады даследавання. Вядома каля 1,5 тыс. розных летапісных спісаў. Большасць з іх зберагаецца ў архівах і б-ках Масквы і Санкт-Пецярбурга. Самыя выдатныя Л. выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў. На Беларусі Л. вядомы з часоў Полацкага княства. Асаблівай папулярнасцю карысталіся «Аповесць мінулых гадоў» і Галіцка-Валынскі летапіс. Апошні паслужыў крыніцай і літ. ўзорам «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хронікі Быхаўца. У 15—17 ст. на Беларусі чыталі, перапісвалі і выкарыстоўвалі пры складанні летапісных збораў і кампіляцый розныя стараж.рус. Л. У 2-й чвэрці 15 ст. маскоўскі Л. Фоція пакладзены ў аснову агульнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446; Аўрамкі летапіс у аснове меў наўгародскае паходжанне. У 16—17 ст. на бел. землях бытаваў ілюстраваны Радзівілаўскі летапіс, пратограф якога паходзіў з Маскоўскай Русі. Літ. традыцыі стараж.-рус. Л. адыгралі вял. ролю ў гісторыі бел. летапісання. Гл. таксама Летапісы беларуска-літоўскія, Летапісы беларускія, Летапісныя аповесці і апавяданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНА́Я ГАСПАДА́РКА,
галіна нар. гаспадаркі, якая займаецца зберажэннем, выкарыстаннем і аднаўленнем лесу. Прадугледжвае ўлік (гл.Лясны кадастр), лесаўпарадкаванне, своечасовае аднаўленне лесу і лесаразвядзенне (гл.Лясныя культуры), ахову лясоў ад пажараў, шкоднікаў і хвароб, найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў і зямель ляснога фонду, усебаковае выкарыстанне вода-, глеба- і полеахоўных, сан.-гігіенічных і інш. функцый лесу. Асн. палажэнні вядзення Л.г. і лесакарыстання закладзены ў Лясным кодэксе Рэспублікі Беларусь, а юрыд. нормы лясных адносін, зберажэння і аховы лесу — ў лясным заканадаўстве. Л.г. стварае базу для развіцця лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Асн. работы лесагаспадарчай вытв-сці: высечкі догляду лесу, сяўба і пасадка лесу, догляд лясных культур, асушэнне лясных зямель, збор насення, вырошчванне лесапасадачнага матэрыялу і інш. Л.г. займаецца прамысл. вытв-сцю (перапрацоўка дробнатаварнай, нізкасартавой драўніны і адходаў Л.г.), а таксама зборам дзікарослых пладоў, ягад, грыбоў, лек. і тэхн. сыравіны. На Беларусі землі ляснога фонду займаюць 9,2 млн.га, або 44,3% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,4 млн.га (35,4%). Асн. дрэвавыя пароды: хвойныя (хвоя, елка) — 65%, цвердалістыя (граб, дуб, ясень, клён) — 4% і мяккалістыя (бяроза, асіна, вольха і інш.) — 31%. Агульны запас драўніны на корані складае 1,1 млрд.м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн.м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 75 млн.м³. Кіруе Л.г. Міністэрства лясной гаспадаркі, якому падпарадкавана 74% зямель ляснога фонду. Астатнія замацаваны за с.-г. прадпрыемствамі і інш. карыстальнікамі. Асн.адм.-гасп. адзінка — лясгас (у 1998 было 88 лясгасаў). Выконваюць усе лесагасп. работы і ажыццяўляюць кантроль за выкарыстаннем лесасыравінных рэсурсаў лясніцтвы. Штогод высечка лесу праводзіцца на пл. 26 тыс.га. Значная ч. драўніны ідзе на перапрацоўку. У 1997 нарыхтавана 11,6 млн.м³ драўніны. Экспартуецца дробнатаварная драўніна (дыяметрам 6—13 см): балансы для цэлюлознапапяровай прам-сці, руднічная стойка для шахтаў. Доля экспарту піламатэрыялаў у 1997 склала 38%, або 115,7 тыс.м³.
