ГЕМАСПЕРМІ́Я (ад гема... + грэч. sperma семя),
з’яўленне крыві (эрытрацытаў) у сперме, якая пры гэтым набывае чырвоны або «ржавы» колер. Найчасцей кроў трапляе ў сперму з семявых пузыркоў або прастаты пры іх захворваннях, а таксама пры наяўнасці камянёў у прастаце, разрыве невял. варыкозных вен, папілом, семявага бугарка і інш. Гемаспермія не зніжае жыццяздольнасці сперматазоідаў, але сведчыць пра захворванне палавых органаў, што патрабуе лячэння.
т. 5, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭ́РА (ад грэч. hetaira сяброўка, палюбоўніца),
у Стараж. Грэцыі незамужняя жанчына, якая вядзе свабодны, незалежны лад жыцця. Звычайна гетэры вызначаліся розумам, адукаванасцю і прыгажосцю, вакол іх гуртаваліся мастакі, паэты, філосафы. Знакамітымі гетэрамі былі Аспасія, Глікерыя (каханка Менандра), Фрына (сяброўка Праксіцеля). Вобразы гетэры адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, насценны жывапіс, рэльефы), л-ры (камедыі грэч. пісьменнікаў Алкіфона, Лукіяна) і інш.
т. 5, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАСТЫЛІ́Я (ад гетэра... + грэч. stylos слуп),
рознаслупкаватасць, наяўнасць у раслін аднаго віду дзвюх або трох форм кветак, якія адрозніваюцца па даўжыні слупкоў і размяшчэнні тычынак. Адпаведна і пыльнікі ў кароткаслупковых кветках размешчаны вышэй за рыльца, а ў доўгаслупковых — ніжэй. Трапляюцца таксама трыморфныя формы раслін — з каротка-, сярэдне- і доўгаслупковымі кветкамі, напр. у чальчаку вербалістага. Гетэрастылія ўскладняе самаапыленне і садзейнічае перакрыжаванаму апыленню.
т. 5, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАТАЛІ́ЗМ (ад гетэра... + грэч. thallos галінка, атожылак),
раздзельнаполавасць у ніжэйшых раслін, якая выяўляецца ў фізіял. і генет. адрозніванні полаў без марфал. розніцы мужчынскіх і жаночых асобін. Выяўлены ў мукоравых грыбоў (1904). Пры гетэраталізме ў апладненні ўдзельнічаюць толькі клеткі, якія адрозніваюцца па вызначаных фактарах несумяшчальнасці і ўтвораныя на розных таломах. Часта тэрмін «гетэраталізм» выкарыстоўваюць шырэй — раздзельнаполавасць усіх раслін. Гл. таксама Гоматалізм.
т. 5, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁЎНЯ,
традыцыйная гаспадарчая пабудова для прасушкі збожжавых культур, канапель і лёну. Звычайна квадратная зрубная пабудова з імшанымі сценамі, насыпной столлю і шчыльна падагнанымі дзвярамі. Мае печ (без коміна), прыстасаванні для прасушкі снапоў — жэрдкі, якія перамяшчаюцца па дзвюх бэльках, умацаваных на выш. каля 1 м ад падлогі. Ё. часцей будавалі каля гумна або ўнутры яго (без страхі). Пашырана на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і часткова Гомельшчыне.
т. 6, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́КАЎ (Васіль Пятровіч) (1922, в. Бярозаўка Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 12.7.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Камандзір кулямётнага разліку ст. сяржант Ж. у ліп. 1944 у баі за г. Масты Гродзенскай вобл. агнём са станковага кулямёта адбіў 3 контратакі праціўніка, адрэзаў яго пяхоту ад танкаў, гранатамі падбіў танк, пад другім загінуў сам.
т. 6, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́КАЎ (Пётр Сяргеевіч) (22.1.1921, в. Мікулічы Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 22.12.1967),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае пях. вучылішча (1941). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Паўн.-Каўказскім, Паўд., Цэнтр., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў час Бабруйскай аперацыі 1944, пры вызваленні вёсак на Пд ад Бабруйска. Да 1953 у Сав. Арміі, пасля на гасп. рабоце.
т. 6, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЛА ў геалогіі,
пласцінападобнае геал. цела, якое ўтварылася ў выніку запаўнення трэшчыны мінер. рэчывам або з прычыны метасаматычнага замяшчэння ім горнай пароды ўздоўж трэшчыны. Адрозніваюць простыя рудныя Ж. — адзінокія трэшчыны, і складаныя — пучкі трэшчын зон драблення ці рассланцавання. Даўж. ад некалькіх метраў да 200 км. З Ж. звязаны многія радовішчы розных відаў мінер. сыравіны (золата, свінцова-цынкавыя руды, вальфрам, ртуць і інш.).
т. 6, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЗЕ́РЦЫ,
возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Авута, за 42 км на ПдУ ад г. Міёры. Пл. 0,28 км², даўж. больш за 1 км, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 4,5 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м (на З і Пд да 13 м), пераважна разараныя. Востраў пл. 0,5 га.
т. 6, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАГО́НСКІ (Сямён Аляксандравіч) (14.1.1910, в. Залучча Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 27.1.1955),
Герой Сав. Саюза (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Цэнтр., Варонежскім, 4-м Укр. франтах. Пам. камандзіра ўзвода сяржант З. вызначыўся ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пн ад г.п. Ржышчаў у баях за вызваленне Кіеўскай вобл. На радзіме на ўшанаванне яго памяці пастаўлена стэла.
т. 6, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)