МО́ЦАРТ ((Mozart) Вольфганг Амадэй) (27.1.1756, г. Зальцбург, Аўстрыя — 5.12.1791),
аўстрыйскі кампазітар; прадстаўнік венскай класічнай школы. Вучыўся ў бацькі — скрыпача і кампазітара Л.Моцарта. Выключныя муз. здольнасці выявіў у раннім дзяцінстве, меў фенаменальныя муз. слых і памяць. З 1762 прафес. музыкант, віртуозна валодаў клавесінам, арганам, скрыпкай, з трыумфам гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1769—81 (з перапынкамі) канцэртмайстар, з 1779 арганіст архіепіскапа ў Зальцбургу. З 1781 у Вене, з 1787 «імператарскі і каралеўскі камерны музыкант» пры двары Іосіфа II. Адзін з заснавальнікаў (з І.Гайднам і Л.Бетховенам) класічнага стылю ў музыцы, звязанага з распрацоўкай сімфанізму як вышэйшага тыпу муз. мыслення, закончанай сістэмы класічных інстр. жанраў (сімфонія, канцэрт, саната, квартэт) і норм муз. мовы, яе функцыянальнай арганізацыі. У яго творчасці гарманічная цэласнасць быцця, яснасць, светланоснасць і прыгажосць спалучаюцца з глыбокім драматызмам. У цэнтрымаст. свету М. — асоба чалавека, якую ён раскрывае як лірык і драматург. Творчасць М. ўвабрала і геніяльна абагульніла маст. вопыт розных эпох, нац. школ, традыцый нар. мастацтва. Найб. выразна яго наватарства выявілася ў муз.-сцэн. творах. Лепшым операм уласцівы арганічнае адзінства драм. і муз.-сімф. заканамернасцей, індывідуальнасць драматургічных вырашэнняў. М. стварыў уласны тып оперы-драмы («Ідаменей»; паст. 1781), оперы-буфа («Вяселле Фігара»; паст. 1786). Зінгшпіль ён ператварыў у філас. казку-прытчу, прасякнутую асветніцкімі ідэямі («Чароўная флейта», паст. 1791). Драматургія оперы «Дон Жуан» (паст. 1787) вылучаецца шматпланавасцю кантрастаў, незвычайным сінтэзам оперна-жанравых форм (оперы «Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» і «Дон Жуан» у розныя гады паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі). Вядучыя жанры яго інстр. музыкі — сімфонія, камерныя ансамблі, канцэрты. Найб. значныя з інстр. твораў — 3 сімфоніі — Es-dur, g-moll, C-dur (усе 1788), у якіх па-рознаму вырашаны пытанні тэматыкі, трактоўкі цыкла і самога жанру на аснове бездакорнай аркестравай тэхнікі і поліфанічнага майстэрства. Распрацаваў тып камерна-інстр. ансамбля з вытанчанай лірыка-філас. эмацыянальнасцю, развітым гамафонна-поліфанічным складам, складанай гарманічнай мовай. Заснавальнік новага піяністычнага стылю і класічнага тыпу канцэрта. Яго незакончаны трагедыйны Рэквіем (1791, завершаны Ф.К.Зюсмайрам) адлюстроўвае непрымірымыя супярэчнасці рэчаіснасці і філас. роздум пра сэнс жыцця. Гарманічная, меладычна шчодрая, аптымістычная па духу і дэмакратычная па накіраванасці творчасць М. ахоплівае ўсе муз. жанры. Ён аўтар 17 опер, 2 араторый, 4 кантат, царк. твораў (месы, літаніі, вячэрні, араторыі, матэты), больш як 70 вак.-сімф. твораў (арыі, ансамблі, хары з арк.), каля 50 сімфоній, каля 40 ансамблева-арк. сюіт (дывертысменты, серэнады, накцюрны, касацыі), 40 інстр. канцэртаў, у т. л. каля 30 для фп. з арк., 5 для скрыпкі з арк., 4 для валторны з арк., больш як 50 камерных ансамбляў, санат для фп., для скрыпкі і фп., песень і інш. Існуе цэнтр моцартазнаўства Моцартэум.
Літ.:
Черная Е.С. Моцарт: Жизнь и творчество. 2 изд. М., 1966;
Яе ж. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;
Эйнштейн А. Моцарт: Личность. Творчество: Пер. с нем. М., 1977;
Аберт Г. В.А.Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1987—90;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́І МУЗЫ́ЧНЫЯ.
Збіраюць, захоўваюць, вывучаюць, экспануюць і публікуюць помнікі муз. культуры. Падзяляюцца на музеі муз. інструментаў, муз.-мемарыяльныя, муз.-гіст., муз.-тэатр., мяшанага тыпу. Маюць калекцыі муз. інструментаў, фоназапісаў, акустычных прыстасаванняў, -старадаўніх і рэдкіх рукапісаў і публікацый, аўтографаў і інш.Муз. аддзелы існуюць таксама ў многіх гіст., маст., тэатр. музеях, пры буйных муз., тэатр. і навуч. установах.
Муз. калекцыі існуюць у Еўропе з 16 ст. Вядомы калекцыі старадаўніх муз. інструментаў у Антверпене (Бельгія), Крэмоне (музей А.Страдывары), Мілане, Неапалі, Фларэнцыі (усе Італія), Жэневе, Базелі (Швейцарыя); калекцыі муз. інструментаў народаў свету — у Бруселі, Парыжы, Капенгагене, Берліне, Познані (Польшча), Стакгольме, Лісабоне; музей арганаў і муз. машын у Тэрсфардзе (Вялікабрытанія), міжнар. музей валынак у Гіёне (Іспанія); гісторыі еўрап. муз інструментаў у Тронхейме (Нарвегія), Брытанскі музей фп. ў г. Брэнтфард, а таксама многія калекцыі муз. інструментаў у Германіі, ЗША, на Кубе, у Канадзе, Эквадоры, Аргенціне, Бразіліі і інш. У краінах Азіі і Афрыкі муз. інструменты экспануюцца звычайна ў нац. музеях. Асноўныя мемар. М.м. і даследчыя цэнтры: І.С.Баха (Айзенах, Арнштат, Лейпцыг; Германія), В.Беліні (Катанія, Італія), Г.Берліёза (Ла-Кот-Сент-Андрэ, Францыя), Л.Бетховена (Бон, Вена), Р.Вагнера (Айзенах, Байройт, Германія; Люцэрн, Швейцарыя), І.Гайдна (Вена, Айзенштат, Рораў; Аўстрыя), Г.Ф.Гендэля (Гале, Германія), Э.Грыга (Трольхаўген, Нарвегія), А.Дворжака (Прага, Нелагазевес, Чэхія), С.Дзягілева (Венецыя, Італія), Ф.Ліста (Веймар, Германія), В.А.Моцарта (Зальцбург, Вена, Аўстрыя; Аўгсбург, Германія; Прага), І.Стравінскага (Венецыя). Найбуйнейшыя еўрап.муз.-тэатр. музеі — у т-рах «Ла Скала», «Ковент-Гардэн». У Расіі буйнейшыя калекцыі муз. інструментаў — Калекцыя унікальных муз. інструментаў (Масква, 1919), збор муз. інструментаў Санкт-Пецярбургскай дзярж.тэатр. акадэміі (1940), калекцыя муз. інструментаў Дзярж.цэнтр. музея муз. культуры імя Глінкі (Масква, 1943) і інш.Асн. мемар. музеі: Дамы-музеі П.Чайкоўскага (г. Клін Маскоўскай вобл., г. Воткінск, Удмурцкая Рэспубліка), Музейкватэра А.Скрабіна (Масква), Літ.-мемар. музей А.Пушкіна і Чайкоўскага (г. Каменка Чаркаскай вобл.), Дом-музей (г Ціхвін Ленінградскай вобл.) і Музей-кватэра (С.-Пецярбург) М.Рымскага-Корсакава, Музей-сядзіба М.Мусаргскага (в. Навумава Пскоўскай вобл.), Музей-кватэра (С.-Пецярбург) і Дом-музей (Масква) Ф.Шаляпіна, Дзярж.цэнтр. музей муз. культуры імя Глінкі і Музей-сядзіба Глінкі (с. Наваспаскае Смаленскай вобл.), Мемар. музей С.Рахманінава (с. Іванаўка Тамбоўскай вобл.) і інш.Муз.-тэатр. музеі існуюць пры Вял. т-ры ў Маскве, Марыінскім, т-ры оперы і балета імя М.Мусаргскага ў С.-Пецярбургу і інш.
