серыя сав.арбітальных станцый для палётаў па каляземнай арбіце; праграма іх распрацоўкі, запускаў і эксплуатацыі. Прызначаліся для правядзення медыка-біял., астрафіз., навукова-тэхн., тэхнал. даследаванняў і эксперыментаў, назіранняў і даследаванняў Зямлі, яе атмасферы і каляземнай касм. прасторы. Макс. маса 18,9 т, маса навук. апаратуры да 2,5 т, аб’ём жылых адсекаў каля 100 м³. Палёты здзяйсняліся з касманаўтамі на борце і ў аўтам. рэжыме. У 1971—83 запушчаны 7 «С.» (на арбіту выводзіліся ракетай-носьбітам «Пратон» з касмадрома Байканур).
«С.» складаліся з пераходнага, рабочага, агрэгатнага (з рухальнай устаноўкай) адсекаў і прамежкавай камеры («С.-6» і «С.-7» мелі дадатковы стыковачны агрэгат). У склад «С.» ўваходзілі сістэмы жыццезабеспячэння, электрасілкавання (сонечныя батарэі), сувязі, арыентацыі і кіравання, стыкоўкі з касм. караблямі, навук. абсталяванне і інш. «С.» не прызначаліся для вяртання на Зямлю; дастаўка і змена экіпажа праводзіліся пры дапамозе касм. караблёў «Саюз», паліва, абсталявання і інш. — трансп. караблямі «Прагрэс». «С.-1» (запуск 19.4.1971) — першая ў свеце пілатуемая арбітальная станцыя (экіпаж Г.Ц.Дабравольскі, У.М.Волкаў, В.І.Пацаеў). Да «С.» здзейснілі палёты 50 касм. апаратаў. На борце «С.» працавалі 17 асн. экспедыцый (14—237 сут) і 15 экспедыцый наведвання (3—13 сут). У складзе міжнар. экіпажаў па праграме «Інтэркосмас» на «С.-6» і «С.-7» працавалі касманаўты 10 краін свету. Камандзірамі экспедыцый былі і ўраджэнцы Беларусі П.І.Клімук («С.-4», «С.-6» — міжнар.) і У.В.Кавалёнак («С.-6» — двойчы).
У.С.Ларыёнаў.
Арбітальная станцыя «Салют»: 1 — панэлі сонечных батарэй; 2 — шматзанальны фотаапарат; 3 — спальнае месца; 4 — антэны тэлеметрычных сістэм; 5 — адсек навуковай апаратуры; 6 — цэнтральны пост; 7 — сістэма газавага забеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУЭ́ЦКІ КАНА́Л,
штучны водны шлях міжнар. значэння на тэр. Егіпта праз Суэцкі перашыек у самай вузкай яго частцы. Злучае Міжземнае і Чырвонае моры. Умоўная геагр. мяжа паміж Азіяй і Афрыкай. Уключае азёры Тымсах, Вял. Горкае і ўласна канал (Суэц—Ісмаілія—Порт-Саід). Даўж. 161 км, шыр. 120—318 м, мінім. — 60 м, глыб. 16,2 м, на фарватэры да 18 м. Без шлюзаў. С.к. злучаны з сеткай водных шляхоў Ніжняга Егіпта (канал Ісмаілія—Каір—Ніл, 145 км), мае арашальнае адгалінаванне (Абасія, 38 км). Штогадовы аб’ём перавозак па С.к. больш за 80 млн.т. Магчыма плаванне танкераў і нафтабалкераў да 200 тыс.т дэдвейт з асадкай 2,5—3 м. Гал. ўваходныя парты: Порт-Саід з Міжземнага і Суэц з Чырвонага мораў.
Каля 2-га тыс. да н.э. быў пракапаны канал, які злучаў Ніл з Чырвоным морам і часткова праходзіў па ложы сучаснага С.к.: ён праіснаваў да 8 ст.н.э. У 1850-я г. створана Усеагульная кампанія С.к., гал. пайшчыкамі якой былі ўрады Францыі, Егіпта і Банк Ватыкана. У 1859 пачалося будаўніцтва С.к. на чале з франц. інжынерам Ф.Лесепсам; 17.11.1869 адбылося яго адкрыццё. Цяжкае фін. становішча Егіпта ў 1875 прымусіла яго хедзіва (правіцеля) Ісмаіла прадаць сваю долю кампаніі С.к. Вялікабрытаніі, якая ўзяла зону канала пад свой поўны кантроль. Пасля перамогі рэвалюцыі «Свабодных афіцэраў» новы ўрад Егіпта дамогся эвакуацыі брыт. войск з зоны С.к., а 26.7.1956 нацыяналізаваў яго. Спробы Вялікабрытаніі і Францыі аднавіць свой кантроль над С.к. выліліся ў Суэцкі крызіс 1956. У выніку араба-ізраільскіх войнаў 1967 і 1973 С.к. быў значна разбураны, суднаходства па ім адноўлена ў 1975.