За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўлення павялічылася з 21% да 36%. На 1 жыхара рэспублікі прыпадае 0,73 га і 108 м³ лесу, што ў 2 разы вышэй за сярэднееўрап. ўзровень. Спецыфічнымі асаблівасцямі лясоў Беларусі з’яўляюцца: перавага маладых і сярэднеўзроставых насаджэнняў (81%), забалочанасць (15%) і радыеактыўнае забруджванне (23,3%). На землях, забруджаных радыенуклідамі, агульнайпл. 1723,3 тыс.га (на 1.1.1998) штогод праводзіцца лесааднаўленне і залясенне. У цэлым па рэспубліцы лесааднаўленне і залясенне ў 1997 праведзена на пл. 24,3 тыс.га, у т. л. 5,5 тыс.га на тэрыторыі забруджанай радыенуклідамі. Лесапасадачны матэрыял вырошчваецца ў 180 лясных гадавальніках. Штогод нарыхтоўваецца каля 140 т насення дрэвавых і хмызняковых парод. У 1997 лясгасамі нарыхтавана 1550 т ягад (журавіны, брусніцы, чарніцы), 203 т грыбоў, 37 тлек. сыравіны і 38 т мёду. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца лось, алень, дзік, казуля, вавёрка, заяц, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, барсук, рысь, выдра, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, курапатка, качка і інш. У 301 паляўнічай гаспадарцы працуе 131 спецыяліст-паляўніцтвазнавец і 986 штатных егераў. З 1991 у лясных угоддзях Беларусі арганізуюцца туры для замежных паляўнічых.
Навук.-даследчую работу па пытаннях Л.г. праводзяць у Ін-це лесу Нац.АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це і інш. Даследуюцца праблемы гібелі лясных насаджэнняў ад пажараў, уздзеяння неспрыяльных умоў надвор’я, пашкоджання дзікімі жывёламі, хвароб лесу і інш. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове лесу ад шкоднікаў і хвароб. У 1997 біял. метад аховы выкарыстаны на пл. 16,1 тыс.га лясных насаджэнняў, хім. — 3,4 тыс.га. Гл. таксама Лесаводства, Лесазнаўства.
Літ.:
Рублевский С.А. Управление лесами и лесным хозяйством Белорусской ССР. Мн., 1979;
Янушко А. Д., Желибо Б. Н. Интенсификация лесного хозяйства Белоруссии и ее эффективность. Мн., 1975.
Р.Р.Паўлавец.
Да арт.Лясная гаспадарка. Сярэднеўзроставае клянова-асінавае насаджэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА),
мезазой
[ад мез(а)... +грэч. zōe жыццё],
другая эратэма слаёў фанеразою, якая ў агульнай стратыграфічнай шкале знаходзіцца паміж палеазойскай эратэмай (эрай) і кайназойскай эратэмай (эрай), і адпаведная ёй эра геал. гісторыі Зямлі. Вылучана у 1841 англ. геолагам Дж.Філіпсам. Пачалася каля 230 млн. гадоў назад і цягнулася каля 163 млн. гадоў. Падзяляецца на трыясавую сістэму (перыяд), юрскую сістэму (перыяд) і мелавую сістэму (перыяд).
