ЗАЛАТЫ́Я ВАРО́ТЫ (Golden Gate),
праліў, які яднае бухту Сан-Францыска на зах. беразе ЗША з Ціхім ак. Даўж. 8 км, шыр. 1,5—3 км, глыб. да 43 м. На паўн. беразе — фарты, на паўд. — г. Сан-Францыска. Цераз праліў пабудаваны ў 1937 вісячы мост даўж. 3100 м.
т. 6, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМА́ЗАЧНАЕ МА́СЛА,
вадкі змазачны матэрыял, які выкарыстоўваюць для змазкі вузлоў трэння розных механізмаў. Паводле спосабу атрымання падзяляюць на нафтавае масла, сінтэтычнае масла, масла расліннага і жывёльнага паходжання (напр., рыцына), па прызначэнні — на індустрыяльнае масла, маторнае масла, трансмісійнае масла і інш. Адпрацаванае З.м. рэгенерыруюць для паўторнага выкарыстання.
т. 7, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС (ад лац. index паказальнік, спіс),
1) пералік чаго-н.
2) Умоўнае абазначэнне (лічбавае, літарнае ці камбінаванае) у сістэме якой-н. класіфікацыі (напр., паштовы І.).
3) Лічбавы паказчык, які выражае паслядоўныя змены якой-н. эканам. з’явы (напр., індэкс інфляцыі, індэкс цэн). Гл. таксама Індэкс у матэматыцы.
т. 7, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАГЕНА́ЗА,
пратэалітычны фермент з вузкаспецыфічнай накіраванасцю да расшчаплення калагену з выдзяленнем амінакіслаты — аксіпраліну. Паводле саставу блізкая да калагену. У медыцыне К. — ферментны прэпарат, які стымулюе рассысанне тканак, што маюць калаген (напр., рубцовы), адарванне змярцвелых тканак пасля апёкаў, абмаражэння і інш. Атрымліваюць К. з падстраўнікавай залозы забойнай жывёлы.
т. 7, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЕТЭ́НТНАСЦЬ (ад лац. competens дасведчаны, адпаведны),
1) якасць чалавека, які валодае ўсебаковымі ведамі, вопытам практычнай дзейнасці ў якой-н. галіне і думка якога з’яўляецца аўтарытэтнай.
2) К. (кампетэнцыя) — сукупнасць паўнамоцтваў (правоў і абавязкаў) якога-н. органа або службовай асобы, устаноўленых законамі, нарматыўнымі актамі або інш. палажэннямі.
т. 7, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТАКАРЭ́НТ (ад італьян. conto рахунак + corrente бягучы),
кантакарэнтны рахунак, адзіны бягучы і пазыковы рахунак, які адкрываецца банкам кліенту для захоўвання сродкаў і ажыццяўлення разлікаў. Па К. праходзяць пазыкі, што банк дае кліенту, і сродкі, якія паступаюць у банк ад кліентаў у выглядзе ўкладаў, вяртання пазык і інш.
т. 7, с. 602
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЗІЯ (ад лац. corradere скрэбці, саскрабаць),
механічнае дэнудацыйнае ўздзеянне на горныя пароды абломкавага матэрыялу (галька, валуны, пясок), які рухаецца вадою, лёдам, ветрам ці перамяшчаецца гравітацыйна па схілах. Пры К. абточваюцца, паліруюцца, высвідроўваюцца подсцільныя пароды, у выніку чаго на паверхні парод утвараюцца барозны, лагчыны і інш. паглыбленні.
т. 8, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПАЛО́ГІЯ (ад грэч. karpos плод + ...логія),
раздзел марфалогіі раслін, які вывучае плады і насенне, іх марфагенез, будову, фізіял. працэсы, метады ацэнкі і кантролю насеннага матэрыялу і інш. Займаецца стварэннем генет. класіфікацыі, складаннем вызначальнікаў пладоў і насення раслін, якія засмечваюць насенны матэрыял. Насенне культ. раслін вывучае таксама насенняводства.
т. 8, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАФЕІ́Н,
алкалоід, які ёсць у насенні кафейнага дрэва, лісці чайнага куста, арэхах кола і інш., вытворнае пурыну. Стымулюе ц. н. с., асабліва функцыі яе вышэйшых аддзелаў (павышае ўспрыманне, функцыі органаў пачуццяў, рухальную актыўнасць, разумовую і фіз. працаздольнасць, зніжае стомленасць і санлівасць), сасударухальны цэнтр, аказвае сасударасшыральнае ўздзеянне.
т. 8, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЭБУ́ ЗАЛІ́Ў,
у Чукоцкім м., каля зах. берага Аляскі. Даўж. 330 км, шыр. ад 54 да 130 км, глыб. 13—25 м. Большую ч. года ўкрыты льдамі. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (каля 0,5 м). Названы ў гонар рас. мараплаўца О.Я.Кацэбу, які адкрыў заліў у 1816.
т. 8, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)