Літ.:
Щенников Б. Суэцкий канал от фараонов до наших дней // Азия и Африка сегодня. 1999. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬЧЫЦКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 12 — 1-й пал. 20 ст. на месцы рэзідэнцыі полацкіх князёў у б. прадмесці Полацка Бельчыцы, за км ад Верхняга замка, на левым беразе р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка. Унікальны культавы комплекс 12 ст., выключная з’ява ў дойлідстве і манум. жывапісе Стараж. Русі. Уключаў 4 мураваныя храмы (захаваліся фундаменты 3 цэркваў), пабудаваныя ў 12 ст. ў тэхніцы муроўкі сцен з плінфы са схаваным радам, характэрнай для Полацкай школы дойлідства.
Вялікі сабор (пабудаваны ў 1120—30-я г., назва невядома) — крыжова-купальны 3-апсідны храм, падзелены 6 стаўпамі на 3 нефы, меў 3 прытворы. Вынесеная ў асобную зону алтарная частка, далучаная да асн. аб’ёму, надавала храму ўзнёслы цэнтрычны выгляд. Фасады дэкарыраваны плоскімі лапаткамі. Падлога была выкладзена паліванымі пліткамі, сцены размаляваны фрэскамі (зберагліся фрагменты). Барысаглебская царква — 3-нефавы 1-апсідны храм. Да невял. квадратнага ў плане 4-стаўповага асн. аб’ёму з З далучаўся нартэкс, які з хорамі ўтвараў паніжаны адносна ўсёй кампазіцыі аб’ём. Сцены ўнутры былі ўпрыгожаны фрэскамі з выявамі святых, арнаментам. Пятніцкая царква — падоўжаная ў плане вузкая пабудова, паніжаная зах. частка якой (магчыма, 18 ст.) стаяла на месцы першапач. прамавугольнай апсіды. Мела таксама прытвор і крыпту (верагодна, пахавальня кн. Барыса Усяславіча). Сцены былі размаляваны фрэскамі. Храм-трыконх паводле малюнка канца 18 ст. — падоўжаны па восі У—З прамавугольнік з паўкруглай апсідай, дзе быў прастол. Бакавыя апсіды ўтваралі своеасаблівы трансепт, на 4 слупы якога абапіраўся барабан з купалам. Падобную планіроўку маюць храмы Афона, Балгарыі і Сербіі.
У 1928 напаўразбураныя Барысаглебскую і Пятніцкую цэрквы даследаваў І.М.Хозераў. Вялікі сабор даследавалі ў 1965 М.К.Каргер, у 1970-я г. П.А.Рапапорт, у 1990 А.А.Трусаў.
Літ.:
Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992.
Г.А.Лаўрэцкі.
Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Барысаглебская царква. З гравюры. 19 ст.Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Акварэль І.Трутнева. 1866.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць грашова-крэдытных адносін, што склаліся на аснове інтэрнацыяналізацыі вытв.-гасп. дзейнасці, развіцця сусв. рынку і замацаваны ў дагаворных і дзяржаўна-прававых нормах. Бывае нац., сусв. і міжнар. (рэгіянальная). Нац. Валютная сістэма — сукупнасць эканам., грашова-крэдытных адносін, мэта якіх забяспечыць функцыянаванне валюты для знешнеэканам. сувязяў краіны; форма арганізацыі і рэгулявання валютных адносін на аснове заканадаўчых актаў і міждзярж. пагадненняў краіны. Асн. яе элементы: нац.валюта, аб’ём і састаў валютных рэзерваў, умовы канверсаванасці, парытэт і курс нац. валюты, валютнае рэгуляванне і кантроль, асн. формы і метады валютных абмежаванняў, рэгламентацыя выкарыстання міжнар. крэдытных сродкаў абарачэння, рэжым нац. валютнага рынку, статус органаў па рэгуляванні валютных адносін краіны. Сусв. Валютная сістэма — сукупнасць валютна-эканам. адносін, абумоўленых сусв.гасп. сувязямі. Асн. элементы: пэўны набор міжнар. плацежных сродкаў (нац., замежныя і калектыўныя міжнар. валюты), умовы канверсаванасці і абмену валют (уключаючы валютныя курсы і парытэты), уніфікацыя і рэгламентацыя формаў і правіл выкарыстання міжнар. плацежных сродкаў, крэдытавання і разлікаў, рэжым сусв. валютных рынкаў і рынкаў золата, міжнар. арг-цыі па міжнар. валютным рэгуляванні.