У трыясавым перыядзе ў многіх абласцях Зямлі адбылося павелічэнне пл. кантынентаў. Мора пакінула платформы і асобныя ўчасткі геасінкліналяў (Кардыльеры). У канцы трыясу — пач. юры развіваліся старажытнакімерыйскія гораўтваральныя працэсы (Балканскі п-аў, Крым, Каўказ, Мангышлак, Індакітай, ПнУ Азіі). Пачалося драбленне мацерыка Гандвана, актывізавалася вулканічная дзейнасць (Афрыка, Паўд. Амерыка). У пач. юры апусканне значных участкаў сушы абумовіла новую трансгрэсію (наступанне вод мора на сушу), якая завяршылася ў канцы юры новакімерыйскай складкавасцю (гл.Мезазойская складкавасць). У 1-й палавіне мелавога перыяду мора пакрывала некаторыя ўчасткі Усх.-Еўрапейскай і Сібірскай платформы. У пач. позняга мелу адбывалася найб. ў М.э. (э.) трансгрэсія мора, якая пашырылася на б.ч.Паўд. паўшар’я. У Паўн. паўшар’і мора пакрыла Паўд. і Сярэднюю Еўропу. У мелавым перыядзе канчаткова распаўся мацярык Гандвана, з частак якога ўтварыліся сучасныя мацерыкі Паўд. паўшар’я. У канцы М.э. (э.) ларамійскія гораўтваральныя рухі адбываліся пераважна ўздоўж узбярэжжа Ціхага ак. (горныя сістэмы Паўн.-Усх. і Усх. Азіі, Скалістых гор, Андаў і інш.). М.э. (э.) адзначана істотнымі зменамі ў складзе арган. свету. З’явіліся дыятомавыя і харавыя водарасці, какалітафарыды. Сярод споравых пераважалі папараці. З канца трыясавага перыяду пачалі развівацца голанасенныя, хвойныя, гінкгавыя, бенетытавыя і сагоўнікавыя. У сярэдзіне мелавога перыяду дамінавалі пакрытанасенныя, што захаваліся да сённяшняга часу. Рэзка змяніўся ў мезазоі і склад беспазваночных жывёл. Дасягнулі росквіту галаваногія малюскі: цэратыты (трыяс), аманіты (юра), белемніты (мел). Існавалі таксама пласціністашчэлепныя, бруханогія, плечаногія, марскія вожыкі, каралы, губкі і інш. Характэрны гіганцкія паўзуны (дыназаўры, плезіязаўры, іхтыязаўры і інш.). З’явіліся першыя млекакормячыя і птушкі (юра, мел), пануючае становішча занялі касцістыя рыбы.
Марскія геасінклінальныя адклады прадстаўлены пясчанікава-сланцавымі, часам з эфузівамі, і вапняковымі тоўшчамі; платформенныя — пясчана-гліністымі пародамі з глаўканітам і праслоямі фасфарытаў, на ПдУсх.-Еўрапейскай платформы — тоўшчамі мергеляў і пісчага мелу; кантынентальныя ўтварэнні — чырванаколернымі і вугляноснымі тоўшчамі. Да адкладаў мезазою прымеркаваны радовішчы каменных і бурых вуглёў, нафты, баксітаў, каменнай і калійных солей, фасфарытаў і жалеза; у геасінклінальных абласцях Азіі і Амерыкі з імі звязаны радовішчы золата, серабра, волава, свінцу, цынку, медзі і інш.
На Беларусі вядомы адклады ўсіх 3 сістэм М.э. (э.). Макс. магутнасць іх да 800 м (цэнтр.ч. Прыпяцкага прагіну). У трыясе б.ч. тэрыторыі была сушай, толькі ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне спачатку існавалі прэснаводныя лагуны, пазней невял. азёры. Магутнасць трыясавых адкладаў 2—11 м (Брэсцкая ўпадзіна) і 450 м (Прыпяцкі прагін), прадстаўлены пясчана-гліністымі і глініста-мергелістымі пародамі, у ніжняй тоўшчы з рэшткамі філапод. астракод, абломкаў лускі і касцей рыб, харавых водарасцей. У перыяд юрскай трансгрэсіі мора пранікла на тэр. Беларусі з ПнУ і З. Мелкаводныя марскія басейны нармальнай салёнасці пакрылі ўсх. і зах.ч. тэрыторыі. Адклады. магутнасцю да 200 м, прадстаўлены тэрыгенна-карбанатнымі тоўшчамі (вапнякі, мергелі, гліны, пясчанікі, спангаліты). З канца юры да ранняга мелу існавалі кантынентальныя ўмовы. У мелавы перыяд трансгрэсіі і рэгрэсіі мора неаднаразова паўтараліся. У канцы маастрыхцкага веку мора поўнасцю пакінула тэр. Беларусі. Мелавыя адклады магутнасцю больш за 400 м (паўд.-зах. схіл Варонежскай антэклізы), складзены з пясчана-карбанатных, мергельна-мелавых і крамяністых парод, маюць у сабе рэшткі фарамініфер, астракод, белемнітаў, брахіяпод, пеліцыпод, касцістых рыб і інш. У адкладах мезазою на Беларусі выяўлены радовішчы бурага вугалю, мергельна-мелавых і крэменязёмістых парод і фасфарытаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЧЭ́ЦЬ (араб. месца пакланення),
культавы будынак у ісламе, месца агульнай малітвы.
