ПРАЯЎЛЕ́ННЕ ФАТАГРАФІ́ЧНАЕ,

пераўтварэнне скрытага фатагр. відарыса, што ўзнік у святлоадчувальным матэрыяле пры фатаграфаванні, у бачны. Найб. пашырана хім. П.ф. з выкарыстаннем спец. рэчываў (праявіцеляў) для пераўтварэння (аднаўлення) галагенідаў серабра да метал. серабра, неабходнага для ўтварэння бачнага відарыса.

Пры праяўленні колерафатаграфічных матэрыялаў атрыманне відарыса з фарбавальнікаў адбываецца адначасова з аднаўленнем метал. серабра, якое выдаляецца пры наступнай апрацоўцы. Праявіцелі для хім. П.ф. маюць праяўляльныя рэчывы (напр., метол, гліцын), захавальныя рэчывы (найб. пашыраны сульфіт натрыю), якія прадухіляюць акісленне праявіцелю кіслародам паветра, і паскаральныя рэчывы (напр., карбанат ці гідраксід натрыю), якія актывізуюць праявіцель. У праявіцель таксама дадаюць процівуаліруючыя рэчывы (брамід калію) і інш. кампаненты. Для выдалення рэшткаў галагенідаў серабра, не адноўленых пры П.ф., выкарыстоўваюць замацаванне фатаграфічнае. Акрамя хімічнага распрацавана фіз. П.ф., дзе метал. серабро відарыса аднаўляецца з раствору сярэбранай солі. Для П.ф. выкарыстоўваюць кюветы, спец. бачкі, праявачныя машыны і інш. Праяўленне бессярэбраных фотаматэрыялаў грунтуецца на інш. прынцыпах, напр., на выкарыстанні электрычна зараджаных парашкоў (гл. Электрафатаграфія).

т. 13, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕГЕАХІ́МІЯ (ад радые... + геахімія),

раздзел геахіміі, які вывучае гісторыю радыеактыўных атамаў. Вядома больш за 1350 радыеізатопаў (прыродных і тэхнагенных), якія адносяцца да ўсіх хім. элементаў табліцы Дз.​І.​Мендзялеева. Р. даследуе іх размеркаванне і міграцыю ў зямной кары, зямных абалонках і ландшафтах, формы знаходжання і ўдзел у геал., геахім. і інш. працэсах. З дапамогай Р. вырашаюцца праблемы: эвалюцыі хім. саставу Зямлі, петра- і літагенезу, жыцця на Зямлі, генезісу карысных выкапняў, палеагеаграфічных і палеагеахімічных рэканструкцый, экалогіі, радыяцыйнага тэхнагенезу. Выкарыстоўваецца пры пошуках карысных выкапняў, у сельскай гаспадарцы, для аховы здароўя, у рацыянальным прыродакарыстанні, ахове навакольнага асяроддзя. Р. цесна звязана з радыегеалогіяй, ядзернай геафізікай, радыеэкалогіяй. На Беларусі рэгіянальны кірунак Р. сфарміраваўся ў 1970-я г. Значны яго ўклад у даследаванне ландшафтаў і зямной кары рэгіёна, высвятленне геахім. і экалагічных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Літ.:

Кузнецов В.А. Радиогеохимия речных долин. Мн., 1997;

Техногенные радиоактивные изотопы в ландшафтах Беларуси. Мн., 2000.

У.​А.​Кузняцоў.

т. 13, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТВАРА́ЛЬНІКІ,

хімічныя злучэнні ці іх сумесі, здольныя раствараць (гл. Растваральнасць) розныя рэчывы. У сістэмах вадкасць — газ і вадкасць — цвёрдае цела Р. лічаць вадкасць, у двух і шматкампанентных растворах — кампанент, колькасць якога значна перавышае колькасць інш. кампанентаў. Паводле асн. хім. класіфікацыі Р. падзяляюць на неарган. і арганічныя.