З 19 ст. ў аснове сусв. валютнай сістэмы быў «залаты стандарт» (курс і вартасці валют вызначаліся колькасцю ў іх золата), які з 1913 пачаў разбурацца. У 1944 распрацаваны прынцыпы брэтанвудскай сусв. валютнай сістэмы, ці золата-валютнага стандарту (устанаўленне цвёрдых валютных курсаў на аснове золата і долара ЗША), існавала да 1971—73. Сучасная (ямайская) сусв. валютная сістэма дзейнічае з 1976 (поўная дэманетызацыя золата, пераход да выкарыстання ў якасці сусв. грошай нац. валют і міжнар. разліковых грашовых адзінак ЭКЮ і СДР), мае на мэце права выбару краінай рэжыму валютнага курсу, прызнанне сістэмы плаваючых валютных курсаў, захаванне за золатам ролі фонду ліквіднасці актываў і яго куплю-продаж па рыначных цэнах. Існуе таксама міжнар. (рэгіянальная) валютная сістэма, якая аб’ядноўвае некалькі краін-удзельніц (напр., Еўрапейскі валютны саюз) і мае некаторыя адметныя элементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЙ МІКАЛА́ЕЎСКАЙ ЦАРКВЫ́ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры барока ў Магілёве. У комплексе мураваныя Мікалаеўская і Ануфрыеўская цэрквы, жылы дом (шпіталь), званіца, капліца, агароджа з брамай. Мікалаеўская царква. У 1636 кароль Уладзіслаў IV даў прывілей мітрапаліту П.Магіле на буд-ва ў Магілёве царквы св. Мікалая. Напачатку ўзведзены драўляныя царква і манаскія келлі. У 1669—72 пабудавана мураваная царква — трохапсідная крыжова-купальная базіліка з 8-гранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Гал. фасад падзелены карнізам на 3 гарыз. ярусы і завершаны 2 вежамі з фігурным франтонам паміж імі. 1-ы ярус масіўны, аздоблены 3 паўцыркульнымі нішамі, 2-і — «глухой» аркатурай з ляпным расл. арнаментам і спаранымі нішамі з гіркамі, у 3-м такі ж аркатурны матыў больш насычаны дэкар. аздобай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, крылы трансепта завершаны фігурнымі шчытамі. У інтэр’еры 4-ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) работы мясц. майстроў, фрэскавая кампазіцыя «Тройца новазапаветная» (канец 17 ст.), сюжэтны і арнаментальны жывапіс 1-й пал. 18 — пач. 19 ст. Размалёўкі зроблены ў тэхніцы фрэскі і клеявымі фарбамі (захаваліся фрагментарна). Ануфрыеўская царква («цёплая», зімовая) пабудавана ў 1798. Уяўляе сабой крыжова-купальны аб’ём, над сяродкрыжжам — светлавы цыліндрычны барабан, завершаны сферычным купалам. Крылы трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі і дэкарыраваны пілястрамі. Жылы дом узведзены ў 17 ст. як шпіталь і царк. жылы дом. 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Тарцовы фасад завершаны шчытом фігурнага абрысу і дэкарыраваны 3 спаранымі арачнымі нішамі. Агароджа з брамай будаваліся ў 17—18 ст. Агароджа мае 2 уваходы, зах. — гал. ўязная брама з лучковым праёмам. У паўд.-ўсх. баку ўбудавана 1-павярховая квадратная ў плане шатровая капліца. Званіца пабудавана ў 17—18 ст. Квадратнае ў плане 2-яруснае збудаванне з высокім шатровым дахам. Комплекс пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, цяпер на рэстаўрацыі. Некат. памяшканні комплексу займае жаночы манастыр. Таксама тут знаходзіцца рэзідэнцыя архіепіскапа магілёўскага і мсціслаўскага Максіма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЙТ (Wright) Франк Лойд (8.6.1869, г. Рычленд-Сентэр, ЗША — 9.4.1959),
амерыканскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры; заснавальнік арганічнай архітэктуры. У 1886 наведваў ун-т Вісконсіна. У 1887—93 Працаваў у Чыкага ў Л.Г.Салівена, у 1916—20 у Японіі. Пабудаваў серыю загарадных дамоў-асабнякоў — т.зв. дамоў прэрый (дамы Уілітса ў Хайленд-Парку, штат Ілінойс, 1902, Робі ў Чыкага, 1909), у якіх пад уплывам яп. архітэктуры здзейсніў ідэю адзінай сістэмы «перацякаючых» унутр. прастор. Гэта ідэя ўвасобілася і ў буйных пабудовах Р. (будынак фірмы «Ларкін» у г. Буфала, 1904—05; атэль «Імперыял» у Токіо, 1916—22; не захаваліся). У 1930-я г. тэарэтычна абгрунтаваў ролю архітэктуры як звяна, што знаходзіцца паміж прыродай і чалавекам. Праграмным творам стаў дом Э.Каўфмана («Дом над вадаспадам» у Бер-Ране,1936), дзе смела вынесеныя кансолі працягваюць уступы скал над ручаём. У шэрагу збудаванняў імкнуўся адысці ад прынцыпу прамавугольнасці і арганізаваць арх. прастору на аснове вуглоў у 60 і 120 градусаў, круга і спіралі («дом-соты» — дом П.Р.Ханы ў г. Пала-Альта, 1937). Абапіраючыся на аналогіі з прыроднымі формамі, стварыў «дрэвападобныя» структуры вышынных будынкаў з бетоннымі «стваламі» і адыходзячымі ад іх «галінамі» — кансольнымі перакрыццямі: адм. будынак (1937—39) і вежа лабараторыі кампаніі «Джонсан» у г. Расін (1949—50), «Вежа Прайса» ў г. Бартлсвіл (1956). У будынку Музея Саламона Р.Гугенгайма ў Нью-Йорку (1956—59) гал.аб’ём утвораны спіральным пандусам, які ахоплівае светлавы дворык, перакрыты празрыстым купалам. Творчасць Р. ўтварае прамую сувязь паміж арх. ідэямі канца 19 ст. і дасягненнямі архітэктуры 20 ст. Як тэарэтык дэзурбанізму і заснавальнік сучаснага рацыяналізму Р. імкнуўся выкарыстаць прынцыпы арган. архітэктуры для гуманізацыі чалавечага існавання. Іл.гл. таксама да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі.
Тв.:
Рус.пер. — Будущее архитектуры. М., 1960.
Літ.:
Гольдштейн А.Ф. Ф.Л.Райт. М., 1973.
С.А.Сергачоў.
Ф.Л.Райт.Ф.Л.Райт. Вежа лабараторыі кампаніі «Джонсан» у г. Расін. 1949—50.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 15 ст. — 1950-х г. у г. Слуцк Мінскай вобл. як правасл. мужчынскі. Размяшчаўся на левым беразе р. Случ у прадмесці Трайчаны, таму вядомы і пад назвай Трайчанскі. Час узнікнення невядомы, упершыню згадваецца ў 1455. Манастыр меў 2 царквы, жылыя будынкі і гасп. пабудовы. У гіст. л-ры прынята лічыць, што гал. храм манастыра — Троіцкая царква — пабудаваны ў 1505. Вядома, што ў 1654 царква была мураваная. У 1654—67 і ў 18 ст. манастыр моцна пацярпеў, царква амаль цалкам знішчана. У 1785—88 царква адбудавана паводле праекта і пад кіраўніцтвам арх. Ш.В.Турава ў стылі барока. Крыжова-купальны ў плане храм з дзвюма 3-яруснымі чацверыковымі вежамі-званіцамі на гал. фасадзе, на паўн. вежы быў гадзіннік. Тарцовыя сцены крылаў трансепта завершаны фігурнымі франтонамі. Над сяродкрыжжам узвышаўся аб’ём з вял. купалам на чацверыку, над ім — бельведэр, увянчаны маленькім купалам на светлавым барабане. У царкве захоўваліся цудатворны абраз Маці Божай і абраз Казанскай Маці Божай візант. пісьма, Евангелле 1582, пісанае слуцкім кн. Юрыем Юр’евічам Алелькавічам, стараж. партрэты князёў Алелькавічаў, вырабы з серабра і інш. Комплекс таксама ўключаў жылыя памяшканні: дом архімандрыта, дом для гасцей, трапезную, мураваны «скабец» са склепам, гасп. пабудовы — адрыну, стайні, бровар, калодзеж з компасам (на драўляных слупах) і інш. У 1867 узведзены мураваны манастырскі корпус з цёплай царквой св. Іаана Багаслова, у 1868 — мураваная брама, каля якой мясцілася яшчэ адна цёплая царква — Дабравешчанская. Пры манастыры дзейнічала школа граматы і рамёстваў. У 1785—1840 на тэр. комплексу размяшчалася духоўная семінарыя (з 1793 наз. Мінская духоўная семінарыя). Дакладны час закрыцця манастыра невядомы, усе будынкі разбураны.