М. ўзніклі ў 7 ст. Першапачаткова для мусульм. набажэнства прыстасоўвалі б. язычніцкія храмы або цэрквы. Да 8 ст. сфарміраваліся асн. тыпы М.: дваровыя (адкрыты прамавугольны двор, абнесены сценамі і галерэямі) і ку́пальныя. Ва ўсіх М. у сцяне, звернутай да Меккі, знаходзіцца адзін ці некалькі міхрабаў (Амеядаў мячэць у Дамаску, М. Ібн Тулуна ў Каіры, 9 ст.). З правага боку ад міхраба — узвышэнне ці кафедра (мінбар) з 3—9 прыступак, дзе чытаюць хутбу (мусульм. пропаведзь). З 10 ст. пашыраны тып М. з айванамі (тэрасамі) па восях двара. У розных краінах пад уплывам мясц.буд. традыцый выпрацаваліся самаст. тыпы М.: у Паўн. Афрыцы для іх характэрна глыбокая малітоўная зала з выходзячымі ў двор шматлікімі нефамі, столлю-артэсанада (з кесонамі) і сталактытавымі купаламі (М.Кутубія ў Маракешы, Марока, 1153); у Іране, краінах Цэнтр. і Сярэдняй Азіі — айваны па баках двара, на гал. фасадзе высунуты манум, партал-пяштак (М. Калян у г. Бухара, Узбекістан, 12 ст., перабудавана ў 15—16 ст.; саборная М. у г. Ісфахан, Іран, 9—20 ст.), у Турцыі — цэнтрычны будынак з вял. купалам у акружэнні малых купалаў ці паўкупалаў (М. Селіміе ў Стамбуле, 1557). М. аздаблялі разьбой па стука, камені ці дрэве, узорыстай цаглянай або каменнай муроўкай, паліванай керамікай, інкрустацыяй, мазаікай, размалёўкай (суніцкая М. у г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція, 1906—08, арх. І.Плашко). Пры М. звычайна ставяць мінарэты.
На Беларусі пісьмовыя сведчанні пра М. адносяцца да 16 ст. Першыя з іх былі драўляныя адназрубныя пад 4-схільным дахам, са слупавым ганкам ці галерэяй, без мінарэтаў. Паступова з’явіўся мінарэт у выглядзе стромкай вежы. У 18—19 ст. узнік адметны тып М., па архітэктуры блізкі да касцёла: зруб пад 2-схільным дахам з вежай-мінарэтам. Унікальным помнікам архітэктуры з рысамі класічнага Усходу з’яўлялася М. з в. Даўбучкі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. (18 ст.) з 12-гранным купалам, галерэяй і 3-ярусным мінарэтам. Шмат М. будавалі на ўзор правасл.царк. архітэктуры. М. на Беларусі мелі асобныя памяшканні для мужчын і жанчын, падзеленыя сцяной з шырокім акном, закрытым кратамі-балясінамі, з тонкай занавескай (муслінавай). Міхраб знаходзіўся ў мужчынскай палавіне. Падлогу засцілалі зялёнымі суконнымі коўдрамі (кілімамі), круглымі дыванкамі (чалунамі) з імёнамі продкаў падзвіжнікаў. Для старых і хворых уздоўж сцен ставілі лавы, засланыя зялёнымі посцілкамі. На падлозе і сценах былі ваўняныя дываны з выявамі славутых М., мугіры з тэкстамі Карана, імёнамі святых, відарысамі Меккі і інш. У 1-й пал. 20 ст. існавалі Іўеўская мячэць, М. ў вёсках Некрашунцы Воранаўскага р-на (паводле падання, прыход засн. ў 1415, у 1915 М. спалена, адбудавана ў 1926), Лоўчыцы Навагрудскага р-на (1688), г.п. Мір Карэліцкага р-на (да 1795, адбудавана нанава ў 1840), г. Навагрудак (1796, адноўлена ў 1855), вёсках Крушыняны (Гродзенскі пав., 18 ст.) і Асмолава Навагрудскага р-на (1924—25), у гарадах Слонім (1804, у 1881 згарэла, у 1882 адбудавана) Гродзенскай вобл., Ляхавічы Брэсцкай вобл. (1815, разбурана ў 1917, у 1924—28 адноўлена), Мядзел (1840, спалена ў грамадз. вайну, у 1930 адбудавана), Клецк (1881, буд-ва фундавалі Радзівілы, рамантавалася ў 1911, 1930—31), Узда, Капыль, г.п. Смілавічы (19 — пач. 20 ст.) Мінскай вобл., Мінску (1901, адзіная мураваная М. на Беларусі), г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. (1860—65, у грамадз. вайну спалена, у 1930—32 адбудавана, з 1999 дзейнічае). Захаваліся М. ў вёсках Даўбучкі (перавезена ў Бел.дзярж. музей нар. архітэктуры і побыту), Лоўчыцы (рэшткі), Іўі, Навагрудку. М. адбудаваны ў Слоніме (1994), у Навагрудку (1996), адкрыта новая М. у Смілавічах (1996). Распрацаваны праекты аднаўлення і рэстаўрацыі М. у Даўбучках, Лоўчыцах, Мінску.