На Беларусі матэрыялы па гісторыі муз. культуры захоўваюцца і экспануюцца ў Музеі старажытнабеларускай культурыІМЭФНац.АН Беларусі, Дзярж. музеі гісторыі тэатр. і муз. культуры Рэспублікі Беларусь, Музеі беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на, Сядзібе-музеі С.Манюшкі (в. Убель Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.), Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі (дзярж. калекцыя унікальных смычковых інструментаў), у архіўных установах і б-ках. Перыядычна наладжваюцца выстаўкі муз. інструментаў (Віцебск, Мінск, Браслаў, выстаўка званоў у Гродне і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ РАЁН.
Размешчаны ў цэнтры Віцебскай вобл. Утвораны 17.4.1924 (у сучасных межах з 1960). Пл. 3,2 тыс.км². Нас. 33,8 тыс.чал. (2000), гарадскога 8,6%. Сярэдняя шчыльн. 11 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Полацк. Уключае г.Наваполацк, г.п.Ветрына, 407 сельскіх населеных пунктаў, Ветрынскі пасялковы Савет, 19 сельсаветаў: Адамоўскі, Азінскі, Астроўшчынскі, Бабыніцкі, Баравухскі, Вароніцкі, Гаранскі, Гомельскі, Заазерскі, Зялёнкаўскі, Маласітнянскі, Нацкі, Палатоўскі, Салоніцкі, Трудаўскі, Фарынаўскі, Шпакоўшчынскі, Экіманскі, Юравіцкі.
Тэр. раёна ў межах Полацкай нізіны. Паверхня пераважна плоская, ускладнена марэннымі ўзгоркамі, рачнымі далінамі, камамі, азёрнымі катлавінамі, радзей озамі; 65% яе на вышыні 125—150 м, 28% — 150—170 м. Найвыш. пункт 180 м (за 2 км на Пд ад г.п. Ветрына). Глыб. расчлянення рэльефу на ўзгорыста-азёрных участках да 20 м/км². Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пясок, мінер. воды. Сярэдняя т-растудз. — 7,2 °C, ліп. 17,7 °C. Ападкаў 601 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рака Зах. Дзвіна з прытокамі Сосніца, Палата, Тураўлянка, Ушача з Нежлеўкай, Нача. На ўліку 191 возера з пл. больш за 5 га (61 мае рыбапрамысл. значэнне), найб. Янова, Вядзета, Чарвятка, Наўліцкае, Гомель, Болныра, Усомля. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,4 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (32,8 %), тарфяна-балотныя (13,2 %). Пад лесам [61% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, ёсць асінавыя і шэраальховыя лясы. Штучныя насаджэнні (пераважна хваёвыя) — 7,1 %. Пад балотамі 5 % тэрыторыі, найб. балоты Сосніца — Дражбітка, Судзіна, Замошша, Ізмацкае, Чарвятка. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны Казьянскі (да 1999 біял), біял.Лонна, гідралагічныя Вялікае Астравіта і Глыбокае-Чарбамысла. Помнікі прыроды рэсп. значэння: валун каля в. Свяціца, скопішча валуноў «Янава» (в. Бікульнічы), пагорак камавы «Валатоўка». Ахоўныя тарфянікі: Нядружынскае і Кляшторна. Зоны адпачынку «Азёрная» і «Туроўля».
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 77,7 тыс.га, з іх асушаных 14,4 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 9 калгасаў, 13 саўгасаў, калектыўнае с.-r. прадпрыемства, 50 фермерскіх і 33 падсобныя гаспадаркі, птушкафабрыка. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, лёну, агародніны. Прадпрыемствы дрэваапр., першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), буд. матэрыялаў; каап. прам-сці; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Невель—Полацк—Маладзечна, Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс; аўтадарогі Віцебск—Рыга, з Полацка на Віцебск, Лепель, Глыбокае, Міёры, Верхнядзвінск, Асвею, Апочку (Расія), Расоны; нафтаправоды Сургут—Полацк, «Дружба», прадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія), адгалінаванне ад газаправода Таржок (Расія) — Івацэвічы. У раёне 17 сярэдніх, 10 базавых, 7 пачатковых школ, школа-інтэрнат, 2 муз., 3 школы мастацтваў, СПТВ, Дом дзіцячай творчасці, аздараўленчы лагер «Чайка», 27 дашкольных устаноў, 45 б-к, 25 дамоў культуры, 12 клубаў, 6 бальніц, паліклініка, 6 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: сядзіба і царква (пач. 20 ст.) у в. Бяздзедавічы, парк (2-я пал. 19 ст.) у в. Рудня. Гіст. помнікі: рэшткі земляных умацаванняў (17 ст.) каля в. Кушлікі, замчышча Сітна (1563—1579) каля в. Малое Сітна, замчышча Туроўля (1563—1579) каля в. Туроўля. Выдаецца газ. «Полацкі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМБА́БВЕ (Zimbabwe),
Рэспубліка Зімбабве (Republic of Zimbabwe), краіна ва ўнутранай частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Замбіяй, на У з Мазамбікам, на Пд з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), на З з Батсванай. Пл. 390,8 тыс.км². Нас. 10,7 млн.чал. (1993). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Харарэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 красавіка).
Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1980, мадыфікаваная ў 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатная Палата сходу, тэрмін дзейнасці якой 6 гадоў (120 дэпутатаў выбіраюцца насельніцтвам, 12 членаў палаты назначаюцца прэзідэнтам; у склад парламента ўваходзяць таксама 10 плем. правадыроў і 8 губернатараў правінцый). Выканаўчая ўлада належыць ураду, створанаму прэзідэнтам.