Літ.:
Русские монастыри. М., 1995.
В.Р.Кукуня, Н.І.Пятровіч.
Слуцкі Троіцкі манастыр. Агульны выгляд Троіцкай царквы. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТАЎНЫ́Я СКА́ЗЫ,
сінтаксічныя канструкцыі, якія ўводзяцца ў пэўны сказ і выконваюць у ім тыя ж функцыі, што і ўстаўныя словы. Маюць форму простых і складаных сказаў рознай будовы. Далучаюцца да паясняльных ці ўдакладняльных членаў асн. сказа пры дапамозе сэнсава-інтанацыйнай, злучнікавай сувязі і займаюць у адносінах да іх постпазіцыйнае становішча. У адрозненне ад пабочных сказаў не маюць суб’ектыўна-мадальных значэнняў.
У мове выконваюць важную семант. ролю. Могуць выражаць значэнні: суадпаведнасці — «Мікола Ігнатовіч, — а гэта быў ён — без асаблівага энтузіязму пераступіў парог» (М.Лынькоў); супраціўнасці, супрацьпастаўленасці або ўступальнасці — «Я гляджу і не магу нагледзецца (што з таго, што ноч і змрок густы!) на цябе, Вялікая Мядзведзіца» (П.Панчанка), «Не будку мае Жук — палацы (хоць не свае, вядома, працы)» (К.Крапіва); падкрэсленасці — «Максім з чамаданам і клункамі ў руках увайшоў у прасторную і высокую — хоць цэпам махай — залу вакзала» (М.Машара); прызначанасці — «А ніжэй маста, адразу ж ад дарогі (дарога нібы мяжой была) пачынаецца заліўны луг» (І.Шамякін); абумоўленасці — «І цікавілася маці — сэрца матчына вядома, — як на службе там дзіцяці, ці там лепей, ці мо дома» (Я.Купала); месца — «У адным сяле (не важна дзе) хадзіў Баран у чарадзе» (К.Крапіва); часу — «На трэці дзень увечары (пазнавата ўжо было) Пятро Тодаравіч вярнуўся дадому» (К.Чорны); прычыны — «Яны аднекуль здалёку прывезлі калючых саджанцаў — блізка ад Рослікаў саду нідзе не было» (Р.Сабаленка); умовы — «Я свой абавязак (калі спатрэбіцца) заўсёды выканаю» (А.Якімовіч); паяснення — «Дзям’ян быў з тых на Панятоўшчыне (так называлася вёска, дзе ён жыў з маленства), якія маўкліва і засмучана сустрэлі ворагаў» (П.Кавалёў); заўвагі аб характары дзеяння, эмацыянальным стане, паводзінах асобы, яе адчуванні і інш. У.с. ўзбагачаюць зместава-інфармацыйную структуру сказа, яго семант. аб’ём, унутр. моўна-стылістычныя, выяўл. магчымасці і як сродкі дакладнага адлюстравання рэчаіснасці шырока ўжываюцца ў розных жанрах маст. л-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́ЗАВЫ ПЕРАХО́Д, фазавае ператварэнне,
пераход рэчыва з адной фазы ў другую пры змене параметраў стану, што характарызуюць раўнавагу тэрмадынамічную. Значэнне т-ры, ціску або якой-н. інш.фіз. велічыні, пры якой адбываецца Ф.п. у аднакампанентнай сістэме, наз. пунктам пераходу.
