магчымасць адрозніваць зрокам аддаленыя аб’екты праз слой паветра той ці інш. мутнасці. Адрозніваюць дзённую, змрокавую і начную бачнасць атмасферную. Характарызуецца праз далёкасць бачнасці, адлегласць, на якой контуры аддаленых прадметаў становяцца нераспазнавальнымі з-за мутнасці атмасферы. Найлепшая бачнасць атмасферная ў ясны дзень у малазапыленым і сухім паветры (у празрыстым арктычным паветры да 100 км); пры тумане і інш. атмасферных ападках або пясчанай буры зніжаецца да некалькіх метраў. Бачнасць атмасферная наземных аб’ектаў абмежавана гарызонтам і пры чыстым паветры залежыць ад вышыні вока назіральніка над зямной паверхняй: з выш. 2 м — каля 5,5 км, з выш. 500 м — каля 85 км.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., у бас р. Свольна, за 38 км на ПнУ ад г. Верхнядзвінск, на З ад воз. Лісна. Пл. 5,52 км², даўж. 3 км, найб.шыр. 2,73 км, найб.глыб. 6,1 м, даўж. берагавой лініі 9 км. Пл. вадазбору 41,2 км².
Катлавіна рэшткавага тыпу, круглаватая, схілы спадзістыя, пад лесам. Берагі нізкія, тарфяністыя. Мелкаводдзе ўздоўж берагоў пясчанае. Дно плоскае, складзенае з высокаарган. тонкадэтрытавых сапрапеляў (магутнасць да 8 м). Значна зарастае да глыб. 3—4 м. Праз возера працякае рэчка без назвы, якая злучае яго з воз. Лісна. На паўн. беразе археал. помнік — курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Расонскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Свольна, за 22 км на ПнЗ ад г.п. Расоны. Пл. 1,17 км², даўж. 1,46 км, найб.шыр. 1,2 км, найб.глыб. 6,6 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Пл. вадазбору 0,7 км².
Катлавіна складанага тыпу, круглаватая, схілы на Пн стромкія, на Пд і У спадзістыя, пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, параслі хмызняком, паўн. нізкія, на Пд высокія. Дно сподкападобнае, да глыб. 2 м пясчанае, да 3 м глеістае, глыбей выслана сапрапелем (таўшчыня да 10 м), харавымі водарасцямі, рдзестамі. Празрыстае да дна. Сцёк па ручаі ў Свольну. Каля берагоў возера зарастае. Месца адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,
штодзённая паліт., літ. і эканам. газета. Орган Гродзенскага бел.нац.к-та, з 23.11.1920 — Цэнтр.бел.нац.к-та. Выдавалася з 2.10.1920 да 7.1.1921 у Гродне на бел. мове. Інфармавала пра падзеі на Беларусі, у Польшчы, міжнар. падзеі. Паліт. жыццё асвятляла з пазіцый барацьбы занац. вызваленне бел. народа, у гэтай сувязі палемізавала з польск. афіц. прэсай. Крытыкавала палітыку нац. ўціску ў Польшчы: зняволенне ў турмы бел. інтэлігенцыі, рабункі і фізічныя пакаранні сялян польск. салдатамі, надзяленне бел. і ўкр. землямі польск. вайскоўцаў, праследаванні бел. настаўнікаў, паланізацыю школы. Асвятляла сац.-паліт. жыццё ў СССР і БССР. Выйшла 78 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЗАРНІ́ЦА»,
царкоўна-грамадскі часопіс у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 1.9.1928 да 1.5.1929 у Вільні на бел. мове раз у 2 тыдні. Ставіў за мэту пераадолець адчужэнне правасл. Царквы на Беларусі ад нац.-вызв. імкненняў бел. народа, яго адраджэння. Шмат увагі аддаваў адносінам паміж царквой і дзяржавай, духавенствам і прыхаджанамі. Пісаў пра рэліг. выхаванне моладзі. З мэтай развіцця нац. самасвядомасці і пашырэння асветы сярод веруючых друкаваў матэрыялы пра пачатак хрысціянства на Беларусі, царк. брацтвы, Статут ВКЛ 1588, Брэсцкую унію 1596 і інш. Рабіў агляды прэсы, вёў палеміку з рус. эмігранцкім, польск. перыядычным і бел. хадэцкім друкам. Выйшла 13 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЧО́РНА-ПЯРЭ́СТАЯ ПАРО́ДАсвіней,
універсальнага кірунку прадукцыйнасці. Зацверджана ў 1976. Выведзена на Беларусі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. свіней з даўгавухімі і караткавухімі свіннямі, йоркшырамі, беркшырамі, тэмворсамі і буйнымі чорнымі. Сучасныя лініі маюць «кроў» ландрасаў і эстонскай беконнай пароды. Парода складаецца з 9 ліній і 26 сямействаў і роднасных груп матак. Вядучыя племзаводы на Беларусі ў Капыльскім, Ляхавіцкім і Горацкім р-нах.