Найважн. неарган. Р. — вада. Да неарган. Р. адносяцца вадкія аміяк NH3 і дыаксід серы SO2, фторыставадародная к-та HF і інш. Арган. Р. — злучэнні розных класаў: аліфатычныя і араматычныя вуглевадароды, іх галагена- і нітравытворныя (хлараформ, нітрабензол), спірты (метанол, этанол), кетоны (ацэтон), простыя і складаныя эфіры (дыэтылавы эфір) і інш. Класіфікуюць Р. таксама паводле палярнасці малекул і велічыні дыэл. пранікальнасці (палярныя і непалярныя), т-ры кіпення (нізка- і высокакіпячыя), вязкасці, пажара- і выбухованебяспечнасці, таксічнасці і інш. уласцівасцей. Асн. патрабаванні да Р. пры яго практычным выкарыстанні мінім. таксічнасць і пажаранебяспечнасць, даступнасць і таннасць. Выкарыстоўваюць для тэхнал. мэт у лакафарбавай, тэкст., фармацэўтычнай, мед. прам-сці, пры вытв-сці выбуховых рэчываў, а таксама ў якасці асяроддзя для ажыццяўлення хім. рэакцый.

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЬКО́ (Анатоль Іванавіч) (н. 10.9.1950, в. Доўгае Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне калоіднай хіміі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (2000), д-р хім. н. (1993). Скончыў БДУ (1972). З 1975 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац. АН Беларусі (з 1994 заг. лабараторыі). Навук. працы па даследаванні сарбентаў і сарбцыйных працэсаў. Распрацаваў фіз.-хім. асновы сінтэзу гідраксідсілікатных і гідраксідфасфатных адсарбентаў з высокай тэрмічнай стабільнасцю. Выявіў заканамернасці фарміравання порыстай структуры цвёрдых цел у прысутнасці арган. і неарган. мадыфікатараў. Прапанаваў спосабы атрымання водаўстойлівага сілікагелю, спосаб ачысткі вадкіх харч. прадуктаў (малака, сокаў) і тэхнал. вод ад радыенуклідаў з выкарыстаннем мадыфікаваных прыродных неарган. іанітаў (клінаптылаліту і монтмарыланіту), новыя сенсорныя матэрыялы на аснове аксіду індыю.

Тв.:

Сорбция ​137Cs и ​90Sr модифицированными сорбентами на основе клиноптилолита (разам з А.​С.​Панасюгіным) // Радиохимия. 1996. Т. 38, вып. 1;

Влияние смешанных гидрококсокомплексов Fe—Al на пористую структуру монтмориллонита (у сааўт.) // Коллоидный журн. 1999. Т. 61, №5.

А.І.Рацько.

т. 13, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛАКСА́ЦЫЯ АКУСТЫ́ЧНАЯ,

працэс узнаўлення ў асяроддзі раўнавагі тэрмадынамічнай, якая парушана з-за змены ціску і т-ры пры праходжанні гукавой хвалі; неабарачальны працэс. Пры Р.а. энергія гукавой хвалі памяншаецца (адбываецца паглынанне гуку); рэлаксацыя суправаджаецца дысперсіяй (гл. Дысперсія хваль).

Найпрасцейшы від Р.а. — рэлаксацыя ўнутрымалекулярнага ўзбуджэння (адбываецца, напр., у двухатамных ці шмататамных газах, у якіх энергія паступальнага руху малекул у гукавой хвалі пераходзіць у энергію, што звязана з вагальнымі і вярчальнымі ступенямі свабоды малекул). Інш віды рэлаксацыі: структурная ў вадкасцях (акустычная хваля ініцыіруе змену блізкага парадку ў размяшчэнні малекул вадкасці); хім. (пад уздзеяннем гуку зрушваецца раўнавага ў хім. рэакцыі). Адзін з відаў Р.а. у цвёрдым целе — рэлаксацыя розных дэфектаў крышталічнай рашоткі (звязана з рухам дэфектаў пад уздзеяннем мех. напружанняў у пругкай хвалі). Пры распаўсюджванні гуку ў паўправадніках і металах парушаецца раўнаважнае размеркаванне электронаў праводнасці, што таксама прыводзіць да рэлаксацыі. У палімерах, гумах і розных вязкапругкіх асяроддзях назіраецца значная дысперсія скорасці гуку, што звязана з рэлаксацыяй механізма высокай эластычнасці.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 13, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛІЦЫ́ДЫ,

злучэнні крэмнію з металамі. Паводле тыпу хім. сувязі адрозніваюць іонна-кавалентныя (С. шчолачных і шчолачназямельных металаў, а таксама С. магнію Mg2Si) і металападобныя (С. пераходных металаў). Пашыраны С. саставаў (М — метал): MSi (напр., FeSi, TiSi); MSi2 (FeSi2, NiSi2, CrSi2); M2Si (Ni2Si, Co2Si) і некат. інш.