Прырода. Большую частку тэр. краіны займае плато Матабеле, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Пераважаюць выш. 1000—1500 м. Плато акаймавана і часткова расчлянёна краявымі хрыбтамі Умвукве (на Пн), Матопа (на ПдЗ), Іньянга (на У) з найвыш. пунктам г. Іньянгані (2596 м). Карысныя выкапні. медныя, хромавыя, літыевыя, жал., алавяныя руды, золата, кам. вугаль, азбест і інш. Клімат пераходны ад экватарыяльна-мусоннага (на Пн) да трапічнага пасатнага (на Пд). У сувязі з узвышаным рэльефам тэрыторыі клімат мае рысы горнага з выражанай сезоннасцю. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) 21—23 °C (максімум да 40 °C), самага халоднага (ліп.) 10—17 °C. Ападкаў ад 350 мм (на ПдЗ) да 1000—1200 мм (усх. схілы гор Іньянга). Асн. колькасць ападкаў з ліст. да сакавіка. Большасць рэк малаводныя і адносяцца да басейнаў Замбезі (на Пн), Лімпопа (на Пд), Сабі (на У). У сярэднім цячэнні р. Замбезі — буйное вадасх. Карыба. Пераважаюць саванны і саваннавыя лясы на карычневых глебах, на Пд — участкі сухіх стэпаў. Агульная плошча разрэджаных лясоў каля 23,8 млн.га. Ёсць штучныя пасадкі эўкаліптаў. У жывёльным свеце прадстаўлены сланы, насарогі, ільвы, леапарды, кракадзілы, бегемоты, жырафы, антылопы і інш. У краіне больш за 10 запаведнікаў і нац. паркаў, самыя вял. Уанкі, Вікторыя-Фолс.
Насельніцтва. Пераважаюць 2 афр. народы з моўнай групы паўд.-ўсх. банту: шона (77%) і матабеле (17%). Шона насяляюць пераважна ўсх. і цэнтр. раёны, матабеле — паўд.-заходнія. Жывуць таксама тонга, венда, педы, тсвана (на Пд), малаві (на ПнУ), бушмены (на крайнім З). Англічан, афрыканераў і выхадцаў з Індыі разам каля З%. Сярод веруючых пераважаюць хрысціяне — 58% (17% — пратэстанты, 14 — прыхільнікі афр. цэркваў, 12% — католікі). Астатняе насельніцтва прытрымліваецца мясц.традыц. культаў. Есць невял. групы мусульман і іудаістаў. Сярэднегадавы прырост каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 27,5 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены цэнтр. раёны краіны. У гарадах жыве 31% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1992, тыс.ж.): Харарэ — 1184, Булавайо — 621, Чытунгвіза — 274, Мутарэ — 132, Гверу — 125. У сельскай і лясной гаспадарцы занята 34% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 21%.
Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. З. вядомы з палеаліту. Верагодна, у 4—1-м тыс. да н.э. сюды прыйшлі бушмены. З 8 ст. пачаўся наплыў бантумоўных народаў, якія выцеснілі бушменаў на Пд і стварылі ў 10 ст. моцную дзяржаву Вял. З., што падтрымлівала гандл. сувязі з народамі Аравійскага п-ва, узбярэжжа Інд.ак. і Кітаем. З 15 ст. ў складзе дзяржавы Манаматапа, якая дасягнула росквіту ў 15—16 ст. і распалася ў 1693 у выніку нападу племя розві. У 18 ст. розві стварылі моцную дзяржаву і працягвалі традыцыі Вял. З., будавалі каменныя гарады. З 1837 на тэр. З. сталі перасяляцца плямёны матабеле на чале з Маселекатсе, што заваяваў зах.ч. краіны і стварыў тут дзяржаву са сталіцай у Булавайо. З сярэдзіны 19 ст. пачалося брыт. пранікненне ў З. (дзейнасць англ. горназдабыўных т-ваў С.Родса). Захоп у 1890 усёй тэр. краіны, названай пазней разам з Замбіяй — Радэзіяй (ад імя Родса), брыт.паўд.-афр кампаніяй і прыток брыт. каланістаў выклікалі паўстанні афр. насельніцтва (1893, 1896—97), задушаныя калан. ўладамі. У 1923 брыт. ўрад атрымаў ад кампаніі паўд.ч. яе ўладанняў як аўт. калонію Паўд. Радэзія. У 1934 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр.нац. кангрэс Паўд. Радэзіі (АНК). У 1953—63 Паўд. Радэзія ў складзе Федэрацыі Радэзіі і Ньясаленда, дзе яна займала прывілеяванае паліт. і эканам. становішча. У 1953—58 ва ўладзе ўмерана правая Аб’яднаная партыя Радэзіі, у 1958—62 — Аб’яднаная федэральная партыя, якія абвясцілі лозунг партнёрства, але праводзілі палітыку дыскрымінацыі афр. насельніцтва.
У 1959 АНК забаронены, замест яго ў 1960 створана Нац.-дэмакр. партыя (НДП). У 1961 прынята новая канстытуцыя, паводле якой афр. насельніцтва атрымала некат. правы. У 1962 адбыліся хваляванні афр.гар. насельніцтва, паліт. барацьбу ўзначаліў Саюз афр. народа З. (ЗАПУ), створаны замест забароненай НДП. У 1962 да ўлады прыйшоў крайне правы Радэзійскі фронт, які імкнуўся да ліквідацыі афр.вызв. руху. У выніку расколу ў ЗАПУ у 1963 створаны Афр.нац. саюз З. (ЗАНУ). Пасля распаду Федэрацыі (1963) Паўд. Радэзія (пад назвай Радэзія) стала асобнай брыт. калоніяй з шырокай унутр. аўтаноміяй. Яе прэм’ер-міністр Я.Д.Сміт (з 1964) пасля безвыніковых перагавораў з Вялікабрытаніяй (1964—65) у аднабаковым парадку абвясціў у ліст. 1965 незалежнасць Радэзіі, якую афіцыйна не прызнала ні адна дзяржава свету і асудзілі ААН і Арг-цыяафр. адзінства (ААА). Нягледзячы на міжнар.паліт. і эканам. санкцыі, Радэзія пры падтрымцы ПАР і Партугаліі развівала сваю эканоміку. З 1967 пачаліся ўзбр. дзеянні ЗАПУ, якія падтрымліваў Афр.нац. кангрэс з тэр. ПАР. На рэферэндуме ў 1969 прынята новая канстытуцыя. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі (1974) быў створаны аб’яднаны фронт вызв. руху пад кіраўніцтвам епіскапа А.Т.Музарэвы, які пачаў перагаворы з урадам. У 1976 ЗАНУ і ЗАПУ заключылі пагадненне аб стварэнні Патрыят. фронту З. (ПФЗ), які падтрымалі ААА і кааліцыя прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі. У выніку перагавораў урада Радэзіі з па-згодніцку настроенымі афр. лідэрамі ў 1978 створаны часовы ўрад (члены Выканаўчага савета Сміт, Музарэва, Н.Сітоле, Дж.Чыраў). Прынятая новая канстытуцыя фармальна забараняла расавую дыскрымінацыю. Пасля парламенцкіх выбараў 1979 створаны ўрад на чале з Музарэвам, але Савет Бяспекі ААН не прызнаў законнасці гэтых дзеянняў. На новых выбарах 1980 перамагла партыя ЗАНУ, яе лідэр Р.Г.Мугабе ўзначаліў урад, у які ўвайшоў і лідэр ЗАПУ Дж.Нкома. 18.4.1980 абвешчана незалежная Рэспубліка З. ў складзе брыт. Садружнасці.
