ДЗЮФІ́ (Dufy) Рауль

(3.6.1877, г. Гаўр, Францыя — 23.3.1953),

французскі жывапісец, графік, тэатр. мастак. У 1900—01 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. Зазнаў уплыў імпрэсіянізму, у 1905—08 прымыкаў да фавізму. Вывучаў нар. лубок, у стылі якога выканаў шматлікія гравюры ў 1914—18. У яго творчасці адлюстравалася характэрная для зах.-еўрап. мастацтва 20 ст. падкрэслена-суб’ектыўнае ўспрыняцце свету. У сваіх чыстых і лёгкіх па колеры, беглых па малюнку карцінах і акварэлях (са скачкамі, рэгатамі, канцэртамі) Дз. імкнуўся да ўвасаблення жыццярадасна-святочнага боку жыцця («Афішы Трувіля», 1906, «Прыстань» 1908, «Скачкі ў Давілі», 1930). Ілюстраваў таксама кнігі, рабіў малюнкі для тканін і габеленаў.

Р.Дзюфі. Прыстань. 1908.

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮШАНЕ́Я (Duchesnea). манатыпны род кветкавых раслін сям. ружавых. 1 від — Дз. індыйская (D. indica). Пашыраны ва Усх. Азіі, інтрадукаваны ў многія краіны, у т.л. на Беларусь.

Шматгадовая апушаная травяністая расліна з паўзучым аблісцелым сцяблом даўж. да 1 м. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, трайчастае, сцябловае — кароткачаранковае, адваротнаяйцападобнае або рамбічнае. Кветкі жоўтыя, адзіночныя, на доўгіх тонкіх кветаножках. Плод — жоўтая несапраўдная ягада. Лек., харч. і дэкар. расліна.

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮШЭ́С ЛЕ́ТНІ,

сорт грушы нар. селекцыі. Раянаваны на Беларусі, акрамя Гомельскай вобл.

Дрэва моцнарослае, крона шырокапірамідальная, негустая. Пачынае плоданашэнне на 7-ы год. Сорт зімаўстойлівы, сярэднеўраджайны, моцна пашкоджваецца бактэрыяльным ракам і паршой. Плады ніжэй за сярэднюю велічыню (50—70 г), шырокагрушападобныя. Скурка зеленавата-жоўтая з буравата-чырвоным румянцам і цёмна-кармінавымі крапінкамі на сонечным баку. Мякаць жаўтавата-белая, сакаўная, прыемнага салодкага смаку з ледзь прыкметнай кіслінкай. Спажывецкая спеласць у сярэдзіне жніўня.

М.Р.Мялік.

Дзюшэс летні.

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯВО́ЛТВА,

гістарычная балцка-літоўская вобласць. Няпэўнасць крыніц спарадзіла цяжкасць у вызначэнні тэр. Дз.: Хроніка Быхаўца (16 ст.) вызначыла яе ў раёне г. Вількамір (цяпер г. Укмерге, Літва); паводле гісторыка У.Ц.Пашуты, яна знаходзілася ў міжрэччы Нявежы і Швянтоі або на У ад р. Швянтоі, дзе звычайна паказваецца Аўкштайція. Упершыню ўпамінаецца ў летапісах пад 1219. У 1264 заваявана кн. Войшалкам і ўключана ў склад ВКЛ.

Літ.:

Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. 2 выд. Мн., 1991.

М.І.Ермаловіч.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯВО́ЧАЕ ВО́ЗЕРА,

у Лепельскім р-не Віцебскай вобл. ў бас. р. Тураўлянка, за 18 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,51 км2, даўж. 1,2 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 17,5 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 4,15 км2. Схілы катлавіны выш. 6—10 м (на Пд і ПдУ да 20 м), пад хмызняком, месцамі ў верхняй ч. разараныя. Берагі нізкія, участкамі зліваюцца са схіламі. Дно выслана пяском (да глыб. 2—3 м) і гляямі. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. да 35 м. З возера выцякае ручай у воз. Чаросава.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯВОЧАЯ ВЕ́ЖА, Кыз-каласы,

Гыз-галасы, помнік сярэдневяковай азерб. архітэктуры. Пабудавана ў 12 ст. ў Баку (арх. Масуд ібн Давуд). Зроблена з вапняку. Вялізны цыліндрычны аб’ём (унутры 8-ярусны, выш. 27 м, таўшчыня сцен фундамента 5 м) з выступам з усходу. Заглыбленыя гарыз. рады камянёў утвараюць своеасаблівую рабрыстую паверхню фасада.

Дзявочая вежа.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯВО́ЧКА Міхаіл Фадзеевіч

(1863, Мінск — ?),

бел. спартсмен-веласіпедыст. Служачы Лібава-Роменскай чыгункі. Пераможца гонак Масква — Ніжні Ноўгарад, Пецярбург — Масква. Чэмпіён Расіі (1894) і Англіі (1896) у гонках на трэку.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯВО́ЧНІК,

у беларусаў даўні звычай наладжваць вечарынку ў нявесты напярэдадні вяселля; тое, што і суборная субота.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯВО́ЧЫ ВІНАГРА́Д

(Parthenocissus),

род кветкавых раслін сям. вінаградавых. 15 відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах Паўн. Амерыкі, ва Усх. Азіі і на Гімалаях. На Беларусі інтрадукаваны 3 віды: Дз.в. пяцілісточкавы (P. quinquefolia), прымацаваны (P. inserta), трохвостраны (P. tricuspidata).

Дрэвавыя лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя ліяны з лазячымі сцябламі. Лісце зубчастае, цёмна-зялёнае, на доўгіх чаранках, увосень набывае пурпуровы колер. Кветкі дробныя, зеленаватыя, двухполыя або толькі мужчынскія, з недаразвітай завяззю, сабраныя ў паўпарасонікі ці шчыткі. Плод — дробная шарападобная цёмна-шызая ягада. Дэкар. расліны. Размнажаюцца атожылкамі, чаранкамі, насеннем.

Г.У.Вынаеў.

Дзявочы вінаград восенню.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯГІЛЕ́ВІЧ Уладзіслаў

(каля 1674, Беларусь — 13.1.1714),

бел. архітэктар. Прадстаўнік архітэктуры барока. У 1691 уступіў у ордэн езуітаў. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1695—98), езуіцкім паслушніцкім доме ў Вільні (1701—04). Працаваў у Оршы (1704—05 і 1707—09), Нясвіжы (1705—06), Мсціславе (1706—07). У 1707 у Мсціславе паводле яго праекта пабудаваны драўляны езуіцкі касцёл, у 1711 — званіца і гасп. пабудова.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)