Адрозніваюць Ф.п. двух родаў. Пры Ф.п. I роду ўласцівасці, што паказваюцца першымі вытворнымі энергіі Гібса G (гл.Патэнцыялы тэрмадынамічныя) па ціску, т-ры і інш. параметрах (адпаведна аб’ём, энтальпія і інш.), у пункце пераходу мяняюцца скачком пры неперарыўнай змене параметраў. У аднакампанентнай сістэме сувязь паміж т-рай Ф.п. і ціскам устанаўліваецца Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненнем. Ф.п. I роду адбываюцца з вылучэннем або паглынаннем цеплаты (цеплата Ф.п.). Для іх характэрна існаванне вобласці метастабільнай раўнавагі паблізу ад крывой Ф.п. (гл. ў арт.Метастабільны стан). Да Ф.п. I роду адносяць выпарэнне і кандэнсацыю, плаўленне, крышталізацыю, сублімацыю і дэсублімацыю, большасць паліморфных ператварэнняў (гл.Полімарфізм у хіміі), некат. структурныя пераходы ў цвёрдых целах, напр., утварэнне мартэнсіту ў сплаве жалеза — вуглярод; у чыстых звышправаднікахмагн. поле выклікае Ф.п. I роду са звышправоднага ў нязвышправодны стан. Пры Ф.п. II роду энергія Гібса G і яе першыя вытворныя па т-ры, ціску і інш. параметрах стану мяняюцца неперарыўна, скачком зменьваюцца другія вытворныя G (адпаведна цеплаёмістасць, каэф. сціскальнасці і тэрмічнага расшырэння); цеплата не вылучаецца і не паглынаецца. Агульную трактоўку Ф.п. II роду як пункта змены сіметрыі прапанаваў у 1937 Л.Д.Ландау, вышэй пункту пераходу сістэма, як правіла, мае больш высокую сіметрыю, чым ніжэй гэтага пункту. Да Ф.п. II роду, якія адбываюцца пры змене т-ры, адносяцца, напр., пераход парамагнетык — ферамагнетык, які абумоўлены ўзнікненнем макраскапічнага магн. моманту, пераход дыэлектрык — сегнетаэлектрык з узнікненнем самаадвольнай (спантаннай) палярызацыі рэчыва (гл.Кюры пункт), пераход металаў у звышправодны стан у адсутнасці магн. поля.
Літ.:
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 5. Статистическая физика. Ч. 1. 4 изд. М., 1995;
Паташинский А.З., Покровский В.Л. Флуктуационная теория фазовых переходов. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РАП,
шкілет галавы пазваночных жывёл і чалавека; таксама храстковая капсула, якая ахоўвае мозг у галаваногіх малюскаў. У пазваночных утвораны храстком і (або) косцю.
Ч. жывёл змяняецца ў ходзе эвалюцыі, што абумоўлена прагрэсіўным развіццём галаўнога мозга і органаў пачуццяў, заменай жабернага дыхання лёгачным і зменай спосабаў харчавання пры выхадзе арганізма з воднага асяроддзя на сушу. Адрозніваюць Ч. восевы і вісцэральны. Восевы або мазгавы — пярэдні працяг восевага шкілета тулава, які разрастаецца вакол галаўнога мозга, органаў нюху і ўнутр. вуха. Вісцэральны, або тваравы Ч. — шкілет пярэдняга аддзела кішэчніка (глоткі). Сярод сучасных пазваночных найб. прымітыўна пабудаваны Ч. у кругларотых. У касцявых рыб мазгавы Ч. укрыты накладнымі касцямі. У птушак і млекакормячых рэзка павялічваецца аб’ём чарапной поласці. Для Ч. многіх млекакормячых характэрна ўтварэнне комплексных касцей (напр., скроневай).
Ч. чалавека складаецца з 23 касцей: 8 парных — цемянныя, скроневыя, верхнясківічныя, ніжнія насавыя ракавіны, паднябенныя, скулавыя, слёзныя, насавыя; 7 няпарных — лобная, патылічная, клінападобная, рашэцістая, сашнік, ніжнясківічная, пад’язычная. Дзве апошнія косці сучленены з Ч. рухома, астатнія нерухома, праз швы. У дзяцей да года ў месцы злучэння касцей Ч. ёсць перапончаты прамежак — цемечка. Праз шматлікія каналы і адтуліны асновы (ніжняй часткі) Ч. праходзяць чэрапнамазгавыя нервы і крывяносныя сасуды, а праз вял. патылічную адтуліну поласць Ч. злучаецца са спіннамазгавым каналам. Тваравы Ч. (складаецца з 14 дробных касцей) утварае касцявы шкілет верхніх аддзелаў органаў дыхання (нос) і стрававання (рот, глотка), у ім размешчаны органы слыху, зроку, нюхальная ч. носа. Паводле асаблівасцей будовы Ч. чалавека вызначаюць антрапалагічныя тыпы.
Літ.:
Сперанский В.С., Зайченко А.И. Форма и конструкция черепа. М., 1980;
Ромер А.Ш., Парсонс Т.С. Анатомия позвоночных: Пер. с англ.Т. 1. М., 1992.