Літ.:
Лакотка А.І. Бераг вандраванняў, ці Адкуль у Беларусі мячэці. Мн., 1994;
Drozd A, Dziekan M.M., Majda T. Meczety i cmentarze Tatarów polsko-litewskich. Warszawa, 1999.
А.І.Лакотка.
Мячэці: 1 — у г.п. Смілавічы Пухавіцкага раёна Мінскай вобл., 1996; 2 — з вёскі Даўбучкі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобл. (праект рэстаўрацыі для Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, аўтар А.І.Лакотка); 3 — суніцкая ў г. Уладзікаўказ (Паўночная Асеція), 1906—08, арх. І.Плашко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДЫ АЎСТРА́ЛІІ І АКІЯ́НІІ Агульная колькасць насельніцтва 29,7 млн.чал. (ацэнка на пач. 1998), у т. л. ў Аўстраліі 18,6 млн., Акіяніі 11,1 млн. Карэннае насельніцтва Аўстраліі і Акіяніі належыць да 2 тыпаў акіянійскага адгалінавання негроіднай расы — аўстралійскага (гл.Аўстралоідная раса) і меланізійскага; у Мікранезіі і Палінезіі жывуць тыпы, пераходныя паміж аўстралоідамі і мангалоідамі — мікранезійцы і палінезійцы. Засяленне Аўстраліі і Акіяніі еўрапейцамі ў 19—20 ст. прывяло да колькаснай перавагі еўрапеоідаў. У выніку кантактаў карэннага і еўрап. насельніцтва ўтварыліся групы метысаў. У сучасным насельніцтве прадстаўнікоў еўрапеоіднай расы каля 21 млн. (71%), аўстралоіднай — 6,7 млн. (23%). Жыве невял. колькасць прадстаўнікоў мангалоіднай расы — каля 400 тыс.чал. (1,3%). Астатняе насельніцтва ў расавых адносінах прыпадае на пераходныя тыпы, у т. л. 1,3 млн. (4,4%) мікранезійцаў і палінезійцаў. Насельніцтва Аўстраліі і Акіяніі складаецца з 3 этн. кампанентаў: абарыгены; насельніцтва еўрап. паходжання; выхадцы з Азіі і іх нашчадкі. Аўстралію і Акіянію насяляе вял. колькасць (больш за 1,5 тыс.) мясц. абарыгенных плямён і народаў агульнай колькасцю 8,4 млн. (28% усяго насельніцтва). Большасць насельніцтва складаюць нашчадкі перасяленцаў з Еўропы разам з нядаўнімі эмігрантамі. Есць перасяленцы з Азіі і Амерыкі. 27 народаў налічваюць больш за 100 тыс.чал. кожны. Іх агульная колькасць 27,1 млн.чал., або 91% усяго насельніцтва рэгіёна, з іх 3 народы налічваюць больш за 1 млн.чал. (англа-аўстралійцы 18,1, англа-новазеландцы 3, англічане 1,1) і 7 народаў — больш за 300 тыс.