Яна стала членам ААН і ААА. Але ідэалаг. і плем. разыходжанні паміж ЗАНУ і ЗАПУ прывялі ў 1982 да адкрытага канфлікту, урадавая кааліцыя распалася, Нкома быў выдалены з урада. На ПдЗ пачалася ўзбр. супрацьурадавая партыз. барацьба. У выніку пагаднення 1987 пра аб’яднанне ЗАНУ і ЗАПУ (1-ы сакратар і старшыня Мугабе, які адначасова стаў прэзідэнтам, Нкома ўвайшоў у склад урада) пачалася ўнутр. нармалізацыя, змякчэнне паліт. і плем. канфліктаў. Абвяшчэнне Мугабе праграмы сацыяліст.буд-ва, рост эканам. цяжкасцей выклікалі рост апазіцыі. У 1989 узнік апазіц. Рух адзінства З.На прэзідэнцкіх выбарах 1990 перамог Мугабе, Нкома заняў пасаду віцэ-прэзідэнта. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Гаспадарка. З. — аграрна-індустрыяльная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 650 дол. ЗША. Прам-сць дае каля 36% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15, абслуговыя галіны — каля 50%. Найб. развіта гарнарудная галіна, якая дае каля ⅓ часткі выпуску прамысл. прадукцыі па кошце. У З. здабываюць 40 відаў карысных выкапняў: золата (каля 18—20 т штогод), азбест (каля 150 тыс.т), графіт (каля 20 тыс.т), руды нікелю (12—15 тыс.т металу), хрому (каля 0,5 млн.т вокісу хрому), медзі (каля 20 тыс.т), літыю (каля 20 тыс.т), а таксама фасфарыты, баксіты, пірыты, руды берылію, сурмы, кобальту, танталу і ніобію, цынку, жалеза, серабра, плаціны, каменны вугаль. 90% электраэнергіі краіна атрымлівае з ГЭС Карыба на р. Замбезі (належыць З. і Замбіі). Буйная ЦЭЦ у г. Булавайо, якая выкарыстоўвае каменны вугаль, цэнтр здабычы г. Хванге. Частка электраэнергіі імпартуецца з ПАР і Замбіі. Развіты каляровая металургія (атрыманне медзі, хрому, нікелю, золата, літыю і інш., гал.цэнтры Харарэ, Квекве, Гверу), вытв-сць сталі і сплаваў (Харарэ, Квекве), машын і механізмаў для горнай прам-сці, чыг. вагонаў, перапрацоўка тытуню, гарбарна-абутковая і тэкст.прам-сць, дыванаткацтва. Ёсць прадпрыемствы па зборцы аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталей, вытв-сці хім. прадуктаў (у т. л. штучных угнаенняў, аміяку, бензолу), цэменту, харч. прадуктаў (у т. л. цукру), вырабаў цэлюлозна-папяровай, дрэваапр. і мэблевай прам-сці, жалезабетону, шкла і інш.буд. матэрыялаў, керамікі, шын і гумава-тэхн. вырабаў. У г. Мутарэ нафтаперапр.з-д, які атрымлівае нафту па нафтаправодзе з порта Бейра (Мазамбік). Асн.прамысл.цэнтры краіны — Харарэ і Булавайо з прыгарадамі. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — сельская гаспадарка. Апрацоўваецца 2,7 млн.га. Вылучаюцца 2 сектары: афрыканскі (дробныя паўнатуральныя гаспадаркі памерам да 2—3 га) і еўрапейскі (каля 4 тыс. гаспадарак сярэднім памерам каля 1 тыс.га). У афр. сектары на ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, арахіс, проса, сорга, батат, маніёк, бабовыя, агародніну. На плантацыях вырошчваюць экспартныя культуры — тытунь (каля 50% пасяўных плошчаў, збор 150—200 тыс.т штогод), бавоўну (каля 250 тыс.т) і цукр. трыснёг (каля 4 млн.т), а таксама пшаніцу, кукурузу, чай, каву. Жывёлагадоўля развіта пераважна ў цэнтры і на Пд краіны. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 6 млн. галоў), свіней, авечак, коз. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўнай драўніны (больш за 8 млн.м³ штогод). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 2,8 тыс.км, аўтадарог 85 тыс.км, у т. л. каля 20 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. З. экспартуе тытунь (19% па кошце), золата (14%), каляровыя металы, сталь і ферасплавы, бавоўну, цукар і інш.; імпартуе машыны і трансп. сродкі (37% па кошце), паліва, хім. прадукты, прамысл. вырабы. Замежны турызм (каля 300 тыс.чал. штогод). Гал. гандлёвыя партнёры Вялікабрытанія, Германія, ПАР, Японія, ЗША, Батсвана. Грашовая адзінка — зімбабвійскі долар.
Літ.:
Асоян Б.Р. Зимбабве. М., 1983;
Краснопевцева Т.И. Зимбабве: Прошлое и настоящее. М., 1988.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Герб і сцяг Зімбабве.Да арт.Зімбабве. Фрагмент абарончай сцяны з поясам фігурнай муроўкі.Да арт.Зімбабве. Прамысловая зона ў г. Харарэ.Да арт.Зімбабве. Сучасная разьба па косці.Да арт.Зімбабве. Сучасная вёска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТ (Krētē),
востраў ва ўсх.ч. Міжземнага мора. Тэр. Грэцыі. Даўж. з З на У 260 км, шыр. ад 12 да 55 км, пл. 8,3 тыс.км². Нас. 537 тыс.чал. (1991). Рэльеф гарысты, моцна расчлянёны, створаны альпійскімі гораўтваральнымі рухамі. Вылучаецца некалькі вял. масіваў: на У — Ласіты, або Дыкты (выш. да 2148 м), у цэнтры — Іда (да 2456 м), на З — Лефка-Оры (да 2452 м). Паміж гарамі Іда і Лефка-Оры знаходзіцца Сярэднекрыцкае пласкагор’е, выш. 600—800 м. Схілы горных масіваў, расчлянёныя глыбокімі цяснінамі, на Пд стромка абрываюцца да мора, на Пн зніжаюцца паката і ствараюць шэраг паўастравоў і мысаў. На Пд — Месарская раўніна, якая са старажытнасці была жытніцай вострава. Горы складзены пераважна з мезазойскіх вапнякоў (на З — з сланцаў), пашыраны карст. Радовішчы жал. руд, бурага вугалю. Частыя землетрасенні.