Крышт. рэчывы з метал. бляскам, звычайна серабрыста-белага ці шэрага колеру. С. шчолачных і шчолачназямельных металаў раскладаюцца вадой, узаемадзейнічаюць з к-тамі і растворамі шчолачаў, пры награванні ў паветры загараюцца. С. пераходных металаў тугаплаўкія (напр., С. ванадыю V5Si3 мае tпл 2450 °C), не раствараюцца ў к-тах, раскладаюцца растворамі шчолачаў, стойкія да акіслення, што абумоўлена ўтварэннем на іх паверхні плёнак сілікатаў. Асн. метад атрымання С. — спяканне ці сплаўленне крэмнію з металамі. Выкарыстоўваюць як кампанент керметаў і гарачаўстойлівых сплаваў, у хім. машынабудаванні для абліцоўкі рэактараў, мяшалак і інш. апаратуры, дысіліцыды хрому, марганцу, кобальту і некат. інш. як паўправадніковыя матэрыялы, што працуюць пры высокіх т-рах.

т. 14, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫШЧА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

комплекс інж. збудаванняў для ачысткі сцёкавых водаў і апрацоўкі асадкаў. Падзяляюцца на збудаванні механічнай, біялагічнай і фізіка-хімічнай ачысткі. Выбар схемы ачысткі залежыць ад складу і колькасці сцёкавых водаў, характарыстыкі вадаёма, куды яны адводзяцца, ці тэхнал. патрабаванняў да вады ў выпадку іх паўторнага выкарыстання.

Да збудаванняў мех. ачысткі адносяцца: прыстасаванні для працэджвання (рашоткі, драбілкі, сіты) і сепарацыі (пескаўлоўнікі, тлушчаўлоўнікі, маслааддзяляльнікі, нафтапасткі, адстойнікі, гідрацыклоны, цэнтрыфугі). Збудаванні біял. ачысткі ў прыродных умовах — палі фільтрацыі і арашэння, біял. сажалкі (бываюць з сістэмамі прымусовай аэрацыі). Біял. ачыстка ў штучных умовах ажыццяўляецца на біяфільтрах і ў аэратэнках. Збудаванні фіз.-хім. ачысткі: флататары, сарбцыйныя, экстракцыйныя і інш. калоны, нейтралізатары, іонаабменныя фільтры, гіперфільтрацыйныя ўстаноўкі, збудаванні эл.-хім. ачысткі і інш. Вузел апрацоўкі асадку ўключае збудаванні па стабілізацыі, кандыцыянаванні, абязводжванні асадку. На невялікіх ачышчальных збудаваннях асадак затрымліваюць і зброджваюць у септыках і адстойніках. На буйных станцыях стабілізацыя асадку робіцца ў анаэробных (метатэнкі) ці аэробных стабілізатарах. Пры выкарыстанні метатэнкаў для утылізацыі газу, што выдзяляецца, прадугледжваюцца газгольдэры. Для абязводжвання стабілізаваных асадкаў у прыродных умовах служаць глеістыя пляцоўкі. Механічнае абязводжванне робяць вакуум-фільтрамі, фільтрпрэсамі, цэнтрыфугамі. Абеззаражваюць ачышчаную ваду ў кантактных рэзервуарах з дапамогай хлору ці азону. Устаноўкі па абеззаражванні бактэрыцыднымі прамянямі ўключаюць выпрамяняльную лямпу, уманціраваную ў трубаправод, які транспартуе ваду, што апрацоўваецца. Лакальныя ачышчальныя збудаванні прадпрыемстваў камплектуюцца вузламі мех. і фіз.-хім. ачысткі. Гарадскія ачышчальныя збудаванні, якія прымаюць сумесь бытавых і вытв. сцёкаў, уключаюць мех. і біял. ачыстку, абеззаражванне ачышчаных сцёкавых водаў і апрацоўку асадку. Збудаванні ачысткі атм. сцёку складаюцца з адстойнікаў і фільтраў (біял. сажалак). Да ачышчальных збудаванняў адносяцца таксама збудаванні для ачысткі паветра.