Свінні пераважна мяса-сальнага і мяснога тыпаў, моцнай канстытуцыі, вынослівыя, высокапрадукцыйныя. Жывая маса дарослых кныроў 310—340, матак 240—250 кг, даўж. тулава адпаведна 184 і 161 см. Пладавітасць 10—11 парасят за апарос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ КЛІЧ»,
грамадска-паліт., літ. і гасп. газета. Выдавалася 1 — 16.11.1930 у Вільні на бел. мове напярэдадні выбараў у польскі сейм і сенат. Асвятляла сітуацыю ў Польшчы, паведамляла пра арышт 80 дэпутатаў папярэдняга сейма, распушчанага ўрадам Бартэля — Пілсудскага, крытыкавала перадвыбарчую пазіцыю Цэнтрасаюза, які ішоў на супрацоўніцтва з польск. урадам, і кандыдатаў у сейм — прадстаўнікоў бел. нац.-сацыяліст. кірунку, давала ацэнку ўсім кірункам у бел. руху на пераломе 1920—30-х г. Агітавала галасаваць за кандыдатаў агульнага бел. выбарчага к-та «Украінска-беларускі блок». Выйшлі 4 нумары, з іх № 3 канфіскаваны па загадзе старасты Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮМ ((Blum) Леон) (9.4.1872, Парыж — 30.3.1950),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі, пісьменнік, публіцыст. У 1919 абраны ў палату дэпутатаў. З 1920 кіраўнік Франц.сацыяліст. партыі (СФІА). У 1936—37 і ў 1938 кіраўнік урадаў Нар. фронту, якія ажыццявілі шэраг сац. рэформаў. Праводзіў палітыку няўмяшальніцтва ў час грамадз. вайны ў Іспаніі (1936—39). У 1940 арыштаваны калабарацыянісцкім урадам «Вішы», у 1943 выдадзены герм. уладам і вывезены ў канцлагер Бухенвальд, потым у Дахаў. Прэм’ер-міністр Францыі ў 1946—47. У сваіх працах («У чалавечым маштабе», 1945, і інш.) развіваў тэорыю «інтэгральнага сацыялізму», паводле якой перамогу сацыялізму павінна забяспечыць «маральная рэвалюцыя», а не ўзбр. барацьба за ўладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БРЫКСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942.
Праведзена партызанамі 6 атрадаў партыз. злучэння Мінскай і Палескай абл. па падрыве чыг. моста цераз р. Бобрык на лініі Калінкавічы—Жыткавічы ў Петрыкаўскім р-не 9 снеж. ў Вял.Айч. вайну. 40-метровы мост моцна ахоўваўся, за 10 км ад яго на ст. Капцэвічы знаходзіўся буйны гарнізон праціўніка. У ходзе аперацыі партызаны разбурылі чыг. палатно і лініі сувязі на З і У ад моста, арганізавалі засады на дарогах, знішчылі ахову на раз’ездзе, пусцілі пад адхон вайск. эшалон, атакавалі і знішчылі ахову моста, замініравалі яго і ўзарвалі. У выніку аперацыі рух на чыгунцы быў спынены на 7 сутак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГІНА,
вёска ў Беларусі, у Далёцкім с/с Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 35 км на ПдЗ ад Браслава, 273 км ад Віцебска, 67 км ад чыг. ст. Друя. 387 ж., 153 двары (1995). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі — курганны могільнік 8—11 ст.
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1514 як уладанне роду Геталтаў. Пазней належала Кімбарам, Бенетам, Цеханавецкім, Манузі, Плятэрам. У 1738 у Богіне 5 гаспадарак, 10 валок зямлі. З 1922 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Відзскім р-не Вілейскай, з 1944 — Полацкай, з 1954 — Маладзечанскай абл.