Клімат міжземнаморскі. На ўзбярэжжы сярэдняя т-растудз. 12 °C, ліп 26 °C Ападкаў на З выпадае 800 мм за год, на У — 200—400 мм; у гарах — больш за 1000 мм, частыя снегапады, снег на вяршынях ляжыць да мая. Летняя засуха доўжыцца 6—7 месяцаў. Глебы горна-карычневыя, на нізінах алювіяльныя. Расліннасць другаснага паходжання. Пераважае нізкарослая фрыгана (ладаннік, лаванда, верас, жаўтазель, малачай, шалфей і інш.). У больш вільготных раёнах вечназялёныя хмызнякі (маквіс). У гарах на выш. 800—1600 м трапляюцца рэдкалессі з дуба палесцінскага, хвоі калабрыйскай, платана, кіпарыса гарызантальнага. На вяршынях гор альпійскія лугі. На раўнінах і тэрасах плантацыі аліў, вінаграднікі, ворная зямля пад пшаніцай, кукурузай, тытунём. Авечкагадоўля, рыбалоўства, промысел марскіх губак. Нац. парк Самарыя (ахова горнай фауны і флоры). Захаваліся шматлікія помнікі ант. культуры і сярэдневякоўя. Асн. парты Іракліян і Ханья.
Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на К. вядомы з часоў палеаліту. К. — адзін з цэнтраў найстараж. еўрап. культуры (гл.Крыта-мікенская культура, Крыцкае пісьмо). У 3-м тыс. да н.э. тут узніклі першыя ў Еўропе гарады-дзяржавы (Кнос, Фест і інш.). У 2-м тыс. да н.э. ўвесь К., верагодна, быў аб’яднаны пад уладай цароў Кноса ў магутную дзяржаву, якая дасягнула росквіту ў 17—16 ст. да н.э.: мела вял. флот і, паводле падання, захаванага стараж.-грэч. гісторыкамі, панавала на Эгейскім м. У 14 ст. да н.э. частка К. заваявана кааліцыяй ахейскіх царстваў мацерыковай Грэцыі; у 12 ст. ахейскія дзяржавы тут распаліся пад націскам дарыйцаў. У 1-м тыс. да н.э. крыцкія полісы адыгрывалі значную ролю ў паліт. і культ. жыцці Грэцыі. З 67 да н.э. ў складзе Рым. дзяржавы, з 395 н.э. — Візантыі. Належаў у 823—961 арабам, у 961—1204 зноў Візантыі, у 1204 заваяваны крыжакамі і прададзены Венецыі. У перыяд венецыянскага панавання шматлікія паўстанні мясц. насельніцтва; у 15—17 ст. развівалася культура, асабліва жывапіс (Эль Грэка) і л-ра (В.Карнарас) — т.зв. крыцкі рэнесанс. У 1669 (канчаткова ў 1715) заваяваны Турцыяй. Насельніцтва К. ўдзельнічала ў Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. У 1866—69, 1878, 1887, 1895, 1896—97 тут адбыліся Крыцкія паўстанні супраць тур. панавання. У 1898 К. атрымаў адм. аўтаномію. Пасля Балканскіх войнаў 1912—13 паводле грэка-тур. дагавора ад 14.11.1913 далучаны да Грэцыі. У 2-ю сусв. вайну ў маі 1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі ў выніку паветрана-дэсантнай аперацыі (буйнейшая паветр. аперацыя вермахта ў час вайны). Вызвалены ў ліст. 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМЛЬ МАСКО́ЎСКІ,
старажытная частка, гал. грамадска-паліт. і гіст.-маст. комплекс цэнтра Масквы; месцазнаходжанне вышэйшых органаў дзярж. улады Рас. Федэрацыі. Былая рэзідэнцыя маск. вял. князёў (з 14 ст.), цароў (з сярэдзіны 16 ст.), імператараў (месца каранацый і інш. урачыстасцей, з пач. 18 ст.), сав. ўрада (з сак. 1918), з 1991 рэзідэнцыя прэзідэнта Рас. Федэрацыі.
Узнік на Баравіцкім узгорку на левым беразе р. Масква пры ўпадзенні ў яе р. Няглінная. Першапачаткова на тэр. К.М. было паселішча дзякоўскай культуры, не пазней канца 11 ст. тут узнікла ўмацаванае паселішча славян-вяцічаў. У 1156 паводле загаду кн. Ю.Далгарукага ўзведзены новыя ўмацаванні. У 1339—40 пабудаваны дубовыя сцены і вежы. Пры Дзмітрыю Данскім у 1367 значна пашыраны, сцены і вежы пабудаваны з белага каменю (адсюль выраз «Масква-белакаменная»), у 1485—95 — з цэглы. У 17 ст. вежы набылі ярусныя і шатровыя завяршэнні.
Сучасны К.М. ў плане — няправільны трохвугольнік (пл. 27,5 га), абнесены цаглянымі сценамі (даўж. 2.25 км, таўшчыня 3,5—6,5 м, выш. 5—19 м) з 20 вежамі, у т. л. 6 праезных, гал. — Спаская з гадзіннікам (т.зв. крамлёўскімі курантамі). У цэнтры — Саборная пл. з Успенскім саборам (1475—79, арх. А.Фіяраванці; размалёўкі 15—16 і 17 ст., Дыянісій, І. і Б. Паісеіны і інш.; калекцыя абразоў 11—17 ст.). Сярод інш. помнікаў стараж.-рус. архітэктуры: саборы Благавешчанскі (1484—89, пскоўскія дойліды, дабудаваны ў 1562—64; іканастас са старога сабора, 1405, з абразамі Андрэя Рублёва, Феафана Грэка, Прохара з Гарадца, размалёўкі 1508, Феадосій і інш.), Архангельскі (1505—08, арх. Алевіз Фразін Новы; размалёўкі 1652—66, майстры Я.Т.Казанец, С.Г.Разанец, І.Уладзіміраў і інш.); Гранавітая палата (1487—91), званіца «Іван Вялікі» (3 ярусы 1505—08, арх. Бон-Фразін; у 1600 надбудавана да 81 м, шатровыя прыбудовы 1635); Церамны палац (1635—36, арх. А.Канстанцінаў, Б.Агурцоў, Л.М.Ушакоў, Т.Шаруцін) і інш. У 18—19 ст. узведзены будынкі Арсенала (1702—36, арх. Дз.Іваноў, Х.Конрад; барока), Сената (1776—87, арх. М.Ф.Казакоў; класіцызм), Вял. Крамлёўскі палац (1839—49, арх. К.А.Тон і інш.) і Аружэйная палата [цяпер музей; 1844—51, арх. Тон; сярод майстроў выхадцы з Беларусі П.Абросімаў, Арсеній, С.Палубес (Іваноў) і інш.; у рус.-візант. стылі]. Пабудовы 20 ст.: Крамлёўскі т-р (1932—34, арх. І.І.Рэрберг, рэканструкцыя інтэр’ераў 1958, А.Ф.Хракаў, Л.Б.Сегал), Палац з’ездаў (цяпер Дзярж. Крамлёўскі палац; 1959—61, арх. М.В.Пасохін, А.А.Мндаянц, Я.М.Стама, П.П.Штэлер і інш.; Ленінская прэмія 1962). На тэр. К.М. помнікі рус. ліцейнай справы Цар-гармата (1586, майстар А.Чохаў) і Цар-звон (1733—35, майстры І.Ф. і М.І.Маторыны); створаны музеі. У 1920—30 знесены многія помнікі архітэктуры, у т. л. сабор Спаса на Бары (1330), ансамблі манастыроў Чудава з саборам (1503) і Вазнясенскага з Кацярыненскай царквой (1808—17), Малы Мікалаеўскі палац (з 1775) і інш. К.М. з ансамблем Краснай плошчы ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Древности Московского Кремля. М., 1971;
Иванов В. Московский Кремль. М., 1971.