В.​Г.​Аўсянікаў.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯІ́,

кампазіцыі на аснове рэчываў, здольных злучаць (склейваць) розныя матэрыялы: паперу, драўніну, шкло, кераміку, металы, скуру, пластмасы і інш.

Дзеянне К. абумоўлена ўтварэннем трывалых адгезійных сувязей (гл. Адгезія) паміж клеявой праслойкай і паверхнямі матэрыялаў, што злучаюцца. Звычайна маюць ацвярджальнікі і дабаўкі (напр., напаўняльнікі, пластыфікатары), якія мадыфікуюць уласцівасці К. (ліпучасць, скорасць ацвярдзення, час выкарыстання) і клеявой праслойкі (трываласць, цвёрдасць, тэрма- і атмасфераўстойлівасць і інш.). Паводле тыпу асновы падзяляюць на арган. (прыродныя і сінт.) і неарганічныя. К. на аснове прыродных палімераў жывёльнага (казеінавыя, альбумінавыя, глюцінавыя) ці расліннага паходжання (крухмал, дэкстрынавыя, канадскі бальзам і інш.) вызначаюцца нізкай водаўстойлівасцю і загніваюць пад уздзеяннем мікраарганізмаў. Найб. пашыраны К. сінтэтычныя на аснове сінт. алігамераў і палімераў (фенола-фармальдэгідных, эпаксідных, поліэфірных смол, поліамідаў, поліурэтанаў і інш.), для якіх характэрны высокая трываласць склейвання і ўстойлівасць да рознага асяроддзя. Паводле хім. прыроды асновы адрозніваюць тэрмарэактыўныя — пры склейванні змяняецца іх хім. структура ў выніку ацвярдзення палімераў ці вулканізацыі (гл. Гумавыя кляі) і тэрмапластычныя, хім. структура якіх не змяняецца; яны зацвердзяваюць у выніку выпарэння растваральніку (К.-растворы) ці застывання расплаву (К.-расплавы). К. неарганічныя — керамічныя (аснова — аксіды магнію, алюмінію, крэмнію, шчолачных металаў), фасфатныя (найб. пашыраныя алюмафасфатныя і алюмахромфасфатныя), сілікатныя (аснова — водныя растворы сілікатаў натрыю і калію), метал. (аснова — вадкі метал, напр., галій). Паводле прызначэння К. падзяляюць на канструкцыйныя (утвараюць клеявыя злучэнні, якія вытрымліваюць мех. напружанне не менш за 10 МПа), прызначаныя для збору машын, лятальных апаратаў, буд. канструкцый, і неканструкцыйныя, а таксама спецыяльныя.

Літ.:

Кардашов Д.А. Синтетические клеи. 3 изд. М., 1976;

Кардашов Д.А., Петрова А.П. Полимерные клеи: Создание и применение. М., 1983.

А.​І.​Валожын.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАХІ́МІЯ,

галіна ведаў аб хім. уласцівасцях драўніны і хім. вытв-сцях па перапрацоўцы драўніны і інш. расліннай сыравіны. Вылучаюць цэлюлозна-папяровую, гідролізную, дубільна-экстрактавую, каніфольна-шкіпінарную і піролізную вытв-сці.

Цэлюлозна-папяровая вытворчасць выпускае цэлюлозу, паперу, кардон і вырабы з іх, драўнянавалакністыя пліты, а таксама паўцэлюлозу і хім. драўняную масу — паўпрадукты, якія разам з цэлюлозай маюць геміцэлюлозы і лігнін. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць балансавую драўніну, пераважна хвойную, пашыраецца выкарыстанне драўніны лісцевых парод (асіна, бяроза), адходаў лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, некат. раслінных матэрыялаў (салома, трыснёг), макулатуры (у вытв-сці паперы і кардону). Гідролізная вытворчасць перапрацоўвае адходы лесапілавання і с.-г. раслінаводства (напр., кукурузныя храпкі, сланечнікавае шалупінне), з якіх атрымліваюць этылавы спірт, фурфурол, бялкова-вітамінныя канцэнтраты і інш. (гл. Гідролізная прамысловасць). Дубільна-экстрактавая вытворчасць выпускае дубільныя экстракты (гл. Дубільныя рэчывы), якія атрымліваюць з водных выцяжак кары елкі, вярбы, бадану, лістоўніцы ці драўніны дубу, каштану і інш. Каніфольна-шкіпінарная вытворчасць — перапрацоўка жывіцы і асмолу, значную колькасць каніфолі і шкіпінару атрымліваюць таксама з сульфатнага мыла (пабочны прадукт цэлюлознай вытв-сці). Піролізная вытворчасць вырабляе ў асн. драўняны вугаль. Гл. таксама Лесахімічная прамысловасць.