чал. (грэкаў 400 тыс., фіджы-індыйцаў 370 тыс., фіджыйцаў-меланезійцаў 350 тыс., самоанцаў 325 тыс., шатландцаў 325 тыс., маары 320 тыс., італьянцаў 300 тыс.). Па колькасці пераважаюць народы, якія размаўляюць на індаеўрапейскіх мовах, асабліва на мовах германскай групы (больш за 23 млн.) — англа-аўстралійцы, англа-новазеландцы, англічане, шатландцы, амерыканцы ЗША, галандцы, немцы, яўрэі і інш. З інш. груп індаеўрап. сям’і жывуць прадстаўнікі раманскай групы — італьянцы і французы, слав. групы — харваты, македонцы, палякі і інш. (у т. л. беларусаў каля 5 тыс.), індыйскай групы — фіджы-індыйцы, інш. груп — грэкі, ірландцы, армяне, латышы, літоўцы. Жыве таксама невял. колькасць нашчадкаў эмігрантаў з Азіі з інш. моўных сем’яў — кітайцы, філіпінцы, карэйцы, японцы, в’етнамцы, кхмеры, з Еўропы — венгры, фіны, мальтыйцы, баскі і інш.
Нашчадкі выхадцаў з Еўропы жывуць пераважна ў Аўстраліі і Новай Зеландыі; амерыканцы ЗША — пераважна на Гавайскіх а-вах і в-ве Гуам, французы — на Новай Каледоніі і в-ве Таіці. Абарыгеннае насельніцтва распадаецца на 3 моўныя групы — аўстрал. (гл.Аўстралійскія мовы), папуаскую, аўстранезійскую (гл.Аўстранезійскія мовы). На аўстрал. мовах размаўляюць аўстралійцы (аўстралійцы-абарыгены, карэнныя жыхары Аўстраліі). Іх колькасць разам з метысамі складае каля 265 тыс.чал., размаўлялі на 200—500 мовах, многія з якіх выйшлі з ужытку. На папуаскіх мовах размаўляе каля 5 млн.чал. ва ўнутр. раёнах Новай Гвінеі, на а-вах архіпелага Бісмарка, Саламонавых і інш. Вылучаецца больш за 700 народнасцей і плямён, найб. з іх энга (195 тыс.), чымбу (142 тыс.), медлпа (101 тыс.), экары (100 тыс.). Папуаскія мовы групуюцца ў 11 моўных сем’яў і надсямейных згуртаванняў моў — філаў. Аўстранезійская сям’я моў падзяляецца на 4 групы — палінезійскую, мікранезійскую, меланезійскую, інданезійскую. На палінезійскіх мовах гавораць 1,1 млн.чал. у Палінезіі. Вылучаюць каля 30 асобных народаў, найб. маары — 320 тыс. (Новая Зеландыя), самоанцы — 320 тыс. (а-вы Самоа), гавайцы — 180 тыс. (Гавайскія а-вы), таіцяне — 137 тыс. (в-аў Таіці і суседнія а-вы), тонга — 120 тыс. (а-вы Тонга). На 20 мікранезійскіх мовах размаўляе 220 тыс. жыхароў Мікранезіі. На прыкладна 200 меланезійскіх мовах размаўляе 1,7 млн. жыхароў узбярэжжа Новай Гвінеі і суседніх а-воў у Меланезіі, найб. народы фіджыйцы — 350 тыс. і канакі (новакаледонцы, жыхары в-ва Новая Каледонія) — 60 тыс. На інданезійскай мове размаўляе народ чамора (100 тыс.чал.) на Марыянскіх а-вах. Большасць вернікаў — пратэстанты, католікаў больш толькі ў Новай Каледоніі, на а-вах Уоліс і Футуна, на Гуаме, у Мікранезіі. Прыхільнікі мясц. культаў складаюць большасць насельніцтва Новай Гвінеі, Саламонавых а-воў, Новых Гебрыдаў, унутр. і паўн. раёнаў Аўстраліі (аўстралійцы-абарыгены). Выхадцы з Азіі — мусульмане, індуісты, будысты і інш.