Крэмль Маскоўскі.Успенскі сабор Крамля Маскоўскага.Благавешчанскі сабор Крамля Маскоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭВО́НСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), дэвон,
чацвёртая сістэма палеазойскай эратэмы (групы), якая адпавядае чацвёртаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі сілурыйскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі каменнавугальнай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 400 млн. гадоў назад, доўжылася больш за 50 млн. гадоў. Тэрмін уведзены англ. даследчыкамі Р.І.Мурчысанам і А.Седжвікам (1839). Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі) — ніжні, сярэдні, верхні (ранняя, сярэдняя, позняя эпохі) і 7 ярусаў (вякоў) — лохкаўскі, пражскі, эмскі (ніжні аддзел); эйфельскі, жывецкі (сярэдні); франскі, фаменскі (верхні аддзел). На Беларусі гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы (1981, 1990) дэвонскіх адкладаў. На падставе характэрных комплексаў выкапнёвых брахіяпод, астракод, канадонтаў і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты: баршчоўскі, чарткоўскі, віцебскі, адроўскі, асвейскі, гарадоцкі, касцюковіцкі, полацкі (старааскольскі), ланскі, саргаеўскі, сямілуцкі, рэчыцкі, варонежскі, яўланаўскі, лівенскі, даманавіцкі, задонскі, ялецкі, петрыкаўскі, лебядзянскі, арэскі, стрэшынскі, палескі.
Арганічны свет Д.с. быў багаты і разнастайны. Марскія басейны насялялі амаль усе тыпы марскіх беспазваночных жывёл (прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, плечаногія, членістаногія, малюскі, канадонтаносьбіты і інш.), з раслін — водарасці; у лагунах, азёрах і рэк панавалі бяссківічныя і рыбы. На сушы былі пашыраны прымітыўныя расліны — псілафіты, з’явіліся папарацепадобныя, дзеразовыя і хвашчовыя, першыя голанасенныя. Некат. групы жывёл (каралы, страматапоры і інш.) і раслін (вапняковыя водарасці) адыгрывалі важную ролю ва ўтварэнні адкладаў, месцамі ў морах стваралі арганагенныя пабудовы (біястромы, біягермы, рыфы). Найб. важныя для расчлянення дэвонскіх адкладаў групы фауны — ганіятыты, каралы, брахіяподы, малюскі, астракоды, канадонты, рыбы; флоры — рэшткі раслін (споры).
Адклады Д.с. вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформеннага чахла большасці платформ Паўн. і Паўд. паўшар’яў, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках. Пашыраны таксама ў складкавых сістэмах Урала, Паміра, Апалачаў, Кардыльераў і інш. Большая ч. сушы ў дэвоне была ўкрыта морамі, дзе пераважна намнажаліся тэрыгенныя і карбанатныя асадкі, у лагунах — каменныя солі, гіпсы, ангідрыты. У дэвоне пачалася герцынская складкавасць, якая суправаджалася актыўнай вулканічнай дзейнасцю і ўтварэннем магутных тоўшчаў вулканагенных парод. На ўсіх кантынентах з адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў.
На Беларусі адклады Д.с. пашыраны на б.ч. (каля 60%) тэр. і прадстаўлены ўтварэннямі ўсіх ярусаў, акрамя пражскага. Залягаюць на глыбінях ад 100 да 1500 м і толькі месцамі па р. Дняпро ў г. Орша, Зах. Дзвіна каля Віцебска, Сар’янка каля г. Верхнядзвінск выходзяць на паверхню. На ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна, Валынская манакліналь) глініста-карбанатныя адклады лохкаўскага яруса магутнасцю да 80 м, у цэнтры і на ПнУ (Аршанская ўпадзіна, Латвійская седлавіна) тэрыгенныя, карбанатныя і эвапарытавыя адклады эмскага, эйфельскага, жывецкага і часткова франскага ярусаў агульнай магутнасцю да 500 м. Да франскага яруса адносяцца вулкана-магматычныя ўтварэнні дыятрэм (трубак выбуху) Жлобінскай седлавіны. Найб. поўны разрэз дэвону (да 3—3,5 тыс.м) ускрыты свідравінамі на ПдУ (Прыпяцкая ўпадзіна), дзе ўтварэнні эйфельскага, жывецкага, франскага і фаменскага ярусаў складзены з магутных тоўшчаў тэрыгенных, карбанатных, саляносных і вулканагенных парод. З адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў: нафты (Рэчыцкае, Давыдаўскае, Вішанскае і інш.), солей каменных (Мазырскае) і калійных (Старобінскае, Петрыкаўскае), гаручых сланцаў (Тураўскае, Любанскае), даламітаў (г.п. Руба, Віцебскі р-н), расолаў і мінер. вод.