На Беларусі даследаванні ў галіне Л. пачаліся з канца 1920-х г. у Ін-це хіміі АН Беларусі, вядуцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі і Бел. тэхнал. ун-це. Распрацаваны прамысл. спосабы атрымання палімераў тэрпенаў, каніфолі з высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, каніфольных кляёў і інш.

Літ.:

Богомолов Б.Д. Химия древесины и основы химии высокомолекулярных соединений. М., 1973;

Гордон Л.В., Скворцов С.О., Лисов В.И. Технология и оборудование лесохимических производств. 5 изд. М., 1988.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 9, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́КУЛА (новалац. molecula, памяншальнае ад лац. moles маса),

найменшая ўстойлівая часціца рэчыва, якая мае ўсе яго хім. ўласцівасці і складаецца з аднолькавых (простае рэчыва) або розных (складанае рэчыва) атамаў. Атамы ў М. злучаны паміж сабой хімічнымі сувязямі. Якасны і колькасны састаў М. выражае формула хімічная, якая адначасова дазваляе вызначыць малекулярную масу. Парадак хім. сувязей у М. дае яе структурная ф-ла. Колькасць атамаў у М. розная: ад 2 (напр., у М. кіслароду O2) да сотняў тысяч (гл. Макрамалекула). Памеры М. залежаць ад колькасці атамаў у ёй і мяняюцца да 10​2 да 10​5 пм.

Прасторавае размяшчэнне атамаў у М. адпавядае мінімуму патэнцыяльнай энергіі М. і вызначае яе геам. будову і памеры. Напр., трохатамная М. вады H2O мае форму раўнабедранага трохвугольніка, у вяршыні якога знаходзіцца атам кіслароду, адлегласць паміж атамамі кіслароду і вадароду (даўж. сувязі O—H) 95,84 пм, а валентны вугал паміж сувязямі H—O—H 104,5°. М. — складаная сістэма, у якой электроны рухаюцца вакол ядраў паводле закону квантавай механікі. Пры злучэнні атамаў у М. іх унутр. электроны не мяняюць свайго руху, а вонкавыя (валентныя) — утвараюць электронную абалонку М., будова якой абумоўлівае характар хім. сувязей у М., рэакцыйную здольнасць хім. злучэння (гл. Рэакцыі хімічныя), магн. (гл. Дыямагнетызм, Парамагнетызм) і эл. ўласцівасці рэчыва. У эл. полі ўсе М. палярызуюцца (вонкавыя электроны М. зрушваюцца адносна ядраў); некат. М. маюць пастаянны дыпольны момант. У М. разам з рухам электронаў адбываецца вагальны рух — перыяд. адносны рух ядраў (разам з унутр. электронамі), у газавай фазе — таксама вярчальны рух усёй М. як цэлага. У адпаведнасці з магчымымі відамі руху поўная энергія М. (E) складаецца з электроннай (Eэл), вагальнай (Eваг) і вярчальнай (Eвярч) энергій: E = Eэл + Eваг + Eвярч. Звычайна Eэл ≫ Eваг ≫ Eвярч. Для кожнага віду руху паводле квантавых законаў дазволены толькі пэўныя (дыскрэтныя) значэнні энергіі (энергет. ўзроўні), пры гэтым электронныя энергет. ўзроўні размешчаны далёка адзін ад аднаго (розняцца на некалькі электронвольт), вагальныя — бліжэй (на дзесятыя і сотыя долі электронвольта), а вярчальныя яшчэ бліжэй (на сотыя — стотысячныя долі электронвольта). Квантавыя пераходы паміж энергет. ўзроўнямі М. суправаджаюцца вылучэннем ці паглынаннем аптычнага выпрамянення. Сукупнасць квантавых пераходаў М. вызначае малекулярныя спектры.

Літ.:

Татевский В.М. Строение молекул. М., 1977;

Флайгер У. Строение и динамика молекул: Пер. с англ. Т 1—2. М., 1982.

М.​А.​Ельяшэвіч, К.​М.​Салаўёў.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)