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;
Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996;
Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Девонская система. Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ ў 13 ст., шэраг заваёўніцкіх войнаў і паходаў манголаў супраць народаў Азіі і Еўропы. Пачаліся пасля аб’яднання да 1206 Чынгісханам мангольскіх плямён і стварэння дзяржавы. У ходзе М.з. склалася Мангольская імперыя. Баяздольнасць манг. войска, размеркаванага на тумены (дзесяткі тысяч), цьмы (тысячы), сотні, дзесяткі, была абумоўлена жорсткай дысцыплінай, вял. манеўранасцю і мабільнасцю, выкарыстаннем ваен. і тэхн. дасягненняў захопленых краін і народаў, перадавой ваен. тактыкай, хітрасцю і інш. Гэта дазваляла манголам перамагаць нават намнога большыя сілы праціўніка, браць добра ўмацаваныя крэпасці і гарады (з тэхнікай аблогі гарадоў манголы пазнаёміліся ў Кітаі). У 1207—11 манголы падпарадкавалі народы Паўд. Сібіры і Усх. Туркестана. З 1211 пачалося заваяванне Кітая, у 1215 захоплены Пекін (Яньцзін). У канцы 1218 манг. войскі (каля 200 тыс.чал.) на чале з Чынгісханам уварваліся ў Сярэднюю Азію, у 1219—21 разбілі войскі харэзмшаха Мухамеда і яго сына Джэлал-ад-дзіна, захапілі і разбурылі большасць буйных гарадоў, у т. л. Харэзм, Хаджэнт, Мерв, Ургенч. У 1220 войска на чале з Джэбе і Субэдэем уварвалася ў Паўн. Іран, адтуль — у Закаўказзе і ў 1222 разбіла груз. войска. Потым манголы перайшлі Каўказскія горы і ўварваліся ў палавецкія стэпы. 31.5.1223 яны перамаглі войска рус. і палавецкіх князёў у бітве на р. Калка і ў 1224 вярнуліся ў Манголію. У 1226—27 знішчана тангуцкая дзяржава Сі-Ся. У час праўлення сына Чынгісхана Угедэя канчаткова заваяваны Паўн. Кітай і знішчана дзяржава чжурчжэняў (1234). У 1236 пачаўся вял. паход на Захад на чале з унукам Чынгісхана Батыем (Бату). Разграміўшы Балгарыю Волжска-Камскую, манг. войска ўварвалася ў паўн.-ўсх. Русь. 21.2.1237 яно захапіла Разань, у снеж.—лютым 1238 — б.ч. Уладзімірска-Суздальскай зямлі. 4.3.1238 у бітве на р. Сіць разгромлена аб’яднанае войска ўладзімірска-суздальскіх князёў, загінуў вял. князь Юрый Усеваладавіч. У 1240 Батый пачаў новы паход на Пд Русі і Захад. 6.12.1240 захоплены і разбураны Кіеў. У пач. 1241 манг. войска спустошыла Галіцка-Валынскія землі, пацярпелі і некаторыя гарады Палесся. Пачалася мангола-татарская няволя на Русі (пра манг. паходы на ПнЗ Русі і адносіны манголаў з ВКЛгл. ў арт.Залатая Арда). У лют. 1241 манголы ўварваліся ў Польшчу, 3.3.1241 разбілі каля Кракава польск. войска на чале з Баляславам V, 9.4.1241 — апалчэнне ням. і польскіх князёў пры Лягніцы. аднак пасля гэтага яны пацярпелі паражэнне ад чэхаў 24.6.1241 у Оламаўцкай бітве 1241. Другое манг. войска ўварвалася ў Венгрыю, дзе 11.4.1241 у бітве пры Шаё разбіла войска караля Белы IV. У канцы 1241 пачаўся новы паход, спынены весткай пра смерць вял. хана Угедэя. М.з. аднавіліся ў час праўлення Мункэ. Яго брат Хулагу заваяваў у 1256 Іран, у 1258 захапіў Багдад і ліквідаваў халіфат Абасідаў, але быў спынены пасля паражэння 3.9.1260 пры Айн-Джалуце ад войск егіп. султана. У той жа час пачалося заваяванне Паўд. Кітая (скончана ў 1279). М.з. завяршыліся паходам 1300 у М’янму, аднак драпежніцкія паходы мангола-татар на Русь і інш. краіны працягваліся ў 14—15 ст. М.з. былі адной з вял. катастроф у гісторыі: загінула вял. колькасць людзей, былі знішчаны цэнтрыстараж. цывілізацыі, што негатыўна паўплывала на далейшае развіццё народаў Азіі і Усх. Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАПЕ́ШТ (Budapest),
горад, сталіца Венгрыі. У цэнтры краіны на берагах Дуная. Адм. ц. медзье Пешт. 1995,7 тыс.ж. (1993). Гіст.ч. горада — Буда (правы ўзгорысты бераг Дуная) і Пешт (левы раўнінны) злучаны 8 аўтамаб. і 2 чыг. мастамі. Трансп. вузел краіны — рачны порт, вузел 10 чыгунак і 8 шашэйных дарог. Міжнар. аэрапорт Ферыхедзь. Гал.прамысл. і культ. цэнтр краіны. Прадпрыемствы горада выпускаюць каля 1/3прамысл. прадукцыі Венгрыі, у т. л. каля 60% прадукцыі машынабудавання: вытв-сць аўтобусаў, дызельных цягнікоў, трактароў, матацыклаў, энергет. абсталявання, суднаў, гумава-тэхн. вырабаў. Развіты металургія (выплаўка каляровых металаў, пракату), хімія (мінер. ўгнаенні, кіслоты), буд. індустрыя. У прам-сці пераважаюць навукаёмістыя галіны — электроніка і электратэхніка, складанае прыладабудаванне, оптыка, тонкая хімія, мед. абсталяванне, фармацэўтычныя вырабы, тэлефонная і мікрахвалевая апаратура, тэлевізары і інш. Развіты лёгкая (тэкст., швейная, абутковая і інш.), паліграф. і харч. (мукамольная, кандытарская, мясакансервавая, піваварная, плодаагароднінная, вінаробчая і інш.) галіны. Старэйшы на еўрап. кантыненце метрапалітэн (1896).
Як горад Будапешт утвораны ў 1872 пасля аб’яднання гарадоў Пешт, Буда і Абуда (упершыню ўпамінаюцца ў 1148). На месцы Буды ў старажытнасці было пасяленне кельтаў, у 1—4 ст.рым. крэпасць Аквінк. З 1242 Буда — сталіца Венгрыі, з 1350 рэзідэнцыя венг. каралёў. На тэр. Пешта да 10 ст. існавалі слав. паселішчы. У 1541—1686 Буда і Пешт пад уладаю туркаў, з пач. 18 ст. ў складзе імперыі Габсбургаў. У 1848—49 і 1918—19 цэнтр рэв. руху. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны (гл.Будапешцкая аперацыя 1944—45). Цэнтр Венгерскага паўстання 1956.
Вузкія вулачкі сярэдневяковай Буды кантрастуюць з прасторнымі кварталамі Пешта, шырокія радыяльныя магістралі якога перасякаюць 3 паўкальцы вуліц. Над Будапештам узвышаецца гара Гелерт (на правым беразе), укрытая садамі і паркамі, з помнікам Вызвалення (1947, скульпт. Ж.Кішфалудзі-Штробль). Сучаснае аблічча горада вызначаюць пераважна парадныя збудаванні канца 19—20 ст. У раёне Абуды — рэшткі стараж.-рымскага паселішча Аквінк (1—4 ст., 2 амфітэатры, храмы, тэрмы, т.зв. віла Геркулеса з мазаічнай падлогай, раннехрысц. базілікі). На ўзгорку ў раёне Буды — рэшткі замка (13 — пач. 20 ст.) з каралеўскім палацам (цяпер музей замка, уключае памяшканні Венг.нац. галерэі), жылыя дамы 13—18 ст., маўзалей Гюль-Баба і тур. лазні (16 ст.), гатычныя і барочны цэрквы і інш. У раёне Пешта — царква Бельвараш (15—18 ст.), Цэнтр. ратуша (1727—47, барока), Нац. музей (1837—47, арх. М.Полак, класіцызм), канцэртная зала «Вігада» (1858—64, нац. рамантыка), Оперны тэатр (1875—84, арх. М.Ібль, неарэнесанс), Музей прыкладнога мастацтва (1896, арх. Э.Лехнер, мадэрн), парламент (1884—1904, псеўдаготыка) і інш. 8 мастоў, якія звязваюць берагі Дуная, пераходзяць у магістралі Пешта. Пасля 2-й сусв. вайны пабудаваны Нар. стадыён (1948—53), Дом прафсаюзаў (1948—50), атэлі «Будапешт» (1968), «Дуна Інтэркантыненталь» (1970), «Форум» і «Атрыум» (пач. 1980-х г.). Былыя ўскраіны Будапешта забудаваны добраўпарадкаванымі жылымі раёнамі.
У Будапешце — Венг.АН (з 1825); Будапешцкі універсітэт (з 1635), Нац.венг.муз. акадэмія імя Ф.Ліста, мед. акадэмія і інш.ВНУ. Б-кі: Дзярж.б-ка імя Ф.Сечэньі (з 1802), Гар.б-ка імя Э.Саба (з 1904), універсітэцкая (з 1635), акадэмічная (з 1826) і інш. Музеі: Нац. музей (з 1802), Нац. галерэя (1957), Нац. музей натуральнай гісторыі (з 1802), Музей выяўл. мастацтваў (з 1896) і інш. Тэатры: оперны, нацыянальны (драматычны), аперэты і інш.
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Да арт.Будапешт. Набярэжная Дуная.Да арт.Будапешт. Панарама цэнтральнай часткі горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАГРАФІ́ЧНЫЯ ПРАЕ́КЦЫІ,
матэматычныя спосабы адлюстравання паверхні зямнога шара (эліпсоіда) або інш. нябеснага цела падобнай формы на плоскасці. К.п. ўстанаўліваюць аналітычную залежнасць (адпаведнасць) паміж геагр. каардынатамі пунктаў зямнога эліпсоіда і прамавугольнымі каардынатамі тых жа пунктаў на плоскасці. Вывучэннем К.п. займаецца картаграфія. Праекцыі, як правіла, маюць скажэнні даўжынь ліній, плошчаў, вуглоў і форм (існуюць праекцыі, у якіх адсутнічаюць скажэнні вуглоў ці плошчаў). Агульную характарыстыку скажэнняў дае эліпс скажэнняў (адлюстроўвае на плоскасці бясконца малыя акружнасці, узятыя ў розных месцах эліпсоіда). На карце адрозніваюць маштабы гал. (роўны маштабу мадэлі зямнога эліпсоіда, паменшанаму ў зададзеных адносінах) і прыватны (адносіны бясконца малога адрэзка, узятага ў дадзеным месцы карты па дадзеным напрамку, да адпаведнага адрэзка на паверхні эліпсоіда). Адносіны прыватнага маштабу да гал. характарызуюць скажэнне даўжынь. Паводле характару скажэнняў К.п. падзяляюцца на роўнавугольныя (перадаюць вуглы без скажэнняў), роўнавялікія (перадаюць плошчы без скажэнняў) і адвольныя (скажаюцца і вуглы і плошчы). Сярод адвольных вылучаюцца роўнапрамежкавыя (скажаюцца вуглы і плошчы ў аднолькавых прапорцыях). У залежнасці ад становішча восі сферычных каардынат (арыенціроўка дапаможнай паверхні адносна палярнай восі) вылучаюць К.п.: нармальныя (вось каардынат супадае з воссю вярчэння зямлі), папярочныя (вось каардынат ляжыць у плоскасці экватара), косыя (вось каардынат размяшчаецца пад вуглом да зямной восі).
Паводле віду дапаможнай паверхні для праектавання вылучаюць некалькі тыпаў праекцый. У азімутальных К.п. паверхня зямнога эліпсоіда праектуецца на датычную або сякучую плоскасць. У нармальных азімутальных праекцыях мерыдыяны паказваюцца прамымі, якія сыходзяцца ў адзін пункт (полюс), а паралелі — канцэнтрычнымі акружнасцямі, якія праводзяцца з агульнага цэнтра (полюса). У косых і большасці папярочных азімутальных праекцыях мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) і паралелі — крывыя лініі; экватар у папярочных праекцыях — прамая лінія. У цыліндрычных К.п. дапаможнай паверхняй служыць бакавая паверхня цыліндра, што датыкаецца да эліпсоіда або перасякае яго. У нармальных цыліндрычных праекцыях мерыдыяны і паралелі — прамыя лініі, у папярочных і косых праекцыях паралелі і мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) — крывыя лініі. У канічных К.п. паверхня эліпсоіда праектуецца на бакавую паверхню конуса, што датыкаецца да эліпсоіда ці перасякае яго. У нармальных канічных праекцыях мерыдыяны — прамыя лініі, якія сыходзяцца ў полюсе, а паралелі — дугі канцэнтрычных акружнасцей з цэнтрам у полюсе. У косых і папярочных канічных праекцыях паралелі і мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) — крывыя лініі. У поліканічных К.п. сетка мерыдыянаў і паралелей праектуецца на некалькі конусаў, кожны з якіх разгортваецца ў плоскасць. Паралелі (за выключэннем прамалінейнага экватара) — дугі эксцэнтрычных акружнасцей, цэнтры якіх ляжаць на прадаўжэнні сярэдняга мерыдыяна, што мае выгляд прамой лініі. Астатнія мерыдыяны — крывыя, сіметрычныя да сярэдняга. Псеўдаазімутальныя К.п. маюць паралелі нармальнай сеткі ў выглядзе канцэнтрычных акружнасцей, мерыдыяны — крывыя, якія сыходзяцца ў полюсе і сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Трапляюцца сеткі, пабудаваныя ў косым і папярочным варыянтах, дзе паралелі і мерыдыяны — крывыя лініі. Псеўдаканічныя К.п. маюць паралелі ў выглядзе дуг канцэнтрычных акружнасцей, мерыдыяны — крывыя лініі, сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Псеўдацыліндрычныя К.п. маюць прамыя паралелі, мерыдыяны — крывыя лініі, сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Кругавыя К.п. маюць мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) і паралелі (за выключэннем экватара) у выглядзе эксцэнтрычных акружнасцей; сярэдні мерыдыян і экватар — прамыя. Пры пабудове ўмоўных К.п. не карыстаюцца дапаможнай геам. паверхняй.
Выбар К.п. залежыць ад прызначэння і тэматыкі карты, маштабу і геагр. становішча тэрыторыі, яе канфігурацыі і памераў, спецыфічных патрабаванняў да карты і інш. Прызначэнне карты вызначае характар скажэнняў (даўжынь, плошчаў, вуглоў). Напр., для карт, прызначаных для вымярэння плошчаў, выбіраюць роўнавялікія праекцыі, для вымярэння вуглоў і азімутаў — роўнавугольныя, для сусв. карт — поліканічныя, нармальныя цыліндрычныя, псеўдацыліндрычныя і інш., для карт паўшар’яў, мацерыкоў і частак свету — папярочныя і косыя азімутальныя і інш.